Мода і стыль

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

З гісторыі калекцыі
Чвэрць стагоддзя таму я пачаў звяртаць увагу на старыя фотаздымкі, зробленыя з такім густам , што выглядалі яны як каштоўныя творы. Адваротны бок фотакарткі часцей за ўсё быў упрыгожаны віньеткай з шэрагам медалёў, атрыманых аўтарам у Парыжы, Санкт-Пецярбургу ці Варшаве. На той час было цяжка ўявіць, што на вуліцах нашых гарадоў, на прыёмах і балях зіхацелі вытанчаныя дамы ў крыналінах з залацістага натуральнага шоўку, бы сатканымі з вераснёвага туману.

Да тэмы старадаўняга касцюма я вярнуўся ўжо на пачатку 1990-х. Не да саміх убораў ХІХ стагоддзя, а да асобных аксесуараў. Пра сукенкі тады і падумаць было немагчыма. Стаў зважаць не толькі на вытанчаныя фатаграфіі пачатку ХХ стагоддзя, але і на прадметы дваранскага ўжытку. Са свецкага адзення мне трапіўся толькі жаночы гарсэт, што быў некалі ў гардэробе модніцы з Ваўкавыска. Замест кітовага вуса, які выкарыстоўвалі ў гарсэтах ХVІІІ стагоддзя, у ваўкавыскім былі ўстаўленыя тонкія сталёвыя пласціны кшталту спружын. Яшчэ мяне здзівілі парфума і касметыка пачатку ХХ стагоддзя. Іх назвы былі такімі знаёмымі. На гарышчах старых дамоў у Беларусі скарбашукальнікі знаходзілі доўгія бутэлечкі з празрыстага шкла з этыкеткай у стылі мадэрн і надпісам «Eau De Cologne» — адэкалон. Тытунёвага колеру флаконы былі ўпрыгожаны тэкстам «Сomprimes de Vichy» — пігулкі Вішы. Так што французская кампанія «Вішы» ўжо ў 1930-х гадах была вядомая мясцовым прыгажуням, якія прымалі гэтыя пігулкі з мінеральнымі солямі дзеля стройнага стану. У Мінску ў інтэлігентных бабуль можна было знайсці французскія тэатральныя біноклі дыхтоўнай работы, з латуні, інкруставаныя перламутравымі пласцінамі. Жаночыя плеценыя тэатральныя сумачкі са срэбнай кальчужкі. Разнастайныя срэбраныя пудраніцы, скрыначкі і табакеркі з рускімі эмалямі. Нават знайшоўся ледзь жывы старажытны веер з касцянымі пласцінамі, паміж якімі быў нацягнуты шоўк, распісаны галантнымі сцэнамі «а-ля Вато». Адкрыццём для мяне сталі старажытныя лялькі з Цюрынгіі фірмы Аманд Марсель. Галовы лялек былі выкананы з фарфору, вочы — са шкла, а прычоска-парык набрана з натуральных валасоў. Кіраўнік нямецкай фірмы нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, а яго бацька быў прыдворным архітэктарам Мікалая І.

Усё гэта ўспаміны даўно мінулых дзён: у лепшым выпадку — аскепкі побыту знішчанай амаль пад корань шляхты або трафеі, вывезеныя афіцэрамі для сваіх жонак больш за паўстагоддзя таму з Германіі. У тым, што са свецкага адзення ХІХ стагоддзя нічога ў Беларусі не захавалася, няма нічога дзіўнага. ХХ стагоддзе прайшло праз нашу зямлю чарадой войнаў, рэвалюцый і пакут. Таму ўсё, што ўцалела і можна было насіць, перашывалі да дзір.

Свет антыкварыяту ўсё больш захапляў мяне, і геаграфія пошукаў пашырылася за межы Беларусі. Гэта былі Масква і Санкт-Пецярбург. Найперш Масква. Расійская сталіца адметная сваім велізарным антыкварным рынкам у Ізмайлаўскім парку. Там, на развалах старадаўняй драбязы, я знаходзіў тонкія шаўковыя карункі, перламутравыя і срэбныя гузікі, флаконы для парфумы, пенснэ і ларнеты. Там жа за гутаркамі з антыкварамі і роспытамі я пазнаёміўся з калекцыянерамі старадаўняга адзення, якія даўно супрацоўнічалі з такімі знакамітымі музеямі, як Эрмітаж, Паўлаўск, Маскоўскі Крэмль. Выбітныя знаўцы сваёй справы, у гэтай тэме яны былі як рыба ў вадзе. Давялося падцягвацца да іх ўзроўню і скрупулёзна вывучаць жыццё ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Напрыклад, кожны жаночы гардэроб ХІХ стагоддзя меў па некалькі дзясяткаў пар пальчатак, прызначаных для пэўнага этыкету: для балю, для шпацыраў, для візітаў... Наогул, выходзіць з дому без пальчатак лічылася дрэнным густам. А ўжо падаць аголеную руку незнаёмаму кавалеру — верхам непрыстойнасці. За дзень пальчаткі мяняліся даволі шмат разоў. Верагодна, таму і з’явіўся выраз: мяняць як пальчаткі. Шматлікія пары пальчатак захоўваліся ў спецыяльных куфэрках, выкананых з дарагіх парод дрэва і ўпрыгожаных інкрустацыяй з латуні, панцыра чарапахі і перламутру. Тонкая скура пасля захоўвання нацягвалася з цяжкасцю, таму кожны пальчык пальчаткі папярэдне пашыраўся спецыяльнымі касцянымі шчыпчыкамі. На балі дамы ХІХ стагоддзя павінны былі мець пры сабе карнэ. Святкаванні працягваліся да раніцы, а танцаў было неймавернае мноства: паланез, кадрыль, мазурка, падэкатр, падэспань, вальс і гэтак далей. Даме нялёгка было запомніць кожнага партнёра, таму для чарговасці танцаў і абяцанак існавала невялікая кніжачка — карнэ, сarnet de bal (расклад балю). Часам яна ператваралася ў сапраўдны твор мастацтва: для вокладкі выкарыстоўваліся залатыя ці срэбныя пласціны, аздобленыя дыяментамі, а старонкі былі з найтанчэйшага перламутру.

У Маскве мая калекцыя дапоўнілася белымі лайкавымі французскімі пальчаткамі з касцянымі гузікамі і дамскім карсажам з чорнага і яблычнага натуральнага шоўку, упрыгожаным па каўняры і рукавах тонкімі карункамі шанцільі. Ручную працу парыжскай мадысткі ХІХ стагоддзя можна было вызначыць не толькі візуальна, але і навобмацак. Вопытныя антыквары сцвярджаюць: возьмеш у рукі і нейкім шостым пачуццём адчуеш — арыгінал ці падробка. Па стылістыцы, апрацоўцы матэрыялу, нават па паху можны вызначыць час стварэння артэфакта. Кожны шывок і кожная складачка парыжскай рэчы былі вывераны да міліметра.

Новыя веды па гісторыі моды дала мне выстава старадаўняга касцюма з калекцыі Аляксандра Васільева ў Вільні. Быў узрушаны, калі ўпершыню ўбачыў такую колькасць дзівосных убораў выключнай якасці і захаванасці. Павандраваўшы сярод вытанчаных дам пазамінулага стагоддзя і натхніўшыся напоўніцу, я прыйшоў да высновы: калі збіраць калекцыю гісторыі адзення, то трэба арыентавацца менавіта на такія рэчы. Дзе іх узяць? На гэта Аляксандр Васільеў адказваў — на блышыных рынках Еўропы. Вядома, ён крыху хітраваў. Магчыма, паўстагоддзя таму блышыныя рынкі Парыжа і былі поўныя першакласнымі аксесуарамі і ўборамі ХІХ стагоддзя. Але з часам усё вартае сышло ў прыватныя калекцыі або трапіла на аўкцыёны. Напрыклад, сукенкі знакамітых мадэльераў ХІХ стагоддзя Чарльза Ворта і Эміля Пінга сёння можна знайсці толькі ў буйнейшых музеях свету, у прыватных калекцыях або на сусветна вядомых аўкцыёнах. А бабуля з шале на беразе Жэнеўскага возера наўрад ці панясе рэчы ХVІІІ стагоддзя на блышыны рынак. Антыкварыят там цэняць і за капейку нават шпільку са старажытнага капялюшыка не прададуць.

У Старым Свеце не ўсюды захаваліся гардэробы прабабуль. Толькі некалькі краін могуць ганарыцца такімі скарбамі — Англія, Францыя і поўдзень Германіі. Згадаеш гісторыю — і ўсё становіцца зразумелым. Скандынавія і поўнач Еўропы прытрымліваліся сціплага ладу жыцця, што мае даўнія пратэстанцкія карані. Шукаць там шыкоўныя бальныя сукенкі не мае сэнсу. Усе астатнія еўрапейскія землі былі ўцягнуты ў грамадзянскія і сусветныя войны, таму не дзіўна, што адзін строй некалькі разоў перашываўся і насіўся так жа, як і ў нас, — пакаленнямі. Заставалася спадзявацца толькі на заканадаўцаў моды ХІХ стагоддзя — Парыж, Берлін і Лондан. У Парыжы мне і ўдалося набыць мой першы старажытны бальны строй. Здавалася, што сукенка вытанчанага залаціста-жоўтага колеру цалкам складаецца з паветраных карункаў. Такі эфект быў дасягнуты за кошт накладання знешняга лёгкага цюлю колеру маісу, вышытага срэбнай ніткай па аплікацыі расліннага арнаменту, на аснову з жоўта-залацістага шоўку. На поўдні Францыі знайшлася вясельная сукенка 1890 года. Гісторыя яе цікавая: унукі бабулі Элізы атрымалі ў спадчыну элітны асабняк на Лазурным беразе і, разбіраючы старажытныя рэчы на гарышчы, знайшлі там цудоўна захаваную шаўковую сукенку колеру шампань. Яны ўспомнілі аповед пра тое, што іх прабабуля ў гэтай сукенцы выходзіла замуж у 1890-м годзе і з тых часоў старанна зберагала рэліквію.

У Германіі я адшукаў апантанага калекцыянера старадаўняй моды. Дасціпны баварац у гадах разам з жонкай некалькі дзесяцігоддзяў збіраў сваю цудоўную калекцыю і ў пошуках рарытэтаў жаночай моды ХІХ стагоддзя аб’ездзіў амаль увесь свет. У яго падраслі дзеці, але працягваць захапленне сваіх бацькоў не захацелі. Да нашага знаёмства лёс баварскай калекцыі быў няясны. На яе ўжо былі прэтэндэнты з Галандыі. Але паступова рарытэты сусветнай моды мінулых стагоддзяў з Баварыі папоўнілі спіс маіх культурных каштоўнасцей.

Першым уборам, які даў штуршок знаёмству з баварскім калекцыянерам, была летняя сукенка з лёгкай тканіны крэп-жаржэт колеру шампань. Разынкай сукенкі былі плеценыя карункі, якія ўпрыгожвалі каўнер, станік і рукавы. Ірландскія плеценыя карункі заваявалі міжнародную вядомасць яшчэ ў ХІХ стагоддзі і часта выкарыстоўваліся пры дэкарыраванні сукенак, якія апраналі для ранішняга праменаду або для выхаду на ланч. Парыжскія прыгажуні 1870-х, дзякуючы вядомаму мадэльеру Чарльзу Ворту, вярнулі ў моду з ХVIII стагоддзя турнюр з доўгім шлейфам — трэнам. Апошняя чвэрць ХІХ стагоддзя так і называецца — «эпоха другога турнюра». Гэты сілуэт з абрысамі кентаўра лёгка пазнаецца на карцінах знакамітых імпрэсіяністаў Агюста Рэнуара і Анры Тулуз-Латрэка. Бойкія на язык мясцовыя журналісты ахрысцілі модную сукенку «cul de Paris» — «парыжскі зад». Для надання сукенцы пазнавальнага пышнага сілуэту выкарыстоўваліся ўсялякія хітрыкі: ад простых падушачак да складаных металічных каркасаў у выглядзе крэветкі.

Маю калекцыю папоўнілі некалькі ўбораў гэтага перыяду. Элегантная сукенка для падарожжаў была пашыта з бавоўны серабрыста-шэрага колеру. Каўнер-стойка і ніз сукенкі ўпрыгожаны рушамі ў зборку, а ўвесь жакет багата дэкарыраваны махрамі. Яшчэ адна сукенка эпохі другога турнюра для парадных візітаў — гэта крэмава-ліловы муарэ з далікатна-фіялкавымі махрамі, бантамі і плісірованай тасьмой. Адметнасцю сукенкі з’яўляецца доўгі шлейф — трэн, які пачынаецца ад стана карсажа пад пышным патройным бантам. І апошняе «кюль-дэ-пары» — гэта сукенка для балю з высакародна-чырвонага бракату, багата аздобленая шаўковымі стужкамі, цюлем і рушамі. Цікава, што з унутранага боку карсажа прышыта стужка (санцюр) з імем мадысткі і адрасам атэлье: «Mme. Chоux 70 Rue Truffaut Paris». Дарэчы, на вуліцы Труфо ў Парыжы працавалі не толькі мадысткі, але і вядомыя мастакі. Напрыклад, там была студыя мастака-сімваліста Эдуарда Вюяра, які аказаў вялікі ўплыў на творчасць Станіслава Жукоўскага. У Метраполітэн-музеі захоўваецца карціна Вюяра: Мадам Вюяр шые каля вакна, што выходзіць на вуліцу Труфо. Цалкам верагодна, што мадам Вюяр заходзіла на кубачак кавы ці за парадамі да суседкі — мадысткі мадам Шу. З аўтарскіх убораў хачу адзначыць яшчэ пышную вячэрнюю сукенку з пералівістай тафты колеру валошкі. Гэты цуд быў зроблены ў Празе ў 1895 годзе. Колер тканіны нагадаў мне колер вячэрняга пражскага неба на зыходзе жніўня. На гэтым рамантычным фоне гарманічна глядзяцца плеценыя ірландскія карункі, якія падкрэслены не толькі металічным бісерам і паеткамі, але нават натуральнай бірузой. З унутранага боку карсажа прышыта стужачка з тэкстам «Rosa Taussig Stein Prag». Гэта аўтограф мадысткі. Да вячэрняй сукенкі дадавалася накідка-пелярына, якая прыкрывала плечы дам ад прахалоды. Модны фасон канца ХІХ стагоддзя быў зроблены ў стылі Марыі Медычы.

Абутак, які выдатна захаваўся з ХІХ стагоддзя, таксама рэдкі экспанат не толькі ў прыватнай калекцыі, але і ў дзяржаўным музеі. Напрыклад, венскія вячэрнія паўбоцікі фірмы «А.Capek» 1895 года, выкананыя з тонкай скуры і шчодра ўпрыгожаны пацеркамі і стразамі ўздоўж шнуроўкі. Амаль такія ж паўбоцікі фірмы «A.Capek» захоўваюцца ў лонданскім Музеі Вікторыі і Альберта. Па словах баварскага калекцыянера, дадзены экспанат у свой час быў эталонным для аднаго з самых багатых буцікоў абутку ў Вене, і баварац прыклаў вялікія намаганні, каб угаварыць уладальніка прадаць рарытэт у калекцыю. Добры стан захавання і ў парыжскіх чаравікоў з шаўковай тафты сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Здаецца, што ў іх выходзілі на праменад па Елісейскіх палях толькі адзін раз. Гэтая пара выканана ў 1870-м у знакамітай майстэрні «Hellstern Fils». Пра гэта распавёў цэтлік, што неверагодным чынам захаваўся ў адным з чаравікоў. Парыжская фірма была вядома як вытворца абутку прэміум-класа для вышэйшых пластоў грамадства, і да 1900 года крама фірмы месцілася на Вандомскай плошчы каля знакамітага фешэнебельнага гатэля «Ritz». Дакладна такія ж чаравічкі былі прэзентаваны на выставе «Вялікі баль» ад Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, на баль дамы апраналі асаблівы лёгкі абутак — балеткі, якія дазвалялі ім пырхаць у танцах усю ноч, нібы матылям. У Расіі эпохі ранняга ампіру такія чаравічкі называліся «стерлядками» па сваёй вузкай форме крою. Балеткі шнураваліся доўгімі шаўковымі стужкамі крыж-накрыж уверх па назе і завязваліся на бант. За адзін баль прыгажуня магла станчыць да дзірак не адну пару балетак, таму на вялікія баляванні прыносілася некалькі пар. У калекцыі прадстаўлены чорныя «стерлядки», зробленыя з чорнага саціну і скуры вядомым майстрам Шэнкам (Schenck) з Лондана ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя. Таленавіты майстра быў эксклюзіўным пастаўшчыком такіх балетак для другой жонкі імператара Напалеона І, Марыі Луізы Аўстрыйскай. «Стерлядки» гэтага майстра прадстаўлены ў многіх музеях свету: Метраполітэн у Нью-Ёрку, Вікторыі і Альберта ў Лондане, Палаца Грасі ў Венецыі.

Можна бясконца распавядаць пра вытанчаныя рэчы з маёй калекцыі — кожны прадмет старанна вывучаўся. Але пад канец хачу распавесці гісторыю вясельнай сукенкі з Нью-Ёрка. За дзесяць гадоў да яе набыцця мне трапілася адметная паштоўка. Гэта быў запрашальны квіток на касцюмаваны баль, які адбываўся ўвечары 5 сакавіка 1935 года ў гімназіі імя Уладзіслава Сыракомлі ў Нясвіжы. Назва балю вельмі цікавая для нашых мясцін: «На вуліцах Нью-Ёрку». У той час, калі ў сотні кіламетраў ад Нясвіжа будавалі ваенны камунізм, тут марылі пра хмарачосы, джаз і модныя сукенкі Ск’япарэлі. Тэму Нью-Ёрка ў маёй калекцыі прадоўжылі шматлікія здымкі 1920—1930-х, знойдзеныя ў Баранавічах. Тоўсты шэра-аліўкавы кардон буклета-паспарту хаваў цудоўныя фатаграфіі нашых суайчыннікаў, якія рызыкнулі шукаць шчасце за акіянам. Фотакарткі былі зроблены ў лепшых атэлье Нью-Ёрка — «Wynn Mersereau», «Brawer Studio», «Eagle Photo Studio Baskin». На партрэтах, як правіла, былі адлюстраваны шчаслівыя маладыя і іх дзеці. Унізе атрамантам — надпіс «Na pamiątkę z Ameryki dla ukochanej cioci od Loli i Michaliny...». Таму вясельная сукенка з Нью-Ёрка, мне падалося, не была нечым чужародным у маёй калекцыі. Вядома нават імя нявесты — Марта. Яе вяселле адбылося 13 верасня 1913 года. Убор пашыты з шоўку і тонкага мусліна колеру шампань. Дэкарыраваны ірландскімі карункамі, шклярусам і перлінамі. У ЗША ўборы тых часоў называюць «Titanic еra» — сукенкі эпохі «Тытаніка». Характэрна, што захаваўся нават фотаздымак нявесты ў гэтай сукенцы — вельмі рэдкі камплект для калекцыі.

Спадзяюся, экспанаты майго збору будуць радаваць і здзіўляць гледачоў гэтак жа, як радавалі і здзіўлялі мяне, і гэтым пачуццём прыгожага я хачу падзяліцца. Наперадзе ў калекцыі яшчэ так шмат цікавага і невядомага з моды галантнага ХVIII стагоддзя. Дарэчы, сусветную моду стваралі не толькі ў Францыі, але і ў Рэчы Паспалітай. У 1770-х існаваў нават адмысловы крой жаночай сукенкі — robe a la Рolonaise. Ёсць стымул для пошукаў... 

Ігар ГАНЧАРУК