Што адбываецца «Пасля кветак»?

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Новыя праекты беларуска-іспанскага кампазітара Юліі Раманцовай
У гэтага музыкантанезвычайны лёс. Яна — кампазітар, піяністка і педагог — нарадзілася ў Мінску. Тут скончыла музычную вучэльню, паступіла ў Акадэмію музыкі. Апошнія дваццаць гадоў жыве і працуе ў Іспаніі. Там набыла вышэйшую музычную адукацыю. Сачыняе музыку, выступае як піяністка, выдае дыскі з уласнымі творамі. Удзельнічае ў міжнародных музычных праектах і перформансах. Выкладае ў кансерваторыі (Сonservatorio Profesional) у горадзе Мурсія. Напрыканцы лета Юлія з’явілася ў Мінску.

Юлія, апошні раз мы бачыліся з вамі ў Мінску сем гадоў таму. Вядома, за гэты час у вас з’явіліся новыя сачыненні. Але ці акрэсліліся новыя жанры і стылёвыя накірункі?

— Адбылося некалькі адметных праектаў, у якіх я удзельнічала. Першы з іх — «Arboles» («Дрэвы»). Вядомы іспанскі фотамастак Рафаэль Мартарэль прапанаваў напісаць музыку да серыі яго работ, што мела назву «Скура дрэў». Гэта велізарныя чорна-белыя фотапано, на якіх адлюстравана кара розных дрэў. Фактура надзвычай адметная. Яна шурпатая, парэпаная, на ёй адбілася жыццё дрэва, уздзеянне дажджу, ветру, сонца. Сапраўды скура! Амаль як у чалавека… Праект быў падрыхтаваны для міжнароднай выставы сучаснага мастацтва, якая так і называлася — «Скура дрэў», а Рафаэль быў яе арганізатарам. Мая музыка з’яўлялася, так бы мовіць, адным з экспанатаў. Серыя прэзентавалася месяц. Увесь час гучала і маё сачыненне — працягласцю 30-40 хвілін.

Калі ўлічыць, што працягласць нават буйных музычных форм увесь час памяншаецца, сімфоніі цяпер доўжацца не 30-40 хвілін, як у часы Чайкоўскага, а 15, — дык музыка да праекта «Скура дрэў» выглядае прадстаўніча. А як вы шукалі адпаведнасць паміж выяўленчым вобразам і гукам?

— На пюпітр раяля ставіла планшэт з фотаздымкамі і накідамі свайго сачынення. Далей ішоў запіс. Потым самыя цікавыя фрагменты мы выбіралі для паказу на выставе. Прыемна, што засталіся відэакліпы, дзе яднаюцца музыка і выяўленчы шэраг. Стыль гэтага твора я назвала б «сучасным імпрэсіянізмам». Фрагмент з твора «Дрэвы» я выконвала і на адкрыцці выставы ў Андалусіі, у старадаўнім горадзе Кардова. У выніку склаўся сольны аўтарскі альбом «Дрэвы» менавіта з гэтымі сачыненнямі.

У Мурсіі вы жывяце, але многія вашы творчыя акцыі адбываюцца ў Мадрыдзе…

— Беларускага пасольства ў Іспаніі няма. Таму многія цікавыя культурныя падзеі, сапраўды, ладзяцца ў Цэнтры расійскай навукі і мастацтва ў Мадрыдзе. Менавіта там прадстаўляла свой другі альбом з назвай «Для цябе». Па сутнасці, гэта быў сольны аўтарскі канцэрт. Або музычна-паэтычны вечар пад назвай «Дыялогі з душой».

Варта згадаць і музычна-выяўленчы перформанс «Пасля кветак»...

Чаму такая дзіўная назва?

— Тэатральнае дзейства было імправізаваным, што дадавала ўсім нам адказнасці. У невялікім спектаклі ўдзельнічалі мадэль, маладая дзяўчына ў вясельнай сукенцы з пышнай спадніцай, і мадрыдскі мастак Хаймэ Санчэз, які размалёўваў яе сукенку, дадаючы тыя фарбы, што ўвасабляюць перажытыя эмоцыі. Прычым дзея рухалася ад лірыкі да драматызму. Трэці ўдзельнік — я, за белым раялем. Самае цікавае: у мяне не было ні нот, ні партытуры. Загадзя мне патлумачылі, што будзе адбывацца. Усё доўжылася 20 хвілін. І я павінна была сачыць за подыумам і адначасова імправізаваць за раялем.

З цікавасцю паглядзела гэты перформанс на YouTube. Ідэя быццам і простая, але за развіццём дзеі сочыш не адрываючыся. Бо паралельна акрэсліваюцца адносіны «Ён — Яна», «Мастак — Мадэль», якія трансфармуюцца ад захаплення і закаханасці да эмацыйнага сутыкнення, канфлікту і амаль нянавісці. А потым да ўсведамлення жанчынай свабоды ад згубнай залежнасці. Белы колер вопраткі — увасабленне цнатлівасці. Але яшчэ і мар, ілюзій. А пасля рэальнасць пазбаўляе жанчыну нязбытных надзей. Фінал — таксама нечаканы...

— Цікава, што ўся дзея адбывалася 8 сакавіка. Але ў Іспаніі гэта не святочны дзень, а магчымасць нагадаць аб правах жанчыны. Мастак пад уражаннем перформансу «Пасля кветак» напісаў вялікую па памерах — тры на пяць метраў — карціну. Гэта ягоны погляд на сітуацыю.

Цяпер крыху пра іншыя жанры вашай творчасці...

— Увогуле па адукацыі я — піяністка. Апошнія гады актыўна развіваю і сольную фартэпіянную кар’еру. Часцей гэта лірычная музыка для фартэпіяна. Апошнім часам даю сольныя канцэрты як піяністка, пасля іх слухачы з задавальненнем набываюць дыскі з маімі сачыненнямі. Тры ці чатыры разы нават дадрукоўвала тыраж.

А ці мае ўяўленне беларускі слухач пра вашы сачыненні? Калі не лічыць некалькіх творчых вечарын, якія адбыліся ў Мінску.

— У 2010 годзе ў беларускім выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшаў зборнік «Музычная мазаіка». У яго ўвайшоў шэраг фартэпіянных сюіт для юных піяністаў. Як аўтару мне вельмі прыемна, што яны запатрабаваныя. Творы са зборніка гучаць на конкурсах, іх выконваюць у гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі, у музычных школах. Але цікава, і ў Мурсіі некалькі сюіт былі абраныя як абавязковыя для вывучэння. Некалькі гадоў таму ў кансерваторыі, дзе я выкладаю, адбыўся мой аўтарскі канцэрт. І піяністы рознага ўзросту — ад юных да сталых — выконвалі мае фартэпіянныя опусы.

Вы — сябра дзвюх творчых суполак, Саюза кампазітараў Іспаніі і Саюза кампазітараў Беларусі. Чым прынцыпова адрозніваецца іх дзейнасць?

— У іспанскім саюзе галоўнае пытанне — ахова аўтарскіх правоў. Там кампазітары імкнуцца знаходзіць агульныя творчыя каштоўнасці. Апошняму надзвычай спрыяюць фестывалі, конкурсы, сумесныя праекты. Творчы вечар, манаграфічнае прадстаўленне аднаго кампазітара — гэта адзнака нашага, славянскага менталітэту. На Захадзе часцей праходзяць фестывалі, а таксама зборныя канцэрты, дзе прадстаўлены розныя аўтары і выканаўцы.

Вашы шматлікія творчыя дасягненні былі б немагчымыя, калі б вы не адолелі моўны бар’ер. Іспанская мова — усё-такі не надта блізкая да беларускай або рускай. Ці складана адаптавацца да новых умоў?

— Многія музыканты, калі прыязджаюць за мяжу, імкнуцца хутка знайсці работу, каб атрымаць хуткі прыбытак. Але часцей за ўсё гэта звязана са сферай абслугоўвання — запатрабаваны афіцыянты, хатнія гаспадыні, тыя, хто даглядае старых людзей. Але калі хочаш нечага дасягнуць, цяжкасці трэба ўмець перачакаць. Дабрабыт прыйдзе, але пазней. Трэба завяршыць ці набыць адукацыю, пацвердзіць дыплом, атрыманы ў іншай дзяржаве, знайсці годную працу, а не кідацца адразу мыць падлогу. Памятаю, па першым часе грошай зусім не было, і я смажыла адну толькі моркву. Але ведала, што не буду займацца ні чым іншым, акрамя музыкі. Перад вачыма быў ідэал, і магчыма, мая наіўнасць мне і дапамагла...

Першы год (я прыехала ў кастрычніку) мяне, вядома, адразу на вучобу не ўзялі і я наведвала заняткі як вольны слухач. Сама займалася і іспанскай мовай, і кампазіцыяй, і інструментоўкай.

Цікава, чым адрозніваецца навучанне кампазіцыі ў Іспаніі і ў нас?

— Такія прадметы, як інструментоўка ці аркестроўка, — яны што тут, што ў Іспаніі блізкія. Многае залежыць ад педагога. Выкладанне кампазіцыі — вельмі індывідуальны працэс. У кожнага ўласнае меркаванне, як трэба фарміраваць асобу будучага кампазітара. Тут няма канкрэтнай методыкі, як у піяністаў, для якіх вельмі важна, як пастаўлена рука. Кампазіцыя — гэта, хутчэй за ўсё, перадача ўласнага прафесійнага і тэхнічнага вопыту іншаму.

Калі вярнуцца да праектаў, з якіх пачалася размова, дык заўважу, што здольнасць імправізаваць за раялем, прычым на вачах у публікі, — якасць досыць рэдкая для беларускай музычнай рэальнасці. У гэтым бачу адбітак моцартаўскага, лёгкага і натхнёнага ўспрымання жыцця. Такая здольнасць  — праява не толькі творчай разняволенасці і высокай прафесійнасці. Але і неспадзяванага цуду. На адной з творчых вечарын, што адбыліся ў Мінску падчас мінулага прыезду, я назірала за вашымі імправізацыямі. Гэта выглядала так. Хтосьці са слухачоў называе тры першыя ноты. І задае стыль, звязаны з пэўнай краінай, — фламенка, авангардны, рамантычны, венскіх класікаў. Паўза. Вы абдумваеце і пачынаеце іграць. Вынік звычайна выклікае захапленне залы...

— Усё пачалося ў Іспаніі, калі багатая сям’я ладзіла ў сваім доме, у гасцёўні, дзе стаіць раяль, музычную вечарыну. І мяне папрасілі сыграць. Села за раяль, зусім не задумваючы пра наступствы. Цяпер мяне часта запрашаюць менавіта як імправізатара, я ўдзельнічаю ў канферэнцыях, курсах, распавядаю пра фартэпіянныя школы. І кожны раз арганізатары просяць: «Абавязкова паімправізуйце!» Такія ўзаемаадносіны паміж артыстам і публікай падабаюцца слухачам.

Што датычыць фартэпіянных імправізацый, дык уласны еўрапейскі вопыт вельмі развівае ў гэтым напрамку. Бо я мела магчымасць шмат слухаць музыку і выканаўцаў стылю фламенка, іншых напрамкаў, якія ў нас слухаць не прынята або іх проста няма. Усё гэта ўзбагачае слыхавую культуру кампазітара. Менавіта ў Іспаніі пачала імправізаваць на публіцы. У нашай фартэпіяннай, увогуле выканаўчай школе — класічныя педагагічныя ўстаноўкі, устаноўкі на ідэальную перадачу зафіксаванага, напісанага нотамі. У нас пераважае тэндэнцыя: «Усё — у нотах!» У Іспаніі я адчула, што публіка вельмі горача і эмацыйна рэагуе на праявы спантаннага музіцыравання і сачынення твора непасрэдна на вачах у гледачоў. Шмат імправізую ў стылі фламенка, аднак імправізацыі — увасабленне чыста музычных уражанняў. Сур’ёзныя сачыненні, якія маюць філасофскі сэнс, усё-такі павіны жывіцца беларускімі ўражаннямі і меласам. Утрымліваць штосьці ад маёй уласнай біяграфіі, быць звязанымі з генетыкай і каранямі... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі