Восемдзесят пяты мерыдыян

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Кінафестываль «Залаты Віцязь» у Томску
XXIII Міжнародны кінафестываль «Залаты Віцязь» сабраў удзельнікаў і гасцей у Томску, які знаходзіцца якраз у цэнтры еўразійскага кантынента. Праз гэты сібірскі горад праходзіць 85-ы мерыдыян, які дзеліць Еўразію напалову.

Гісторыя «Залатога Віцязя» пачалася ў 1992-м. Яго натхняльнік і арганізатар — народны артыст Расіі, кінарэжысёр і акцёр Мікалай Бурляеў. Калі фестываль толькі нарадзіўся, дэвізам яго сталі словы: «За маральныя ідэалы, за ўзвышэнне душы чалавека!» Такім слоган форуму застаецца і сёння. Пра паступовае развіццё «Залатога Віцязя» сведчаць лічбы. На першы фестываль адабралі ўсяго 14 конкурсных карцін з 7 краін. Сёлета ў Томску на конкурсе было прадстаўлена 210 стужак з 16 краін свету. У форуме за гады яго існавання прынялі ўдзел звыш сямі тысяч дзеячаў культуры з 60 дзяржаў. Было паказана каля шасці з паловай тысяч фільмаў.

У гэтым годзе ў межах фестывалю гледачам прадставілі буйныя праекты, прысвечаныя тром важкім датам — 700-годдзю прападобнага Сергія Раданежскага, 200-годдзю з дня нараджэння вялікага рускага паэта Міхаіла Лермантава, 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны.

Томск стаў трэцім сібірскім горадам (пасля Іркуцка і Омска), які сустракаў шматлікіх наведнікаў «Залатога Віцязя». З лёгкай рукі аўтараў фільма «Джэнтльмены ўдачы» ўсе жыхары постсавецкай прасторы ведаюць, што археолагі з Томска час ад часу знаходзяць залатыя шлемы. А вось фразу дачкі маскоўскага прафесара многія забылі. Між тым у гэтай рэпліцы закладзена важная характарыстыка тамічоў: «У мінулым годзе, калі мы былі ў Томску, нас так прымалі!» І сапраўды, на сёлетнім «Залатым Віцязі» ў Томску нас прымалі неверагодна цёпла.

Незабыўнай атрымалася паездка ў Свята-Мікалаеўскі жаночы манастыр, пераправа на пароме праз Обь («Хороши вечера на Оби» —згадвалася і адразу ж спявалася), стромкія рачныя берагі, дзе калісьці здымаўся знакаміты фільм «Сібірыяда» Андрэя Міхалкова-Канчалоўскага, а Мікіта Міхалкоў выконваў у ім адну з любімых мною роляў, буравіка Аляксея Усцюжаніна. Радаснымі аказаліся сустрэчы з палякамі, украінцамі, беларусамі, што жывуць у Сібіры, прагулкі ўздоўж рэчкі Томі. На беразе ўсталяваны незвычайны помнік Чэхаву, які прыязджаў сюды, — з жартоўным надпісам на пастаменце: «Антон Паўлавіч у Томску вачыма п’янага, які ляжыць у канаве і які не чытаў “Каштанку”».

Рэальнасць і кінематаграфічныя асацыяцыі ўвесь час нібы перапляталіся. Обь, Томск — месца здымак фільмаў «Зорка чароўнага шчасця» Уладзіміра Матыля і «Праверкі на дарогах» Аляксея Германа. Адзін з моцных у апошняй стужцы — эпізод з баржай, дзе знаходзяцца нашы ваеннапалонныя, якіх партызаны не падарвалі, бо яны — нашы. Хоць быў загад знішчыць фашыстаў, што едуць у цягніку па мосце, а пад мостам у гэты ж час плыве баржа... Жыхары вёскі Малчанава, недалёка ад Томска, кажуць, што да гэтага часу пасля разліву Абі на беразе знаходзяць косткі людзей, якія танулі на баржах у канцы 1930-х і пазней.

Фестываль — гэта заўжды сустрэчы і нечаканыя ўражанні. Больш за ўсё здзівіла прызнанне кінарэжысёра Барыса Лізнёва, старшыні журы кароткаметражных дакументальных фільмаў. Калісьці ён працаваў над стужкай пра вясковае жыццё, у якім сярод іншых быў зняты яго сусед, Мікалай Абрамавіч. Жонка яго, Нюра, неўзабаве памерла, і той, поўны роспачы, згасаў літаральна на вачах. І тады Лізнёву прыйшла думка зрабіць са знятага калісьці матэрыялу відэаролік, у якім усе жывыя і шчаслівыя — і Мікалай Абрамавіч, і яго жонка Нюра, і суседзі. Яны ў гэтым кароценькім фільме сустракаліся, спрачаліся, часам і сварыліся. Словам, жылі. Ажыў, як толькі стаў вечарамі шмат разоў праглядаць запіс, і сусед рэжысёра. «Вось у мяне ёсць фотаальбом, чаго там толькі няма! — прызнаваўся той. — Але гэта ўсё не тое ў параўнанні з кіно...»

Падумалася тады Лізнёву: кіно сапраўды шмат на што здольнае. Можа спустошыць, а можа і вярнуць да жыцця, адрадзіць надзею ў, здавалася б, пагаслай душы. «Хто ведае, можа быць, гэты немудрагелісты ролік — самае талковае, што я здолеў зрабіць у кіно». І гэта не пустыя словы дакументаліста. Як жа яны кантрастуюць з заявамі рэжысёраў «новай хвалі», што сцвярджаюць, маўляў, людзям з павышаным утрыманнем маральнасці ў крыві няма чаго рабіць у дакументалістыцы!

У свой час Марына Цвятаева пасля трыццацігадовага адданага служэння паэзіі напісала эсэ «Мастацтва пры святле сумлення», дзе бязлітасна асудзіла сябе і найвялікшых паэтаў. «Мастацтва — спакуса, магчыма, самая апошняя, самая тонкая, самая неадольная спакуса зямлі... Трэцяе царства са сваімі законамі, з якога мы так рэдка ратуемся ў вышэйшае (і так часта — у ніжэйшае!)… Паміж небам духу і пеклам роду мастацтва — чысцец, з якога ніхто не хоча ў рай». Думаю, калі б паэтка ведала пра Барыса Лізнёва, Таццяну Карпаву, Валянціну Гуркаленка і іншых рэжысёраў, чые фільмы з’яўляюцца анталогіяй не толькі «Залатога Віцязя», але і ў больш шырокім сэнсе — анталогіяй айчыннай экраннай культуры, наўрад ці гэткім катэгарычным быў яе прысуд.

На фестывалі ў Томску, дзе мне выпаў гонар быць членам міжнароднага журы дэбютных і студэнцкіх работ, давялося ўбачыць стужку «Там, дзе б’ецца сэрца», якая цалкам адпавядае шэрагу сціплых, нягучных, але вельмі важных карцін. Яе герой, Андрэй Дзённікаў, акцёр і рэжысёр тэатра лялек імя Сяргея Абразцова, жыве не проста па прынцыпе «каб не было пакутліва балюча за гады, пражытыя без усялякай мэты». У яго, вядома ж, ёсць мэта. Але скіравана яна не на сябе. Ён жыве дзеля іншых, радасна, апантана, у штодзённым служэнні ўвасабляючы вядомы запавет: «Цель творчества — самоотдача, а не награда, не успех». На працягу ўсяго фільма герой ні разу не сказаў штосьці пра сябе, хіба толькі аднойчы паскардзіўся, што пасля спектакля вельмі баляць рукі — пальцы даводзіцца заламваць да хрусту ў суставах, інакш не «ажывіць» персанажаў-лялек. Горача, з непрыхаваным болем Андрэй разважае пра сучаснае мастацтва, пра гледачоў, якія не па сваёй уласнай віне робяцца ахвярамі непераборлівага густу тых, хто купляе іх як тавар — за іх жа ўласныя грошы. Малады, таленавіты, вельмі падобны да Ясеніна (і вонкава, і па тэмпераменце). Якая ўдача для Алены Дубковай, маладога рэжысёра з Екацярынбурга, знайсці такога героя! Фільм завяршаўся, і не хацелася развітвацца з такой яркай асобай, праплылі цітры — і раптам P.S.: «17 сакавіка 2014 г., у дзень свайго 36-годдзя, Андрэй Дзённікаў пайшоў з жыцця». Драматургія рэальнасці куды больш непрадказальная за кінематаграфічную.

Фільм «Там, дзе б’ецца сэрца» быў узнагароджаны «Залатым Віцязем», вышэйшай адзнакай у дадзенай намінацыі і абышоў поўнаметражны ігравы дэбют Андрэя Мармонтава, стужку «Золата», знятую па матывах рамана Дзмітрыя Маміна-Сібірака «Дзікае шчасце» з Сяргеем Бязрукавым у галоўнай ролі і іншымі зорнымі артыстамі — Ірынай Скобцавай, Андрэем Мярзлікіным, Міхаілам Парэчанкавым. Сяргей Бязрукаў не толькі атрымаў «Залатога Віцязя» за лепшае выкананне мужчынскай ролі, але і зрабіў высакародную справу: у вёсцы Паросіна адкрыў кінаклуб з 3D-экранам.

Першы фільм сербскага рэжысёра Марыі Жыжавец «Калі тата купіць табе слана» стаў сярэбраным прызёрам фестывалю сярод дэбютных і студэнцкіх работ. Надзіва вытанчаная, няхітрая гісторыя жыцця сямігадовай дзяўчынкі Валерыі Сліва ў адзіным цырку-шапіто, які існуе ў Сербіі. Яна вучыцца ў школе, выступае ў цырку і так зарабляе грошы для сям’і. Атмасфера фільмаў Эміра Кустурыцы і Федэрыка Феліні наскрозь працінае тканіну карціны. І «невыносная лёгкасць быцця» адной сям’і ўспрымаецца як метафара жыцця шматпакутнага сербскага народу.

Статуэткай «Бронзавага Віцязя» была адзначана стужка расійскага кінарэжысёра Марыны Мігуновай, урача па першай спецыяльнасці. Сцэнарый яе фільма «Час» бездакорны. Аповед пра маладую жанчыну ў сучасным мегаполісе, якая вымушана выжываць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі не толькі на працы, але і ў асабістым жыцці. Гераіня паўстае перад выбарам: кар’ера або мацярынства. Збег абставін прымушае жанчыну страціць усё, але застацца чалавекам.

На фоне такіх моцных дэбютаў ва ўсіх відах кіно — ігравым, дакументальным, анімацыйным — дастаткова сціпла выглядалі студэнцкія работы маладых кінематаграфістаў Польшчы, Украіны, Балгарыі, Беларусі.

З васьмі работ студэнтаў факультэта экранных мастацтваў нашай Акадэміі дыплом форуму атрымаў студэнт 2-га курса Сяргей Дзмітрэнка (майстэрня Рэнаты Грыцковай) за курсавую працу «Дугін», знятую па матывах п’есы Аляксея Дударава «Радавыя». Безумоўным поспехам фестывалю стаў і фільм «Крокі над вадой» Юрыя Цімафеева (1-е першае месца ў конкурсе кароткаметражных дакументальных карцін).

Новае прачытанне славутай аповесці Янкі Маўра прадставіў гледачам кінарэжысёр Сяргей Сычоў у сваёй стужцы «Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны», дзе шмат элементаў фантастыкі і містыкі. Тамару Міронаву адзначылі як выканаўцу лепшай жаночай ролі ў ігравым фільме «Бабу» Віктара Бандаровіча. Нарэшце Гран-пры фэсту атрымаў наш Сяргей Кацьер за дакументальную карціну «Залаты Віцязь. Мікалай Бурляеў».

Разнастайнай і насычанай атрымалася пазаконкурсная праграма форуму. Асаблівую цікавасць гледачоў выклікала рэтраспектыва фільмаў аднаго з лідараў сусветнага кіно, польскага кінарэжысёра Анджэя Вайды, чые карціны ўтвараюць магутную духоўную прастору.

На працягу больш двух дзясяткаў гадоў фестываль «Залаты Віцязь» спакойна і няспешна, пераадольваючы іронію, раздражненне або замоўчванне, працягвае збіраць годныя творы славянскай і сусветнай культуры. Шмат у чым дзякуючы форуму, адстойванню ім вечных каштоўнасцей, у культуры адбываюцца пазітыўныя змены.

Сучасная кінематаграфічная сітуацыя дыктуе мастакам новыя ўмовы. Эпоха глабалізацыі, рынкавых адносін і камерцыялізацыі, а значыць — арыентацыі на масавага гледача, уплывае і на стасункі паміж культурамі. Аднак узаемадзеянне расійскага і беларускага экраннага мастацтва і па сёння застаецца цесным і плённым, бо грунтуецца на агульных сацыяльна-гістарычных тэндэнцыях, на блізкіх ментальных асновах.

«Залаты Віцязь» — прастора, якая захоўвае і адстойвае традыцыі. Фестываль не дэкларуе ўласную выключнасць. Ён проста ідзе сваім шляхам. І 85-ы мерыдыян, які дзеліць Еўразію напалову, па праве становіцца мерыдыянам, што яднае розныя культуры. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА