Перыпетыі творчага пошуку

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Віктар Кліменка — шматаблічны і нечаканы
У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла выстава, прысвечаная памяці Віктара Кліменкі (1941—2010). Яна стала падзеяй значнай і доўгачаканай для родных, сяброў і калег гэтага надзвычай цікавага, але шмат у чым недаацэненага майстра. У экспазіцыі было прадстаўлена 68 графічных і жывапісных твораў са збору сям’і і прыватных калекцый.

Віктар Кліменка — вядомы майстра беларускай кніжнай ілюстрацыі 1970—1990-х гадоў. Ён шмат у чым вызначаў яе развіццё — новымі, нетрывіяльнымі падыходамі да тэхналогіі і кампазіцыі ілюстрацыі ды пошуку яе месца ў комплексе мастацка-графічнай структуры кнігі, а таксама шматгадовай самаадданай дзейнасцю ў якасці мастацкага рэдактара выдавецтваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Кліменка праілюстраваў больш за 50 кніг беларускай і сусветнай класікі, быў узнагароджаны залатымі і срэбранымі медалямі ВДНГ СССР, медалём Беларускага саюза мастакоў, шматлікімі дыпломамі конкурсаў «Мастацтва кнігі» і дыпломамі імя Францыска Скарыны. Некалькі пакаленняў дзяцей і падлеткаў вырасла на ілюстраваных ім кнігах, многія з якіх дагэтуль захоўваюцца ў хатніх і гарадскіх бібліятэках. Значны ўклад Віктара Кліменкі ў фарміраванне айчыннай графічнай школы адзначаны ў даследаванні Міхаіла Баразны «Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х». Як ілюстратара, Кліменку вылучала імкненне да актыўнай сутворчасці з аўтарам і чытачом, увага да дэталей і матэрыяльнай культуры, жаданне на годным узроўні адказаць пісьменніку сродкамі выяўленчага мастацтва. Малюнкі, акварэлі, афорты, тэмперны і алейны жывапіс творцы маюць несумнеўную самастойную каштоўнасць, аднак дагэтуль заставаліся амаль невядомымі гледачу. Некаторыя з работ можна было бачыць на рэспубліканскіх мастацкіх выставах, у тым ліку — творчага аб’яднання «Верасень», сябрам якога быў Віктар Кліменка. Аднак толькі ў гэтай экспазіцыі працы былі ўпершыню сабраны і прадстаўлены разнастайна і шырока. Значная колькасць яго аркушаў, накідаў, карцін пакуль не сістэматызавана, хоць дзякуючы намаганням яго ўдавы і вядомага беларускага графіка Ірыны Лобан найбольш цікавыя з твораў увайшлі ў каталог, выдадзены сям’ёй мастака ў 2012 годзе.

Віктар Кліменка пачаў свой творчы шлях у 1970-я — пасля заканчэння Маскоўскага паліграфічнага інстытута, дзе яго настаўнікамі былі вядучыя майстры савецкай графікі — Андрэй Ганчароў, Воля Ляхаў і Павел Захараў. Асабістае і агульнае — досвед таго часу — непадзельныя ў творчасці Кліменкі, якая шмат у чым вырасла з традыцый маскоўскай графічнай школы з яе ўвагай да выяўленчай мовы. Па словах сябра Віктара, мастака Сяргея Мітурыча, са студэнцкіх гадоў ён здаваўся «ўмелым гравёрам у духу Аляксея Краўчанкі, яго праца заўсёды дзівіла багаццем старанных эскізаў, якія ён рабіў у незлічонай колькасці». Гады вучобы і пачатак творчага жыцця супалі з працэсамі абнаўлення ў савецкім мастацтве, тэндэнцыі таго перыяду адпавядалі глыбінным памкненням маладога творцы. Кліменка — яркі прадстаўнік пакалення, «якое разважае»: так звалі ранніх сямідзясятнікаў, што імкнуліся да алегорый і сімвалаў у процівагу мастакам «суровага стылю», дзе важна было перадаць складаныя ўзаемаадносіны асобы са светам. Калі б Віктар Кліменка нарадзіўся на пару дзясяткаў гадоў пазней, магчыма, стаў бы значным прадстаўніком постмадэрнізму — так прагна мастак убіраў у сябе разнастайныя, часам супярэчлівыя ідэі, падыходы, каштоўнасці сусветнай культуры, так шмат у яго працах метафар, алюзій і апрапрыяцый. У іх няма нават слядоў стылізацыі, а ёсць жывыя, эмацыйна прачулыя рэчы, у якіх падрыхтаваны глядач адгадвае ўтоеныя цытаты. Класічная школа стала падмуркам, на якім развілася тое, што вылучае сапраўднага творцу, — адметнае ўспрыманне рэчаіснасці і здольнасць выказаць гэта. Віктар Кліменка меў шмат захапленняў — музыка, паэзія, гісторыя і філасофія. Быў мастаком, схільным да меланхалічных разваг. Яго працы неспакойныя і характарныя — ці гэта кніга і станковая графіка, ці жывапіс, Кліменка ствараў розныя па жанрах і стылістычных асаблівасцях творы. У кожным з іх пераламляецца адметная, новая грань яго асобы. Яго абаянне, як адзначалі ўсе, хто ведаў мастака, складалася з адухоўленасці, інтэлігентнасці, сціпласці і таленту. Усе гэтыя рысы ясна чытаюцца ў аўтапартрэтах, зробленых у энергічнай, экспрэсіўнай манеры, са стрыманай унутранай напругай. Гэта партрэт чалавека тонкай духоўнай структуры. Яго востры позірк пільна ўзіраецца ў гледача, а праз яго — зноў у сябе.

З ілюстрацыямі Віктар Кліменка працаваў так, як яму хацелася, але паступова ўтульны свет кніжнай графікі стаў цесны творцу. Яго стыль выявіў гнуткасць і здольнасць да эвалюцыі, уменне разнастаіць мастацкую манеру ў залежнасці ад пастаўленых задач. Як малявальшчык Кліменка імкнуўся да так званага жывапіснага малюнка, але падыходзіў да яго разнастайна — уводзячы то вольны штрых і лаканічную лінію, то сакавітыя чорныя плямы, то ствараў вібруючую паверхню, то жорсткую і раўнаважную ў духу ксілаграфічнай манеры настаўнікаў, запаўняючы аркуш складаным узорным пляценнем чорнага і белага, з абвостраным пачуццём межаў выяўленчай плоскасці. Малюнак пяром з кароткіх рысак, што цалкам пакрываюць аркуш, часта выглядае так, нібы напісаны ў афортнай тэхніцы. Графічныя працы Кліменкі для сябе — гэта востраіндывідуальныя афорты, пёравыя і алоўкавыя творы, выкананыя паводле ўнутраных запатрабаванняў. Іх задача — не фіксацыя натурнага матыву з мэтай далейшага выкарыстання і перапрацоўкі, а, хутчэй, намацванне глебы для пошукаў цэласнасці рэальнага і выдуманага. Пошукі гэтыя ішлі ў розных кірунках — стылі выканання, колеру і фактуры, і дыктаваліся пакліканнем даць бачнае ўвасабленне сваёй душы, стану і працы думкі. Акварэлі, тэмперы часта зроблены на абодвух баках аркуша — і гэта сведчыць пра тое, наколькі важным для творцы быў працэс работы, а не рэпрэзентатыўнасць канчатковага мастацкага прадукту.

Светаадчуванне і творчую манеру Віктара Кліменкі часцей за ўсё вызначаюць як рамантызм у розных яго праявах — дакладнае, але некалькі павярхоўнае акрэсленне. Стыль мастацкага мыслення творцы можна вызначыць як спалучэнне лірызму і гратэску. Як ілюстратару яму была бліжэй класічная і рамантычная літаратура з яе ідэаламі волі і душэўнай раскаванасці — творы Лермантава, Жукоўскага, Пушкіна, Купалы, класікаў падлеткавай прыгодніцкай літаратуры, напоўненыя ветрам падарожжаў, рамантыкай пошукаў і здзяйсненняў: Аляксандр Бяляеў і Аляксандр Обручаў, Жуль Верн і Аляксандр Дзюма, Даніэль Дэфо і Роберт Сцівенсан, многія іншыя. Рамантычныя інтанацыі адчуваюцца і ў пейзажах — замалёўках вёскі Белая на Віліі, краявідах Кактэбеля — тых выдатных мясцін, куды кожнае лета мастак выязджаў з сям’ёй; часам яны невідавочныя з-за знешняй непераборлівасці матыву, такога як глыбокі яр ці простая вясковая адрына. Яму быў блізкі прынцып рамантычнай рухомасці, зменлівасці, як і ідэя адзінства прыроды, чалавека і мастацтва. Вядучы настрой пейзажаў — лірычная паэтызацыя штодзённага. Аднак у шэрагу твораў мастак рэзка ўзмацняе гратэскавы пачатак ці паэтычны рацыяналізм. У працах для сябе ён часта вар’іруе адны і тыя ж сюжэты, знакі і асацыяцыі, характэрныя для 1970-х гадоў, — вобраз дома ці інтэр’ера як метафары індывідуальнай унутранай сферы мастака, вобразы акна, дзвярэй, люстэрка — як мяжы паміж унутранай і знешняй прасторамі. З аркуша ў аркуш вандруюць велічэзныя птушкі і рыбы — выявы Дэміурга, увасабленні чалавечай душы, вестуна, натхнення, дваістыя сімвалы Верхняга і Ніжняга светаў. Нацюрмортныя матывы Кліменкі прыкметна арыентаваны на малюнкі Дзмітрыя Мітрохіна, але значна больш прасторавыя. У іх няма паэтызацыі побытавых формаў, «ціхага жыцця» рэчаў, гэта, хутчэй, праекцыя разважанняў і настрояў самога мастака. Натурная канкрэтнасць заўсёды дадзена ў сімвалічнай трактоўцы. Прадметнае асяроддзе гэтых твораў аднатыпнае — стол, акно, плады, ракавіны, змятая папера, шкляныя пасудзіны. Змястоўнасць выяўленчага матыва цікавіць Віктара Кліменку больш, чым супастаўленне мас і формаў. Прастора ў гэтых аркушах паўстае ў якасці формаўтваральнага асяроддзя, якое ўздзейнічае на прадметы, — згусткі матэрыі, што жывуць уласным жыццём, дэфармуючы іх ці раствараючы ў святле і цені. Рэчы, змененыя духоўна, існуюць у ім як суб’екты адмысловага асобаснага свету. З рэчаіснасці нібы здымаецца полаг звыкласці, штодзённасці, нечакана адкрываючы больш глыбінны сімвалічна-шматзначны пласт. Становіцца бачным утоенае ў мёртвай натуры, напружанае, часам драматычнае жыццё. Гэты рэальны свет, які існуе побач з намі, але па-за паўсядзённым успрыманнем аказваецца цікавым, дзіўным, фантастычным. Інтэр’ер паўстае змрочным лабірынтам з мноства немаведама куды вядучых дзвярэй, вокнаў і люстэркаў («Сыходзячая», «Начны госць», «Адлюстраванне»), галоўкі цыбулі, як жывыя істоты, упарта цягнуцца да аконнага шкла («Цёмнае акно»), змятая папера нясе прыхаваныя пасланні («Плынь часу»), вядуць няспешную гутарку шкляныя пасудзіны («Шкло»), галіны дрэў, выцягнутыя ўслед за падарожнікамі, нечакана становяцца небяспечна зааморфнымі («Мы толькі вандроўнікі»).

Творы Кліменкі ў тэхніцы акварэлі, хоць і зроблены ў іншым стылі, арганічна вырастаюць з малюнкаў. Яны мінорныя, халодныя па каларыце — ліловыя, зялёныя, блакітныя, ультрамарынавыя фарбы, традыцыйныя ў перадачы таямнічага з пачатку мінулага стагоддзя. Празрыстыя плямы залівак і дробных мазкоў часта пакладзены па-над вольным, хуткім малюнкам пяром — у «Саламеі», «Крыштальнай мелодыі», у шэсці дзіўных жанчын-карыятыд у высокіх галаўных уборах-вазах у духу Аляксандра Тышлера. У гэтых аркушах, нягледзячы на экспрэсіўнасць выканання, адчуваецца жаданне дасягнуць чысціні і свежасці старых майстроў, якія вылучалі празрыстай плямай чыстага колеру розныя плоскасці і дэталі малюнка. Нібы нядбайны, але адначасова дакладны хуткапіс тонкага пяра ў спалучэнні з цякучай акварэллю ствараюць вобраз-здань, што ўзнікае на вачах гледача і гатовы знікнуць у любы момант. Працэс пераходу да жывапісу быў для мастака натуральным, без рэзкага пералому. Яго жывапісныя малюнкі і сам спосаб афортнага мыслення шмат у чым блізкія пісьму пэндзлем, больш, чым лінеарная графіка. У вольнай манеры былі зроблены тэмперныя ілюстрацыі да «Песні пра зубра» Мікалая Гусоўскага (1988), хоць яны і маюць выключна прыкладное значэнне і не з’яўляюцца самадастатковымі станковымі творамі. Спачатку, як любы графік, які звярнуўся да новага віду творчасці, намацваючы ўласную тэхніку, Віктар Кліменка паўтараў і перакладаў на іншую выяўленчую мову зробленыя раней кампазіцыі. Але паступова яго жывапіс вызваляўся ад залішняй апавядальнасці, ілюстрацыйнасці. Творы, хоць і маюць апірышча найперш у літаратуры, часцей за ўсё не вылучаюцца разгорнутым сюжэтам. У адрозненне ад графікі, у жывапісе мастак скупы на дэталі. Кліменку была блізкая канцэпцыя паэтычна-метафарычнага жывапісу, папулярная ў 1970-я. Яна аказалася нечакана свежай і актуальнай у 2000-я. У яго працах лёгка адгадаць парафразы на тэмы лірычнага каларызму парыжскай школы, сімвалізму «Блакітнай Ружы» Пікаса і іншых выдатных майстроў ХХ стагоддзя. Але гэтыя запазычанні заўсёды носяць творчы характар, абрастаюць іншымі індывідуальнымі элементамі. Мастак знаходзіў у сусветнай культуры тое, што падабалася, адсюль спалучэнне элементаў сімвалізму і авангарда. Асноўную ролю ў жывапісе Кліменкі, як тэмпернай, так і алейнай, іграюць каларыт і рытм колеравых плям, дынаміка крывых ліній і перасякальных плоскасцей, злучэнне геаметрыкі і мяккай каляровай пластычнасці. Яе вылучае глыбокая засяроджанасць, тонкасць адценняў, вязкасць і рухомасць жывапісных мас. Абрыс прадметаў і постацей раствараецца ў неглыбокім прасторавым пласце. Большасць твораў алеем блізкая акварэлям — халодны каларыт з акцэнтам вялікіх белых плям. Традыцыйныя па пабудове кампазіцыі сумешчаны з прыкметным парушэннем раўнавагі постацяў, што нібы выносяцца ветравеем. Персанажы мастака замкнёныя, часта далёкія ад навакольнага свету, выявы заўсёды вібруючыя, незавершаныя, наўмысна бесцялесныя. У іх ёсць сляды ўплыву постімпрэсіянізму, экспрэсіянізму і нават фавізму — напрыклад, у кідкім чырвоным каларыце такіх прац, як «Зачараваны свет» ці «Чырвоная танцорка». У атмасферы твораў Кліменкі, у рамантычных масках вандроўных акцёраў і музыкаў, тонкіх далікатных прыгажунях у крыналінах і велізарных птушках — увасабленнях мары і духоўнага парыву — ёсць і прамая пераклічка з матывамі класікі, і характэрнае адценне рамантычнай пазачасавасці. Аднак творчасць Віктара Кліменкі зусім не абмяжоўвалася спавядальна-камернай лірыкай, кола тэм і амплітуда эмоцый значна шырэй. Яго «Біблейская серыя», выкананая тэмперай у 1989 годзе, прысвечаная евангельскаму сюжэту, прыкметна адрозніваецца ад прац, якія ўвасабляюць зачараваны свет паэтычнай мары. Для чалавека, які разважае і глыбока верыць, зварот да вечных тэм пошуку праўды, маральнага сэнсу, суадносінаў духоўнага і матэрыяльнага менавіта ў пераломны гістарычны момант было, мабыць, неабходным і заканамерным. У творах няма нічога экзальтаванага ці містычнага, эмацыйна-сімвалічная трактоўка вобразаў Хрыста і Іуды блізкая па духу позняму Мікалаю Ге. Цэнтрам серыі стала складаная і супярэчлівая фігура Іуды. Працы невялікія па памеры, аднак выкананыя з сапраўднай драматычнай сілай. Яны напісаны экспрэсіўна, хуткімі пастознымі мазкамі, якія надаюць дадатковую рухомасць дынамічным па пабудове кампазіцыям у цёмным вохрыста-карычневым змрочным каларыце, манументальныя па разуменні формы нібы просяцца ў большы фармат — карціну або фрэску.

Апошнія па часе работы Віктара Кліменкі — карціны 2006—2009 гадоў: «Хлопчык і птушка» і «Адзінота», няскончаны трыпціх «Волаты», тэмперы «Незнаёмка», «Ракавіна» і малюнкі «Супраць плыні» і «З жыцця рыб» — сведчаць пра глыбока наспелы паварот у творчасці, пра пошукі вялікай формы, простай і ёмістай. Але працягнуць гэтыя пошукі яму не было наканавана. Сёння, калі мастак сышоў ад нас, калі яго працы нарэшце паўсталі перад гледачом суцэльна, ва ўсёй разнастайнасці, становіцца відавочным, што творчая шчырасць была для Віктара Кліменкі і эстэтычнай, і жыццёвай пазіцыяй, і гэта яшчэ толькі мае быць ацэненым. 

Марына ЭРЭНБУРГ