Спарынг, гульня, даследаванне

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Выставачны праект «Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі»
У час панавання постмадэрнізму і постпостмадэрнізму парушэнне традыцый — таксама традыцыя, якая ўжо, у сваю чаргу, ідзе супраць хвалі... Паролем на ўваход у сутнасць мастацкіх алхмічных вопытаў становіцца слова «інтэрпрэтацыя» — лацінская прыстаўка «інтэр» прыцягвае за лінгвістычныя ніткі іншыя словы-ключы: інтэрнацыянальнасць, інтэрвенцыя, інтэрактыўнасць.

Быць пасрэднікам — адзін з патэнцыялаў твора, і аўтар мусіць вылучыць яго для сябе, асабліва зараз — у эпоху дэфіцыту сюжэтаў і празмернасці форм іх увасаблення, у перыяд неабходнасці прафесійных пераацэнак мастацтва.

Прыблізна такі падыход, што хаваецца за выразам «прамое цытаванне класічных і посткласічных твораў», аб’яднаў работы такіх розных сучасных беларускіх мастакоў, як Руслан Вашкевіч, Адам Глобус, Сяргей Грыневіч, Ігар Кныш (творчая майстэрня «Басталія»), Віктар Копач, Алег Касцючэнка, Сяргей Рымашэўскі, Канстанцін Селіханаў, Аляксандр Некрашэвіч і іншыя. Сакрэт «рафінаванага падбора персанажаў» — як выказалася на адкрыцці куратар выставы ад галерэі Шчамялёва Крысціна Лядская — у тым, што кожны з аўтараў меў адзінкавыя працы, серыі прац ці тэматычныя праекты, якія ўтрымлівалі ў сабе эйдасы-адсылкі да сусветнавядомых, прызнаных твораў заходнееўрапейскага жывапісу і з’яўляліся дасціпнымі і арыгінальнымі сімулякрамі геніяльных набыткаў мастацтва мінулага. Ідэя размяшчэння іх у адной рэпрэзентатыўнай прасторы належала кіраўніцы інфармацыйнага партала «АртДайджэст» Таццяне Маркінай.

Перадумовы ўзнікнення даследчага выставачнага праекта «Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі» тлумачаць яго незвычайнасць. Па-першае, прысутнасць некалькіх сучасных беларускіх майстроў, да таго ж вандроўных спецыялістаў розных відаў мастацтва (жывапіс, літаграфія, скульптура, рэстаўрацыя). Па-другое, спроба рэалізацыі даследавання ў галерэйна-падзейным кантэксце. Ход рызыкоўны — з пункту гледжання прэтэнзіі, афішавання. Аднак у нейкім сэнсе даследаванне, заяўленае ў назве ці не, непазбежнае: яно прысутнічае на ўсіх стадыях канвергенцыі першапачатковага класічнага вобраза і яго рэфлексійнага самабытнага адбітку ў вітрынах цяперашняга — ад прафесійнага наватарскага погляду сучаснага мастака на вядомы твор да ўсярэднена аматарскага погляду наведвальніка экспазіцыі на працу-вынік (уключна). Але гэта не тое ж самае, што свядома зрабіць акцэнт на мастацтвазнаўчым аспекце «сервіроўкі» выставачнай залы. Тут павінна быць нешта больш адчувальнае за бесцялесныя індывідуальныя пошукі.

І было. Асабісты досвед кожнага з мастакоў выкладзены ў анатацыях да экспанатаў. Усе яны розныя па стылі і ступені раскрыцця аўтарскай задумы і, акрамя напісанага Альмірай Усманавай (набор цытат з яе артыкула, прысвечанага выставе Руслана Вашевіча «Музей» 2011 года), уяўляюць адвольныя развагі саміх мастакоў пра прычыны абрання імі тых ці іншых класічных сюжэтаў для інтэрпрэтацыі.

Удалым стала адкрыццё выставы ў фармаце «круглага стала» з удзелам амаль усіх аўтараў. Такім чынам, унутры дыяхранічна-метафарычнага і метафізічнага дыялога эпох здзейсніўся сінхранічна-сапраўдны (у рэальным часе) дыялог мастакоў з аўдыторыяй. Праўда, двухбаковая камунікацыя адбылася пасля заканчэння афіцыйнай часткі, калі прысутныя разбрыліся па зале і звярнуліся з пытаннямі непасрэдна да мастакоў (вось і згаданая інтэрактыўнасць). Прыйшлі ў дзеянне адукацыйны, асветніцкі і папулярызатарскі механізмы праекта.

Руслан Вашкевіч, мабыць, кароль Артур «круглага стала», першы выступіў з прамовай ад мастакоў на правах знакамітага беларускага «гульца з класікай», які зладзіў не адзін сола-праект на гэтую тэму («SecоndHand» (1997), 
«Second SeсondHand» (1998), «Музей» (2011), «Гульня ў класікі»). Так, Вашкевіч падабраў некалькі маляўнічых азначэнняў з’яве свайго «супрацоўніцтва» з заходнееўрапейскімі мэтрамі жывапісу: «Калісьці даўно, у 1990-я, прыдумаў сабе такія мыліцы для свабоднай творчасці ў вобразе класікаў-майстроў, паважаных мной: Гоя, Пікаса, Эль Грэка. Можна казаць, выбраў спарынг-партнёраў. З кожным вёў свой дыялог: з кімсьці жартаўлівы, з кімсьці іранічны. Часам атрымоўваліся інтэлектуальныя гутаркі, тонкія гульні. Мне здаецца, я тады падрыхтаваў кіслародную падушку для сябе, захаваў форму, не пайшоў “у тыраж”, у камерцыйнае мастацтва». Пасля ў прыватным інтэрв’ю дадаў: «Гэта нейкая ступень самазахавання мастацтва. А гледача такая гульня стымулюе да аналізу. Хаця б на прымітыўным узроўні параўнання — знайдзі пяць адрозненняў».

Вашкевіч прапанаваў гледачу параўнаць два партрэты. На абодвух — мужчына з выразнымі рысамі твару, але ян-ван-эйкаўскі чырвоны цюрбан на яго галаве з падачы мастака трансфармуецца ў пафарбаваныя жаночыя рукі. Быццам знаёмая, простая гісторыя ўскладняецца і ажыўляецца новымі пікантнымі падрабязнасцямі. Тут жа і раскадраваная выява карліка — «Los truhanes» Веласкеса: эпоха вынайдзенага кінематографа дае шанец статычнаму міні-чалавеку з пільным позіркам перакваліфікавацца з натуршчыка ў героя міні-фільма. Усё гэта — вядомыя гледачу экспанаты, але ёсць і дэбютны твор — карціна «Аўкцыён», дзе майстар пастышу і іроніі размясціў перакулены «блакітны» партрэт работы Пікаса, пададзены пакупнікам як нейкая экзатычная дарагая страва.

Ігар Кныш ад імя рэстаўратараў творчай майстэрні «Басталія» выказаўся за прамое цытаванне існуючых вобразаў з-за немагчымасці цалкам аддаліцца ад класічнай адукацыі і пазбегнуць запазычанняў у творчасці, таму, па яго словах, не хаваць іх будзе сумленна. Дарэчы, у працах «Басталіі», што склалі амаль чвэрць экспазіцыі, адчувалася грунтоўнае навуковае вывучэнне падчас стварэння галоўнай канцэпцыі і надання ёй формы. Інсталяцыя «Свежы сьпіл — slip Венеры» стала мастацкім увасабленнем даследавання кампазіцыйнай і сэнсавай пабудовы карціны Джарджонэ.

Канстанцін Селіханаў, аўтар літаграфій «Кароткая гісторыя мастацтваў XX стагоддзя», у якой склеены і фармальна зарыфмаваны разрэзаныя на кавалкі выявы ўсё таго ж карліка Веласкеса і дзюшанаўскага «Фантана», скампіляваны артэфакты свайго часу пад знакам масавага друку (назва выдавецтва «Tasсhen» унізе), прызнаўся: прабел у веданні гісторыі і натхніў да генеравання мастацкага Франкенштэйна. Той жа мэтай прывядзення да ладу акадэмічных ведаў кіраваўся і Аляксандр Некрашэвіч, калі задумваў жывапісны праект «Хаос і Космас». На выставе дэманстравалася адна праца з серыі — «Танец Саламеі». Фрагменты карціны Андрэа Саларыа склеены такім чынам, што акцэнт са злачынства — адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля — пераносіцца на папярэднюю падзею танца, уласна танец становіцца цэнтрам сюжэта. Калейдаскапічнасць кампазіцыі стварае эфект хуткага колавага руху.

Быць прамежкавым, быць пасрэднікам — адзін з патэнцыялаў як мастацкага твора, так і аўтара. Дыялог эпох становіцца зваротам у два бакі: да мастакоў-класікаў і гледачоў XXI стагоддзя. Руслан Вашкевіч упэўнены: у кожнага мастака ёсць працы на тэму інтэрпрэтацыі, можна патрапіць на выключна геніяльныя рэчы. Выцягнуць іх на паверхню, зрабіць яшчэ больш грандыёзны праект — задача будучыні. А пакуль атрымалася вялікая маленькая выстава. Чаму менавіта так? Бо гэта пачатак з доляй няўпэўненасці, але досыць значны, каб быць годнай правакацыяй, выклікам не толькі наяўнаму стану рэчаў, але найперш — самому сабе.

Паліна ПІТКЕВІЧ