Водгук горада

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Спектаклі-падарожжы ў Вільнюсе і Мінску
Кажам «site-specific» — уяўляем закінуты будынак, які нам прапануюць асвоіць з дапамогай тэатральнай пастаноўкі. Кажам «вулічны тэатр» — уяўляем святочнае касцюміраванае шэсце з хадулямі, жанглёрамі і акрабатамі. Аднак межы плыні вулічнага тэатра і жанру site-specific (тэатр спецыяльна падабраных месцаў) насамрэч куды шырэйшыя. А пры іх спалучэнні замест выбуховага выніку можа атрымацца спектакль-падарожжа з містэрыяльным адценнем, які прапануе гледачу звярнуць увагу на горад як прыкметную, асаблівую прастору. І да таго ж — па-новаму асэнсаваць сябе ў ёй.

Горад ужо гатовы

Ready-made («ужо зроблены») — тэхніка мастацтва, якая выкарыстоўвае для стварэння твора гатовыя аб’екты, прадметы, тэксты шляхам перамяшчэння іх з немастацкай прасторы ў мастацкую, дзе якасці аб’екта здольныя праявіцца па-новаму. Гэтая тэхніка стала асновай для спектакля «Стрытвокер», які славенскі тэатр «KUD Ljud» паказаў на ІІ Мінскім форуме вулічных тэатраў.

«KUD Ljud» неаднаразова выступаў у Беларусі, і гледачы ўжо прывыклі да крыху эпатажнага славенскага пачуцця гумару. Так, даслоўна назву спектакля «Стрытвокер» з англійскай мовы можна перакласці як «прастытутка». Аднак змест пастаноўкі пераконвае гледачоў, што ўбачанае нельга ўспрымаць літаральна. Сцяна і клумба — гэта ўжо не проста сцяна і клумба, а арт-аб’екты. Ну а «streetwalker» — гэта не проста слова, а гульня каранёў, з якіх яно складаецца: street — вуліца і walk — прагульвацца. Той, хто гуляе па вуліцы.

Славенскі рэжысёр Яша Енул, беларускі экскурсавод Аляксей Стрэльнікаў і яго памагатыя запрасілі гледачоў прагуляцца па галерэі ready-made аб’ектаў (некалькі вуліц Верхняга гораду, якія сталі прасторай з экспанатамі). Іронія і пачуццё гумару стваральнікаў спектакля пераўвасобілі сцяну чырвона-аранжавага колеру ў твор Марка Роткі; знак «Дарожныя работы» — у палатно вядомага славенскага мастака Юрэ Занкіча «Тата раскрывае пляжны парасон»; а на адным са схілаў пагорка размясціўся сучасны «Сняданак на траве».

Крыху больш чым за гадзіну гледачоў пераканалі: мастацтва ва ўсіх яго праявах і незвычайныя рэчы ўжо існуюць вакол, створаныя прасторай, што атачае гараджан. Варта толькі пільна прыгледзецца ды правесці аналогіі. І па-іншаму адчуць свой горад.

Горад: хто я ў ім?

Вулічны спектакль «Ці Дон Кіхот я?» быў паказаны сёлета на традыцыйным вільнюскім фестывалі «Ноч культуры», што на адну ноч ператварае сталіцу Літвы ў суцэльны арт-аб’ект. Увогуле незалежны праект «Ці Дон Кіхот я?» пастаўлены на сцэне, але рэжысёр Агнія Лявонава, сцэнограф Ірына Камісарава і акцёры адаптавалі яго для гарадской прасторы, тым больш гаворка ў спектаклі вядзецца пра сучаснае сталічнае жыццё.

Дон Кіхот (Айніс Старпіршціс) вядзе за сабой натоўп гледачоў ад Вострай Брамы да аднаго з вільнюскіх двароў. На шляху ён знаходзіць сабе Санча Панса (фактычна наймае збраяносца за грошы) і Дульсінею Табоскую (выратоўвае прастытутку ад рабаўніка каля аднаго з касцёлаў). А таксама здзяйсняе шэраг подзвігаў, якія робяць жыццё ў Вільнюсе лепшым. Часам у гэтых подзвігах праступае палітычная сатыра. Так, у адным з эпізодаў гледачы разам з Дон Кіхотам закідваюць часныком вампіра Закулу, імя якога, а таксама перамяшчэнне на сігвэе выразна намякаюць на мэра Вільнюса Артураса Зуокаса. Але большасць матываў сацыяльна афарбаваныя. Дон Кіхот выратоўвае самазабойцу, дапамагае прафесару справіцца з нахабным кантралёрам, з’яўляецца ў адным з багемных бараў Вільнюса і спрачаецца з «залатой моладдзю».

Важна заўважыць варыянтнасць адносін тэатральнага дзеяння з гарадскім асяроддзем. У «Стрытвокеры» і гледачам, і акцёрам была адведзена роля назіральнікаў, што лагічна ў выпадку выкарыстання ідэі «горад як галерэя». «Ці Дон Кіхот я?» вымагаў ад акцёраў актыўнага асваення прасторы, нават супраціўлення ёй, аднак гледачоў з поля назіральнікаў не выводзіў. Акцёры ладзілі бойку на прыступках касцёла (а людзі, што з яго выходзілі, патраплялі ледзь не на «сцэну»), завітвалі ў сапраўдны бар, не ўсе наведвальнікі якога былі папярэджаны пра спектакль, залазілі на помнікі і аўтобусныя прыпынкі. А гледачам прапаноўвалася ўсё гэта пабачыць і адчуць сябе па-новаму ў знаёмым горадзе, які ў дадзеным выпадку выступаў сімвалам чалавечага жыцця ўвогуле.

У фінале тых, хто адолеў усе дзесяць кропак даволі доўгага для вулічнага спектакля маршруту па Старым горадзе, пасвячалі ў рыцары. Акцёры раздавалі прысутным кардонныя мячы з упэўненасцю: самаідэнтыфікацыя ды ініцыяцыя прайшлі паспяхова, і пасля таго, што адбылося з гледачамі на вуліцах Вільнюса, кожны з іх стаў Дон Кіхотам, здольным змяніць жыццё да лепшага.

«Ці Дон Кіхот я?» відавочна звяртаецца да сярэднявечнага жанру містэрыі. Падставы, каб зрабіць такую выснову, — перамяшчэнне дзеяння і людзей у гарадской прасторы, іх уключанасць у дзеянне, рэальнае адлюстраванне ў пастаноўцы гарадскога жыцця, якое, аднак, сінтэзуецца з «высокім» сюжэтам (подзвіг Дон Кіхота), што ў сённяшніх рэаліях здольны замяніць больш звыклы для містэрыі сюжэт рэлігійны.

Горад вакол нас

Такім чынам, гарадская прастора здольная арганічна спалучаць розныя традыцыі, кірункі, плыні, жанры, незалежна ад таго, калі яны з’явіліся — у сярэднявеччы, як містэрыя, ці некалькі дзесяцігоддзяў таму, як site-specific ды ready-made.

Да таго ж гарадское асяроддзе валодае водгукам, які не можа даць звычайная тэатральная зала: прыродныя з’явы, атмасфера, акустыка, архітэктура, гістарычная памяць месца адклікаюцца на тэатральнае дзеянне і ўплываюць на яго. Прыклад двух апісаных вышэй спектакляў паказвае: роля гэтага водгуку сёння вырасла настолькі, што без істотнай адаптацыі пастаноўка не можа быць перанесена ў іншае месца. Ідэю можна выкарыстаць: зладзіць галерэю пад адкрытым небам у Амстэрдаме, адправіць Дон Кіхота наводзіць парадак у Санкт-Пецярбургу. Але ж канкрэтны спектакль можа быць сыграны толькі ў канкрэтным горадзе і нават у пэўнай яго частцы.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць, якая заахвочвае рэжысёраў працаваць з горадам як тэатральнай пляцоўкай. Такі від тэатральнай камунікацыі прадугледжвае адваротную яе паслядоўнасць: не гледачы прыходзяць у тэатр, а тэатр выходзіць да гледачоў, у тым ліку і да тых, хто не чакаў яго пабачыць. Аднак у той жа час гэта асаблівасць стварае экстрэмальную сітуацыю ў выглядзе нечаканых рэакцый людзей і прасторы наўкола. Не ўсе рэжысёрскія задумы могуць быць здзейснены, бо, як правіла, тэатральныя пастаноўкі ў горадзе не ізалююцца, а таму машыны будуць рухацца, мінакі — спяшацца па сваіх справах, а супрацоўніца музея «Дом Ваньковічаў»  — патрабаваць зняць з помніка чырвоны бант. Аднак эфект асаблівага яднання выканаўцы і гледача, эмацыйнага ўздзеяння на гледача, таго, як раскрываецца перад ім прастора і як ён раскрываецца ў ёй, безумоўна, варты пэўных страт. Тым больш, што эфект ад пастаноўкі праяўляецца паволі і вельмі індывідуальна: гледачы вымушаны вяртацца ў тое ж месца, дзе праходзіў спектакль, у сваім паўсядзённым жыцці.

Паступова вулічны тэатр, адным з асноўных эфектаў якога заўсёды была відовішчнасць (жанглёры, агонь, касцюміраваныя шоу, 3-D праекцыі) пачынае звяртацца (вяртацца?) да іншых формаў, дзе відовішчнасць саступае свае пазіцыі, а тэатр становіцца нібыта рамай для гарадскога асяродка, які змяшчае наш фокус увагі і актуалізуе звыклае для нас месца. Заўважу: абодва спектаклі граліся ў старой частцы сталіц, дзе кожны каменьчык валодае памяццю. Дзеянне адбывалася ў паўсядзённым жыцці і ўспрымалася пры гэтым з пэўным гістарычным стэрэатыпам. На змену гледзішчу прыходзіць асаблівы эмацыйны стан гледача, рэфлексія, якая нараджаецца пад уплывам гарадской прасторы.