Два крылы для галерэі

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

«Арт-Вільнюс 2014»
Міжнародны кірмаш сучаснага мастацтва «Арт-Вільнюс 2014», што сёлета прайшоў у пяты раз, прадстаўляў мастацкія галерэі — гэтым годам іх было 65 з 18 краін свету. Крэатыўны дырэктар Эрык Шлосер узначаліў праект пасля досведу правядзення «Арт-Масквы 2013».

Я не чакала ад «Арт-Вільнюса» такога «парада планет». Велізарныя карпусы «LitExpo» былі вольна размешчаны ў Вінгіс-парку, у кожным — па два паверхі. Панавала атмасфера майстэрняў, дзе ўсё па сутнасці і нічога лішняга. Уражвала разнастайнасць імёнаў: кожная галерэя прадставіла не толькі эскізы праектаў, але і сваіх аўтараў — праз альбомы, відэа, партфоліа, паштоўкі.

Упершыню на «Арт-Вільнюсе» быў вылучаны прыярытэтны кірунак — фатаграфія. Літоўская фатаграфічная школа вядомая ў свеце, яе рэпутацыя ў постсавецкіх краінах вельмі высокая. Верагодна, таму мясцовых галерэй было шмат, уключаючы стэнды Мастацкай акадэміі і Саюза фотамастакоў. Паказы зладзілі і муніцыпальныя галерэі, і калегі з Панявежысу, Каўнаса і Клайпеды. Падкрэсліваю гэты факт, каб стала зразумелай геаграфія праекта — вонкавая (Аўстрыя, Грузія, Італія, Францыя) і лакальная. Глядач атрымаў магчымасць не толькі параўнаць працы ўдзельнікаў, але і адчуць розніцу паміж імі. Напрыклад, паміж Эндзі Уорхалам, якога прывезлі расіяне, і лепшымі — паводле журы — аўтарамі.

Сярод іх — беларускі фатограф Ігар Саўчанка. Улічваючы ўзровень фотамастацтва ў Літве і адпаведна — крытэрыі экспертаў, перамога значная. Шчыра кажучы, мы пачулі шмат захопленых водгукаў пра творы нашага аўтара.

У кірмашы, як звычайна, удзельнічалі дзве беларускія галерэі — «Ў» і «ЛаСандр-арт». Першая прадставіла «Унікаты» Ігара Саўчанкі і «Магічных жывёл» Андрэя Лянкевіча. Другая — жывапісны цыкл «Белая сюіта» Анатоля Кузняцова. Згадваючы эскізы праектаў, я мела на ўвазе і «Ў», якая пайшла па гэтым шляху: паказала іх часткова. Побач можна было ўбачыць і купіць фатаграфіі Ігара Саўчанкі, Максіма Шуміліна і Міхаіла Лешчанкі, альбомы Сяргея Ждановіча...

Лепшай галерэяй была названа мюнхенская «Wolkonsky», якая ювелірна злучыла працы Еок Сеон Кіма з Карэі і Уда Рутшмана з Германіі. Не вазьмуся пераказваць гэту канцэптуальную гісторыю: запамінальны Уда здолеў зрабіць яркае ўражанне ўсяго толькі з дапамогай сталёвага дроту, то складзенага ў шкляныя кубы, то самотна перасякаючага цэнтр стэнда, сцяну... Аўтар нездарма вывучаў філасофію і архітэктуру: напружаныя лініі азначалі працягласць жыцця, траекторыі палёту, амплітуды ваганняў і іншыя падзенні лістоты ўвосень. У найвышэйшай ступені фармальна. Атрымалася прыгожа.

Эгле Рыдзікайтэ з Вільнюса была названа лепшай мастачкай. Яе «Спадчына. Бабуліны хусткі» — нешта вельмі хатняе, каб не сказаць «трывіяльнае». Якраз тут лініі жыцця ў наяўнасці: мастачка бярэ за аснову рэальныя хусткі, тэкстыль і афармляе іх як аб’екты. І хоць сам прыём зразумелы, кожную хустку разглядаеш з захапленнем. Выведзеныя з побытавага кантэксту, яны працягваюць расповед сваёй уладальніцы. Нешта ёсць у простых рэчах, што робіць іх такімі незвычайнымі...

У маладзёжнай намінацыі арганізатары адзначылі Андрыса Пукіса з інсталяцыяй «Аўдыенцыя». Мастак з Каўнаса вертыкальна паставіў шэраг крэслаў і вольна размясціў яшчэ некалькі месцаў для публікі. Усё гэта — насупраць велізарнага пластыкавага экрана зялёнага колеру. Падаецца, асноўнай тэмай тут была поўная беспрытульнасць, несувымернасць і татальнае несупадзенне. Цікавым падаўся наступны факт: Андрыс пазначаны ў каталогу кірмашу як уладальнік галерэі «Post». У гэтай якасці ён паказаў выдатную серыю Данатаса Станкевічуса «Распродаж». Нягледзячы на тое, што ў праекце праведзена пэўнае даследаванне, мне не хацелася б тлумачыць ідэю Данатаса так сур’ёзна: мяркую, гэта сатыра плюс імітацыя. Мастак купіў на барахолцы кічавыя малюнкі і такія ж рамкі, прычым самыя розныя, нешта зняў сам, злучыў у адзінае цэлае і стаў паказваць на мастацкіх выставах. У прац, калі яны выстаўлены галерэяй, з’яўляецца кошт, а з кожнай новай публікацыяй пра вернісаж кошт расце. На фінішы ланцужка дзеянняў па сімуляцыі творчасці аўтар пакажа працы на рынку. На рэальным кірмашы ўладальнікі павінны будуць неяк адрэагаваць на ператварэнне сваёй «прыгажосці» ў «арт-аб’екты», якія займелі высокі кошт. Пытанне да гледача: за што мы плацім грошы?

Ключавая дылема, якая цікавіла мяне падчас знаёмства з «Арт-Вільнюсам», наступная: мастацтва камерцыйнае/не камерцыйнае. Вядома, галерэі маюць на мэце продаж. Асноўная публіка — куратары, калекцыянеры, выдаўцы, верагодна, патэнцыйныя фундатары. Звычайных наведвальнікаў таксама нямала.

На такой маштабнай пляцоўцы галерэі не захацелі абмяжоўваць сябе ўтылітарнымі мэтамі. Многія прадэманстравалі прафесійныя арыенціры, што, як сцяжкі ў паляўнічых, маячаць дзесьці наперадзе. Як інакш можна растлумачыць прысутнасць на кірмашы «Плошчы» Уладзіміра Тарасава? Слова «Новочеркасск» выкладзена кулямі на 40 квадратных метрах тратуарнай пліткі. Ці гільзы. Хто-небудзь такое набывае? Сцяна з процігазаў, абломкаў труб, камянёў і дзеравяк — усё змярцвела-белага колеру — вывальваецца ў залу з дзіўнага жарала, тыпу гіганцкай мясарубкі. Гэта «Зялёны лес — белае мора» Саўлюса Ваціекунаса. Каму патрэбен «Аўтапартрэт» Данаса Алексы — аголены чалавек у калясцы з супермаркета? Які ландшафт, акрамя public art, гэта вытрымае? Замоўцам такога роду рэчаў можа быць дзяржава ці буйная інстытуцыя. Магчыма, адукацыйная. Мы пабачылі на кірмашы цэлую супольнасць галерэй, што прапануюць грамадству своеасаблівы камертон, зададзеную планку.

Былі там і іншыя зоркі. Узыходныя — дакладна. Якасць праектаў у цэлым высокая. Працы для салона — тыя, што кормяць галерэі кожны дзень, без пафасу і высокіх узнагарод, і творчыя праекты — як сузлучаныя пасудзіны: адно падсілкоўвае другое. Цяжка параўнаць гэту сітуацыю з мінскай, дзе арт-рынку практычна няма. А салонам лічацца творы, далёкія ад мастацтва і тым больш — ад актуальнасці і вастрыні.

Што да фатаграфіі... Вядучы трэнд не новы, але не менш прывабны. Гэта «фатаграфія для дакумента», праца з архівамі 1960—1980-х, пераасэнсаванне савецкага мінулага. Рэфлексіі на тэмы памяці, траўмаў, цэласнасці і прабелаў — пераацэнка фактаў нядаўняй гісторыі пад сілу такой фатаграфіі. Літоўская галерэя аддзялення Саюза фотамастакоў у Каўнасе, латышская «Maksla Xo», «Кантэйнер» з Тбілісі, англійская «Pitt» прапануюць бачыць у дакуменце не столькі канстатаванне вонкавага, колькі рух у глыбіню.

Што дае галерэі ўдзел у міжнародным арт-кірмашы? Як мяняецца яго фармат? З такімі пытаннямі я звярнулася да заўсёдніка праекта — дырэктара галерэі «Ў» Валянціны Кісялёвай:

— «Арт-Вільнюс 2014» па напаўненні можна параўнаць з самым першым паказам, калі таксама было прадстаўлена каля 60 галерэй. Цяпер адбылася пэўная змена вектара, хоць кірмаш заўсёды меў вялікі патэнцыял. Дарэчы, Вільнюс — самае ўдалае ў Цэнтральнай Еўропе месца для такіх праектаў.

Быў момант, калі здалося, што «Арт-Вільнюс» не выжыве. Але тады яго вельмі сур’ёзна падтрымала дзяржава, кірмаш наведала Прэзідэнт, глядзела стэнды. На мой погляд, новы крэатыўны дырэктар Эрык Шлосер арганізаваў усё вельмі пісьменна і правільна, прыехалі сур’ёзныя калекцыянеры, якія штогод і з задавальненнем праглядаюць такія сур’ёзныя паказы, як «Арт-Базель».

Паспяховай была праца валанцёраў. Увогуле кірмаш прадуманы і заўсёды добра падрыхтаваны, нягледзячы на тое, што каманда арганізатараў зусім невялікая. Яе ўзначальвае Дыяна Стамене, дырэктар галерэі «Меno Nisa» і кіраўнік Асацыяцыі літоўскіх галерэй. Дыяна — персона актыўная, камунікабельная і разважная, мы даўно з ёю супрацоўнічаем.

Наша галерэя з «Арт-Вільнюсам» аднаго ўзросту, і дзве ўзнагароды за пяць гадоў — гэта вельмі прыемна. У 2012 годзе «Ў» была названа лепшай галерэяй з праектам «Яна не можа казаць “неба”». Адкрыццё кірмашу і ўзнагароджанне трансляваліся па тэлебачанні ў рэжыме анлайн, і мяне ўразіла, што радавыя гараджане потым распытвалі нас пра гэтую падзею. Для сябе я вылучыла праекты Данатаса Станкевічуса «Распродаж» і Вітаўса Станіоніса «Фатаграфіі для дакументаў». Мы плануем паказаць іх у сваёй галерэі.

Калісьці «Арт-Вільнюс» стаў для нас вельмі добрай стартавай пляцоўкай. Кожны год мы атрымліваем тут вялікую колькасць новых і дзейсных кантактаў. 

Любоў ГАЎРЫЛЮК