Мы назіраем сёння грандыёзныя поспехі і адкрыцці ў навуцы і тэхніцы. Сумна і балюча, што не назіраецца поспехаў і адкрыццяў у галіне духоўнасці і маралі. Крывавы тэрарызм, войны, растаптаная ці ганебна перакручаная вера ў Бога, душэўная расхрыстанасць і адсутнасць спагады чалавека да чалавека, эгаізм, як дзяржаўны, так і людскі, -- гэта прыкметы нашага часу. Мы дзівімся, адкуль гэтулькі гора, катаклізмаў і глабальных катастроф на зямлі, і баімся прызнацца, што яны -- вынік разбурэння нашае маралі і забруджанасці нашых душ.
Людзі больш ахвотна слухаюць авантурыстаў, чым творцаў, бо творцы ўвасабляюць нас не такімі, якімі мы хацелі б сябе бачыць, а такімі, якія мы ёсць. І як грамадства, і як асобы. Гэтая высокая місія тэатра рана ці позна, але будзе запатрабавана чалавецтвам і дасць свой плён. Мастацтва тэатра будзе актыўна разбураць зло і ў нашых душах, і ў адносінах паміж людзьмі і народамі. Будзем верыць у гэта.
"Зацюканы апостал" А.Макаёнка. Гомельскі абласны драматычны тэатр. |
Колькі разоў у мінулым стагоддзі тэатру прадказвалі заняпад! Памятаеце? З’явілася кіно -- аднак замяніць тэатр не здолела. З’явілася тэлебачанне, потым відэа -- цікавасць да тэатра нават павялічылася. Як бы ні засмоктваў чалавечыя душы Інтэрнет -- людзі будуць вырывацца з яго ўчэпістых кіпцюроў і ісці да тэатральных кас. Так было. Так будзе. Бо тэатр -- мастацтва жывое.
Кінаплёнку, лазерны дыск, твор выяўленчага мастацтва, рукапіс (хоць, паводле сцвярджэння класіка, яны і не гараць) усё ж можна знішчыць. Тэатр можна забараніць (што не раз і было), тэатр можна прыручыць (было і такое), тэатр можна перакруціць у немаведама што (як гэта робіцца цяпер), аднак тэатр немагчыма пазбавіць жыцця. Ён знітаваны з чалавекам, яго душой, яго імкненнем да святла і гармоніі -- а значыць, мае перспектыву і высокую місію.
Аляксей ДУДАРАЎ,
старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў