Выратаваныя шэдэўры

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Выстава арт-студыі «Wostrau»
Выстава студыі «Wostrau» (дзейнічае пры Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі) стала своеасаблівым падсумаваннем 20-гадовай працы. Экспазіцыя выклікала цікавасць прафесійнай супольнасці.

Многія адзначылі, што работы настолькі арыгінальныя, сучасныя і пластычна пераканальныя, што выстава міжволі кідае выклік сённяшняй мадэлі мастацкай адукацыі. Пра праблемы дзіцячай мастацкай творчасці мы размаўляем з кіраўніком студыі, мастацтвазнаўцам Юрыем Івановым.

— Адразу патлумачу, што студыя займаецца эстэтычным выхаваннем дзяцей і моладзі, мы не арыентаваны на падрыхтоўку мастака ў звыклым сістэмным разуменні. Аднак гэта зусім не перашкаджае фарміраванню ў старэйшых студыйцаў творчых амбіцый і патрэбы прымаць удзел у падзеях сучаснай культуры.

Мяркуючы па работах, прадстаўленых у залах музея, «Wostrau» — гэта месца, дзе дзіцяці даецца бязмежная свабода выбару формаў самавыяўлення. Але адной свабоды не дастаткова... У чым асаблівасць дзейнасці студыі, як выбудоўвалася ваша педагагічная канцэпцыя?

— Педагагічная стратэгія вырастала з цікавасці да жыцця дзіцяці,да феномену ранняй творчасці. Дзіцячае маляванне заўсёды ўспрымалася дарослымі як несур’ёзны занятак, адначасова — як няўмелая спроба перадаць рэальнае прадметнае асяроддзе або нейкія падзеі. Таму мастацкая адукацыя заўсёды была накіравана на засваенне прафесійных навыкаў. Важную ролю ў змене еўрапейскай грамадскай свядомасці ў стаўленні да свету дзяцінства ў пачатку ХХ стагоддзя адыграла авангарднае мастацтва, у прыватнасці — дадаізм, кубізм, сюррэалізм, што выклікала цікавасць да эстэтычнага жыцця маленства як асаблівага тыпу светаадчування. З гэтага часу дзяцінства становіцца прадметам даследавання псіхалогіі, этнаграфіі, педагогікі.

Хто дапамагае вам адкрываць таямніцы дзіцячай экзістэнцыі? У размовах вы нярэдка згадваеце Густава Юнга, Карла Ясперса, рускага псіхолага Васіля Зянькоўскага...

— Так, яшчэ мудры Ашо і іншыя, чыя дзейнасць часам далёкая ад дзіцячай творчасці. А таксама мая бабуля, якая спрабавала трымаць мяне ў «яжовых рукавіцах» у пасляваенныя мінскія 1950-я.

Калі звярнуцца непасрэдна да нашай тэмы — да праблемы выбару стратэгічна абгрунтаванай мадэлі навучання, — рашэнне тут немагчыма знайсці ў чыстым выглядзе, яно складаецца па драбках. Я абапіраўся на ідэі, блізкія майму светапогляду, эстэтычнаму бэкграўнду і, вядома, адэкватныя спецыфіцы дзіцячай творчасці. Славацкі педагог Багуслаў Ковач сцвярджае, што ў аснове ранняй крэатыўнасці ляжыць генетычна запраграмаваны механізм пазнання свету з дапамогай малюнка-прысваення. Гэтая стадыя дзіцячага жыцця нагадвае «кароткі курс» эвалюцыі чалавецтва на шляху да духоўна-творчага развіцця і шмат у чым тлумачыць крыніцу ўніверсальных марфалагічных рысаў у выяўленчай пластыцы дагістарычнага чалавека і творчасці сучасных дзяцей розных рэгіёнаў свету.

Сапраўды, але пры такой пастаноўцы пытання звыклая задача «навучыць дзіця дакладна адлюстроўваць навакольны свет» губляе свой унутраны пазнавальны імпульс, застаючыся ўсяго толькі рамесным навыкам. Дык чаму нельга выкарыстоўваць альтэрнатыўны вопыт з карысцю для развіцця маленькага чалавека ў шырокім адукацыйным асяродку?

— Я не адкрыю нічога новага, калі нагадаю, што многае залежыць ад стану таго сацыяльнага і культурнага асяроддзя, у якім знаходзіцца дзіця, яго сям’я. Успомнім, што з праграмы сярэдняй школы выцеснена мастацка-гуманітарная адукацыя. Пазнаёміцца з мастацтвам і яго гісторыяй, даведацца пра выдатных людзей, зразумець іх ролю ў развіцці чалавечай культуры проста няма дзе. Сапраўдная культура патрабуе глыбіні, свабоднага плавання, а гэта абавязковая ўмова для развіцця дзіцяці, падлетка. А ім даводзіцца знаходзіцца на плыткаводдзі.

А як працаваць на плыткаводдзі?

— Трэба капаць глыбей... (Смяецца.) Даводзіцца ўладкоўваць нейкую лакальную культурную тэрыторыю, на якой іншыя ўдзельнікі гэтай задумы пагодзяцца падзяліць вашы прынцыпы і каштоўнасці. Гэта праца насуперак абставінам, але з верай і надзеяй на поспех.

Без чаго яшчэ немагчыма падобная дзейнасць?

— Па вялікім рахунку, стаўленне да аўтэнтычнай дзіцячай творчасці фарміруецца праз прыняцце такіх мастацкіх з’яў, як прымітыў, экспрэсіянізм, абстракцыя, практыка актуальнага мастацтва. Усе яны шмат у чым арганічныя мастацкай мове маленства, але, на жаль, усё яшчэ малавядомыя на айчынных прасторах. Складана раптам займець адрозны ад традыцыйнага эстэтычны вопыт. Але без гэтага працэс навучання будзе абцяжараны, бо дзіця трапляе ў сістэму розных каштоўнасцей і ўстановак.

Ці значыць гэта, што вы не прымаеце рэалістычнасць, фігуратыўнасць, сюжэтнасць?

— Зусім не! Мы не падбіраем дзіцяці манеру малявання — нібы гарнітурчык. Яго мастацкая мова, як частка натуры, першапачаткова належыць яму. Спосаб самавыяўлення не можа быць кепскім або добрым. Задача педагога — зразумець сутнасць мовы маленькага творцы і пашырыць прастору свабоды, засцерагаючы дзіця ад заўчаснага дарослення... Сапраўдны дзіцячы рэалізм — чароўны, наіўны і магічны, у адрозненне ад бяскрылага і плоскага праўдападабенства, якое эксплуатуецца мастацкай адукацыяй.

З каталога праекта «Штучны адбор» даведваемся: пачынаючы з 1997 года большая частка штогадовых студыйных выстаў насіла канцэптуальны характар. Наколькі ваша пазіцыя падзялялася калегамі? Не адчувалі іроніі, неразумення?

— Тады, у канцы 1990-х, мы ставіліся да гэтых акцый з доляй здаровай самаіроніі, пры гэтым нам важна было зразумець, як можа разгортвацца размова аб праблемах дзяцінства мовай актуальных мастацкіх практык. І калі дзеці ўдзельнічалі ў Міжнародным фестывалі перформансу або будавалі каўчэг у праекце «Каўчэг — ХХІ стагоддзе. Другая спроба» (1999), каб пакінуць грэшную зямлю, мы перасталі сумнявацца, што нашы дзеці — чужыя на свяце актуальнага мастацтва... Былі яшчэ акцыі пачатку 2000-х — «Бывай, школа!», «Палёты ў сне і на яве», «Асцярожна, дзеці», выстава ў Берліне ў цэнтры мастацтва «Атрыум» у 1997 годзе. Усяго мы зладзілі больш за дваццаць экспазіцый. У 2008 і 2009 гадах нашы выхаванцы станавіліся пераможцамі прэстыжнага конкурсу, які двойчы на постсавецкай прасторы праводзіла галерэя «Tате Modern», Лондан.

Акрамя дзіцячых работ і калекцыі маладзёжнай групы, на выставе «Штучны адбор» былі прадстаўлены канцэптуальныя аб’екты, аўдыё і відэаінсталяцыі, аўтарамі якіх з’яўляюцца педагогі студыі.

— Успомнім, што для Марселя Дзюшана праблематызацыя аўтарства, то-бок адхіленне ад яго або падмена, была часткай выставачнай стратэгіі. У нашых студыйных праектах аўтарства педагогаў, як правіла, прынцыпова не пазначалася. І толькі ў мастацка-асветніцкім праекце 2013 года «Дзіцячае. Схаванае» ў музеі-майстэрні Заіра Азгура, дзе вы, Ала, выступалі ў ролі куратара, узнікла патрэба назваць аўтараў экспазіцыйнага рашэння і інсталяцый — Аляксея Іванова і Ірыну Сарнацкую. Было важна ўнесці разуменне таго, што канцэптуальны змест дзіцячых работ адкрываецца шмат у чым дзякуючы пэўнаму выставачнаму кантэксту.

Згодна, становіцца зразумелай і асаблівая роля педагогаў, якія, усведамляючы каштоўнасць душэўнага жыцця дзіцяці, ствараюць усе неабходныя ўмовы для іх мастацкага выказвання.

— Так, усе гэтыя ўнікальныя артэфакты — сляды дзіцячай спавядальнасці — маглі лёгка апынуцца ў вядры для смецця замест музейнай калекцыі. Успомнім, як выглядаюць гэтыя дзіўныя экспанаты з серыі «знойдзеных рэчаў», пасланні на шматках паперы, густа ўсеяныя літарамі-грымзолямі, скрыначкі з сакрэцікамі з сапраўды абэрыутаўскімі каментарамі і многае іншае. Без перабольшання, гэта выратаваныя шэдэўры.

Можна разважаць пра скрыжаванні і супадзенні ў мастацкай практыцы дзяцей і прафесійным наватарскім мастацтве, пра феномен дзіцячай творчасці, але пагадзіцеся, што стаўленне да гэтай праблемы па-ранейшаму паблажлівае нават у прафесійным асяроддзі...

— Вось таму на галерэі Музея сучаснага мастацтва была разгорнута інсталяцыя «бібліятэка» — архіў дзіцячай візуальнай памяці. У альбомах сабраны малюнкі, жывапіс за апошнія дваццаць гадоў. Праглядаючы іх, можна было адначасова слухаць праз навушнікі дзіцячыя тлумачэнні. Усё гэта разам складала вербальнае і візуальнае сведчанне малавядомага прыватнага жыцця маленства. Жаданне ўзброіць гледача новым бачаннем, прапанаваць магчымасць падарожжа ў віртуальную прастору архітэктуры прымусіла Аляксея Іванова распрацаваць інтэрактыўны праект з выкарыстаннем 75-дзюймовай сэнсарнай панэлі і ўнікальных малюнкаў маленькага мастака Даніка Гінько.

У адным артыкуле няпроста апісаць усе падзеі праекта, напрыклад прадстаўленне тэатра «ІнЖэст» у дзень адкрыцця ці тыя, дзе былі выкарыстаныя медыяінструменты... У канцы нашай гутаркі хачу спытаць пра планы.

Пачаўся новы навучальны год, чакаецца шмат працы. Праект «Штучны адбор» сабраў выдатную каманду. Дарэчы, усім, каму цікава наша справа: зайдзіце на facebook.com/Wostrau.

Ала ШАРКО