Жорсткія гульні з чалавецтвам

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

«Тэдзі» Аляксандра Хромава
У 2003 годзе на фестывалі сучаснай драматургіі «Любімаўка» пад Масквой п’еса «Тэдзі» Аляксандра Хромава ўвайшла ў лік найлепшых і цягам наступнага дзесяцігоддзя вытрымала колькі прыкметных пастановак. У Расіі, вядома.

Тым часам загадчык музычнай часткі Краснаярскага краёвага тэатра лялек Аляксандр Хромаў працягваў пісаць п’есы і музыку, ставіў спектаклі. А «Тэдзі», хрэснік так званай новай драмы з яе заўсёднымі маргіналамі-збачэнцамі-алкаголем-наркатой, вылежваўся ў партфелі мінскага Тэатра юнага гледача з 2006-га... да прэм’еры 24 чэрвеня 2014 года.

«Як ні дзіўна, тэма камп’ютарнай маргінальнасці ў тэатры раней не разглядалася, — распавёў драматург інфармацыйнаму агенцтву “Regnum”. — Хоць праблема даўно на паверхні. Маргіналы — гэта людзі на ўзбочыне. Сыход з рэчаіснасці бывае розным — напрыклад, у п’янства, наркотыкі. У маёй п’есе паказана, што адбываецца з чалавекам, калі ён праз меру заглыбляецца ў камп’ютарны свет. Падобнае стаўленне да жыцця можа завесці вельмі далёка... І, нягледзячы на фантастычны сюжэт, у “Тэдзі” ўсё вельмі рэалістычна — такое можа здарыцца з кожным».

Малады і вельмі здольны праграміст Макс мяркуе, што дзеля сябе, геніяльнага, ён можа грэбаваць усімі, хто знаходзіцца побач, — ад каханай дзяўчыны да былых калег. Тым больш таму, што Максу выпала стварыць мадэль штучнага розуму. Між тым вяршыня дасканаласці — штучны розум — перакідаецца камп’ютарным Вірусам са сваімі вымогамі ды запатрабаваннямі. Падступны Вірус бліскуча авалодвае навукай пра пэўнага чалавека Макса і папросту перасяляецца ў ягонае цела, выдаляючы Максаву асобу. І — усё. Усё скончана — для Макса. Усё пачынаецца — для Віруса: у эпілогавай фанаграмнай рэпліцы ён абвяшчае, што ведае восем мільярдаў гульняў і гатовы гуляць з усім чалавецтвам. У любую гульню...

Я перакладала п’есу і таму пэўна ведаю, што гэтую рэпліку для Віруса прыдумаў рэжысёр спектакля Ягор Лёгкін, а пралогам для Макса зрабілася тлумачэнне панятку «эгаізм» звычаёвай мовай энцыклапедыі: каштоўнасная арыентацыя суб’екта, характэрная тым, што ў яго жыццядзейнасці пераважаюць своекарыслівыя асабістыя інтарэсы і запатрабаванні безадносна да інтарэсаў іншых людзей.

Дробная рэпліка і даведка пра панятак слушна ўдакладнілі сцэнічную рэальнасць і сюжэт, які нам не падаўся шараговым: хоць у камп’ютарныя маргіналы можа выправіцца кожны, але Вірус абірае пэўнага чалавека праз здольнасці, магчымасці, розум і дасканаліцца праз асобу, якая не можа быць «як усе». Самая страшная лаянка з вуснаў Макса дачуваецца як «паскуда», а пітво абмежавана бляшанкай «Кока-Колы». Мядзведзіка Тэдзі малады геній удасканальвае, але з нажом вакол яго не скача і на шматкі драпежна не дзярэ; да самога медзвядка (у ягоных электронных вантробках бавіцца Вірус) ставіцца ўважліва і нават клапатліва. Гаворыць пра нянавісць, але выяўляе прыкрасць. Студэнт Улад Вінаградаў іграе Макса гэткім геніем-пачаткоўцам, якога захапляе працэс адкрыцця; у выкананні Андрэя Каралевіча Макс больш сталы і загартаваны.

Увогуле абразы густу альбо траўмавання псіхікі ў спектаклі не прадугледжаны: паводле словаў аднаго з гледачоў, на пастаноўку можна прыйсці хоць з маці, хоць з дзяўчынай. Зрабіць Макса сацыяпатам, вар’ятам, збачэнцам было б надта проста і сумна. А вось старасвецкі і таму амаль бяскрыўдны эгаізм энцыклапедычнага кшталту бездакорна прыдаўся галоўнаму персанажу. І, дарэчы, ні з якога боку не герою.

За гады не-ўвасаблення п’есы дадалася яшчэ адна акалічнасць, цяжкасць, вымога: сцэнічныя ператварэнні пульхнага цацачнага Тэдзі ў дасканалы штучны розум павінны былі абстаўляцца... прынамсі пераканаўча для сучасных спанатраных вачэй, а не толькі з дапамогай слушных рэплік ды тэрмінаў. Тэдзі мусіў узаемадзейнічаць з Максам: размаўляць яму было прасцей за ўсё праз фанаграму, але як паказаць у абліччы цацкі падступлівае выспяванне злачынства, вытанчаную гульню віруснай пачвары? Альбо глыбіню Максавай абразы, калі ад яго пайшла дзяўчына? П’еса прадугледжвае выкарыстанне электронных прыстасоў ды адмысловых эфектаў (спачуваю мастачцы спектакля Дар’і Волкавай), але... да часовай сцэны ТЮГа ў Доме літаратара (зважаю на гэты факт дзеля справядлівасці і гісторыі) натуральна прыдаліся сродкі ды прыёмы старога добрага тэатра. Напрыклад, тое, што бачыць зала, не заўжды абавязкова бачыць персанаж — і Макс дачыняецца з Тэдзі (спачатку з цацкай, потым — з роставай лялькай), за якога адказвае, адыгрывае, ацэньвае Вірус (Генадзь Гаранскі). Макс праглядае здымкі, імітуючы дзеянні карыстальніка планшэта, у якога за экранам — жывыя персанажы, і яны нават нешта там сабе перажываюць. Пластычнымі сродкамі Андрэй Каралевіч — ужо як рэжысёр спектакля па пластыцы — дакладна вырашыў шматлікія маніпуляванні з тэхнікай і мітрэнгі кахання, адчуванні, трызненні Макса. Яны аднолькава значныя для яго. Але як толькі з пластычнага існавання герой пераходзіць у драматычнае, як толькі разяўляе рот, выяўляецца цікавая акалічнасць: мае каханую дзяўчыну, а пра душу размаўляе з Тэдзі-Вірусам; мае любімы занятак, але давярае не жывым і зацікаўленым калегам, а цацачнаму мядзведзю (штучнаму розуму)...

Cпалучэнне ў драматычным спектаклі лялькі-цацкі і роставай лялькі (уласна, маскі) — вымагае асаблівай увагі. Медзвядок Тэдзі, якога Макс набыў у краме, мае добрае электроннае начынне. Дастаткова яго ўдасканаліць і памяняць абалонку, як з’яўляецца новы персанаж (маска) — Тэдзі на ўвесь рост, якога самаахвярна ўвасобіў артыст Дзмітрый Козел. Цацка задумана і зроблена для спектакля пад вядомы стандарт (шэры мядзведзь з кранальнымі лапікамі-аплікацыямі), таму асаблівых эмоцый не выклікае. Роставая лялька — велізарны мяккі мядзведзь — таксама зроблена пад стандарт, але ў ягоных рысах ёсць камічная перабольшанасць, пэўны гратэск. У момант з’яўлення Тэдзі-маскі зала ажыўляецца да смешыкаў: верагодна, глядацкі досвед выхоплівае, збірае і падсумоўвае ўсе прыкметы гратэску на сцэне (напрыклад, аргшкло, фанеру і лямпачкі ў высокатэхналагічных ролях).

З класіфікацыі, бліскуча пададзенай Міхаілам Бахціным у «Творчасці Франсуа Рабле і народнай культуры Сярэднявечча і Рэнесансу», вынікае, што гратэск нашага спектакля — рамантычны. Згадаем агулам, хоць з Гофмана, хоць з Гацье: таямнічая моц-чужаніца, нечалавечая, магутная, кіруе людзьмі і ператварае іх у марыянетак... Колькі разоў сучасны глядач сутыкаўся з ёю ў творах экранных відаў мастацтва — да японскага анімэ ўключна. Бахцін, дарэчы, зважаў на тое, што рамантызму ўласцівы і своеасаблівы гратэскны матыў трагедыі лялькі. У нашым спектаклі лялька-маска асуджана, бо яна — толькі скурка ці адзежынка для Монстра-Віруса. Месца лялькі-марыянеткі ў хуткім часе зойме чалавек. І чалавек, адпаведна, пацерпіць ад штучнага розуму, бо цела Макса для Віруса — чарговая адзежынка. Але ўлазіны Віруса ў цела-адзежынку — ці ж не ўтварэнне новай лялькі? Відавочна, аднаўляецца і трагічны матыў, пад які «...у гратэскавым свеце ўсялякае “яно” развенчваецца і ператвараецца ў “смешнае страшыдла”; уступаючы ў гэты свет — нават і ў свет “рамантычнага гратэску”, — мы заўсёды адчуваем нейкую асаблівую вясёлую адвольнасць думкі ды ўяўлення», — кажа Бахцін. Ну і, калі што якое, маем нейкі досвед экзарцызму (тэарэтычнага).

Наша «страшыдла» ў фінале не смешыць, але і не жахае, і адвольнасці думкі ды ўяўлення не замінае. Верагодна, Вірус здолеў бы мяняць цела на цела (у японцаў ёсць анімэ-серыялы з такой ідэяй), але, па-першае, драматург Хромаў пра гэта нічога не піша, а па-другое, ласкава запрашаем паразважаць. І пачнём з таго, як наш сучаснік, крытычна (калі не сказаць — цынічна) настроены таленавіты адмысловец Макс прынадзіўся на размовы Тэдзі-Віруса пра выключнасць ды геніяльнасць — лёстачкі не самага вытанчанага гатунку?

У выніку сцэнічная інсталяцыя кіберпанку — драматургава вызначэнне жанру, якое цалкам здаволіла рэжысёра, — ператварылася ў з’явішча альбо паклікала прывід гэткага татальнага тэатра, калі ўсё гуляе з усімі і ўсе — з усім (з цацкай, лялькай, маскамі, электронікай-«фанерай»...). Ну... амаль. Блізка.

Напэўна, варта мацаваць гэты досвед. Толькі «каб не страціць сябе — не святкаваць перамог» (паводле аднаго з вядомых драматургаў новай драмы Максіма Курачкіна). Бо педагогі, псіхолагі і нават крытыкі, якія засталіся павітаць акцёраў пасля прэм’еры, называлі спектакль «Тэдзі» перамогай. І дружна перасцерагалі па-тюгаўску мяняць фінал і эпілог, дадаваць у іх святла і выйсця, даводзілі гэта праз Таркоўскага, Лема, Стругацкіх, праз канфлікт чалавечага і штучнага розуму, праз культуру камп’ютарнага карыстання і масавы адыход ад чытання вартых кніг...

...Гаворачы пра вынікі фестывалю «Новая драма» 2008 года, Алена Карась адзначае, што «мастацкае страчвае звыклы статус у свядомасці, бо няздольнае адказаць на выклік эпохі». Але, нягледзячы на наўпростае паходжанне «Тэдзі» з новай драмы, мастацкі складнік у перамозе пастаноўкі адыграў вырашальную ролю.

Жана ЛАШКЕВІЧ