Надзейныя рэчы

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

«Back in BSSR / Зноў у БССР»
Выстава «Back in BSSR» экспанавалася ўсё лета, прыцягнула масу гледачоў і, па-за ўсякімі сумневамі, запомнілася. Суарганізатарам праекта выступіў Беларускі саюз дызайнераў.

Ніякай настальгіі, толькі дызайн. Толькі візуальная камунікацыя, сказаў бы старонні назіральнік, але такіх на выставе, мяркую, было няшмат. Функцыя, матэрыял, форма — і бясконцыя разважанні пра тое, як усё гэта звязана з намі цяперашнімі. Прадмет з прадметам. Прадмет з чалавекам. Чалавек з гісторыяй.

Экспазіцыя канструюе нашу побытавую культуру часоў БССР з вялікай дакладнасцю. Ад знешніх абалонак да ўнутраных — сямейных, амаль інтымных. Ад крэсла з Дома ўрада да дзіцячага — з ясельнай групы садочка. Усе залы і ўнутраны дворык паслужылі для выставы красамоўнай — з характэрнымі святлом і гукам — працоўнай прасторай.

У афіцыйных інтэр’ерах панавала адчужэнне — урачыстасць ідэалагічнай ідэнтыфікацыі савецкага народа. З плакатамі і вымпеламі, зборамі твораў правадыроў, прафсаюзнымі квіткамі... Скураныя партфелі і тэчкі для дакументаў, якія перажылі сваіх уладальнікаў. Засталіся толькі знакі, але і яны сведчаць.

Сталовая і гасцёўня, фрагменты інтэр’ераў дзіцячага пакоя ўспрымаюцца значна цяплей. Найбольш прыцягальная, вядома, кухня — са старэнькім халадзільнікам, горкай і настальгічнымі слоікамі. Сіфон для газаванай вады і бідоны, выкрайкі і прасы, тэатральныя біноклі і жаночыя сумкі. І гэта ўжо свята ідэнтыфікацыі асабістай і культурнай.

Дызайнеры вырашалі не столькі мастацкія, колькі ўтылітарныя і соцыякультурныя задачы: «Купляйце плаўлены сыр», «Гадоў да ста расці нам без старасці»... Колькі часу гэтым плакатам, дыяфільмам, таршэрам, плёнкавым магнітафонам і павязцы дружынніка? Іх форма прадугледжвала не толькі прамыя стасункі са спажыўцом, але і пэўныя сцэнары дзеянняў, правілы і ўмовы паводзін.

У побытавым плане гэтыя рэчы былі вельмі надзейнымі. Іх не выкідалі, як цяпер, а рамантавалі, перадавалі ў іншыя сем’і. На думку Дзмітрыя Сурскага, старшыні Беларускага саюза дызайнераў, цяпер любы ЖЭС мог бы мець уласны музей. Таму што прадметы 70—80-х гадоў мінулага стагоддзя на нашых вачах становяцца гісторыяй, але, на жаль, трапляюць на яе звалку. Пра гэта мы і пагаварылі з Дзмітрыем Сурскім...

Дзмітрый, ёсць меркаванне, што СССР разбурылі «The Beatles». А ў дызайне была падзея, якая падарвала асновы савецкага ладу?

— Так, гэта выстава «Тэхніка і жыллё ў ЗША». Яна змяніла разуменне ўзроўню жыцця, паказала цывілізацыйныя перамены, якія адбыліся ў Амерыцы. Памятаю адну начальніцу, якая шчыра абуралася жоўтымі тэлефонамі: «Так не бывае!» У Савецкім Саюзе ў той час тэлефонныя апараты былі толькі чорнымі. Пасля гэтай выставы можна было працягваць казаць пра высокую ідэалогію, але ўсе ўбачылі, што стан людзей счытваецца перадусім па бытавой культуры.

Прасцей жа «пудрыць» народу мазгі, чым дамагацца, напрыклад, патрэбнага тактыльнага адчування пры вырабе прадмета.

Затое цяпер мы бачым сапраўдную экспансію дызайну. Ён пранікае ва ўсе поры нашага жыцця — ад кандытарскіх вырабаў і прычосак да авіябудавання і паркаў. Па натуральных, мне здаецца, прычынах: любой дзейнасці ўнутрана ўласціва праектнасць. Гэта значыць, элементы планавання, арганізацыі, распрацоўка структуры і паслядоўнасці дзеянняў. 
Ці так гэта?

— Не зусім. Сёння дайшло да таго, што ёсць прадметы, зробленыя так, каб іх хацелася выкінуць. Напрыклад, зубная шчотка, афарбаваная ў шэсць колераў. Ёй непрыемна карыстацца. Хутка набываюць новую. У большай ступені ўсё гэта дыктуе маркетынг. У нашай краіне няма сістэмы дызайну. Яна існавала, але была знішчана, хоць і ў той, савецкай, сэнсу было няшмат. Дызайн павінен ісці «ад жыцця». І дзяржава мусіць паклапаціцца, каб гэтая практыка ўкаранялася і бытавала як сістэма.

Што значыць «дзяржава»? Ёсць краіны, дзе заказчыкам у дызайнераў выступаюць вытворчасць і гандаль. Дапусцім, Германія, ЗША, Японія. Ёсць цэлыя рэгіёны, дзе дызайн проста пранізвае ўсе віды дзейнасці — Скандынавія, Італія. А што можна сказаць у гэтым плане пра Беларусь?

— У нас не так шмат сіл, але мы спрабуем даказаць, што ў Беларусі ёсць прафесійныя і актыўныя людзі, якія могуць працаваць і быць канкурэнтаздольнымі ў многіх галінах эканомікі.

Сучасны дызайн развіваецца дзякуючы аўтарам? Хто яны?

— Напрыклад, Цэслер. Яго праекты шырокавядомыя, пазнавальныя і неаднаразова ўзнагароджваліся. Але ёсць практычна ананімныя распрацоўкі: у Сяргея Гурыновіча, які робіць вельмі якасныя асвятляльныя прыборы ў прыватнай кампаніі. У будаўнічым бізнесе паспяхова працуе Станіслаў Паланевіч — яго вырабы канкурыруюць з расійскімі. Распрацоўкі нашых дызайнераў укаранёныя ў вагонабудаванне, цэлае бюро працуе на МТЗ. Так што патэнцыял ёсць.

У Саюза дызайнераў няма музея, але вы сабралі масу экспанатаў для «Васk in BSSR». Як гэта атрымалася?

— Так, прычым гэта аўтэнтычны савецкі дызайн. У нас цяпер някепскі збор. Напрыклад, калекцыю швейных машын мы паказвалі на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі. А пачалося ўсё нечакана: адзін пажылы чалавек прапанаваў мне забраць у яго цэлы архіў плакатаў 50—80-х гадоў мінулага стагоддзя — 400 штук у добрым стане.

Калі Музей гісторыі горада Мінска прапанаваў нам супрацоўніцтва, мы вырашылі аб’яднаць беларускія плакаты і прадметы, якія ўжо сталі рарытэтнымі. Было цікава зрабіць вялікую выставу і адкрыць яе да пачатку ЧС па хакеі.

У арганізацыі экспазіцыі ўдзельнічаў Аляксандр Радаеў — у яго калекцыі ёсць высакаякасныя сувеніры, якія былі створаны ў адзінкавым экзэмпляры. Напрыклад, макеты самалёта або чыгункі — іх рабілі для падарункаў высокапастаўленым чыноўнікам. Вельмі дапамог Сяргей Шыла — чалавек-музей, адгукнуўся Павел Статкевіч. Можа быць, іх калекцыі і сабраныя спантанна, але яны вельмі разнастайныя, і гэта нам дапамагло.

З рэдкіх прадметаў на выставе — беларуская мясарубка Аршанскага завода, гомельскі млынок для кавы, прымач «Беларусь 5» з унікальнай якасцю дынамікаў. Цалкам выпадкова знайшлі цікавую тумбачку для чысткі абутку. Усё гэта рабілася на сумленне, вельмі функцыянальна, гарманічна — лепш, чым пазнейшыя рэчы, калі дрэва пачалі злучаць з пластыкам.

Але сяго-таго мы не адшукалі — школьных парт з нахільным вечкам, савецкага нефармату — пласцінак, запісаных на рэнтгенаўскіх здымках, адзення стыляг, а гэта ж былі своеасаблівыя гальштукі, абутак. Пра што гэта сведчыць? Замест таго, каб беражліва ставіцца да гісторыі, мы бязлітасна ўсё выкідваем...

Ці маеце планы далей супрацоўнічаць з музеем? Думаю, «Back in BSSR» — лепшая выстава за ўвесь час іх працы. Экспазіцыйны дызайн — не самая моцная якасць беларускіх праектаў, але ў вас, трэба адзначыць, ён на вышыні.

— Згодны, гэта ж наша прафесія. Хочацца сабраць калекцыю беларускага дызайну з прадметаў са знакам якасці. Выключныя былі рэчы: радыёпрымач «Акіян», першыя тэлевізары «Гарызонт». Халадзільнікі ў нас збіралі з 1959 года, у форме драўлянай тумбы. А з упакоўкамі працаваў нават Арлен Кашкурэвіч. 

Любоў ГАЎРЫЛЮК