Дзесяць запаветаў

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Праект Баруха Зэхера
Барух Зэхер — мой творчы псеўданім, гэтым я далучаю сябе да яўрэйскай нацыі.

Праект складаўся з дзесяці работ — увасаблення дзесяці запаветаў Маісея. Кожны твор адпавядаў аднаму з іх. Тэкст на іўрыце дубляваўся перакладам на беларускую мову.

Пачатак

«Заазёрная сядміца» — пошук, накіраваны на нацыянальную ідэнтыфікацыю ўласнага «Я». Мяне, як чалавека, які нарадзіўся ў беларускім мястэчку Цімкавічы, цікавяць семіцкія карані роду. Ува мне цячэ кроў палякаў па маці — Касікоўскіх, рускіх па дзеду — Івановых, і яўрэяў па бабулі — Міхалевічаў. Мая Радзіма — Беларусь — гістарычна з’яўлялася зонай аселасці яўрэяў. Мая бабуля Міхалевіч Соф’я Міхайлаўна ў канцы ХІХ стагоддзя выйшла замуж за рускага інжынера-пуцевіка Іванова Івана Сільвестаравіча, які прыехаў у Мінск з Пецярбурга. Адсюль маё рускае прозвішча — Іваноў, якое нясу я і мае спадчыннікі. Я быў хрышчаны ў касцёле ў каталіцкую веру, але ў глыбінях падсвядомасці лічыў сябе ў нейкай меры і яўрэем. Хоць бабуля старанна хавала ад нас сваё паходжанне. Мэта майго праекта — высвеціць гэту таямніцу.

Заазёрнае — вёска ў Лепельскім раёне, дзе я жыву вось ужо на працягу шасці гадоў, месца маёй творчай лабараторыі. Надыходзіць час усведамлення: хто ты ёсць? Навошта прыйшоў у гэты Свет? У маім жыцці наступіла — паводле ведычнай філасофіі — трэцяя фаза, калі чалавек пакідае таварыства людзей і выдаляецца ў лес. Мой лес — гэта лес чалавечых ведаў, наасфера, права весці адасоблены лад жыцця. Я жыву так, як жыву. Я не вырашаю, якім мне быць, — гэта адбываецца само сабой. І што б ні думалі пра гэта людзі, гэта іх праблема, а не мая.

Месца

Я гарадскі жыхар, дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску. Вучоба і студэнцкія гады — таксама. Жыў у Віцебску і Оршы. У 2009-м усё кінуў і пераехаў у вёску. Засяродзіцца і прысвяціць сябе мастацтву я змог у адзіноце і пры душэўнай раўнавазе. Горад забірае шмат энергіі, якая знікае ў пустэчу. Азіраючыся на сваё мінулае, зараз разумею, колькі часу змарнавана. Я прасіў свет: «Не пакідайце мяне аднаго і не перашкаджайце маёй адзіноце».

Развіццё

Нарадзіўся ў сям’і музыканта — мой бацька быў скрыпачом у Белдзяржфілармоніі. Шмат часу я прысвяціў жывапісу і пластычным мастацтвам. Закончыў мастацтвазнаўчае аддзяленне нашай Акадэміі, што дапамагае ў разуменні канцэптуальнага і найноўшага мастацтва. Першы праект стварыў у 2002 годзе — «Ад купелі хрысцільнай да чашы пакаяннай». У 2005-м з’явіліся «Лісты Харону».

Выстава

Курыраваў праект мой сябар і мастак Сяргей Кірушчанка. Шмат дапамаглі Сяргей Шабохін і Аляксей Лунёў. Задача — стварыць храмавую атмасферу сінагогі, асновай якой павінны былі стаць дзесяць запаветаў Маісея — маральныя законы для ўсіх часоў і пакаленняў.

Працяг

Яшчэ адна старонка творчай біяграфіі перагорнута і знікае ў мінулым. Што далей? Праект для мяне — нібы напісаная кніга: вельмі асабістае і толькі пра сябе. Самакапанне і заглыблены пошук працягваюцца. Душа чалавека — космас з мірыядамі сузор’яў. І толькі яго стваральніку вядома, што чакае чалавека ў будучыні. Мне ж застаецца быць яго старанным вучнем, тады падказка будзе дадзена зверху.

Барыс ІВАНОЎ