Анжэла Крашэўская: "Лішніх квіткоў няма"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Летась, калі ішоў «Фестываль фестываляў» і тэлебачанне здымала спектаклі, якія прывёз Дзмітрый Уласаў, -- заканамерным прагучала пытанне ад тэлевізійшчыкаў: «А на “Панараму” вы забыліся?» Безумоўна, не! Менавіта яна засталася ў памяці аматараў і прафесіяналаў сцэны, здолела стаць у пэўнай ступені знакавай падзеяй. Натуральна і тое, што прага зрабіць Мінск фестывальным горадам не знікала ў нас ніколі. І шлях да ажыццяўлення мары бачыцца адзіны -- годна правесці трэцюю «Панараму», каб надаць наступным тэатральным фэстам статус перыядычнага міжнароднага мерапрыемства самага высокага ўзроўню і па форме, і па змесце…

 /i/content/pi/mast/6/140/Krasheuskaya1.jpg
Квіткі на сёлетнюю «Панараму» распачалі прадаваць у жніўні. На асобныя фестывальныя спектаклі (пры мінімуме рэкламы) яны разышліся імгненна. Напаўзабытая рэч! Як і дзесяцігоддзі таму, людзі шукаюць сёння лішні квіток. Пагадзіцеся: паказчык, якім яшчэ нядаўна пахваліцца было немагчыма.
Чаму фестываль, як і раней, прымае менавіта Купалаўскі тэатр? І тут усё заканамерна. Калі мы гаворым пра перспектывы Мінска як тэатральнай сталіцы, дык рэй тут павінен весці галоўны Нацыянальны тэатр і горада, і краіны…
Перадфестывальная падрыхтоўка -- працэс неймаверна складаны. Таму вельмі парадавала нас тое, што ў «Панарамы» сёлета з’явіўся генеральны партнёр -- Белгазпрамбанк. У арганізацыйны камітэт фестывалю ўвайшоў старшыня праўлення гэтага банка Віктар Бабарыка. Не так шмат у нас пакуль такіх арганізацый і такіх асоб, якія не толькі падтрымалі фестывальную ідэю, але і ўсебакова дапамаглі ў яе практычнай рэалізацыі. Вельмі добра паспрыяў і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Шчырую падзяку выказваем і першаму намесніку міністра культуры Беларусі Уладзіміру Рылатку, які шмат зрабіў для таго, каб расійскія тэатральныя калектывы, у тым ліку і МХТ, у якога ўсе гастролі распісаны наперад да драбніц, здолелі прыняць удзел у нашай «Панараме».
Здаецца, прадумана ўсё. Ад размяшчэння і харчавання больш чым чатырохсот гасцей і ўдзельнікаў фестывалю (разы ў два з паловай болей, чым на папярэдніх фэстах) да распрацоўкі праграмы спектакляў. Вельмі задаволены, што закрывацца «Панарама» будзе «Гульцамі» -- пастаноўкай Сяргея Жэнавача, уладальніка трох «Залатых Масак». Міжнародныя праграмы замежных фестываляў, куды нас час ад часу запрашаюць, бывае, складаюцца з пастаноўкі ўсяго аднаго замежнага тэатра, астатнія -- мясцовыя, гарадскія і абласныя. А да нас толькі з Эстоніі прыязджаюць і тэатр-удзельнік, і кіраўніцтва калектыву, зацікаўленага развіццём нашага сцэнічнага працэсу, і прадзюсер эстонскай «Залатой Маскі». І гэта вельмі абнадзейвае: цікавасць да «Панарамы» ёсць не толькі ў тэатралаў, але і ў тэатральных прадзюсераў. Ёсць надзея, што якісьці з беларускіх калектываў прыйдзецца ім даспадобы…
Яшчэ адна фестывальная адметнасць: кожны ўдзельнік і госць фэсту атрымае сёлета льняную адмысловую торбачку з буклетам і сувенірам, у тым ліку і з часопісам «Мастацтва» (бонус не для ўсіх -- для абраных). Аўтаркі -- мастачкі Валянціна Праўдзіна і Вольга Мацкевіч, выпускніцы Барыса Герлавана. А ідэя драўлянай сувенірнай шкатулкі з металічным ліццём належыць скульптару Аляксею Сарокіну.
Па ўсім бачна, што «Панарама» павінна ўзрушыць Мінск, ягоныя шматлікія тэатры. Урэшце, не быць аматарам сцэны сёння проста сорамна. Тэлебачанне і кіно ў наш прагматычны час ніколі не заменяць тых жывых стасункаў, якія гарантуе добры тэатр. І тыя мінчукі, якія калісь ездзілі ў Маскву ці Піцер на прэм’еру, займелі магчымасць бачыць у сябе дома не антрэпрызныя работы, а высокае мастацтва! Гэтага гледача мы не маем права страціць.Таму падрыхтоўку да чацвёртай «Панарамы» распачнём праз лічаныя тыдні пасля заканчэння трэцяй.

                                                                                                   Анжэла Крашэўская, 
                                                                                             намеснік генеральнага дырэктара
                                                                                   Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы