Паспець...

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Да канца красавіка працавала ў нацыянальным мастацкім музеі выстава фотаздымкаў анатоля клешчука «Боль сціхае няспешна». Яна была прымеркавана да 20-годдзя чарнобыльскай катастрофы і прысвечана дзецям, якія ад яе пацярпелі, мужнасці і любові іх бацькоў. Большасць здымкаў рабілася на працягу 15 гадоў у сценах рэспубліканскага навукова-даследчага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

Несуцешнае. 2005. 
Несуцешнае. 2005.

Урачы сыходзяць. 1993.
Урачы сыходзяць. 1993.

Карнавал скончаны. 1999.
Карнавал скончаны. 1999.

Сяргей. 2005.
Сяргей. 2005.

 

КАЛІ, НАРЭШЦЕ, я сустрэлася з Анатолем Клешчуком, каб задаць пару пытанняў, склалася ўражанне, што ён так спяшаецца, быццам страчвае нешта надзвычай важнае: «Такі дзень добры для здымкі: лёгкая воблачнасць і сонца». Памятаю, падумала, што і заўтра можа быць сонца. Але пасля размовы я яго, здаецца, зразумела. І напэўна, гэтае імкненне паспець прывяло яго ў дзіцячы анкалагічны цэнтр.

Куды чалавеку старонняму нават зайсці цяжка, а зайсці і фатаграфаваць — яшчэ цяжэй. Тым больш, прыйсці дзеля таго, каб злавіць мастацкі вобраз... Відавочна, што мастак выкарыстоўвае шырокі арсенал мастацкіх сродкаў — усё, акрамя колеру,— фактуру і святлацень, ракурсы і кантрасты... Ёсць тут дакладна злоўленыя моманты, калі ўсё выпадкова склалася разам, але мастак убачыў — і атрымалася моцнае гучанне вобраза. Ёсць і пастановачная фатаграфія — з сюжэтам, які патрабуе і пэўнага асвятлення, і пэўнай перспектывы развіцця.

Жаль і пачуццё пратэсту вядуць фатографа ў анкалагічны цэнтр, да хворых і паміраючых дзяцей. Гэта тэма не адпускае яго і сёння. Ён імкнецца сюды прыходзіць. Лічыць, што дзецям можна дапамагчы. Нешта дзеля іх зрабіць, паказаць іх так, каб гэта ўскалыхнула іншых: «Калі я бачу нешта важнае, я не адмаўляюся гэта здымаць. Калі ёсць патрэбныя імгненні, я лаўлю іх».

Калісьці мяне ўразіла экспазіцыя старой каталіцкай скульптуры ў польскім музеі. Пакуты і смерць у драўляных статуэтках разьбяры перадавалі наіўна-натуралістычна і экспрэсіўна.

Але ўсё гэта ўтрымлівалася ў пэўнай эстэтычнай форме. Тады мне ясна ўбачылася, што мастацтва на сваім пачатку ўзнікала і як спроба прымірэння са смерцю, з пакутамі існавання, спроба прыручэння смерці і духоўнага яе пераадолення. Тады, калі яно развівалася ў адной плоскасці з рэлігіяй... Свецкая ж культура закрываецца ад смерці, крэслячы перад ёй ілюзорную мяжу. І я спытала Клешчука, ці не баіцца ён, што гэтую мяжу пераступае...

«Спадзяюся, што не пераходжу. Калі фатаграфуеш там, усё можа здарыцца. Бяжыць маці з дзіцем і ты разумееш, што гэта яе апошнія адчайныя рухі, каб уратаваць дзіця, і ты не маеш права ўмешвацца, але фатаграфуеш, пераступаеш гэтую мяжу. Але мне важна, каб зразумелі, навошта я гэта раблю. Я павінен паказаць гэта дастойна.

Я даўно здымаю гэтыя сюжэты, і напачатку не было веры ў тое, што дзяцей можна ўратаваць. Мне здавалася тады: чым больш я здыму такіх выпадкаў, тым больш будзе сведчанняў. Мне здавалася, што калі нейкі час ніхто не фатаграфаваў гэтага, то яго нібыта і не было. А ў мяне яно ўсё захоўваецца.

Цягам гадоў увесь гэты адзняты матэрыял мяне фарміраваў. Спачатку з’яўляліся пытанні: навошта я ўвогуле гэта здымаю, навошта мне смерць гэтага чалавека, што мне з ёй рабіць? Я зразумеў, што я мушу гэта фіксаваць, але трэба вучыцца бачыць і вучыцца паказваць. Я недасканалы, я не ведаю, як з гэтым абыходзіцца, але маю перакананне, што павінен паказаць гэта вельмі прыгожа. Калі гэта смерць чалавека, яна павінна быць такой, як перадаў яе Савіцкі, — людзей у канцлагерах ён паказаў чыстымі. І мы не баімся на іх глядзець.

Але як гэтаперадаць у фатаграфіі? Я гэта шукаю: як данесці людзям адчуванне, што яны прысутнічаюць пры Падзеі? Узнёслай падзеі. Так, гэта развітанне, але яно павінна быць дастойным. Я вучуся, і спачатку мае здымкі былі ў нечым натуралістычнымі. Але я проста павінен быў сабраць матэрыял. Калісьці здымаў ампутацыю нагі ў дзяўчынкі, імкнуўся і такое паказваць, але потым зразумеў, што ёсць іншыя шляхі, значна лепшыя, значна больш выразныя, праз якія можна паказаць і гэты боль, і гэтыя пакуты — гэты чарнобыльскі шлях».

Анёлы з паламанымі крыламі, пустыя вачніцы пакінутых хат — ужо прывычнае нам увасабленне чарнобыльскай тэмы. Да фатаграфій Клешчука прывыкнуць немагчыма. Тут жах рэальнасці глядзіць на нас вачыма дзяцей. Але мастацтва спрабуе асэнсаваць і гэта, каб прымірыць наноў чалавека са светам. Яно тут — як прафесійны лекар: гаворыць праўду, але знаходзіць адзіна правільныя словы. 

 

АЛЕСЯ БЕЛЯВЕЦ