«Час піць гарбату...»

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Выстава Марыты Голубевай
«Час піць гарбату»... І вось ва ўяўленні гледача паўстаюць вобразы Чэхава, Пастарнака і Мандэльштама, а на палатне шафкі, буфеты і шыфаньеры напаўняюцца антыкварыятам срэбнага веку і дэкадансу. Фамільныя каштоўнасці ў паціне часу таемна пераліваюцца — як водбліскі мінулага свету вішнёвых садоў і нетаропкіх гутарак пры газавай лямпе.

Юбілейная выстава Марыты Голубевай дапоўніла серыю персанальных праектаў «Холадна/горача» 2004 года, «Книги БЫТиЯ» 2009-га і «АнтыкварыАRT» 2014-га, у якіх сінтэзаваліся прынцыпы класічнай эстэтыкі і сучаснага канцэптуальнага мастацтва. Яе працы вызначаюцца шырокім сюжэтным дыяпазонам, кампазіцыйнай вытанчанасцю і філігранным майстэрствам. Батык і арт-аб’екты мастачкі не трапляюць у катэгорыю дэкаратыўна-прыкладных, яны ствараюцца як канцэптуальныя творы.

Экспазіцыя Марыты — сведчанне апошніх тэндэнцый у еўрапейскім мастацтве, а таксама ў некласічнай філасофскай карціне свету — прапануе ўвайсці ў прастору гульні, а паводле прынцыпаў культурнай археалогіі — у лабірынт, дзе, нібы ў антыкварнай краме, побытавыя рэчы і каштоўныя прадметы нечакана становяцца фрагментамі часу і сімваламі быцця, трансфармуюцца ў знакі агульнакультурных міфаў і падзей. Выстава «Час піць гарбату...» пагружае гледача ў асацыятыўны паток інтэлектуальнай рэфлексіі. У плынь метафар і вобразаў, якія складаюць стрыжань культурнага генезісу ад класікі да постмадэрну.

«Час збіраць камяні...» — гэтая біблейская фраза напоўнена адчуваннем кругавароту жыцця і гісторыі. Аўтар увасабляе важныя для еўрапейскай культуры сюжэты ў працах «Таемная вячэра» і «Спас», дзе тэхналагічнае майстэрства шматслойнай васковай фактуры і празрыстага ззяння залатой паталі ствараюць такі ж празрысты настрой светлага суму і ласкавага смутку.

«Five o’clock» — гучыць вясёлы смех Алісы, а вобразы краіны цудаў раскрываюць гледачу свае грані. Скрыначкі, шкляначкі, кубачкі і сподачкі... Чайная цырымонія даўжынёй у вечнасць.

«Час адносны», — дэкларуе мастак. Свет чалавека то змяншаецца да паўсядзённай руціны, як у працы «Вялікі сталовы набор №24», то павялічваецца да памераў космасу, нібы азораны знутры містычным бляскам срэбра ва «Уваскрэшанні&Вялікадні» ці сакральным святлом у «Мядовым Спасе». Складанасць каларыстычнага вырашэння, іскрыстыя фактуры тканін надаюць творам «Кarnaval-bird», «Рэнесанс», «Дачка фараона» арыстакратычную вытанчанасць венецыянскай фрэскі і містычнасць егіпецкага рэльефу. Экспрэсія золата ў «Лаўцы душ» ператварае фантазіі аўтара ў пазачасавую ірэальнасць, падкрэсліваючы глыбіню біблейскага сюжэта.

Ліліпуты і Гуліверы, гімназічныя гербарыі, экзістэнцыяльныя каты, калядныя елкі, вандроўныя сланы, што пакідаюць пасля сябе шлейф араматаў сандалавага дрэва і шафрану, застываюць у вобразах, напаўняюцца знікаючай фактурай бясконцага часу, які яшчэ здольны захаваць парадак суразмернага жыцця, яго гармоніі і арганічнасці. 

Уладзімір ГОЛУБЕЎ