Алесь Кудрашоў

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Алесь Кудрашоў
Мастацтва, якое ствараецца тут і цяпер, цікавае тым, што мы можам назіраць у ім уласнае развіццё і творчы прагрэс.

Працы маладога пакалення прыцягваюць праблематыкай сённяшняга дня. Можа, яны не надта дасканалыя, аднак у іх відавочна праяўляецца і скіраванасць у будучыню. Мастацкія практыкі, якія яшчэ ўчора былі нам невядомыя, заўтра будуць выглядаць банальнымі. Сучасны арт усё больш успрымаецца ў кантэксце вырашэння і адлюстравання надзённых пытанняў. Адначасова змяняецца і роля аўтара — ад пасіўнага назіральніка да сацыяльнага актывіста.

Алесь Кудрашоў у сваіх працах выкарыстоўвае нескладаныя формы, арыентаваныя на абстрактныя прасторавыя ўмовы. Нягледзячы на гранічную прастату аб’ектаў, кожны з іх — мастацкі жэст, рэакцыя на акаляючую рэчаіснасць.

Маладога майстра прыцягваюць гісторыі і міфы папярэдняй генерацыі беларускіх аўтараў, насычанае культурнае жыццё Беларусі сярэдзіны 1990-х, змены ў асэнсаванні паняцця «мастацтва». Алесь знаходзіцца ў дыялогу з гісторыяй арта, прычым не толькі візуальнага. Стыль, які захапляе творцу, — мінімалізм.

Першым маштабным мінімалістычным досведам для Алеся стаў аб’ект «Сінгулярнасць» у скверы Сімона Балівара. Скульптура была ўсталявана ў гарадской прасторы ў рамках праекта «Арт-горад» у 2012 годзе. Люстраны калідор, нягледзячы на сваю нерухомасць, знаходзіўся ў камунікацыі з навакольным асяроддзем і соцыумам, ён пагружаў гледача ў бясконцыя адбіткі рэчаіснасці, канцэнтруючы яго ўвагу на асобных аб’ектах.

Люстраная скульптура зрабілася пераломным момантам у мысленні Алеся, які ў той час пачаў вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. Па словах самога творцы, праект «Сінгулярнасць» дапамог яму пераадолець катэгорыю жывапіснасці.

Працяг дыялогу з мінімалізмам — інсталяцыя «Без назвы» ў Палацы мастацтва, якая стала адным з аб’ектаў выставы «Памяць іх ценям», прысвечанай 150-м угодкам паўстання Кастуся Каліноўскага.

Не менш значная работа «Арніталогія» ўяўляе сабою фрэску ў Івянецкім дзіцячым доме для хворых з псіхафізічнай інваліднасцю. Праект з’яўляецца абсалютна дэкаратыўным і «местачковым». Працуючы над ім, Алесь месяц пражыў у інтэрнаце. Гэта дазволіла мастаку ўбачыць жыццё ўстановы знутры, уявіць сябе яе сталым насельнікам. Працэс адаптацыі прайшоў нялёгка. Скончыўшы працу над фрэскай, Алесь пераадолеў свае фобіі, сфарміраваныя пад уплывам агульнапрынятых стэрэатыпаў.

Аб’ект з серыі кандытарскіх скульптур «Інкультурацыя» з’яўляецца рэакцыяй на рэчаіснасць пасля шпацыраў па Мінску і іншых гарадах Беларусі... «Мне цікавыя людзі, з якімі ў мяне адбываецца эмацыйнае сугучча: усхваляванае пазнаванне сябе ў чужым. Адно з апошніх маіх “пазнаванняў сябе ў чужым” — малады кінарэжысёр Рамон Цюрхер. Яго адзіны поўнаметражны фільм “Дзіўная маленькая котка” блізкі мне праз мінімалісцкую эстэтыку не толькі візуальнай часткі фільма, але і рэжысёрскіх метадаў: характары персанажаў раскрываюцца не праз звыклыя дыялогі, а праз “маўклівыя” гутаркі, цяжка ўлоўныя красамоўныя жэсты, інтанацыі. Тэма штодзённасці, заяўленая ў гэтым фільме, мне таксама вельмі блізкая».

Алесь Кудрашоў — адзін з нямногіх маладых беларускіх творцаў, хто спрабуе сёння адшукаць кропкі сацыяльнай напругі, чэрпаючы веды і досвед з розных сфер мастацтва. Аўтару ўдаецца знаходзіць уласныя стратэгіі, адштурхоўваючыся ад «пыльнага» акадэмізму. Ён выбірае ўласны шлях.

Вікторыя ГУЛЕВІЧ