Князёўна з гітарай

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Гісторыя партрэта Крысціны Магдалены Радзівіл
Падчас пошуку экспанатаў да выставы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» ў пінскім Музеі беларускага Палесся мяне зацікавіў партрэт князёўны Крысціны Магдалены Радзівіл, дачкі апошняга Віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла.

На раме і на старой этыкетцы-наклейцы з адваротнага боку было напісана: «Krystyna księżniczka//Radziwiłłowna./Córka//Michała, księcia Radzi-//willa, wojewody wileń-//skiego/1776—1796». Партрэт быў падараваны гораду Пiнску нейкім М.Бутрымовічам у 1920—1930-я гады. Палатно не датавана і не падпісана. Тым не менш імя аўтара ўстаноўлена — Джузэпэ Марыя Грасі, аўстрыйскі партрэтыст італьянскага паходжання канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай яго называлі Юзаф Грасі.

Адразу ўзніклі пытанні: ці сапраўды твор належыць пэндзлю Грасі і як выява аднаго з Радзівілаў трапіла ў Пінск?

Гісторыя напісання партрэта Крысціны Магдалены Радзівіл вядомая з архіўных крыніц і даследаванняў польскіх мастацтвазнаўцаў і цесна звязана з біяграфіяй самога майстра. Джузэпэ Марыя Грасі нарадзіўся ў сям’і рамесніка-ювеліра ў Вене ў 1757 годзе. Паступіў у Акадэмію мастацтваў, але праз канфлікт з кіраўніцтвам пакінуў аўстрыйскую сталіцу і ў чэрвені 1791-га перабраўся ў Варшаву. Спачатку Грасі жыў у доме княгіні Тэклі Ябланоўскай, напісаў шэраг сямейных партрэтаў, якія спадабаліся заказчыцы. Княгіня зрабіла яму пратэкцыю ў Варшаве. Гэтым тлумачыцца хуткае ўваходжанне Грасі ў закрытае кола вышэйшай польскай арыстакратыі. За менш чым пяцігадовае знаходжанне ў Варшаве (з чэрвеня 1791 па студзень 1795 года) ён стварыў выявы знаных асоб Рэчы Паспалітай — князя Юзафа Панятоўскага, Тадэвуша Касцюшкі, Станіслава Косткі Патоцкага, Міхала Клеафаса Агінскага, Ізабелы Агінскай (Ласоцкай), Яўхіма Храбтовіча, Сафіі Віельгорскай, Ізабелы Сабалеўскай, членаў роду князёў Чартарыйскіх, Любамірскіх і мноства іншых.

Творы Грасі адпавядалі ўсім канонам свецкага параднага партрэта: захоўвалі падабенства і ў меру ліслівілі мадэлі, былі эфектныя, прыгожыя па жывапісе, разнастайныя па кампазіцыі, словам — бліскучыя.

У сакавіку 1794-га Грасі атрымаў заказ ад сям’і Мікалая і Хелены Радзівіл, знакамітых гаспадароў Няборава пад Варшавай, на выкананне партрэтаў дзвюх дачок — 18-гадовай Крысціны і 13-гадовай Анэліі. Ажыццяўленне замовы затрымалася паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, у якім, па ўспамінах сучаснікаў, прыняў удзел і мастак. Легенда кажа, што ў небяспечнай сітуацыі Юзафа Грасі выратаваў сам Касцюшка. Удзельнічалі ў паўстанні і Радзівілы. Малодшы брат Крысціны Магдалены Міхал Гедэон стаў пад сцягі арміі Касцюшкі, а старэйшы, Антоній Радзівіл, падтрымліваў планы адраджэння Рэчы Паспалітай на чале з прускай дынастыяй, дзе бачыў сябе віцэ-каралём, а Тадэвуша Касцюшку — галоўнакамандуючым польскай арміі.

Пасля паразы паўстання Юзаф Грасі выехаў у Карлсбад, а праз год — у Вену. Туды ж адправілася і сям’я Радзівілаў. Вялікі партрэт Крысціны мастак скончыў у родным горадзе, а партрэт Анэліі так і не быў напісаны.

Пра галоўную гераіню карціны сказаць можна няшмат. Жыццё юнай князёўны было кароткім. Крысціна Магдалена Радзівіл нарадзілася 27 ліпеня 1776 года ў Варшаве. Як і яе старэйшы брат Антоній Генрых, атрымала рознабаковую адукацыю — грала на гітары, была неблагой акварэлісткай. Дзякуючы намаганням сваёй маці, у 1796 годзе Крысціна пачала прыдворную кар’еру пра двары Кацярыны II. Але ў лістападзе таго ж года імператрыца памерла, а месяцам пазней пайшла з жыцця і яе фрэйліна, якой было ўсяго 20 гадоў. Сястра Крысціны Анэлія таксама памерла маладой — у 27 гадоў.

За ўзор для сваіх твораў Грасі ўзяў англійскі свецкі партрэт, у аснове якога — зліццё чалавека і прыроды. Мастак прыдумаў незвычайную кампазіцыю: увасобіў дзяўчыну з гітарай каля яе ног. На зямлі — згорнуты ў трубачку аркуш нотнай паперы з фрагментам нейкага музычнага твора. Гітара абвіта плюшчом, частка яе прыкрыта тонкім залацістым шалем, што спадае з рук паненкі. Гітара як метафара душы з’яўляецца звыклым атрыбутам рамантычнага партрэта. Нестандартнасць кампазіцыі Грасі ў тым, што звычайна мадэляў малявалі падчас музыцыравання.

У завітыя і старанна выкладзеныя густой хваляй валасы Крысціны Радзівіл паводле моды таго часу ўплецены вянок з незабудак, маляўніча падтрыманы колерам сіняга неба і блакітным вузкім поясам-шалікам.

У эпоху рамантызму вялікую ролю для стварэння настрою карціны пачаў адыгрываць фон, як правіла — пейзажны. У творы Грасі краявід распрацаваны з асаблівай дбайнасцю. Як намёк на парк Аркадзія, якому прысвяціла вялікую частку свайго жыцця Хелена Радзівіл, маці Крысціны, Грасі ўводзіць рэалістычныя дэталі: лесвіцу з класіцыстычным порцікам, лужок. На заднім плане растаюць у змроку абрысы тоўстых камлёў дрэў.

Да 1939 года партрэт знаходзіўся ў Небарове. Аднак цяпер твор захоўваецца ў Парыжы ў прыватнай калекцыі аднаго з нашчадкаў Радзівілаў. Гэты факт ставіць пад сумненне сапраўднасць пінскай карціны.

Цікава, што ў замку князёў Патоцкіх у Ланцуце маецца аднайменны партрэт такіх жа памераў, як і пінскі (97х73, з рамай — 114х90). Ён паступіў з калекцыі Патоцкіх у 1944 годзе, калі ў нацыяналізаваным замку быў створаны музей. Знаходжанне карціны ў Польшчы цалкам зразумела: жонкай уладальніка замка ў Ланцуце Рамана Альфрэда Патоцкага (1851—1915) была Эльжбета Марыя Мацільда, народжаная Радзівіл (1861—1950), дачка 14-га нясвіжскага ардыната Антонія Вільгельма і Марыі дэ Кастэлян.

Згодна з вопісам 1939 года, у Нясвіжскім замку знаходзіліся партрэты бацькоў Крысціны Магдалены і яе старэйшага брата Антонія з жонкай, прускай прынцэсай Луізай. Верагодна, там быў і партрэт Крысціны. Эльжбета Патоцкая магла перавезці ўпадабаную карціну з Нясвіжа ў Ланцут, дзе жыла разам з двума сынамі да пачатку Другой сусветнай вайны. Партрэт таксама не датаваны і не падпісаны. Супрацоўнікі музея, які размясціўся ў замку ў Ланцуце, лічаць работу копіяй XIX стагоддзя з твора Грасі. Такое дзіўнае супадзенне памераў прымушае меркаваць, што, магчыма, партрэты з Пінска і Ланцута зроблены адначасова ў пачатку ХІХ стагоддзя нейкім майстрам на палатне аднолькавага памеру па замове ўладальнікаў арыгінала. Капіраванне карцін для розных рэзідэнцый было ў той час звычайнай справай. З гэтага твора пасля былі зроблены мініяцюры, адна з якіх знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве.

Тэарэтычна працы маглі быць папярэднімі эскізамі або аўтарскімі паўторамі, напісанымі самім майстрам у пазнейшыя гады. Пасля стварэння гэтага партрэта Грасі пражыў яшчэ 43 гады (памёр у Дрэздэне ў 1838).

Але, хутчэй за ўсё, аўтарам копій з Пінска і Ланцута быў не сам Грасі, а нехта з мастакоў таго ж часу, можа, яго вучань. Бо якасць выявы (невялікае парушэнне прапорцый цела, суадносіны маштабу фігуры і памеру палатна пры памяншэнні) не дазваляе з упэўненасцю казаць аб прыналежнасці карціны пэндзлю такога бліскучага майстра, як Грасі.

Застаецца загадкай сам факт знаходжання партрэта Крысціны Радзівіл ва ўласнасці «пінскага грамадзяніна» Мацея Бутрымовіча. Твор не быў згаданы ў 1914 годзе сярод мастацкіх калекцый палаца Бутрымовічаў у Пінску. Больш лагічнай была б яго прысутнасць у іншай калекцыі — у палацы Радзівілаў у Нясвіжы або ў Маньковічах ці Клецку. Нумар 40, пастаўлены на палатне, сведчыць пра яго месца ў досыць буйным фамільным зборы.

Звернемся да гісторыі паступлення карціны ў музей. Буйны фінансіст Рэчы Паспалітай, пінскі падстараста Мацей Бутрымовіч быў паплечнікам гетмана Міхала Казіміра Агінскага, сваяка Крысціны Магдалены па матчынай лініі. Ён фінансаваў будаўніцтва Агінскага і Каралеўскага каналаў, якім кіраваў гетман Агінскі. Палац Бутрымовіча ў Пінску быў дабудаваны ў 1794 да прыезду Юзафа Панятоўскага. Спадкаемцамі Бутрымовіча і ўладальнікамі палаца былі пераважна жанчыны: яго дачка Юзэфа (жонка Міхаіла Орды, брата мастака Напалеона Орды), іх дачка Гартэнзія (жонка Аляксандра Скірмунта), пасля яе ўнучка — вядомы гісторык і публіцыст Канстанцыя Скірмунт (1851—1934), якая перад смерцю прадала большую частку палаца для патрэб біскупа і каталіцкай парафіі, а адзін з жылых флігеляў адпісала сваяку па бакавой лініі Мацею Бутрымовічу. Мастацкія калекцыі, якія знаходзіліся ў палацы амаль 140 гадоў, былі ахвяраваны гаспадыняй розным установам, напрыклад, акварэлі Напалеона Орды Канстанцыя перадала ў Кракаўскі музей, што і выратавала іх ад вялікага пажару ў 1901 годзе.

Значыць, гэты партрэт знаходзіўся ва ўласнасці Мацея Бутрымовіча, апошняга ўладальніка часткі палаца, у 1920—1930-я гады. Да яго твор трапіў, магчыма, у спадчыну ад Канстанцыі Скірмунт альбо нашчадкаў Бутрымовічаў, якія жылі ў канцы XVIII стагоддзя. Грамадзянін Пінска Тадэвуш Бутрымовіч перадаў яго ў дарунак гораду паміж 1926 і 1939-м гадамі. Твор перажыў вайну і доўгія гады захоўваўся ў фондах.

Упершыню карціна з’явілася на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі ў 2002 годзе. Пасля рэстаўрацыі беларускія даследчыкі Ірына Зварыка і Аляксей Хадыка апублікавалі твор у каталогу выставы «Гістарычны партрэт Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагоддзяў» з пазнакай аўтарства Юзафа Грасі.

На жаль, трэба прызнаць, што партрэт Крысціны Магдалены Радзівіл з Музея беларускага Палесся ў Пінску з’яўляецца копіяй пачатку ХІХ стагоддзя, аналагічнай аднайменнай копіі партрэта з музея ў Ланцуце. Арыгінал захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Францыі. Другая копія была, верагодна, вывезена з Нясвіжскага замка ў Ланцут у канцы XIX стагоддзя. Гэтыя дзве копіі, хутчэй за ўсё, былі выкананы рукой аднаго майстра, імя якога, магчыма, удасца высветліць пры вывучэнні радзівілаўскіх архіваў пачатку ХIХ стагоддзя.

Надзея УСАВА