Сувой ідэй

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Алена Обадава пра каштоўнасць творчага працэсу
Мастачку Алену Обадаву так проста тэкстыльшчыцай ужо не назавеш і суполкай ДПМ не абмяжуеш. Арт-аб’екты Алены лёгка ўпішуцца ў любую выставу сучаснага мастацтва, яны прывабліваюць не толькі сваімі манументальнымі памерамі, актыўным каларыстычным рашэннем, але і тонка ўвасобленым канцэптам, які прачытваеш то праз гульню з назвай, то праз гармонію і канфлікт розных фармальных элементаў...

Калі разважаць пра эвалюцыю вашай творчасці, можна заўважыць, што ў раннім перыядзе гістарычная тэма аказала на вас найбольшы ўплыў.

— Мой дыпломны праект меў назву «Сонечны Птах», паводле стылю — адсылка да раманскай эпохі. Практычна ў той жа час я пазнаёмілася з членамі рыцарскага клуба і дзесьці з паўгода вучыла дзяўчат ткаць паясы і габелены.

Гэта захапленне перайшло ў працы?

— Зацікаўленне гісторыяй супала з творчымі пошукамі. Знойдзенага стылістычнага кірунку прытрымліваюся дагэтуль. Яго можна прасачыць нават у сённяшніх аб’ектах з трыкатажу.

Пісалі, што ў маіх работах можна ўбачыць знакі розных народаў. Адбываецца гэта таму, што, паводле майго разумення, межы паміж культурамі даволі ўмоўныя. Такія глабальныя сімвалы, як зямля, вада, паветра, агонь, можна назваць перажыткамі паганства. Але менавіта яны найбольш часта сустракаюцца ў народнай творчасці розных культур, з’яўляюцца спажыўным асяроддзем для развіцця. У філасофскім аспекце гарманічнае спалучэнне гэтых элементаў сведчыць пра спеласць душы. Існуе яшчэ адна прычына таго, чаму ў розных кутках свету сустракаюцца падобныя знакі-сімвалы: прыстасаванні, з дапамогай якіх тчэцца тканіна, усюды прыкладна аднолькавыя і маюць даволі абмежаваныя магчымасці, таму ўсе створаныя на іх выявы падобныя па абрысах. Адрозненні могуць быць у кампазіцыі і колеравай гаме.

Большасць вашых работ выканана ў тэхніцы падвойнага ткацтва. У чым яе асаблівасць?

— Двухслойнае палатно ствараецца з двух кантрасных па колеры сістэм ніцей і утку. Малюнак выразна чытаецца як на знешнім, так і на ўнутраным баках. Розніца ў тым, што калі зверху размяшчаецца, умоўна кажучы, белы колер, то знізу на тым жа месцы будзе чорны. Атрымліваецца двухбаковая выява — пазітыў і негатыў.

Вы прыйшлі да гэтай тэхнікі ад народных традыцый?

— Так. Базавыя веды па рамізным ткацтве на кроснах я атрымала ў Акадэміі мастацтваў. Таксама вучылі ткацтву паясоў на дошчачках, на ніту, на бердзечцы. Мне пашчасціла, што маім настаўнікам была Людміла Паваркова, носьбіт сакральных ведаў беларускага народнага ткацтва. Кожная з тэхнік па-свойму цудоўная. Кожная шырока ўжывалася ў народнай творчасці. Таксама нам выкладалі майстэрства габелена.

Я не ставіла перад сабой мэты ткаць у народнай традыцыі. Маё крэда — ад традыцыі да сучаснасці. У аснове працы ўсім вядомыя тэхналогіі стварэння тэкстыльных палотнаў, але канцэптуальны падыход і знешняя форма вырабаў значна адрозніваюцца ад традыцыйных. Мае кампазіцыі з вертыкальнымі палосамі хутчэй нагадваюць царкоўныя харугвы. Што таксама даволі выпадкова атрымалася.

Можаце апісаць працэс працы?

— Сутнасць творчага працэсу дакладна апісаць немагчыма. Але ж паспрабую. Класічная схема: задума, форэскіз, эскіз, праца ў матэрыяле — і ў выніку мастак выдае тое, што накапілася ў яго скарбонцы ідэй. Уся творчасць атрымліваецца з лішку. Плён будзе тады, калі ёсць чым падзяліцца.

Раннія работы былі больш стрыманымі па колеры. Калі запраўляла аснову, рабіла мяккія пераходы — цэнтр высвятляла, бакі зацямняла. З першага разу і не відаць, трэба прыглядацца: што так свеціцца? Гэтыя прыёмы прыйшлі чыста інтуітыўна. Пасля працы над малюнкам падлічваеш колькасць ніцей, запраўляеш іх і разумееш, што сумна атрымліваецца. Пачынаецца пошук. Так з’явіліся ў мяне клеткі, якія паўтараюць узор утку і тканіны. Гэтыя лёгкія пералівы каларыту выклікаюць інтарэс. Мне казалі, што ў мяне вельмі лаканічныя работы і іх хочацца разглядваць. Менавіта таму, што там закладзены ледзь улоўныя нюансы, які прыцягваюць позірк.

У аснове вашых твораў — геаметрыя, рытм, гранічная стылізацыя?

— Так, яны вырашаны ў плоскасці, ілюзія аб’ёму ствараецца за кошт ледзь прыкметных колеравых пераходаў. Яшчэ для гэтых мэтаў выкарыстоўваю скажэнне статычнай геаметрычнай формы, што надае працы лёгкі рух. Уладзімір Угрыновіч выкладаў нам у Акадэміі асновы кампазіцыі — гэта тая база, на якой грунтуецца ўся мая творчасць.

Работы з нізкі «Лабірынты» таксама выкананы ў тэхніцы двухслойнага ткацтва. Адна з іх — лабірынт у квадраце. Праз тое, што ніці ў ткацтве перасякаюцца пад прамым вуглом, лёгка рабіць геаметрычныя фігуры. Аднак з Акадэміі я добра засвоіла, што народная творчасць роўнай не бывае. Заўсёды пазбягаю вызначанасці, раз — і выгін зраблю. У гэтым ёсць свая гульня. Дрэва — нібы круглае, але форма крышачку скажаецца. Ёсць яшчэ адна праца, дзе лабірынт зроблены на аснове квадрата, і там усё вельмі правільна выканана. Аднак на кутах з’яўляюцца аптычныя ілюзіі. Калі ткала, праўда, не думала, што атрымаецца такі выразны візуальны эфект, такое пераламленне прасторы. Заўважыла пасля. Работу набылі для маскоўскага клуба аматараў гульні Го. Потым яны мне замовілі дзве дошкі для Го, таксама тканыя. Звычайныя квадрацікі, дзесьці нейкія кропкі. У пачатку арнамент дала, па баках і далей — салярныя знакі. Го — гэта лагічная гульня з глыбокім стратэгічным зместам. Традыцыйная дошка — драўляная, з намаляванымі лініямі. Канешне, больш практычна мець дошку-дыванок, якую ў любы момант можна скруціць у сувойчык і пакласці ў сумку.

Адкуль з’яўляюцца касмаганічныя матывы?

— Усё звязана. Што павесіш на сцяну — тое ў тваім жыцці і адбудзецца. Што ўкладзем, то і атрымаем. Вось карцінка — у жоўтых і чырвоных колерах — вельмі простая, але будзеш сядзець і глядзець на яе. Можа, жоўтага не хапае ў тваім жыцці, можа, чырвонага. І яно цябе пакрысе змяняе.

У кожны твор укладаеце нейкую сакрэтную зачэпку, каб затрымаць і зацікавіць?

— Такой мэты няма, так атрымліваецца, бо кожны перадае сябе. Гэта не самамэта...

А самамэта?

— Сама праца. Памятаю, як мне бацька зрабіў станок. Заправіла ніткі. Працаваць хачу, а ідэі няма. Лаўлю задавальненне ўжо ад таго, што тку, кранаю тканіну. Ад працэсу. Вынік, канешне, патрэбен, але і работу люблю.

Неверагодна, што ў вас няма эскізаў...

— Яны ёсць, але не каляровыя. Мушу спачатку пралічыць прапорцыі. На ткацкім станку ты бачыш толькі частку працы, таму агульны эскіз у натуральным памеры абавязкова павінен быць. Тым больш, калі выява фігуратыўная. Тады нават малюнак пад ніці падкладаеш. А па колеры і ў дэталях атрымліваюцца нечаканыя павароты, неяк адчуваю, што зараз трэба, што будзе дарэчы.

І яны аказваюцца чаканымі?.. Тое, што прыходзіць само па сабе, — самае каштоўнае?

— Вібрацыю надае. Таксама ўсё ад настрою залежыць. Працуеш у розных станах, а работа адна. Аднак цябе вядзе пачуццё гармоніі, адчуваеш, дзе не падыходзіць пэўны прыём, дзе трэба перарабіць. А дзесьці ўжо позна пераробліваць, сядзіш і думаеш, як усё гэта прывесці да нейкага выніку. У адным творы ў мяне крывое сонца, бо ткала ў натуральны памер без узору, па эскізе ў малым маштабе. Змяняць ужо нешта позна было. Зняла, паглядзела — цудоўна! Роўнае — нецікава. Нібы хтосьці табе падказвае падчас працы, і робіш нешта не па правілах.

Пасля перыяду лабірынтаў вы даволі нечакана сталі экспанаваць на выставах манументальныя аб’ёмныя аб’екты. Што здарылася?

— Увесь час хацела рабіць вялікія праекты, проста не заўсёды з’яўлялася магчымасць. Некалькі год таму захапілася машынным вязаннем. І нечакана адкрыла для сябе прасторы для творчасці. Я ўвогуле люблю ўсялякія карысныя прылады. Калі заканчвала інстытут, перажывала, што не маю ткацкага станка, і бацька мне яго зрабіў. Прапала на колькі часу. Захапілася падвойным ткацтвам. Крыху рабіла габелены. Мне цікава ўсё, звязанае з тэкстылем.

Набыла машынку і пачала вучыцца вязаць. Адразу не атрымлівалася, зляталі петлі, я перавязвала зноў і зноў. І не было каму падказаць. Так і засвоіла новы апарат — метадам спроб і памылак. Зараз у мяне больш складаная машынка, для атрымання малюнка можна выкарыстаць перфакарты. На жаль, тут ёсць свае абмежаванні: у рапорце толькі 24 пятлі, і можна рабіць паўторы. Пасля я набыла перфаратар, які прабівае дзіркі, рулон чыстых перфакарт, і ў мяне з’явілася магчымасць ствараць свае малюнкі. Але і тут тая ж гісторыя, што на ткацкіх прыладах. Абмежаванасць магчымасцей. Таму часта можна сустрэць падобныя, а то і ідэнтычныя знакі-сімвалы, што нагадваюць тканыя матывы. Выявы зорак на тканых і трыкатажных палотнах, напрыклад, у Еўропе і Амерыцы практычна аднолькавыя.

Адшліфоўваючы майстэрства на швэдарчыках і шкарпэтачках, я ўжо будавала планы рабіць творчыя працы ў трыкатажным варыянце. Гэта падалося мне цікавым. Ніхто мяне спачатку не разумеў: мастацтва і вязанне нібы такія далёкія. Першая работа — «Калядны вечар» — была вельмі складанай па выкананні. Яна двухслойная: першы слой падвоены, другі — таксама. Старалася зрабіць якасна. Вынік пераўзышоў чаканні. Усё атрымалася.

Наступная — «Сукенкі для русалак». Тры чорныя трубы з шэрым і салатавым малюнкам. Простыя формы. Тут у асноўным працуюць колер і выява. Больш разлічана на стан, на стварэнне ўражання.

Вы даволі хутка перайшлі да гіганцкіх фарматаў, нязвыклых нават на трыенале ДПМ.

— Заўсёды мела працы манументальных памераў, а тут яшчэ з’явіліся магчымасці гэтыя творы паказваць. Напрыклад, на тэкстыльным пленэры я зрабіла тры конусы. Адзін з іх пасля стаў часткай «Абертонаў», другі я ператварыла ў піраміду з трохкутнікам у аснове. З іншай тэмы аказаўся, якую можна будзе развіць пасля. Потым мне прапанавалі зрабіць персанальную выставу. Далі два месяцы на падрыхтоўку, і я дапоўніла кампазіцыю «Абертоны». Работ на выставе было шмат, нават месца для ўсіх не хапіла. Там быў прадстаўлены кожны перыяд маей творчасці: габелен, ткацтва, трыкатаж, насценныя, пласкасныя кампазіцыі і арт-аб’екты. Летам зноў пленэр, і зноў трэба працаваць.

На другім тэкстыльным пленэры паўстала работа «Гукавыя галюцынацыі». Таксама трэба было зрабіць яе хутка. Вязальная машынка, ніткі — усё ёсць, а ідэя не прыходзіць. Пачынаеш з нейкай абстрактнай кропкі. Паступова з’явілася тэма гуку — вельмі цікавая для вырашэння, бо гэта тое, што нельга памацаць, але можна паспрабаваць перадаць праз візуальны вобраз.

«Усё звязана» — у аснове таксама абстрактны канцэпт?

— Так, у нашым жыцці ўсё складаецца з рытмаў. І ўсё звязана: што зрабіў сёння — адаб’ецца пазней.

Узмах крыла матылька?

— Тая ж філасофія, толькі грунтуецца на пражытым, на ўласным досведзе. Ты сам звязаны ў жыцці рознымі абавязкамі. Чым цікавыя такія двухсэнсоўныя назвы: з аднаго боку, ідзе ўказанне на тэхналогію, з іншага — там такая кампазіцыя, заснаваная на сувязі элементаў. Модуль адзін — пятля.

Абстрактная форма абрастае інтэрпрэтацыямі. Калі цалкам праясняецца ідэя працы — перад пачаткам ці ў працэсе?

— З’яўляецца ідэя. У працэсе дапаўняецца і раскрываецца філасофскім сэнсам. Напачатку я ўяўляю толькі тэму, форму і яе агульныя рысы. Пачынаю рабіць пробы. Аднак дакладнага эскіза — што за чым — на гэтым этапе яшчэ няма. Зусім без эскіза працаваць складана. Калі вяжаш, бачыш толькі фрагмент, як і на ткацкім станку. Не ведаеш, як сябе павядзе гэты кавалак тэкстылю і што атрымаецца ў выніку, калі ты знімеш яго з машынкі.

Вяжаш і вырашаеш на хаду, які колер узяць. Заўважаеш: нейкага колеру ўжо дастаткова, прыкідваеш, які наступны. Шмат што робіцца інтуітыўна.

У кастрычніку мінулага года я ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе сучаснага мастацтва «Art-week» у Маскве аб’ектам «Абертон», і ён заняў 1-е месца ў намінацыі «Паркавая скульптура (сучасныя скульптурныя формы)». Калі пісала заяўку, трэба было вызначыцца, у якой праграме буду прымаць удзел. Абрала раздзел скульптуры. Рызыкавала, маглі работу не разглядаць.

Вось мы плаўна і перайшлі да іерархіі жанраў, якая раней была дакладна вызначана. ДПМ лічылася ледзь не заняткам для няўдачнікаў. У сучаснай экспазіцыі не прынята рабіць падзел паводле жанраў. Як самі называеце тое, чым займаецеся?

— Я лічу, што гэта тэкстыльныя, часцей — аб’ёмна-прасторавыя арт-аб’екты. Мае работы нядрэнна будуць глядзецца на прыродзе. Каб зрабіць удалую фотасесію, іх трэба развесіць на дрэвах.

Яны такія ж структурныя, як расліны?

— Такія ж жывыя — паводле майго адчування...

Перад тым, як вязаць, ці маеце дакладны малюнак таго, што хочаце атрымаць?

— Да канца пралічваць не атрымліваецца. Амаль што дакладны малюнак з колерам трымаю ў галаве. Доўга абдумваю, выношваю. І калі з’яўляецца ўпэўненнасць — пачынаю працаваць. Тое, што атрымліваецца, рэдка супадае цалкам з першапачатковай ідэяй. Таму больш арганічнымі выглядаюць работы, выкананыя аўтарам, чым майстрам па эскізе мастака. Матэрыял дыктуе свае правілы, і творца мусіць з імі лічыцца. Але гэта і цікава. Цікава вывучаць розныя якасці і ўжываць іх у сваіх працах.

Такое ўражанне, што ў абранай вамі тэхніцы шмат абмежаванняў...

— У любой тэхніцы іх шмат. Не ўсё з таго, што мы ўяўляем, можна ўвасобіць у матэрыяле. Заўсёды ёсць скажэнні, выкліканыя ўжываннем тэхнічных сродкаў і нашымі фізічнымі параметрамі. Цаню ў работах чысціню. Важна пэўная сістэма. Мінімальнымі сродкамі дамагчыся максімальнай выразнасці — найвышэйшае майстэрства. Да гэтага імкнуся…