Тройка! Сямёрка... Туз?!

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Новае ўвасабленне «Пікавай дамы»
Напрыканцы сезона Нацыянальны тэатр оперыі балета паказаў новую работу — оперу «Пікавая дама» Пятра Чайкоўскага. Прэм’ера выклікала шмат эмоцый і меркаванняў, дыяпазон якіх надзіва вялікі — ад захаплення да разгубленасці і азадачанасці. Дыялог музыказнаўцы Алены Лісавайі музычнага крытыка Таццяны Мушынскай — пацвярджэнне гэтага.

Таццяна Мушынская: З’яўленне на афішы тэатра «Пікавай дамы» трэба вітаць. Чайкоўскім напісана 10 опер, найбольш вядомыя — тры. Хрэстаматыйны «Яўгеній Анегін», «Іаланта» і «Пікавая дама». Хоць за апошні твор бяруцца не ўсе, ён больш рарытэтны.

Алена Лісава: «Пікавая дама» лічыцца вяршыняй творчасці Чайкоўскага. Для кожнага тэатра гэта знакавая пастаноўка. З часу прэм’еры оперу выконвалі толькі лепшыя спевакі. Яны стваралі сапраўды легендарныя вобразы ў «Пікавай».

Таццяна Мушынская: Сёлета мы пабачылі сёмую версію оперы. Мала да якіх партытур нашы дырыжоры і рэжысёры звярталіся з такой настойлівасцю і такім пастаянствам!

Алена Лісава: Тэатр адкрыўся ў 1933-м, а ў наступным годзе на афішы ўжо з’явілася «Пікавая». Яшчэ адна версія — 1941 год, напярэдадні вайны. Далей 1948, 1960, 1972. Чарговая інтэрпрэтацыя датуецца 1983-м. «Пікавая дама» сталася эмблемай рускай оперы. Яе нельга ставіць хутка ці непрадумана. Моц матэрыялу вымагае незвычайнай напружанасці творчай думкі — эксперыментальнай, свежай, дыскусійнай.

Таццяна Мушынская: Добра, што трупа мае магчымасць працаваць з рознымі рэжысёрамі. Толькі ў мінулым сезоне нямецкі пастаноўшчык Іахім Фрай ставіў у нас «Лятучага Галандца». Эстонец Неэме Кунінгас — «Рыгалета». «Пікавую даму» ўвасобіў Пламен Карталаў, рэжысёр і дырэктар Сафійскай оперы. Рашэнне зразумелае. Яго пастаноўка вагнераўскага «Зігфрыда», паказаная ў Мінску ў снежні 2012-га на Оперным форуме, уразіла многіх. Думаю, на гэта паўплывалі ўражанні ад музыкі і паэтыкі Вагнера, якога мы ведаем мала. Засталася ў памяці неверагодная свабода выканаўцаў вядучых партый.

Структуру «Пікавай дамы» Карталаў крыху змяніў. Але гэта не выклікае пярэчанняў. У Чайкоўскага тры дзеі і сем карцін. Тут колькасць карцін і іх паслядоўнасць захаваліся. Але спектакль мае цяпер дзве дзеі. Трэцюю карціну, баль, рэжысёр далучыў да 1-й часткі спектакля. На маю думку, атрымалася больш дынамічна.

Алена Лісава: Пастаноўшчык сцвярджае: «Цэнтральнай кропкай для разумення канцэпцыі спектакля з’яўляецца пятая карціна. Сцэна ў казарме. Там прыкметны працэс “атуманьвання” псіхікі Германа, яго свядомасці і пераўтварэння ўсіх персанажаў у прывіды, адначасовае існаванне героя ў пазіцыях “былое-цяперашняе”, “рэальнасць-іррэальнасць”».

Таццяна Мушынская: Сказана прыгожа. А што ў спектаклі? Канцэпцыя існуе не ў абстрактным выглядзе, а ўсведамляецца праз сцэнічнае ўвасабленне. Праз збалансаванасць асобных частак. Праз узаемадзенне аркестра і хору, аркестра і салістаў. Першы паказ выклікаў цікавасць, але і разгубленасць. Пачуццё недагаворанасці. Адчуванне, што часткі спектакля, яго пазлы, пакуль не з’ядналіся ў агульную карціну.

Алена Лісава: Калі разважаць пра рэжысёрскае рашэнне спектакля, дык чаканні нашмат пераўзыходзілі вынік. У пастаноўцы бачу безліч абяцаючых «пачаткаў», якія пакінуты без працягу, а таму глядзяцца недарэчна. Адным з лепшых момантаў спектакля мне падаўся імклівы выхад і знікненне хору ў сцэне навальніцы, падчас якой Герману здаецца, нібыта ён вязне ў нейкай твані. Чаму гэтая знаходка не падтрымана? Чаму такія ж выхады не ўзнікаюць у сцэне балю, калі Герман, што называецца, «працягвае вар’яцець» і агромністая прастора сцэны не запоўнена? Інтрыгуе пачатак дзявочых пасядзелак у пакоі Лізы. Сентыментальна-элегічныя выхады князёўнаў абяцаюць і далейшае развіццё статуарна-пластычнай манеры, унясенне ў оперу элементаў харэадрамы. Але гэтага не адбываецца, і ўзнікае пытанне: а навошта дзяўчаты «ламаліся»?

Таццяна Мушынская: Дзіўлюся, якімі рознымі могуць быць ацэнкі! Сцэну падчас навальніцы рэжысёр вырашаў разам з харэографам Аляксандрай Ціхаміравай. Але гэта відавочная пластычная цытата з пастаўленага ёю ж балета «Шчаўкунок»! Калі ў 2-й карціне на сцэне па чарзе з’яўляюцца сяброўкі Лізы, здаецца, што гэта пачатак балетнага спектакля і далей усе будуць танцаваць. А чаму тады яны спяваюць? Харэографам прыдуманы і эпізод у сцэне балю. Так, у ХХІ стагоддзі жанр пастаралі можна ўспрымаць толькі з пэўнай іроніяй. Але ці стасуецца стыль салоннага XVIII стагоддзя з эратычна-разняволенай пластыкай ХХІ? Музыкант, якая сядзела побач, задуменна і саркастычна заўважыла: «І чаму столькі мізансцэн адбываецца на падлозе?!»

Алена Лісава: Засталося ўражанне, што рэжысёр не вельмі чуйна слухае музыку. Яго героі сядзяць, калі музыка бяжыць і хвалюецца, і рухаюцца, калі ідзе няспешнае разгортванне музычнай думкі. У Летнім садзе героі бязладна бадзяюцца па сцэне за няйменнем нейкай лавы...

Тацяна Мушынская: Не, калі візуальнае рашэнне абагульненае, бутафорыя на сцэне зусім не патрэбная!

Алена Лісава: У любоўнай сцэне Германа і Лізы «не пачуты» момант «здранцвення» (відаць, рэжысёр палічыў, што Ліза проста не заўважае Германа). Не да месца ўзнікаюць два крэслы, і Герман пытаецца: «Ты плачешь?» у Лізы, якая ўжо пяць хвілін таму стулілася ў класічнай позе плачу. Гэта дробныя, але відавочныя недарэчнасці, пазбавіцца якіх проста, таму хочацца гукнуць: чаму вы іх не бачыце?

Таццяна Мушынская: Складнікі спектакля — як злучаныя сасуды. Калі штосьці пачынае раздражняць у мізансцэнах і інтэрпрэтацыі вобразаў герояў, то бляск і глыбіня музыкі, увасобленыя аркестрам, пачынаюць знікаць. Ідэальнае ж супадзенне рашэння музычнага, рэжысёрскага і сцэнаграфічнага ўзмацяе ўражанне да неверагоднасці!

Што здзіўляе ў нашым спектаклі? На сцэне віруюць страсці, руйнуюцца лёсы. Драма, трагедыя! Графіня памірае, Ліза, падманутая ў сваім каханні і надзеях, у адчаі кідаецца ў Няву. І Герман заканчвае жыццё самагубствам. Знікае шчасце, а герояў неяк і не надта шкада. Да іх мала спачування. Чаму так атрымалася? Здаецца, у сваім імкненні да навізны канцэпцыі Карталаў крыху «перамудрыў».

Думаю, прынцыповая памылка рэжысёра ў тым, што ён зрабіў Германа ад пачатку хворым. Нервовым, раздражнёным. Дэманам ці спараджэннем пекла. Оперным варыянтам Раскольнікава са «Злачынства і пакарання». Толькі гэты цікуе за бабуляй не з сякерай, а з пісталетам. Але чалавек неадэкватны не будзе называць сябе хворым, а будзе лічыць ненармальнымі ўсіх вакол. Калі Герман эмацыйна і псіхічна неўраўнаважаны апрыёры — дык праблема са сферы мастацтва пераходзіць у сферу медыцыны.

Успрыманне галоўных герояў шмат у чым залежыць ад мастака па касцюмах. Колер — моцны сродак эмацыйнага ўздзеяння, бо шматзначны. Заўважце: Герман увесь час у чорным. Не думаю, што гэта вонкавае ўвасабленне чарнаты душы. Змрочным колерам мастак нібы адлучае героя ад астатняга асяроддзя. Томскі — у гусарскім менціку, Чакалінскі і Сурын — у высакародных блакітна-шэрых строях. І Герман на іх фоне, побач з імі нібыта ізгой і… папярэднік рэвалюцыянераў-дэмакратаў. У чорным ён на балі і ў казарме. Калі зусім бедны, дык такіх не запрашаюць у палац. Калі афіцэр, дык, пэўна, на службе ходзіць у іншым.

Алена Лісава: Вобраз Лізы ў выкананні Ніны Шарубінай — адзін з самых удалых у спектаклі, нягледзячы на некаторыя недарэчныя задачы, пастаўленыя рэжысёрам перад салісткай. У ім найменш надуманага, ён традыцыйны ў лепшым сэнсе слова, а моцны і гнуткі голас спявачкі найбольш адпавядае раскрыццю псіхалагічнай драмы гераіні. Герман у выкананні Сяргея Франкоўскага — эмацыйна і вакальна наэлектрызаваны, узрушаны, часам сапраўдны вар’ят. Але ўпершыню падалося, што спявак працуе без натхнення. А замінала яму існаваць на вастрыні энергетыкі так і не вырашаная ў канцэпцыі оперы дылема — ці кахае Герман Лізу? А як іграць, калі галоўнае пытанне засталося без адказу...

Таццяна Мушынская: Пагаджуся і запярэчу. Сапраўды, Сяргей Франкоўскі — выдатны драматычны тэнар, выканаўца вядучых партый (Каварадосі, Калаф, Радамэс). Без яго многія спектаклі тэатра не маглі б існаваць. Але ён паверыў рэжысёру і пайшоў услед за ягоным разуменнем вобраза. У выніку атрымалася тое, што атрымалася. Калі тэатр пачынае працу над такой маштабнай операй, думаю, ён павінен мець у сваім складзе больш драматычных тэнараў. Бо дзве прэм’еры запар для аднаго выканаўцы — занадта!

Але вярнуся да псіхалогіі. Калі гледача не заўсёды пераконваюць матывацыі Германа, гэта ўплывае і на ўспрыманне вобраза Лізы. Ніна Шарубіна — уладальніца моцнага і насычанага драматычнага сапрана, яркая і экспрэсіўная Тоска, Яраслаўна, Амелія. Але няўжо Ліза не бачыць, што гэты бедны і нервовы Герман неадэкватны? Навошта ёй, унучцы графіні, багатай нявесце, выбіраць яго, а не князя Ялецкага?

Як ні дзіўна, але ў першай прэм’еры найбольшую спагаду выклікаў у мяне князь Ялецкі (Уладзімір Пятроў). Высакародны, бездакорны, ён, магчыма, ідэалізуе нарачоную. Рэжысёр не прымушаў яго, як Германа, мітусіцца і хапацца за галаву. Але яго выхаванасць, прадказальнасць паводзін, стрыманасць уражваюць болей, чым хаатычны рух па сцэне. Вобраз атрымліваецца шматзначным, хоць вакальнага матэрыялу няшмат — рэплікі ў першай сцэне, арыя «Я вас люблю, люблю безмерно...». Сцэна Лізы і князя на балі зроблена Шарубінай і Пятровым віртуозна. Паводзіны Ялецкага ў ігорным доме пераконваюць: яго сэрца разбіта і шчасце разбурана. Такімі неўраўнаважанымі людзьмі, як Герман і Ліза.

На пачатку 2014 года «Мастацтва» змясціла шэраг прагнозаў на будучы сезон. Тады я пісала: у будучай «Пікавай» самым пераканаўчым Германам будзе Эдуард Мартынюк. Можаце не верыць, але так і аказалася! Трэцяя па ліку прэм’ера сабрала такі склад: акрамя згаданага Германа, гэта Таццяна Гаўрылава (Ліза), Алена Сало (Графіня), Ілья Сільчукоў (Ялецкі). У гэтым спектаклі нічога не раздражняла і не перашкаджала. Магчыма, часткі пастаноўкі пачалі ўзаемадзейнічаць. Верагодна, маладым артыстам прасцей зразумець псіхалогію і ўвасобіць імпэт маладых герояў. Магчыма, Мартынюк не паверыў да канца вынаходніцтвам рэжысёра, а даверыўся ўласнай інтуіцыі. Ён зыходзіў з простай, відавочнай высновы: персанаж, які не пакідае сцэну, павінен быць абаяльным і харызматычным! Нават калі памыляецца. Толькі тады мы сочым з цікавасцю і хваляваннем за яго ўчынкамі і лёсам.

Але і Ліза, чый вобраз Таццяна Гаўрылава раскрывае паступова, здаецца, ідэальна адпавядае менавіта гэтаму Герману. Сцэна герояў у 2-й карціне складаная. Бо пабудавана на зменлівасці эмоцый, станаў, матывацый, барацьбе пачуццяў. На пачатку гераіня ўпершыню бачыць Германа зблізку і размаўляе з ім. У фінале сцвярджае: «Я — твая!» Значыць, яго харызма і абаяльнасць павінны быць бязмежныя, каб яна забылася пра ўсё — здаровы сэнс, жаніха і вяселле. Ялецкі Ільі Сільчукова выглядае высакародным, але «правільным», унутрана не надта рухомым і крыху прэсным. У параўнанні з імпульсіўным і артыстычным Германам Мартынюка ён прайграе. Таму паводзіны Лізы і яе выбар становяцца лагічнымі. І драма, увасобленая Чайкоўскім, набывае размах.

Алена Лісава: Некаторыя рэаліі спектакля падаліся ўдалымі і свежымі. Бачанне вобразу Графіні не як «жывога мерцвяка» (гэта штамп музычнай крытыкі, а не ўласна партытуры), а як валявой жанчыны, якая яшчэ танчыць на балах. Па волі рэжысёра ці салісткі Наталлі Акінінай, але новы вобраз Графіні мае перспектывы для сцэнічнага ўзбуйнення.

Таццяна Мушынская: У трэцім паказе оперы Графіню спявала Алена Сало. Падалося, яна больш пераканаўчая за Графіню Акінінай. Вакал абедзвюх не абмяркоўваю, ён амаль ідэальны, як і французскае вымаўленне. Гераіня Акінінай бадзёра рухаецца, не выглядае «восьмидесятилетней каргой». Яна ўспрымаецца не як бабуля, а прыемная цётухна Лізы. Недарэчная карона на галаве ў сцэне балю робіць з Графіні хутчэй каралеву, чым старую вядзьмарку. Запамінаюцца надзіва выразныя рукі Графіні ў перадсмяротны момант. Яны трымцяць ад страху, нібы зрокавае ўвасабленне душы, што не хоча развітвацца з целам.

Стасункі Германа і Графіні, узаемны страх, жудасць і відавочнае прыцягненне больш дакладна ўвасобленыя Мартынюком і Сало. Бо калі на першым паказе героі спявалі ў 1-й карціне славуты квартэт «Мне страшно…», я не магла зразумець, чаму ім — страшна, а мне — не? А ў вобразе, створаным Сало, больш злавеснасці. Графіня выклікае пачуццё агіды і страху. І перад тайнай трох карт, і перад тайнай смерці наогул. А што датычыць Германа і яго двухаблічнай жарсці — да каханай і да багацця, дык у пэўны момант адбываецца падмена. Паняццяў, мэты і страсці. Тайна трох карт аказваецца больш прыцягальнай. І артыст тонка перадае моманты вагання.

Алена Лісава: На жаль, у спектаклі ёсць недарэчнасці, якія выклікаюць культуралагічны шок. Ліза з чамаданам, прывід Графіні з прасцінай на галаве — прабачце, але гэта жах!

Таццяна Мушынская: Наконт Графіні — не пагаджуся! Падалося, што рэжысёрам якраз выразна пастаўлены сцэны ў казарме. Яна ў белым, твару не відаць, але ад таго жудасць большая. Яе вядзе ваенны ў камзоле і парыку. Мо сапраўды той граф Сен-Жэрмен, ад каго яна даведалася таямніцу карт? Графіня Сало так пяшчотна, амаль як каханага, абдымала таго, хто прагнуў даведацца яе тайну, што нараджалася адчуванне: у гэты самы момант і адбываецца канчатковы надлом псіхікі героя. Абдымкі старой — быццам абдымкі д’ябла. Шляху назад няма — і да каханай Лізы, і да рэальнасці Герман Мартынюка болей не вернецца.

Алена Лісава: На маю думку, ва ўмовах няўдачы «рэжысёрскага тэатра» функцыю пратаганіста ўзяў на сябе Андрэй Галанаў, музычны кіраўнік пастаноўкі, дырыжор, вельмі чуйны да музыкі. Амаль з нуля (опера не ішла больш за 15 гадоў) ім увасоблена трапяткая музычная партытура, эмацыйна дакладная, багатая галасамі, якія добра праслухоўваюцца. Яго прачытанне інтэлігентнае: моманты жаху не завостраныя, лірычныя тэмы не экзальтаваныя, усе пачуцці шчырыя. Выдатна выконваюцца павольныя фрагменты, і наогул падкрэслена пявучасць музыкі, а не яе ліхаманкавасць. Красамоўны прыклад — пачатак сцэны ў спальні Графіні, дзе тэма ў струннай групы інтануецца без істэрыкі і рыўкоў.

Таццяна Мушынская: Напярэдадні прэм’еры Галанаў распавёў, што існуе тры рэдакцыі клавіра «Пікавай» і дзве рэдакцыі партытуры. Супастаўляючы нотную першакрыніцу з наступнымі, дырыжор імкнуся зразумець пачатковую задуму і змены, унесеныя падчас самай першай пастаноўкі. Галанаў бачыў сваю задачу ў тым, каб вярнуцца да першай версіі клавіра, напісанага на адным дыханні.

Алена Лісава: У «Пікавай» хапае харавых фрагментаў. Але ў апошняй пастаноўцы па волі рэжысёра традыцыйны харавы складнік крыху прыхаваны. Шэраг хораў перанесены за сцэну ці ўглыб яе. Ад таго пацярпелі хары нянек і гувернантак у 1-й дзеі, якія пачалі гучаць глухавата, іх сэнс можна зразумець толькі дзякуючы бягучаму радку.

Таццяна Мушынская: Крыху шкада хору прыжывалак у спальні Графіні («Благодетельница наша...»), які таксама зрабіўся закулісным. Ён ствараў моцны кантраст паміж прыгнечана-прыніжаным станам асяроддзя і веліччу Графіні.

Алена Лісава: Але выдатную падрыхтаванасць хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч прадэманстраваў у сцэнах балю і ў ігорным доме...

Таццяна Мушынская: І апошняе, на чым яшчэ не спыніліся, — сцэнаграфія «Пікавай».

Алена Лісава: У анонсах спектакля заяўлена тэма ігры затуманенай свядомасці героя. Моцную аснову для яе ўвасаблення дае сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі. Шматфункцыянальнае рашэнне задніка сцэны. З дапамогай перпендыкулярна ўсталяваных вялізных люстраных паверхняў адбываецца «расшчапленне» агульнага малюнка на імпрэсіяністычныя фрагменты. Але ёсць дэталі сцэнаграфіі, нязручныя ў выкарыстанні, яны замінаюць артыстам і ўспрыманню вобразаў. Каб іх перасунуць, на сцэну выходзяць (няхай і ў паўзмроку) рабочыя. Прычым у самыя нечаканыя моманты.

Таццяна Мушынская: Увогуле сцэнаграфія эфектная і стыльная, пазбаўленая ілюстрацыйнасці. На велізарных люстраных паверхнях узнікаюць сілуэты Летняга сада і Петрапаўлаўскай крэпасці — візуальных знакаў Пецярбурга. А пазней — пышнага палаца кацярынінскай эпохі. Паверхні мяняюць канфігурацыю і ператвараюцца ў пакой Лізы, спальню Графіні ці казарму, дзе пакутуе і трызніць Герман. Або рассоўваюцца, вызваляючы прастору для бальнай залы. У апошніх карцінах оперы чорна-люстраныя паверхні расступаюцца, нібы хвалі Нявы, і хаваюць у сваёй глыбіні гаротную Лізу. Ля іх, як ля варот пекла, будзе стаяць Герман у фінале. Люстраная фактура аказваецца надзіва эфектнай і сапраўды тэатральнай, калі спалучаецца з прадуманым светлавым рашэннем.

Падводзячы вынікі гаворкі, заўважу: нягледзячы на выказаныя заўвагі, новая «Пікавая дама» — усё-такі маштабная работа тэатра. Хоць і небясспрэчная. Але спектакль будзе ўдасканальвацца і набываць размах менавіта праз акцёрскія працы. У верасні чарговы сезон адкрываецца якраз двума паказамі оперы Чайкоўскага. Пераканана: прэм’еру калектыў уключыць і ў праграму чарговага Опернага форуму, які пройдзе ў снежні. Пабачым, ці набярэ спектакль абароты. Таксама цікава пачуць, як ацэняць новую «Пікавую» замежныя музыказнаўцы. Для таго, каб зверыць нашы гадзіннікі...

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі