Код гісторыі

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Выстава да ўгодкаў паўстання 1863—1864 гадоў
Праект «Памяць іх ценям» стаў спробай мастакоўскай рэвізіі паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У нашай гістарыяграфіі даследаванні гэтай падзеі вызначаюцца пэўнай палітызаванасцю, што, безумоўна, не спрыяе паслядоўнасці разгортвання навуковага падыходу.

Адмыслоўцы ў адзін голас сцвярджаюць пра неабходнасць з’яўлення героя-легенды, патрэбнага кожнаму беларусу. Гісторыя з’яўляецца важным чыннікам нашага штодзённага жыцця (незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не) — як навука, знаёмая ўсім са школьнай парты, як непаўторная крыніца творчага натхнення, як адзін з кампанентаў фарміравання асобы. Убудаваная ва ўсе сферы жыцця, гісторыя не пакідае выбару: нас вызначае тое, як мы ставімся да мінулага.

«Памяць іх ценям» — выстава калектыўная, амаль камандная: на агульны вынік спрацаваў кожны складнік, кожны твор. Цэнтральнымі сталі пытанні самасвядомасці, якія можна інтэрпрэтаваць рознымі спосабамі. З аднаго боку, вялікую цікавасць выклікаюць адносіны, узніклыя на мяжы ўнутранага і знешняга транслявання гістарычных фактаў, а з іншага — мадэляванне духоўнай спадчыны праз адстойванне пазіцый нацыянальнага гонару і шляхетнасці, захаваных у калектыўнай памяці.

На выставе былі прадстаўлены працы аўтараў розных пакаленняў, але менавіта новая генерацыя рэфармавала звыклы падыход да арганізацыі групавых выстаў і дадала нечаканыя ноты ў агульнае гучанне экспазіцыі. Пра іх і пойдзе размова. Старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца зазначыў падчас адкрыцця: «Мая задача была прыцягнуць як мага больш маладых удзельнікаў, якія працуюць у гэтак званым актуальным мастацтве. Бо стаяла мэта: узняць нашых герояў на іншы ўзровень, вырашыць іх вобразы з дапамогай новай пластычнай мовы. Незалежна ад даўніны, падзеі 1863—1964-х гадоў натхняюць цэлыя пакаленні творцаў, бо ні мастацтва, ні подзвіг не маюць тэрміну прыдатнасці».

Нязвыклую візуалізацыю колераў штандара паўстанцаў прапанаваў Алесь Кудрашоў: у сваёй працы ён мінімалістычна падкрэсліў празрыстасць чырвонага на бясконца белым палатне. Што меў на ўвазе аўтар — беларускую гісторыю, чыстую як снег ад палітычнай інфармацыі? Чалавечую свядомасць? Адно відавочна — маленькі агеньчык расфарбоўвае белае поле ў чырвань, калі свеціць праз прызму чалавечага сэрца — вострага яскравага кавалка, невялічкага надмагілля абыякавасці...

Інсталяцыя Алены Гайдук «Забарона чорнага» з трох дзясяткаў сукенак — сведчанне жаночага пратэсту супраць рэпрэсій перыяду паўстання. Жанчыны апраналіся ў чорнае, каб падтрымаць сваім маўклівым супрацівам мужоў, сыноў, бацькоў, якія са зброяй у руках баранілі агульныя для ўсіх каштоўнасці. Жаночы перформанс зрабіўся настолькі масавым, што Мураўёў, кіраўнік падаўлення інсургенцыі, выдаў загад на забарону жалобнай вопраткі. Трыццаць простых чорных сукенак — увасабленне пагрозы ад той часткі насельніцтва, якую звычайна лічаць бяспечнай.

Група маладых творцаў — Алеся Галота, Аліна Швядкова і Уладзімір Грамовіч — прадставілі два творы. Аб’ект «Жырандоль» зводзіць крывавыя падзеі любой вайны да каляровага жарту. Другі твор — інсталяцыя з некалькіх жывапісных палотнаў розных памераў. Сцяг, гербавая дошка і ваенная фуражка ўтрымліваюць адзін і той жа малюнак-арнамент — блакітнае бесклапотнае неба з лёгкімі аблокамі — сімвалічнае ўвасабленне апалітычнасці.

Акцэнт на моладзь быў зроблены нездарма. Жыццё Кастуся Каліноўскага абарвалася ў 26 гадоў, але ён паспеў пакінуць плённую спадчыну, якая сілкуе творцаў да гэтага часу.

Маладосць лёгка вызначаецца з чорна-беласцю свету. Пэўнасць выбару — прэрагатыва юнага сэрца. Па меры сталення, павелічэння адказнасці і прымервання розных сацыяльных роляў усведамляеш наступствы выбару, а таму кампраміс, утвораны з сумесі бела-чорнага стракатага свету, паступова выглядае як шматлікія адценні шэрага. Падман дзеля дабра, утойванне дзеля спакою і гвалт дзеля вялікай мэты... У складанай сітуацыі лёгка зрабіць выбар на карысць больш камфортных абставін і ісці на чарговае пагадненне з сумленнем, пакуль не перастанеш заўважаць, на якім баку праўда.

Аналізу хуткіх меркаванняў быў прысвечаны твор Яўгена Шадко, аднагодкі Кастуся нашага часу. У белым студыйным фотабоксе са спецыяльнай падсветкай ды бялюткімі сценкамі размешчана пара стаптаных ботаў. Аб’ектам увагі ўяўнага фатографа стаў стары армейскі абутак. Мастак разважае пра працэс успрымання рэчаў і імгненную ацэнку ўбачанага, незалежна ад перадгісторыі аб’ектаў увагі. Мода на ваенную вопратку і абутак даўно стала звыклай. Моладзь апранае нагавіцы абаронных колераў з мноствам кішэняў, утульныя курткі і зручныя для доўгай хады боты, але не заўсёды юнак, выбіраючы для сябе такі стыль, мае хоць нейкае дачыненне да ваенных дзеянняў ці нават бытавога гвалту. І што ў такім выпадку перад аб’ектывам фэшн-фатографа — вайсковыя берцы, на якіх кроў і чалавечы жах, ці вандроўніцкія боты пад пылам дарог, пройдзеных маладым мастаком у пошуку новага сюжэта для твора?

Магчыма, эстэтычнае прымірэнне з уласнай гісторыяй і кожным яе чыннікам — ад вышыні гонару за моц і рашучасць да глыбіні адчаю за смерць ды абыякавасць — адзінае выйсце для чалавека ў эпоху падменных каштоўнасцей і пагрозы страты адчування каранёў. Але не ў самотным трызненні варта згадваць важныя з’явы нашай гісторыі. Аб’яднаўшыся, ствараем новую.

Асоба Кастуся Каліноўскага знайшла ўвасабленне ў песнях, раманах, тэатральных пастаноўках, жывапісных палотнах: натхняльныя словы рашучасці, напісаныя ў час журбы і перад блізкай смерцю, гарачы позірк, што ловім на яго рэдкіх партрэтах... Кожнае новае пакаленне перажывае падзеі сівой даўніны і дадае новыя дэталі ў стварэнне легенды. Імя Кастуся стала намінальным, яго словы разабраны на цытаты, выява стала штандарам. Пазнавальны малюнак, выкананы ў розных тэхніках, заняў месца на вопратцы, на татуіраваных плячах, трансфармаваўся ў знак, лагатып.

Выстава «Памяць іх ценям» — сумоўе маладых і сталых аўтараў, адкрытая пляцоўка для абмеркавання, спосаб скарэктаваць сваё светаўспрыманне і вызначыцца, што для нас чорнае, а што бездакорна і асляпляльна бела

Наталля ГАРАЧАЯ