Імпэт і колер

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Выстава Наталлі Чарнагаловай
Жывапіс разарваў прастору залы Палаца мастацтва вольнай экспрэсіяй колеру і формы. Працы самых розных фарматаў, зробленыя ў разнастайных каларыстычных варыяцыях, лучыць хуткі рух рукі. Асаблівасць творчай манеры мастачкі Наталлі Чарнагаловай у тым, што яна стварае свае карціны пальцамі.

Тлумачыць гэта тым, што пэндзлі раней былі для яе занадта дарагімі. Мне здаецца, што яна вельмі ўдала знайшла тэхніку пісьма, адпаведную як свайму тэмпераменту, так і стаўленню да натуры і ўласнай работы. Мастачка арганічна працуе з масамі фарбы, чыстымі лакальнымі колерамі, апантана змешваючы іх непасрэдна на самім палатне. Стылістычна гэта сумесь пуантылізму з абстрактным імпрэсіянізмам. У выніку — нешта іншае: асобаснае выказванне творцы без асаблівых аглядак на каноны і правілы. У пуантылізме выява ўзнікае аптычным чынам — з кропак лакальных колераў. У абстрактным экспрэсіянізме першасная структура, што выяўляе ўнутры сябе экспрэсію ўласнага ўзнікнення. Спалучаючы абодва метады-пасылы, мастачка атрымлівае і абрыс рэальнага, і энергію стварэння, якую імкнецца затрымаць з дапамогай гэтай імпэтнай тэхнікі. Як ні дзіўна, свае краявіды, нацюрморты і партрэты Наталля Чарнагаловая піша з натуры. Прыгледзеўшыся да яе твораў на выставе, за віхурай ліній і плям можна ўбачыць выяву і правесці класіфікацыю паводле жанру.

Яе працы — як і працэс іх стварэння — чыстая ілюстрацыя адной з тэорый нараджэння мастацкага твора з творчага імпульсу, які дзейнічае на мастака на падсвядомым узроўні. У некаторых творцаў ён становіцца ўсёпаглынальным — як жывая істота, імплантаваная ў чалавечую псіхіку.

Аднак дамо слова самой мастачцы...

Пра тэхніку

«Я не належу да якой-небудзь плыні беларускага мастацтва, развіваюся сама па сабе. Гадоў трыццаць таму паспрабавала пісаць рукамі. Спадабалася. Стала на палатно размяшчаць фарбы чыстых колераў і змешваць іх там жа. Палітра — гэта мая карціна. Дзесьці я стараюся спадабацца, там я фігуратыўная, іначай — атрымліваецца абстракцыя. Задаволіць усіх немагчыма. Чакаць аднолькавых адносінаў да мастацтва — таксама не выпадае. Аднойчы на польскім пленэры раскінула плямы на некалькіх маленькіх палотнах, маўляў, тут будуць кветачкі, а тут — краявід. Зрабіла абстрактныя загатоўкі. Аднак польскім гледачам яны якраз і спадабаліся. Прасілі нічога рэалістычнага не дадаваць, пыталіся, колькі каштуе».

Імпульсы

«Працую толькі ў добрым настроі і кожны дзень, жывапіс для мяне як паветра. Ранкам, пакуль не ствару карціну, нават не дазваляю сабе кавы выпіць. Ні з кім не размаўляю. Я павінна разрадзіцца — атрымаць асалоду ад працэсу. Пішу хутка, бо хутка перагараю, не магу доўга працаваць. Цікавы імгненны эфект.

Аднойчы спрабавала пісаць з заплюшчанымі вачыма, у цемры, пад джаз, ледзь дачакалася раніцы, каб паглядзець пры дзённым святле, што атрымалася. Лепш, чым з адкрытымі вачыма. І я зразумела, што трэба менш думаць, а працаваць у куражы, выплюхнуць тое, што маеш, і даверыцца сваёй душы. Хай яна плача і спявае, як хоча. Дай ёй свабоду.

Прывезла мальберт з сабой у Мінск, не ўяўляю, як гэта — не пісаць».

Назвы твораў

«Назвы — мае вершы, я сорак гадоў іх пісала, але нікому не паказвала. У экспазіцыю яны ўвайшлі арганічна: і жывапіс, і літаратура — увасабленне пачуццяў і эмоцый...»

Пра інсталяцыю

«Прывезла спрацаваныя фарбы і высыпала іх на падлогу. Адразу відаць, колькі патрэбна для таго, каб матэрыялізавалася мастакоўская ідэя. Скурчаныя, пустыя, я выціскаю іх дашчэнту, ні кроплі не пакідаю. Толькі адзін глядач цюбік падняў, здзівіўся, астатнія, відаць, не рашаюцца крануць твор мастацтва».

Натура

«Для працы мне патрэбна натура, без яе цяжка прыдумаць сюжэт. Як у мяне ствараецца абстракцыя: стаўлю нацюрморт, аднак прадметы мне не хочацца пералічваць, лаўлю асацыяцыі, унутраныя сувязі, пачуцці — і пішу. Люблю нешта дадумваць, але ніколі не паўтараюся. Любога мастака можна паўтарыць, мяне — не. Маю энергію не вымераць...»

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва