«Вулей» знаходзіцца там жа

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

Дарожныя нататкі мастацтвазнаўцы
У лістападзе 2013 года па запрашэнні нашай французскай знаёмай Дзіны Любіч — дачкі мастака Парыжскай школы, ураджэнца Гродна Восіпа Любіча — мы з супрацоўніцай музея «Прастора Хаіма Суціна» Святланай Хасіневіч адправіліся ў Парыж. Нас суправаджаў перакладчык і журналіст Юрый Абдурахманаў — лепшы знаўца творчасці Шрагі Царфіна, сябра Хаіма Суціна і таксама смілаўчаніна. Мэтай візіта было даследаванне спадчыны нашых землякоў — мастакоў Парыжскай школы — у калекцыях спадкаемцаў.

Дзіна Любіч, філолаг і мастачка, зрабіла ўсё, каб пазнаёміць нас з творчасцю свайго бацькі, са звязанымі з ім і яго сябрамі, выхадцамі з Беларусі, куточкамі Парыжа. Яна ўсё жыццё працавала ў аддзеле славістыкі Сарбоны і не забыла рускую мову, якую дасканаліла ва ўніверсітэце ў Маскве. У сваёй майстэрні Дзіна пазнаёміла нас з Мюрыэль Леві — маладой энергічнай жанчынай, рэжысёрам французскага тэлебачання і аўтарам лепшага дакументальнага фільма пра Суціна. На шкадаванне, што немагчыма трапіць у «Вулей», нечакана адказала: «Няма праблем, у мяне там жыве сяброўка-мастачка». Вось так у апошні дзень знаходжання ў французскай сталіцы мы апынуліся ў легендарным месцы.

У Парыжы нічога не мяняецца, нават адрасы! «Вулей» па-ранейшаму размешчаны па тым жа праездзе Данцыг, 2. Дабрацца да яго няпроста, метро побач няма. Паміж знакамітымі кавярнямі «Ратонда», «Дом» і «Вулей» — кіламетраў сем. Калі чытала пра Парыж, мне здавалася, што ўсё месціцца на адным пятачку, у межах трох-пяці кварталаў. Да 1910 года «Вулей» не быў звязаны з Манпарнасам ніякім транспартам. Даводзілася ехаць на трамваі, запрэжаным двума коньмі. Зразумела, чаму мастакі-эмігранты сядзелі ў кавярнях гадзінамі — шлях не блізкі, асабліва пехатою. Да праезду Данцыг дабіраемся бясконцымі вуліцамі і закуткамі, увесь час падымаемся ўгару, і вось — нарэшце! Знаёмая па фатаграфіях рашотка са знакамітай шыльдай, якая гэтак уразіла нашага банкіра — калекцыянера Віктара Бабарыку: з чатырох прыведзеных там славутых імёнаў (Шагала, Суціна, Лежэ, Цадкіна) тры — нашы. Фотаздымкі «Вулля» настолькі вядомыя, што рэальнасць не дадае новых уражанняў. Асноўная эмоцыя — радасць, што дайшлі і знайшлі. Толькі потым прыходзіць усведамленне, што за вялікімі жалезнымі варотамі, напалову схаваны пад плюшчом, стаіць адзін з самых важных сусветных мастацкіх цэнтраў XX стагоддзя.

Карын Дэамброзіс — наш гід па «Вуллі» — тонкая і зграбная грачанка гадоў 45-ці (пазней высветлілася, што ёй 52!). Яна працуе фатографам у антычным аддзеле Луўра, здымае экспанаты для альбомаў і каталогаў. Знаёмства са Святланай — «дырэктарам музея са Смілавіч» — робіць на яе ўражанне. Французы слова «Смілавічы» ведаюць: нядаўна адбылася выстава ў Парыжскай пінакатэцы «Вар’ят са Смілавіч». Але наўрад ці могуць уявіць аблічча рэальнага мястэчка ў 25 кіламетрах ад Мінска. Магчыма, лічаць, што тамтэйшы музей напоўнены шэдэўрамі Суціна.

Карын пачала экскурсію каля знакамітых дзвярэй з карыятыдамі. Гісторыя пра разбагацелага скульптара Альфрэда Бушэ і набыццё ім павільёна бардоскіх він з Сусветнай выставы 1900 года, пра яго ідэю кампаноўкі там майстэрняў у выглядзе сот — вядомая. У павільёне Бушэ надбудаваў два паверхі, разгароджаныя ўнутры на мноства пакойчыкаў. Атрымаліся трохкутныя памяшканні, праз цеснату мастакі называлі іх «трунамі»... Жыхары апошніх паверхаў станавіліся ўладальнікамі балкона пад дахам, які служыў яшчэ адным пакоем. Прадпрымальны скульптар купіў рашотку для галоўнага ўвахода (яна ўпрыгожвала павільён «Жанчына») і двух карыятыдаў з павільёна Інданезіі. Бушэ стаў здаваць памяшканні бедным мастакам за мізэрную плату — 37 франкаў за тры месяцы. Пазней вакол ратонды таксама былі пабудаваныя майстэрні — даволі бязладна, але прыгожа, агульная іх колькасць вырасла да 140. Так у 1902 годзе і нарадзіўся «Вулей», пры ім — тэатр на 300 месцаў (дзейнічаў да 1934 года). Хтосьці з французскіх крытыкаў трапна назваў гэтую камуну «вілай Медычы для беднякоў». Ветліва слухаем пра тое, што тут жылі вялікія мастакі, такія як Амадэа Мадзільяні, Хаім Суцін, Канстанцін Бранкузі, Фернан Лежэ, Мары Лорэнс, Міхаіл Кікоін, Аляксандр Архіпенка, Мішэль Сіма і перадусім — Марк Шагал. Умовы былі больш чым сціплыя: адзін водаправодны кран на ўсіх, туалет на вуліцы, холад у майстэрнях зімой, блашчыцы — біч большасці парыжскіх кватэр.

«“Вулей”!... Што за незвычайнае месца! Чаго там толькі не было! У “Вуллі” прадавалася і куплялася ўсё, што заўгодна. Усе жылі, як маглі. Сярод іншых памятаю чатырох рускіх, нігілістаў. Я да гэтага часу не магу зразумець, як яны ўмудраліся жыць у адным пакойчыку плошчай тры квадратныя метры і адкуль яны ўвесь гэты час бралі гарэлку», — згадваў Фернан Лежэ. «Выжываем нейкім цудам», — пісаў Леон Індэнбаўм сястры на радзіму. Але дах над галавой, надзея, братэрства, узаемадапамога і сяброўская падтрымка апраўдавалі ўсё. Разбагацеўшы, мастакі пакідаюць «Вулей», яго келлі запаўняюць іншыя мігранты... І так адбываецца ўжо 110 гадоў.

Падчас экскурсіі раптам аднекуль з кустоў нетаропка выйшаў тоўсты кот. «Гэта з суседняга дома, ён ходзіць сюды паесці», — каментуе Карын. З’яўленне ката зрабіла экскурсію менш афіцыйнай. Пасыпаліся пытанні: «Дзе менавіта была майстэрня Суціна? Ці можна паглядзець?» Паводле яго ўспамінаў, пад Шагалавай. Туды мы і кіруемся. Адкрываем запаветныя дзверы з карыятыдамі і ўваходзім. У вестыбюлі дошка аб’яў: каму за што плаціць, у каго якія выставы, шмат асабістых нататак. Як у студэнцкім інтэрнаце. Нязменная ў Парыжы вінтавая лесвіца — даволі крутая. «Новая, у “Вуллі” нядаўна быў рамонт, многае давялі да ладу», — распавядае Карын.

23 майстэрні па-ранейшаму арандуюць творцы розных нацыянальнасцей. Шмат хто тут і жыве, іншыя прыходзяць толькі працаваць... Новых кандыдатаў адбірае спецыяльная камісія, але майстэрні вызваляюцца рэдка: большасць жыхароў застаюцца там на ўсё жыццё. Сама Карын падавала заяўку 17 разоў, і яе просьбу задаволілі толькі тады, калі яе вялікая выстава ў Швецыі атрымала поспех.

Дзверы, дзверы, дзверы. За кожнай свой свет, сваё жыццё. Як і некалі. Грукаем у былую шагалаўскую майстэрню. Яе займае вядомы графік француз Філіп Лагатрэ, які жыве ў «Вуллі» з 1970-х гадоў. Яму 62, але ён выглядае значна маладзей свайго ўзросту. Думаю, мастаку надакучылі фатографы і цікаўныя наведнікі, але адмовіць Карын ён не можа і цярпліва зносіць наша ўварванне. Свет гэтай майстэрні мала нагадвае апісаны Шагалам. Куханька, кававарка, хімікаты, друкаваны станок, крэслы, маленькая канапа. Не разгарнуцца. А майстэрня Шагала была напалову меншай... Цяпер большасць былых «сот» пашырылі: аб’ядналі па два ці тры. Вялізныя вокны робяць пакоі вельмі светлымі. Від з акна на двор ранейшы. Філіп паказвае нам свой альбом каляровых лінагравюр «Натхненне. Гісторыя “Вулля”». Гэтая ілюстраваная гісторыя нагадвае комікс. Там ёсць усе тутэйшыя знакамітасці, у тым ліку Мадзільяні і Суцін, і гісторыя барацьбы за «Вулей» у пасляваенныя гады. Пра «Вулей» пачалі пісаць кнігі ўжо ў 1920-я (адны з першых — Марк Шагал і Жак Шапіро) і пішуць кожныя 10 гадоў. Французы знялі пра яго, напэўна, дзясяткі фільмаў. Аднак цікавасць да гэтага рамантычнага месца з багатай мастацкай гісторыяй не згасае.

Калі ў 1934-м Альфрэд Бушэ памёр, уся гаспадарка перайшла нашчадкам. За гады дзвюх сусветных войнаў «Вулей» значна пастарэў. Вялікія дрэвы былі высечаныя на распалку, домікі прыйшлі ў непрыдатнасць. Спадчыннікі Бушэ ў 1967-м збіраліся прадаць «Вулей» забудоўшчыкам пад паркоўкі і сучасныя дамы. Жыхары яго ўзбунтаваліся і звярнуліся да знакамітасцей, каб сабраць грошай і выкупіць зямлю. Быў створаны «Камітэт абароны» на чале з мастаком Сімонам Датам. У 1971-м пасля магутнай кампаніі, разгорнутай прэсай, падключылася грамадскасць. 19 студзеня 1972 года асобым указам урада Францыі «Вулей» быў абвешчаны гістарычным помнікам. Сімон Дат і многія іншыя знакамітыя насельнікі «Вулля», у тым ліку Шагал, зладзілі аўкцыён. Мільён франкаў нечакана ахвяравала жонка буйнога прамысловага магната Жэнеўеў Сейду. Створаны ёй «Ля руш Сейду фонд» стаў уласнікам «Вулля» і яго тэрыторыі ў пяць квадратных кіламетраў. Сёння «Вулей» існуе за кошт прыватнай дабрачыннасці і дзяржаўнай падтрымкі. У 1970-х гадах дзякуючы дапамозе Міністэрства культуры Францыі і ахвяраванням у фонд Сейду «Вулей» адрэстаўравалі. Тады і прыбылі новыя мастакі: Эрнест Піньён-Эрнст, Люцыя Фанці, Ціціна Маселі, Эдуарда Ару і наш знаёмы Філіп Лагатрэ. У адрозненне ад іншых камун мастакоў, «Вулей» закрыты для публікі: фонд не жадае ператвараць яго ў турыстычны аб’ект.

Мы просім дазволу ў Філіпа Лагатрэ сфатаграфаваць некаторыя аркушы з альбома і рушым далей. На тэрыторыі — некалькі будынкаў, і ўсе яны населеныя. Карын ведае кожнага жыхара. Яна вядзе нас з гістарычнага павільёна він у суседні дом, у сваю майстэрню на трэцім паверсе, дзе працуе з мужам Даніэлем Лэбі. Усё тут проста і функцыянальна, жыхары цэняць кожны сантыметр плошчы, надбудоўваюць унутры пакояў шматпавярховыя канструкцыі. Майстэрня-лабараторыя Даніэля на другім ярусе. Ён паказвае свае працы: фотаздымкі атэлье з вышыні столі, заснежаны «Вулей», партрэты сяброў, Парыж. Уражвае фатаграфія групы мастакоў за рашоткай «Вулля» пад парасонам. Яна тонка перадае атмасферу гэтага месца. Паляць тут неміласэрна: лаўкі, попельніцы расстаўлены ўсюды. Двор густа зарос плюшчом і хмызняком, абсыпаны апалай лістотай. «Тут летам мы загараем і смажым барбекю», — кажа Карын. Карціна ідылічная і рамантычная. Нездарма ў старасці Цадкін з настальгіяй згадваў пахучыя летнія вечары пад квітнеючымі акацыямі. Ідзем па вузкай сцежцы ля старой бронзавай скульптуры Альфрэда Бушэ. Амаль казачнае спалучэнне джунгляў і стыльнай містычнай скульптуры эпохі мадэрн асабліва чаруе. Як гэта ацалела ў першапачатковым выглядзе (чамусьці верыцца, што ў першапачатковым), немагчыма зразумець нам, беларусам, у якіх усё кардынальна мяняецца з кожным пакаленнем. «Вулей» жа застыў у часе. Ліхтароў тут няма і ніколі не было, і парыжскія восеньскія прыцемкі імкліва згушчаюцца. Усё раптоўна апускаецца ў апраметную цемру. «Каб не зламаць ногі, ходзім з ліхтарыкамі, хоць усе сцяжынкі ведаем на памяць, — смяецца Карын. — Хадземце піць гарбату да Леанарда, ён чакае».

Леанард Леоні — сябар Карын і скульптар-анімаліст — нарадзіўся ў «Вуллі» ў сям’і італьянскага мастака. Ад бацькі яму дасталася двухпавярховая кватэрка ў дальнім доме на ўскраіне сада. Леанарду за 80. На стварэнне скульптур, выкладзеных каляровай мазаікай, яго натхніў Гаўдзі. Леанард калісьці працаваў падручным над мазаікамі Шагала і Брака, і ўсе запэўніваюць, што смальта захавалася з тых часоў. Сам ён падобны да старога добрага фаўна, працуе проста ў райскім садзе «Вулля» ля ўвахода ў сваё жыллё. Леанард — парыжанін і па нараджэнні, і па прызванні. Ён рэдка выходзіць за межы квартала. Пры нас ён надпісвае канверты, рассылае запрашэнні на вернісаж сваёй выставы. «Гэты ўжо памёр», — праходзячы міма з імбрычкам гарбаты, кажа Карын. «Памёр? — трывожна глядзіць Леанард. — Яшчэ адзін канверт сапсаваў». Да смерці мастак ставіцца спакойна. Ён пражыў доўгае і цікавае жыццё. На сценах пакоя вісяць карціны, падораныя Леанарду знакамітымі творцамі, што даўно адышлі ў нябыт. Хлопчыкам ён часта ім пазіраваў. Памятае Шагала, Брака, Пікаса, на сцяне — падпісаныя Надзяй і Фернанам Лежэ графічныя аркушы. Леанард стварае свае работы з падручнага матэрыялу, з невычэрпнага запасу смальты або, напрыклад, з чорных фатаграфічных каробак Карын. Старанна прадрапвае і робіць графічныя творы і калажы. Звяры і людзі — абстрактныя і наіўныя, прасякнутыя дабрынёй іх творцы.

Леанард ахвотна распавядае пра жыццё, яму падабаецца цікавасць да яго асобы. Мы фатаграфуемся з ім і бярэм на памяць прыгаршню гістарычнай смальты. Карын апекуецца творцам і клапоціцца пра яго, як пра ўласнага дзядулю, прыносіць ежу, гатуе, прыбірае. Тут ёсць адчуванне братэрства мастакоў, агульнай сям’і. Зарабіць мастацтвам і зараз няпроста, хоць у мастакоў «Вулля» ёсць перавага месца — тут лунае дух геніяў ХХ стагоддзя. Водбліскі славы былых знакамітых пастаяльцаў рыкашэтам трапляюць і на сучасных. «Набыў карціну ў “Вуллі”» — гучыць крута.

Гаворым пра Суціна, расказваем, што да нядаўняга часу ў Беларусі не было яго прац, а зараз ёсць дзве. Адсутнасць карцін у родным горадзе мастака здзіўляе іх асабліва: «Чаму не куплялі раней, ён жа стаў знакамітым яшчэ да вайны?» На развітанне запрашаем летам прыехаць у Смілавічы, і Карын нечакана лёгка згаджаецца. Да нязведаных мясцін яе цягне цікаўнасць фатографа. Выходзім з сумам на асветленыя вуліцы Парыжа, і Карын у лёгкім швэдры (лістапад, хоць і цёплы!) забягае ў крамку за непазбежнымі цыгарэтамі. Яе вечар толькі пачынаецца...

Пазней, дзелячыся ўражаннямі ад гэтага наведвання, разважаем пра феномен «Вулля». Інтэрнат? Інтэрнацыянальны інкубатар талентаў? У чым справа? У эміграцыі і яе наступстве — выжыванні любым коштам? У амбіцыйным жаданні зарабіць і прабіцца ў кола французскай і сусветнай мастацкай эліты? Развіты міжнародны мастацкі рынак? Паветра Парыжа? Чаму эфект «Вулля» не спрацоўвае цяпер? Чаму ў нас немагчымыя падобныя з’явы? Камуны мастакоў былі ў інтэрнатах пры Віцебскім мастацкім тэхнікуме, пасля ў Акадэміі мастацтваў, Парнаце. Але нашы студэнты, у адрозненне ад эмігрантаў, атрымлівалі стыпендыі і мелі падтрымку з дому. Майстэрні пры Мастацкім камбінаце, заселеныя з 1930-х гадоў, вядомы дом мастакоў на вуліцы Сурганава, пабудаваны адмыслова для творцаў па ініцыятыве Пятра Машэрава, існуюць і цяпер. Там у даволі камфортных умовах беларускія мастакі працуюць побач ужо трыццаць гадоў — у другім пакаленні, выконваючы дзяржаўныя або прыватныя заказы. Тое, ды не тое.

«Вулей» быў не толькі арэндным жыллём для мастацкіх эмігрантаў, але і ўтапічнай марай яго заснавальніка Альфрэда Бушэ пра мастацкі фаланстэр, дзе ўсе працуюць разам на агульнае дабро. На «агульнае дабро» ніхто, зрэшты, не працаваў, урокі Бушэ наведваліся кепска, а пасля смерці пра яго нейкі час не згадвалі. Вучыліся адзін у аднаго, на выставах і ў музеях. Адзінае, што рабілі разам, — скідваліся на натуру. Бушэ на схіле жыцця наракаў, што ён як курыца, што знесла качынае яйка. «Вулей» насуперак яго жаданню стаў не камунай, а прытулкам, сховішчам, марай ізгояў, якія і не думалі, што стануць неўзабаве «мастакамі Парыжскай школы». Пінхус Крэмень нават называў «Вулей» сваёй новай радзімай!

Сёння там працуюць больш за 60 мастакоў з розных краін. Сярод іх ужо няма гнаных і жабракоў, яўрэяў-эмігрантаў з краін Усходняй Еўропы. Сучасныя насельнікі не змагаюцца за выжыванне. Туды, як у дарагі элітарны клуб або ў прэстыжную дыпламатычную ВНУ, высокі конкурс, які выйграюць адзінкі. Мы пазнаёміліся толькі з чатырма з гэтых шчасліўцаў і пераканаліся, што сама іх прысутнасць захоўвае дух «Вулля» лепш, чым любы музей, які там можна было арганізаваць. Па сутнасці, «Вулей» — гэта жывы музей, падобнага якому няма больш нідзе ў свеце.

Надзея УСАВА