Прывід «Чорнага квадрата»

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

«Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта»
Да Чэмпіянату свету па хакеі быў прымеркаваны шэраг мастацкіх мерапрыемстваў. Выставы ў будынку па праспекце Пераможцаў, 14 «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» і «Сто гадоў беларускага авангарда» — найбольш значныя з іх. Гэта часткі аднаго праекта, падрыхтаваныя Цэнтрам сучасных мастацтваў і Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва.

«Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта»

Антыпрастора для выстаў

Пасля выставы «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» хочацца абвяшчаць дэкларацыі і пісаць маніфесты, галоўным чынам наконт таго, чаго нельга рабіць ні ў якім выпадку. Гэтае падсумаванне — нават не маё прыватнае меркаванне, а калектыўная думка, агучаная, у тым ліку, і на афіцыйным абмеркаванні згаданай экспазіцыі.

Першае: у будынку па праспекце Пераможцаў, 14 немагчыма ладзіць мастацкія выставы. Можна, канешне, паспрабаваць абыграць ракайльныя занавескі, канструктывісцкую столь і ампірныя свяцільнікі якім-небудзь выразным арт-трэшам, але з якой мэтай? І тут не віна куратарскай групы: ім, паводле іх слоў, гэтае памяшканне было выдзелена безальтэрнатыўна. Зала прызначана для прынцыпова іншых імпрэз. Любы мастацкі твор там губляецца, праект — кісне.

Наступны пункт: фармат і называнне. Формы экспанавання заўсёды мусяць супадаць з заяўленай назвай. Тое, што мы ўбачылі на праспекце Пераможцаў, абазначацца магло б так: «Аглядная выстава дасягненняў беларускага мастацтва за дзесяць гадоў “Арт-Беларусь”». Усё вельмі проста. Калі з’яўляецца прэтэнзія на нешта іншае, як, напрыклад, апеляцыя да тэрміна «авангард» і даследавання кірункаў яго развіцця — і ўсё гэта праводзіцца праз фармат звычайнай зборнай выставы, — паўстаюць пытанні і дыскусія.

І трэцяе: любы праект патрабуе часу на падрыхтоўку. Тым больш мегапраект. Зразумела, часу заўсёды не хапае, але ж не да такой ступені! Што тычыцца менавіта гэтай выставы, то відавочна: гэта зноў-такі не віна арганізатараў. Але тады на вышэйшым узроўні варта прымаць рашэнні пра буйныя мастацкія праекты за год-два да меркаванай падзеі.

Да выставы быў выдадзены шыкоўны каталог. У прадмове, што мусіла патлумачыць канцэпт усяго мерапрыемства, і ўзнікае спрэчнае слова «авангард». Спрэчнае таму, што гэтым тэрмінам пазначаюцца вельмі розныя з’явы. Слова мае два значэнні — вузкаспецыяльнае (тычыцца пачатку стагоддзя і мае ўдакладненне «гістарычны») і больш шырокае, літаральна — «перадавы атрад», сінонімам якому ў нашым гістарычным кантэксце выступае неафіцыйнае, нонканфармісцкае, андэграунднае мастацтва. Тэрміналагічныя пытанні ў нашым мастацтвазнаўстве няпростыя, галоўным чынам па прычыне фатальнай нелінейнасці ўсіх тутэйшых працэсаў. Авангардам — паводле меркавання аўтараў згаданага праекта — пазначаецца злом, рэзкая змена парадыгмы.

Агульны канцэпт выкладзены ў прадмове да каталога куратарам выставы Наталляй Шаранговіч: «Экспазіцыя выстаўкі сучаснага мастацтва “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” звязвае працы мастакоў-авангардыстаў ХХ стагоддзя і сучасных беларускіх аўтараў ХХІ стагоддзя, паказваючы пераемнасць традыцый і іх развіцця ў жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, арт-аб’ектах, дызайне і фатаграфіі. Гэта дае магчымасць убачыць творчую дынаміку беларускага мастацтва 2000—2014 гадоў, яго фармальныя і вобразныя пошукі і эксперыменты... Працы сучасных беларускіх мастакоў адрозніваюцца наватарскім характарам, у якім выразна прасочваюцца дзве асноўныя тэндэнцыі: наватарства як пошук новых рэалістычных форм і наватарства як пераўтварэнне папярэдніх мастацкіх традыцый. Абедзве гэтыя тэндэнцыі, якія адкрываюць шырокія гарызонты для развіцця мастацтва, былі закладзены пад уплывам беларускага авангарда ХХ стагоддзя».

Вышэй я згадала нелінейнасць развіцця тутэйшых працэсаў. Верагодна, калі б існавалі масткі паміж гістарычным авангардам і працамі сучасных аўтараў, то і наша мастацтва развівалася б па-іншаму. Вынікі творчых эксперыментаў пачатку ХХ стагоддзя ўваходзяць у беларускае мастацтва апасродкавана — праз тыя замежныя плыні, якія пранеслі і развілі наватарскі імпульс, заглушаны ў нас яшчэ ў віцебскі перыяд. «Наватарскі характар» твораў сучасных беларускіх аўтараў? Не скажу, каб гэта з’ява была такой ужо відавочнай. Больш назіраюцца пошукі заказчыка... Зыходзячы з праграмнага тэксту каталога, незразумела, паводле якіх крытэрыяў адбіраліся працы. Імаверней за ўсё, галоўным фактарам быў нетрадыцыйны фармат. Шмат «не» — не-акадэмічны жывапіс, не-фігуратыўная скульптура... Таму сюды патрапілі і дызайн-аб’екты, і арт-аб’екты, і абстрактны жывапіс, і мадэрнісцкая скульптура, відэапраекты і фатаграфія, нядаўнія экспазіцыі выстаў, парадаксальна названыя ў каталогу «праектамі канцэптуальнага мастацтва»: «Аснову экспазіцыі выстаўкі “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, — паведамляецца далей, — складалі творы сяброў Беларускага саюза мастакоў (Мінск і рэгіёны), Беларускага саюза дызайнераў, маладых аўтараў, работы з калекцый вядучых мастацкіх музеяў рэспублікі, з прыватных збораў. Выстаўка сучаснага мастацтва “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” — выдатная магчымасць сабраць разам лепшыя выставачныя праекты канцэптуальнага мастацтва, створаныя за апошняе дзесяцігоддзе, і працы, зробленыя спецыяльна для экспазіцыі дадзенай выстаўкі». Кепска, канешне, што нетрадыцыйны фармат у нас машынальна трапляе ў раздзел ці авангарда, ці канцэптуальнага мастацтва. Здаецца, наспеў час выдаць слоўнік тэрмінаў.

З апісання вынікае, што агульнага прынцыпу арганізацыі выставы не існавала. Куратараў было шмат (Наталля Шаранговіч, Дзмітрый Сурскі, Леанід Хобатаў, Наталля Барсукова, Аляксандр Зіменка), і кожны шчыраваў над сваёй дзялянкай: нехта прадстаўляў рэгіёны, нехта — праекты сваёй галерэі, а яснага крытэрыя, паводле якога «мы ўсе тут сабраліся», не назіралася. Безумоўна, часавае абмежаванне сыграла галоўную ролю: немагчыма было падрыхтаваць за такія тэрміны прадуманую экспазіцыю. Але фатальнай стала праца архітэктара: вырашэнне прасторы было надзвычай экстравагантным. Акрамя жахлівых рэкламных стэндаў, на якіх экспанаваліся творы мастацтва, адзначу галоўны «пракол»: не звязаныя паміж сабой арт-аб’екты і праекты былі раскрыты вонкі, адзін на аднаго. Рэчы рознага характару перамяшаліся. Нідзе дасюль, ні на якой выставе я не бачыла столькі камунікатыўных забойстваў: творы немагчыма было разгледзець, адно наслойвалася на іншае, кропкі агляду не былі вызначаны. Логіка пабудовы экспазіцыі не выяўлена.

Аднак трэба аддаць належнае куратарскай групе: да падрыхтоўкі праекта запрашаліся розныя ўдзельнікі. Напрыклад, галерэя «Ў», якая з фінансавых меркаванняў не прыняла прапанову. Асобныя мастакі, якія не зразумелі пасыл экспазіцыі, таксама адмовіліся.

Безумоўным дадатным момантам з’яўляецца каталог, грунтоўна і багата ілюстраваны. Знакавыя творцы, значныя імёны — паводле выдання сапраўды можна атрымаць уяўленне пра развіццё беларускага мастацтва за апошнія дзесяць гадоў.

Другім безумоўна дадатным момантам гэтай экспазіцыі стала яе асветніцкая функцыя, якая, здаецца, і была галоўнай мэтай выставы. Не ведаю, ці шмат аматараў хакею наведвала мерапрыемства, аднак многія гледачы з задавальненнем здымаліся то на фоне крэсла, то на фоне фатаграфіі, то на фоне арт-аб’екта. Прыходзілі дзіцячыя групы, і цікавасць была вельмі моцная. З нагоды ўзаемадзеяння публікі і экспазіцыі я пачула два супрацьлеглыя меркаванні. Першае: такі візуальны вінегрэт — рэч добрая, бо, сузіраючы захапляльныя аб’екты дызайну, гледачы вучацца ўспрымаць прасторавыя, сур’ёзныя працы. Другое меркаванне таксама слушнае: змешваючы ў кучу творы рознага кшталту, мы заблытваем гледача. Мабыць, мае права на існаванне і трэці варыянт: істотна — падзяляць прастору, разводзіць розныя праекты па розных памяшканнях, пазначаючы фармат і экспазіцыі, і абраных для яе работ. На сучаснай выставе можа прадстаўляцца што заўгодна — акадэмічны жывапіс, кіч і прадметы этнаграфіі. Важна толькі акрэсліць прынцыпы экспанавання.

Яшчэ адзін значны момант гэтай імпрэзы — плённая і багатая дыскусійна-асветніцкая праграма, кінапаказы, «круглыя сталы», сустрэчы і прэзентацыі. Было наладжана выніковае абмеркаванне, на якім адбылася даволі бурная дыскусія. Асноўныя прэтэнзіі да куратараў з гэтага абмеркавання я больш-менш тут выклала. З боку ж куратараў была выказана надзея, што такія мерапрыемствы, можа, ужо ў іншым фармаце, стануць рэгулярнымі.

На тым жа абмеркаванні выспела думка, што праблемы нашай арт-супольнасці агульныя для ўсіх: месца, дзе дэманстраваць мастацтва, па-ранейшаму мала, а для вялікіх праектаў, у якіх сёння так адчуваецца патрэба, увогуле няма. Сродкі для гэтага дастаюцца няпроста. Куратарская падрыхтоўка не здзяйсняецца. Наватарскі імпульс беларускага мастацтва, на які ставіўся акцэнт у выставе «Avant-gARTe», яшчэ шукаць і развіваць.

Таму варта павіншаваць шаноўную публіку і куратараў з вялікім асветніцкім праектам і пажадаць наступнае: называйце рэчы сваімі імёнамі.

Алеся БЕЛЯВЕЦ

Імёны краіны

«Сто гадоў беларускага авангарда»

Беларусь спакваля працярэблівае сваю сцяжыну, вызначае ўласнае месца між народамі. Веласіпед вынаходзіць не давялося. Насамрэч свет ведае наш край як радзіму выбітных мастакоў. Тут паўставалі самыя розныя артыстычныя феномены. Адно толькі мястэчка Смілавічы — бацькаўшчына двух выдатных творцаў: Хаіма Суціна ды Шрагі Царфіна! Нашу зямлю ўславілі Марк Шагал, Міхаіл Кікоін, Леон Бакст, Уладзіслаў Стрэмінскі, Аляксандр Ахола-Вало. У свеце іх ведаюць куды больш, чым у самой Беларусі. А імёны Яўгена Жака, Рамана Семашкевіча яшчэ толькі ўводзяцца ў наш культурны ўжытак.

Выстава «Сто гадоў беларускага авангарда», што стваралася на падставе калекцыяў з розных, у тым ліку і прыватных, збораў, акцэнтуе ўвагу на вялізнай разнастайнасці мастацкіх пошукаў найноўшага часу ў Беларусі ад пачатку мінулага стагоддзя да нашых дзён. То-бок арганізатары не ставілі кропак.

Але некаторыя кропкі расставіла экспазіцыя. Укладальнікі адмералі беларускаму авангарду сто гадоў, хоць не зусім уцямна патлумачылі, чаму такі тэрмін. Калі лічыць ад «Чорнага квадрата» Малевіча, то выходзіць 99, таму што большасць даведнікаў сцвярджае: праца была створана ўлетку 1915 года. Аднак датычнасць менавіта гэтага твора да пачаткаў авангарда ў Беларусі — ускосная.

Зрэшты, гэта неістотна. У любым разе атрымаўся прывабны і ўдалы маркетынгавы ход. Праект «Сто гадоў…» выключны ўжо з тае прычыны, што ў ім упершыню паслядоўна і мэтанакіравана прадстаўлена гісторыя неакадэмічнага беларускага мастацтва. Арганізатары дэкларавалі, што выстава прысвечана «авангарду, андэграўнду, нонканфармізму» з 1910-х па 1990-я гады. Варта адцеміць: даць дакладнае вызначэнне ўсім тым плыням, што віравалі ў нашым краі за апошнія сто гадоў, — цяжка.

Тут мы сутыкаемся з праблемай кадыфікацыі нашай мастацкай культуры і яе класіфікацыі. І праблемай падзелу —афіцыйнае/неафіцыйнае мастацтва. Гэтак званы «віцебскі авангард» цалкам палягаў у рэчышчы фармавання «пралетарскага» мастацтва і падтрымліваўся савецкімі ўладамі, якія нават прызначылі Шагала сваім упаўнаважаным. Класічны авангард пачатку стагоддзя ў экспазіцыі прадстаўлены літаграфіяй Марка Шагала, графікай беларуска-фінска-шведскага мастака Аляксандра Ахола-Вало, творамі Надзеі Хадасевіч-Лежэ, якой пашчасціла скарыць Парыж ды старога Фернана Лежэ. Немаведама чаму творы апошняга аўтара таксама экспанаваліся на гэтай выставе. Няясна таксама, якім чынам да авангарда быў далучаны творчы даробак Роберта Геніна, які належыць перадусім эпосе мадэрну. Што тады пярэчыла змяшчэнню тут твораў Фердынанда Рушчыца, Язэпа Драздовіча ці Рамана Семашкевіча?

Андэграўнд дэманстратыўна супрацьпастаўляе сябе густам публікі, афіцыйнай і масавай культуры, мэтанакіравана парывае з пануючай ідэалогіяй. Па гэтай прычыне могуць быць класіфікаваны як андэграўнд і марсіянскія мроі Язэпа Драздовіча. Калі ў экспазіцыі размешчаны творы Адама Глобуса і Артура Клінава, якія не былі камуністамі і сябрамі Саюза мастакоў, то ці можна класіфікаваць як андэграўдныя творы сяброў Саюза? Пытанне крыху правакацыйнае, аднак у шырокім сэнсе нонканфармізм у той ці іншай ступені ўласцівы бадай кожнаму творцу, які працуе па-за канонам і шаблонам. Пры жаданні ў нонканфармісты можна залічыць нават народных мастакоў БССР!

З вялікімі храналагічнымі і персаніфікаванымі прабеламі экспазіцыю працягваюць працы мастакоў 1960—1970-х гадоў — Ізраіля Басава, Георгія Скрыпнічэнкі, Рышарда Мая, Яфіма Раяка. Гэта абсалютна розныя творцы, якія працавалі ў розных стылях, але вельмі ўмоўна іх лучыла памкненне выкараскацца з нератаў сацрэалізму і канфармізму. І ў гэтым сэнсе імёнаў магло б быць нашмат болей...

Па кантрасце з папярэднімі раздзеламі найбольш прадстаўнічай стала частка, прысвечаная мастацтву 1980—1990-х гадоў. Тут нават знайшлося месца для фота- і відэафіксацыі першага ў гісторыі нашага мастацтва сапраўднага перформансу — «Спаленне Казіміра» і «Уваскрашэнне Казіміра» Людмілы Русавай ды Ігара Кашкурэвіча. 1988 год. Лістапад. Віцебск. Ігар Кашкурэвіч разам з Людмілай Русавай святкавалі 110-я народзіны спадара Малевіча. Святкавалі па-дзівацку, па-эпатажнаму, па-крэатыўнаму. Трагічная неадпаведнасць паміж творчым гарэннем, творчым агнём, у якім зараджаецца задума, інтуіцыя, вобраз, і холадам завершанай формы заўжды востра перажывалася мастакамі. Тандэм Русавай і Кашкурэвіча распаўся. Ігар цяпер жыве ў Берліне. А Людміла занурылася ў прыватны індывідуалізм, у прастору ўнутранай свабоды і ўрэшце сышла з гэтага свету.

Другую палову 1980-х справядліва лічаць залатым векам мастацтва ў нашай краіне. «Сто гадоў беларускага авангарда» дэманструе гэты перыяд праз творы нефармальных суполак таго часу: «Няміга-17» з працамі Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Леаніда Хобатава; «Квадрат» на чале з Аляксандрам Малеем, «Форма», «Галіна», «Плюраліс», «Бло», «4-63», «Комікон». Вір гістарычных падзей пагрузіў усё грамадства ў стан несупынных акцый і палітычных перформансаў, што сталі куды больш радыкальнымі, чым самыя смелыя парыванні мастакоў. Сёння некаторыя творцы зусім невядомыя або малазнаёмыя шырокай публіцы. Многія з іх выстаўляюцца вельмі рэдка. Напрыклад, Аляксей Жданаў ці Віталь Калгін.

Дзякуючы таму, што ў «перабудову» ў Беларусі пачалі збірацца прыватныя калекцыі, напрыклад, Андрэем Плясанавым або Артурам Клінавым, сённяшняя экспазіцыя багатая і разнастайная па змесце.

Праект «Сто гадоў…» — унікальны шанц на ўласныя вочы ўбачыць тое, што ёсць у сховах калекцыянераў ды музеяў. Напрыклад, работы ўжо згаданых мастакоў або Вольгі Сазыкінай ці Генадзя Хацкевіча. Гэтая выстава стала апошняй для Хацкевіча, які паспеў папрысутнічаць на яе адкрыцці.

«Сто гадоў беларускага авангарда» атрымалася цалкам канвертуемай, цікавай і даступнай для ўспрымання сучаснага еўрапейскага гледача. Творы ахопліваюць велізарны і значны этап нашай мастацкай гісторыі. Самай новай з прадстаўленых прац стала скульптура «Tvаr» Уладзіміра Лапо (вядомага ў мінскім бамондзе пад мянушкай Пілот), якую ён зрабіў два гады таму...

Выстава — першая грунтоўная спроба выбудаваць храналогію і прадставіць авангардныя аб’яднанні ХХ стагоддзя, пераасэнсаваць і наноў інтэрпрэтаваць наша неафіцыйнае мастацтва — як найбольш цікавую і змястоўную частку беларускай мастацкай культуры. Вобразныя, жанравыя і фармальныя пошукі, што вялі нашых творцаў праз ХХ стагоддзе, красамоўна ўвасобіліся і праявіліся ў тысячах работ, стварылі спакваля нашае сучаснае мастацтва, пашырылі яго светапоглядныя гарызонты. Арганізатары, маючы абмежаваныя магчымасці, сярод іншага і праз адсутнасць твораў многіх аўтараў у зборах краіны, і праз брак экспазіцыйных плошчаў, паспрабавалі прадэманстраваць сувязі найноўшага мастацтва Беларусі з авангардам пачатку ХХ стагоддзя. І гэты першы крок надзвычай важны. Ад яго, ад гэтай змястоўнай выставы, мы будзем адмерваць новую эпоху. Эпоху, у якой сапраўднае, незалежнае мастацтва зойме нарэшце годнае месца ў культурнай прасторы. І менавіта ім Беларусь будзе рэпрэзентавацца ў свеце, захоўваючы славу радзімы вялікіх творцаў.

Сяргей ХАРЭЎСКІ

Праект «Сто гадоў беларускага авангарда» выклікаў пытанні адносна адбору аўтараў-экспанентаў і паслядоўнасці ўжывання гэтага тэрміна — «авангард». Таму мы даем слова куратарам выставы для праяснення сваёй пазіцыі.

Перад намі як куратарамі праекта стаяла мэта пашырыць паняцце авангарда, адаптаваць яго да гісторыі Беларусі.

Канцэпцыя распрацоўвалася паводле некалькіх кірункаў.

Першы з іх — легітымізацыя тэрміна «авангард» у нацыянальным сацыяльна-культуралагічным кантэксце. Былі ўмоўна абазначаны перыяды, калі адбыліся прынцыповыя змены сацыяльных і культурных парадыгмаў: рэвалюцыі пачатку ХХ стагоддзя, эпохі адлігі і застою 1960—1970-х гадоў, перабудова і галоснасць 1980-х, абвяшчэнне незалежнасці ў 1990-я.

Таксама мы імкнуліся прасачыць пераемнасць авангардызму ў нашым мастацтве: як досвед вольных майстэрняў Віцебскай і Парыжскай школ увасобіўся ў творчых пошуках сучасных аўтараў.

Гісторыя авангарда была паказана праз мастацкія аб’яднанні: ад партыі «Уновіс», якую стварыў Казімір Малевіч і ў якую ўвайшлі беларускія творцы, «Прамень» і да нефармальных суполак 1980—1990-х гадоў — «Форма», «Галіна», «Плюраліс», «Бло», віцебскі «Квадрат», «4-63» з Полацка, «Поні-Баш», «Няміга-17», якая існавала ў складзе Саюзе мастакоў БССР.

Экспазіцыя была пабудавана паводле стылістычнага прынцыпу інверсіі: развіццё авангарда ў Беларусі праяўлялася ў зваротным парадку. Глядач спачатку знаёміўся з мастацтвам канца ХХ стагоддзя — далей рухаўся да вытокаў. Так праект найлепш упісаўся ў складаную прастору музея.

Паняцце «беларускі авангард» найперш тычыцца мастацтва 1980—1990-х гадоў. У гэты перыяд многія творцы імкнуліся аднавіць перапыненую сувязь з класічным авангардам пачатку ХХ стагоддзя. Развіваліся новыя формы дзейнасці: акцыянізм, перформанс, відэа-арт, дэкларацыя, маніфест, інсталяцыя... У 1980-я нефармальныя выставы праходзілі ў фае кінатэатраў і бібліятэк, у актавых залах грамадскіх устаноў. Такія экспазіцыі, як «1+1+1+1+1+1=6», «Майстэрня мастака», «Фрагмент-падзея’87», «На Калектарнай», «Перспектыва» і «Панарама», «Лебшафт (любоўная сувязь)», «Тодасшафт (смяротная сувязь)», былі сапраўднымі маніфестамі незалежнага мастацтва.

У буклеце да выставы «Панарама» 1989 года, на якой экспанаваліся працы мастакоў дзевяці нефармальных аб’яднанняў, было пазначана: «...Беларускі фонд культуры меў на мэце паказаць зрэз сучаснага беларускага мастацтва нетрадыцыйных кірункаў: экспрэсіянізм, сюррэалізм, канцэптуалізм, поп-арт, інсталяцыю, перформанс... Сучаснае мастацтва ў пошуках новых выяўленчых сродкаў прыйшло да мадэрнізму... Няма кепскіх ці добрых напрамкаў у мастацтве, ёсць кепскія або добрыя мастакі. Авангард, як і любы іншы кірунак, неабходны кожнаму грамадству, якое лічыць сябе развітым культурна і эканамічна».

У 1960—1970-я гады за межамі афіцыйных грамадскіх рэалій — у майстэрнях, падвалах, кватэрах — развівалася нонканфармісцкая плынь. Гэты перыяд выяўлены ў працах Віталя Чарнабрысава, Рышарда Мая і Ізраіля Басава. Мастакі трансліравалі сваю актыўную пазіцыю, наладжвалі цесныя стасункі з незалежнымі суполкамі Ленінграда і Масквы.

Апошні — гістарычна самы далёкі — раздзел экспазіцыі прысвечаны падзеям пачатку ХХ стагоддзя. Сярод мастакоў вольнага квартала Манпарнас, якія стварылі феномен Парыжскай школы, былі ўраджэнцы Беларусі. На выставе экспанаваліся рэпрадукцыі твораў Марка Шагала і аркушы Фернанда Лежэ (яны былі падораны Надзеяй Хадасевіч-Лежэ Нацыянальнаму мастацкаму музею). Сярод нядаўніх адкрыццяў — працы нашага земляка Роберта Геніна. Авангарднае мастацкае аб’яднанне «Уновіс», якое ўзнікла ў Віцебску, вызначыла новы этап у развіцці культуры мінулага стагоддзя. Ідэі супрэматызму былі цікавыя не толькі мастакам Віцебска, але і Мінска, Смаленска, Масквы, Петраграда...

Мэта, якую мы ставілі пры ўвасабленні праекта, — выбудаваць храналогіі, тэрміны і пераемнасці, актуальныя ў першую чаргу для нашага гістарычнага кантэксту, бо мы рабілі гэты праект для Беларусі.

Вольга АРХІПАВА,

Вольга РЫБЧЫНСКАЯ