Аляксандр Хумала

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

У Ліёне, Вашынгтоне і Мінску
У творчай біяграфіі гэтага дырыжора ўражвае прадстаўнічы спіс фестываляў і праектаў, у якіх ён удзельнічаў. Геаграфія выступленняў Аляксандра Хумалы надзіва шырокая — ЗША, Італія, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Расія, Францыя, Швецыя.

Ён — лаўрэат першых прэмій прэстыжных дырыжорскіх конкурсаў імя Язэпа Вітала ў Рызе і «Toward Polyphony» ў Вроцлаве. Маштаб асобы дырыжора вызначаюць талент і харызма, багаж прафесійных якасцей, цярпенне і працавітасць. Але якія яны, плюсы і мінусы прафесіі? Як можна сфармуляваць актуальныя праблемы сучаснага дырыжорскага мастацтва? Пра гэта гутарым з галоўным дырыжорам Музычнай капэлы «Санорус» Аляксандрам Хумалой.

Даўно назіраю за развіццём вашай творчай кар’еры і не перастаю здзіўляцца запалу, адданасці і ўлюбёнасці ў прафесію. У 31 год мець такі сур’ёзны паслужны спіс!

— Галоўнае, што я запатрабаваны. Цікава ўдзельнічаць у розных праектах, я гатовы да эксперыментаў, мне падабаецца ўсё новае. І калі шчыра, то ў нашай прафесіі важна набыць вопыт стасункаў з рознымі калектывамі, зразумець тонкасці рэпетыцыйнага працэсу, засвоіць шырокі рэпертуар. Удзел у фестывалях, гастрольныя вандроўкі пашыраюць кола творчых кантактаў. Гэта важна таму, што сёння нават акадэмічнае мастацтва ва ўсім свеце развіваецца па законах шоу-бізнесу. Да твайго імя на афішах публіка павінна прызвычаіцца.

Каб не займацца складанымі юрыдычнымі і тэхнічнымі пытаннямі кантрактаў і пошукамі праектаў, музыканты карыстаюцца дапамогай агенцтваў...

— Гэта паўсюдная практыка, але быць у нечых руках, няхай нават дасведчанага менеджара... Гэта вядзе за сабой кругавую паруку абавязкаў, умоў, патрабаванняў. Пакуль не гатовы і не хачу камусьці належаць. Таму працую сам на сябе.

Маладому дырыжору складана прабівацца. Як і любому музыканту высокага ўзроўню, яму трэба займацца не менш за 6-7 гадзін у дзень. Але інструмент дырыжора — жывы калектыў, стоячы перад якім ты не можаш эксперыментаваць. Ты павінен выходзіць з гатовым рашэннем і толькі ўдакладняць асобныя дэталі. Вядома, можна трапіць у замкнёнае кола: на больш высокі ўзровень праходзіш пры «эннай» колькасці праектаў, а каб іх ажыццявіць, патрабуецца пэўны статус.

У ліку калектываў, з якімі вы рыхтавалі канцэртныя праграмы, — Сімфанічны аркестр Шатландыі, Літоўскі дзяржаўны аркестр, Нацыянальны сімфанічны аркестр і хор Латвіі, Варшаўскі філарманічны аркестр. Што ў вашым выпадку дапамагло трапіць на прэстыжныя сцэны?

— Спасціжэнне дырыжорскай прафесіі звычайна ідзе рознымі шляхамі. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускай акадэміі музыкі, як магістр мастацтвазнаўства працягнуў яе ў Ратэрдамскай кансерваторыі ў Нідэрландах...

Ведаю, вы былі двойчы ўзнагароджаны вышэйшай прэміяй урада Каралеўства Нідэрландаў «Huygens» за музычныя дасягненні ў час навучання ў тамтэйшай кансерваторыі.

— Яшчэ падчас вучобы ладзіў розныя фэсты, канцэрты, але вызначальную ролю ў прафесійным росце адыгралі конкурсы. Такія спаборніцтвы — рызыка і адрэналін, свайго роду спорт, але ў нашай сферы — перадусім магчымасць заявіць пра сябе. Ды на самай справе прабіцца на дырыжорскую авансцэну можна ў двух выпадках: выйграць прэстыжны конкурс або быць асістэнтам вялікага дырыжора. Дарэчы, чарга да іх ужо распісаная на шмат гадоў наперад! Вялікую ролю адыгрываюць і сур’ёзныя рэкамендацыі.

Падчас прэстыжных конкурсаў у Рызе і Вроцлаве вы дэманстравалі дырыжорскае майстэрства, працуючы з невядомымі вам раней калектывамі. А калі атрымалі першыя прэміі ў спаборніцтвах, значыць, журы аддало перавагу менавіта вам, абраўшы з сотні прэтэндэнтаў. Такім прызнаннем у Беларусі мала хто можа пахваліцца. Якія перспектывы ўзніклі пасля конкурсаў?

— Запрасілі дырыжыраваць вялікімі вакальна-сімфанічнымі праграмамі ў Варшаве, Саратаве, Рызе. Напрыклад, у Латвіі выконваліся творы Кшыштафа Пендэрэцкага з удзелам самога мэтра. Я дырыжыраваў яго опусамі «Te Deum» і «Messa Brevis».

Ведаю, вам даводзіцца вытрымліваць вялікую канкурэнцыю...

— Не тое слова! Канкурэнцыя ў нашай галіне вельмі жорсткая. На адно месца ў сярэдні еўрапейскі аркестр прэтэндуе 500-600 музыкантаў, а для ўдзелу ў тамтэйшым дырыжорскім конкурсе адбор можа ісці аж з 400 выканаўцаў. А потым па запісах выбіраюць толькі 20 чалавек, каб непасрэдна запрасіць.

Але ж распаўсюджаная форма падтрымкі маладых музыкантаў у Еўрасаюзе — разнастайныя гранты і стыпендыі?

— Гарантыі, што цябе будуць там пастаянна падтрымліваць, вядома ж, няма. Нашы маладыя таленавітыя выканаўцы, калі з’язджаюць за мяжу, спачатку вучацца, атрымліваюць стыпендыі, імкнуцца актыўна ўдзельнічаць у розных творчых праектах. Але потым на працягу многіх гадоў упартай працай прабіваюць сабе дарогу. Я не сказаў бы, што Захад надта гасцінны, асабліва да замежнікаў. У Нідэрландах ёсць структуры, дзе скарачэнне работнікаў адбываецца амаль на 40%. Гэта закранула і некаторыя аркестры, вымусіла іх закрыцца, бо яны не вытрымалі жорсткай канкурэнцыі з боку калег і сольных выканаўцаў.

Як ідзе працэс самастойнай працы над партытурай?

— Вельмі проста і складана. (Смяецца.) Бяру партытуру, саджуся і вучу... Шмат гадзін запар. Асэнсаваць музычнае палатно дапамагаюць два фактары — час і стараннасць. З вялікай павагай стаўлюся да аўтарскага тэксту, бо ў ім кампазітар зафіксаваў усё, што хацеў сказаць. Я магу толькі інтэрпрэтаваць ідэю, паспрабаваць яе афарбаваць асобасна.

Існуе думка: высокапрафесійнаму аркестру дырыжор не патрэбен...

— Дырыжор павінен перш за ўсё матываваць выканаўцаў. Акрамя прафесійных якасцей, трэба ўкласці яшчэ і дух, пераканаць у сваёй канцэпцыі, прымусіць прытрымлівацца яе. Стасункі дырыжора і аркестрантаў на сцэне нагадваюць складаны працэс горадабудаўніцтва. І ўсё ж менавіта высакакласны аркестр, пачуўшы — не фізіялагічна, але асэнсавана! — дырыжора, зробіцца яшчэ лепшым і прымусіць публіку суперажываць. Дырыжорскае майстэрства, як бы ўзнёсла гэта ні гучала, заключаецца ва ўменні знаходзіць шляхі, каб сэрцы выканаўцаў і слухачоў біліся ва ўнісон.

У вас ужо быў такі вопыт?

— Так. У Нідэрландах мне трэба было дырыжыраваць Пятай сімфоніяй Бетховена з аркестрам, які з іншым дырыжорам толькі што ажыццявіў аўдыёзапіс гэтага твора. А значыць, непасрэднае ўспрыманне музыкі ўжо «замылілася» пасля шматгадзінных рэпетыцый і дубляў. Перад канцэртам павінна адбыцца адзіная рэпетыцыя. Напярэдадні яе, пасля паўночы, мяне па тэхнічных прычынах высяляюць са здымнай кватэры. Пад праліўным дажджом, з чамаданамі ў руках я да раніцы спрабую знайсці гатэль, а ў галаве гучыць галоўная тэма твора — тэма лёсу. Прыйшоўшы на рэпетыцыю, распавядаю аркестрантам пра тое, што здарылася, і разумею, што зачапіў, закрануў іх сэрцы. Пасля канцэрту многія музыканты падыходзілі да мяне і прызнаваліся, што падчас выканання праз маю гісторыю па-новаму адчулі ў гэтым сачыненні прароцкую думку кампазітара пра тое, што да кожнага чалавека лёс стукаецца ў дзверы па-рознаму.

Ці вабіць вас супрацоўніцтва з музычным тэатрам?

— На працягу сезона 2009—2010 гадоў працаваў асістэнтам дырыжора ў Оперным тэатры Вроцлава. Дырыжыраваў операмі Джузэпе Вердзі («Рыгалета», «Травіята», «Фальстаф»), Жоржа Бізэ («Кармэн»). Яркімі пастаноўкамі Рыхарда Штрауса («Дзяўчына без ценю») і Караля Шыманоўскага («Кароль Рэгер»). Вроцлаўскі тэатр — рэпертуарны, прытрымліваецца пэўных традыцый, што дазволіла мне на працягу даволі доўгага часу дэталёва засвойваць музычныя партытуры.

Зусім іншы быў вопыт працы ў Ліёнскім оперным тэатры. Мяне запрасілі на прэм’еру оперы расійскага кампазітара Аляксандра Раскатава «Сабачае сэрца». Прычым на першых этапах быў дырыжорам-пастаноўшчыкам, бліжэй да прэм’еры — другім дырыжорам. Праект увасабляла міжнародная каманда высокага ўзроўню. На чале — знакаміты англійскі рэжысёр Сайман МакБёрні і дырыжор Марцін Брабінс. Партыю прафесара Прэабражэнскага спяваў Сяргей Лейферкус, адзін з вядучых салістаў Марыінкі.

Філасофская опера-прыпавесць Раскатава мела вельмі шырокі грамадскі рэзананс. Спектакль уяўляў складаную прасторава-часавую кампазіцыю, дзе спатрэбіліся лялькі і відэаінсталяцыі. У партытуры дамінуе полістылістыка, алюзіі, шмат музычных сімвалаў і цытат. Адна з цэнтральных тэм, якая паўстала ў «Сабачым сэрцы», — ступень і мяжа дазволенасці ў навуковым эксперыменце. Вастрыні ўспрымання спрыялі палітычныя акцэнты, высмейванне ідэалагічных штампаў, нецэнзурная лексіка. Усё гэта накіравана на раскрыццё галоўнай думкі оперы, якая, па словах кампазітара, заключаецца ў тым, што сёння «мы жывем у свеце Шарыкавых». У гэтым кантэксце выбудоўваецца і новы фінал, у якім клоны Шарыкава множацца ў геаметрычнай прагрэсіі, яны выступаюць велізарным хорам, які спявае-гаўкае ў мікрафоны, сімвалізуючы працэсы дэградацыі ў сучаснай культуры. Як вы падступаліся да такой партытуры?

— Удзел у праекце стаў перш за ўсё персанальным выклікам. Пачалося з таго, што за два месяцы да прэм’еры мне даслалі два тамы велізарнай партытуры, кожны па 5 кілаграм! Вывучыў яе на памяць, інакш працаваць было б немагчыма. Потым і сам Раскатаў мне казаў: «Мне вас шчыра шкада!»

Ці існавалі тэхнічныя цяжкасці ў працэсе пастаноўкі?

— Ліёнскі тэатр мае абсталяванне самага высокага тэхнічнага ўзроўню. Выконваліся любыя пажаданні, напрыклад, для размяшчэння ўдарнай групы аркестра (гэта больш за 100 інструментаў — ад кітайскіх гонгаў да царкоўных званоў), якой я кіраваў за сцэнай, была пабудавана дадатковая аркестравая яма. У выніку трэба было апусціць ніжні ўзровень сцэны, прыбраць грымёрныя, перамясціць ліфт.

Ведаю, цяпер збіраецеся ў Вашынгтон...

— Так, я запрошаны туды ў якасці асістэнта выдатнага дырыжора сучаснасці Лорына Маазеля для пастановак опер «Мадам Батэрфляй» і «Дон Жуан».

Неверагодна... Удачы! Будзем з нецярпеннем чакаць вынікаў і вашых уражанняў. Чым і як сёння жыве ваш творчы калектыў, Музычная капэла «Санорус»?

— Я быў прызначаны галоўным дырыжорам капэлы ў 2013-м, пасля трагічнага сыходу з жыцця Аляксея Шута, стваральніка і нязменнага кіраўніка калектыва. «Санорус» — універсальны музычны арганізм, выдатная творчая лабараторыя. Захапляюся энергіяй Аляксея Аляксандравіча і тым, што памяць пра яго застаецца ў сэрцы кожнага капэліста. За апошні год мы зрабілі больш за 60 канцэртаў з самымі рознымі праграмамі, большую частку рэпертуару складае беларуская музыка. Сапраўды, я шчаслівы, што змог узначаліць гэты калектыў.

Якім чынам вамі як дырыжорам фарміруюцца праграмы «Саноруса», такія разнажанравыя і рознастылёвыя?

— Імкнуся выбраць глыбокія і змястоўныя сачыненні з розных эпох. Першапачатковым штуршком аказваецца агульная ідэя канцэрта. Напрыклад, нядаўняя праграма «Бывай, ХХ стагоддзе» пачала складацца як пазл. Даўно хацеў ажыццявіць сумесны праект з альтысткай Кацярынай Лазаравай. У нашай праграме яна выконвала Канцэрт для альта чэшскага кампазітара Богуслава Марціну. Пазней з’явіліся опусы «Спеў птушак» італьянца Атарына Рэспігі, «Абіход» Раскатава і глыбокае па думцы музычнае эсэ «Эпітафія» таленавітага беларускага кампазітара Вольгі Падгайскай.

Ведаю, вы паспяхова супрацоўнічаеце з гэтым аўтарам, пра што сведчыць прэм’ера хакейнай оперы-буф Падгайскай «0:1», якая мела шырокі грамадскі рэзананс.

— Ідэя ажыццявіць музычны праект да Чэмпіянату свету па хакеі прыйшла адразу. Хацелася знайсці і ўвасобіць твор, у якім перасякаюцца прастора музыкі і прастора спорту. Але каб атрымалася без штампаў і па-сучаснаму. Віталь Дарашук, аўтар лібрэта, напісаў «казку-быль» пра двух братоў хакеістаў і трэцяга, музыканта-скрыпача. Вольга Падгайская стварыла вельмі яркую і выразную партытуру па ўсіх канонах опернага жанру. Мы спецыяльна шукалі нетрадыцыйную сцэнічную пляцоўку, якой зрабіўся крыты каток хакейнай каманды «Юнацтва-Мінск», дзе на трыбунах аматары хакея адчуваюць сябе камфортна. У выніку атрымаўся сюррэалістычны перформанс, опера на лёдзе, дзе ўсе спевакі каталіся на каньках, а гледачы былі заняты самым актыўным чынам. Ноч музеяў, халодны лёд, жывыя эмоцыі, гледачы-заўзятары скандуюць: «Шайбу, шайбу!». Нарэшце, выканаўцы, якія прайшлі шматмесячны трэнінг на каньках, спяваюць пры гэтым арыі і ансамблевыя сцэны... У дадатак адна з удзельніц праекта, салістка Кацярына Зуева, якая выконвала партыю Музы, аказалася прафесійнай фігурысткай.

Няўжо праект, у які ўкладзена столькі намаганняў, паказаны аднойчы? Ці ёсць перспектывы яго далейшага жыцця?

— Усё гэта, вядома, няпроста. Перш за ўсё фінансава. Але мы спадзяемся, што такі яркі, эксперыментальны, разлічаны на самую шырокую аўдыторыю праект знойдзе падтрымку ў Міністэрстве культуры. А вось творчы працэс не спыняецца, і ў нас ужо з’явіліся думкі аб магчымым паказе гэтага опернага матчу, але не на хакейнай пляцоўцы. Унутраны патэнцыял гэтай партытуры вялікі і шкада, калі твор больш не будзе сцэнічна інтэрпрэтаваны.

Вы актыўна займаецеся праектнай дзейнасцю, а гэта вельмі перспектыўны напрамак у сучаснай практыцы. У ліку зробленага — сапраўды знакавыя, неардынарныя канцэртныя праграмы «Сад зямных асалод», «Бывай, ХХ стагоддзе», прэм’ерныя ў Беларусі выкананні твораў Вітальда Лютаслаўскага і Хенрыка Гурэцкага. А творчасць маладых айчынных кампазітараў прыцягвае ўвагу?

— Актыўна кантактую з Асацыяцыяй маладых кампазітараў пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў. Для праекта «Сад зямных асалод» заказваў творы паводле аднайменнай карціны Босха Канстанціну Яськову («За рэхам далягляду») і Вользе Падгайскай («Рыба і неба»). Атрымаўся дзіўны сінтэз аўтэнтыкі і прафесійнай традыцыі. Але здаецца, нашым маладым кампазітарам увогуле не хапае творчага абмену ідэямі. Яны баяцца эксперыментаваць. Чамусьці іх вабіць стыль, які быў распаўсюджаны ў 1950—1960-х гадах мінулага стагоддзя. Часцяком такая музыка ўжо не цікавая для выканання. Твор павінен адпавядаць духу часу. Безумоўна, ёсць яркія выключэнні. Але глабальнае пытанне ў тым, што нашым кампазітарам трэба вучыцца «прадаваць» сябе, зацікаўліваць уласнай творчасцю. Засвойваць асобасны вопыт арт-менеджменту.

Кім і дзе вы хацелі б сябе бачыць праз гадоў дзесяць?

— Прафесійным дырыжорам, чыя кар’ера складаецца паспяхова. Працаваць там, дзе будзе мая публіка, мой калектыў, мае родныя... Хачу застацца верным музыцы і не згубіць абраны шлях.