Арт-бэнд

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

Выстава «Польскі плакат. Jazz. Blues. Rock. Fusion»
Ф’южн (літаральна з англійскай — сплаў) — гэта музычны жанр, які аб’ядноўвае элементы джазу, року, фолку, рэгі і металу. Сплаў двух самых яркіх брэндаў польскай нацыянальнай культуры — джаза і плаката — быў прадстаўлены ў экспазіцыі «Jazz. Blues. Rock. Fusion», арганізаванай пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.

 25 плакатаў з калекцыі Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Катавіцах створаны Вальдэмарам Свежым, Раманам Каларусам, Монікай Старовіч і Філіпам Цісьлякам — аўтарамі, што належаць да розных творчых пакаленняў. Партрэты знакамітых джазменаў чаргуюцца з графічнымі імправізацыямі, інспіраванымі іх музыкай, у сплаве стыляў і тэхнік узнікае атмасфера джазавых фестываляў і блюзавых вечарын. Большасць прадстаўленых на выставе твораў былі надрукаваны ў майстэрні шаўкаграфіі Катавіцкай акадэміі.

Польшчу называюць самай джазавай краінай свету пасля ЗША, польскі джаз спалучае ў сабе нацыянальныя традыцыі музычнай школы і лепшае з афра-амерыканскага і еўрапейскага музычнага матэрыялу. Джазавы рух у краіне пачаў актыўна развівацца ў другой палове 1950-х — менавіта тады ў Варшаве ўпершыню прайшоў найстарэйшы ў Еўропе фестываль «Jazz Jamboree». Сучасная польская джазавая сцэна рознабаковая і рознастылёвая, па ўсёй краіне існуюць сотні маленькіх, але яркіх джаз-клубаў, а міжнародныя фестывалі штогод праходзяць у Варшаве, Вроцлаве і Быдгошчы.

Станаўленне і развіццё джазавай музыкі і плаката ў сучаснай польскай культуры адбывалася амаль што паралельна. Сёння афішы першых джазавых фестываляў, створаныя Лехам Маеўскім, Рослам Жайбам, Вальдэмарам Свежым, Янам Саўкам, Рафалам Албіньскім, маюць вялікую калекцыйную каштоўнасць.

Польская школа плаката — гэта вынік дзейнасці некалькіх яркіх індывідуальнасцей, такіх як Генрых Тамашэўскі, Тадэвуш Трапкоўскі, Ян Леніца, Раман Цэслевіч, Ян Младажэнец, Францішак Старавейскі. Польскія плакаты, якія называлі «матылькамі на сценах», дарылі колер пасляваеннай разбуранай Варшаве: «Яны страшэнна прыцягвалі ўвагу. Камуністычная Польшча — шэрыя вуліцы, шэрыя дамы, шэрыя людзі і... пярэстыя шматкаляровыя плакаты з вельмі рознай стылістыкай...» — распавядае ўладальнік найбуйнейшага прыватнага збору польскага плаката Пётр Дамброўскі. Дарэчы, яго калекцыі, што налічвае каля 20 тысяч асобнікаў, прысвечаны постар Рамана Каларуса «Джаз. Плакаты 1956—2010».

Асноўныя запаветы: плакат «павінен спяваць», але ўся справа ў інтанацыі. Не патрэбны шум — трэба мовіць каротка і прыбраць усё лішняе. Сіла польскага плаката ў тым, што мастакі не імкнуліся ліслівіць заказчыкам ці падладжвацца пад іх густ, — твор заўсёды быў вынікам аўтарскага бачання. Пераломным быў і момант усведамлення, што плакат — не толькі рэклама, якая валодае грубай дакучлівасцю, а тонкае мастацтва. У «думаючым» творы мастацкая форма не з’яўляецца каштоўнасцю сама па сабе, а выконвае другасную ролю, якая падпарадкоўваецца галоўнай задуме.

Вальдэмар Свежы — адзін з заснавальнікаў школы польскага плаката — стаў класікам яшчэ пры жыцці. Свежы пакінуў багатую творчую спадчыну — больш за паўтары тысячы постараў і афіш, а яшчэ кніжныя ілюстрацыі, вокладкі дыскаў, календары і маркі. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях лепшых музеяў свету. Вальдэмар Свежы быў першым, хто ўвёў у плакатнае мастацтва жывапісныя элементы. Мастак камбінаваў неабмежаванасць жывапісу з яснасцю графічнага знака. У яго творах, страсных і эмацыянальных, дзіўным чынам спалучаюцца элементы мадэрну і поп-арту, народнага і наіўнага мастацтва і коміксаў, у адной працы можа выкарыстоўвацца адразу некалькі тэхнік — гуаш, акварэль, аловак, крэйда. Кантрасты ў працах мастака маюць свае гук і рытм. Свежы гуляў з колерамі, нібы музыкант, што грае на інструменце: «Яго плакаты часта выглядалі так, быццам на іх яшчэ не высахла фарба — і як жа гэта падыходзіла да джазавага плаката!» — казаў сусветна знакаміты дызайнер Ніклаўс Трокслер.

На выставе былі прадстаўлены зробленыя мастаком постары-партрэты вялікіх джазавых музыкантаў — Каўнта Бэйсі і Білі Холідэй. Гэта партрэты ў экспрэсіянісцкім жывапісным стылі, для яго ўласцівыя яркія колеры і дынаміка, што накіравана на паспешлівага гледача, які ідзе па вуліцы і чапляецца за выяву мімаходзь. Калі падысці да твора бліжэй, ён нагадвае выпадковую мешаніну з няўцямных плям, кропак, пырскаў і ліній. Але калі адысці далей, выява набывае дакладнасць і аб’ём і вымалёўваецца чалавечы твар. Увогуле партрэт для Вальдэмара Свежага апынуўся жанрам неабмежаваных магчымасцей — творца не канцэнтраваўся на псіхалагічнай глыбіні сваёй мадэлі, а выбіраў некалькі яе характарыстык і выкарыстоўваў метафары для абазначэння прафесіі.

Раман Каларус — выпускнік і выкладчык факультэта графічных мастацтваў Катавіцкай акадэміі. Мінскі глядач ужо меў магчымасць пазнаёміцца з творчасцю польскага плакатыста на яго персанальнай выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Аўтар, плакаты якога выкананыя ў «джазава-блюзавым саўндзе», належыць да пакалення 1960-х. Каларус на самай справе любіць джаз, захапляецца ігрой на гітары і бас-гітары, бо імкнецца перадаць «пульсацыі ўласнага сэрца, перапоўненага жарсцю». А калі быў студэнтам і не меў замоў, то рабіў толькі джазавыя постары для канцэртаў сяброў-музыкантаў. На афішах мастак увасабляе сувязь між жанчынай і мужчынам, пачуццёвы свет для яго — самы моцны творчы імпульс. Разняволеныя вобразы Рамана Каларуса знаходзяцца на мяжы фолу, але вынаходлівае мастацкае вырашэнне выратоўвае ад пошласці. Самы «хуліганскі» аўтар выставы выкарыстоўвае чыстыя насычаныя колеры — сіні, аранжавы, чырвоны, зялёны — і спалучае іх з выразнасцю і дакладнасцю ліній і шрыфтавой гульнёй. Рок-н-рольныя плакаты да кінастужкі пра «Бітлз» «Жоўтая субмарына» і канцэрта «Ролінг стоўнз» адрозніваюцца яркімі псіхадэлічнымі фарбамі. Спалучэнне чорнага і белага яскрава спрацоўвае ў творах «Апошні хуліган запрашае. Юбілей Анджэя Урны» і «Блюзавы фестываль “Rawa Blues”», «Польская блюзавая канферэнцыя “Parana — Blues”», «Хто нам блюз у душы іграе?». Вобраз вялікага горада абыгрываецца ў «Метраполіі блюзу» і ўжо згаданым постары «Джаз. Плакаты 1956—2010».

Моніка Старовіч таксама абрала шлях жывапіснага плаката, для яе твораў характэрны шырокі тэматычны дыяпазон — тут і эротыка, і этыка, і — джаз. Працы Старовіч калекцыянер і эксперт у галіне плакатаў Кшыштаф Дыда назваў «каляровымі мятлікамі» і «лямпачкамі», што апавяшчаюць пра розныя культурныя мерапрыемствы. І Старовіч, і Каларусу падабаецца гульня з выявамі музычных інструментаў і жанчыны, фігура якой ад постара да постара ператвараецца то ў кантрабас, то ў саксафон.

Самы малады ўдзельнік выставы — Філіп Цісьляк — абірае перадусім чорны і белы колеры, а таксама розныя адценні блакіту, і актыўна эксперыментуе са шрыфтамі. Яго плакаты, створаныя ў вельмі спакойным і лаканічным стылі, прысвечаны знакамітым музыкантам: Джону Колтрэйну — амерыканскаму джазмену, імя якога стаіць у адным шэрагу з імёнамі Дзюка Элінгтана і Луі Армстранга, Яну Гарбарэку — нарвежскаму джазаваму саксафаністу і кампазітару польскага паходжання, джазаваму трубачу-віртуозу Дзізі Гілеспі.

...На жаль, пабачыць мастацкі плакат у жывым вялікім горадзе ўдаецца ўсё радзей і радзей: экспанаванне на сценах каштуе дорага, таму з вуліц аўтарскія постары былі вымушаны перамясціцца ў галерэі і музеі. Але і ў абмежаванай прасторы дасціпныя і гратэскавыя плакаты, насычаныя іранічнымі метафарамі, прыцягваюць увагу, правакуюць і схіляюць да эстэтычных разваг людзей, што не першы дзень маюць справы з мастацтвам.

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар