Партрэт на фоне

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

«Да 35-ці»
Мастацкая творчасць не мае пэўных законаў, грунтуецца на індывідуалізме на мяжы з анархіяй і сілкуецца неабмежаванай амбітнасцю. Інакш кажучы, не ходзяць творцы шыхтамі — адпаведна, няма патрэбы дзяліць іх, як у войску, на салагаў і дзядоў.

У савецкі час творчыя саюзы ўяўлялі сабою клоны палітычных структур. Як камсамол лічыўся рэзервам партыі, так моладзевае аб’яднанне было прыступкай да членства ў дарослым саюзе. Ці варта сёння, у зусім іншых сацыяльных варунках захоўваць гэты анахранізм? Я не прыхільнік падзелу мастацкіх асяродкаў паводле ўзроставай шкалы. Тым больш мне не хацелася б, каб маладосць мастака трактавалася як права на прэферэнцыі і індульгенцыя на памылкі. Аднак, паколькі ў грамадскай свядомасці творчая моладзь усё яшчэ вылучаецца ў асобную групу, феномен патрабуе асэнсавання.

Падставу для гэтага дала выстава «Да 35-ці». Паводле твораў экспазіцыі можна скласці зборны партрэт маладога мастака. Звычайна ён — прадстаўнік творчай дынастыі. Пачатковае знаёмства з мастацтвам атрымаў ад сваіх бацькоў. Потым — арт-студыя ці школа. Далей — вучылішча альбо гімназія-каледж. Вышэйшая ж прафесійная адукацыя — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За час вучобы ў Акадэміі меў магчымасць наведаць замежжа па лініі культурнага абмену. Тое, што ягоным бацькам, якія яшчэ заспелі сацыялістычны рэалізм, давалася праз барацьбу, успрымае як дадзенасць. Ён даволі абыякавы да сацыяльнай, а тым больш — палітычнай тэматыкі і не імкнецца да ўвасаблення ў сваіх творах вечных ісцін альбо парадаксальных думак. Пільна сочыць за кан’юнктурай мастакоўскага рынку і лёгка змяняе стылістыку, каб адпавядаць модзе. Колер, пляма, лінія і іх эфектныя спалучэнні ў пазбаўленым сюжэтнасці і фігуратыўнасці кантэксце з’яўляюцца для яго чымсьці самадастатковым. Відавочны ўхіл у дэкаратыўнасць — своеасаблівы знак тых, каму «да 35-ці».

Я не называю канкрэтных імёнаў і толькі спрабую вылучыць найбольш характэрныя чыннікі. На гэтай выставе мне падумалася, што самае цяжкае выпрабаванне для творцы не цэнзура, а свабода: зручней працаваць у межах усталяванага канона, чым шукаць уласны шлях.

Калі шчыра, свабода — разуменне неакрэсленае. Насамрэч мастака за руку ніхто не трымае, і ўсё, што ён робіць, з’яўляецца яго асабістым выбарам. Я далёкі ад таго, каб вінаваціць тых, каму «да 35-ці», таксама як і іх старэйшых калег, у канфармізме. Нават калі мастак дэкларуе незалежнасць ад плыняў, стыляў і публікі, ён усё адно сваёй асобай і працай адлюстроўвае тую ці іншую традыцыю або тэндэнцыю. Пазітыўнай якасцю тых, каму «да 35-ці», я назваў бы дасведчанаcць у гісторыі кірункаў і школ мінулага стагоддзя і здольнасць да іх адаптацыі ў беларускі культурны кантэкст. На такое мастацтва ёсць попыт і замоўцы. Пасля бурлівых дзесяцігоддзяў грамада прагне спакою і камфорту. А дзе ёсць попыт, там будзе і прапанова. Што мы і бачым на гэтай выставе.

Моладзь хутчэй за старэйшых рэагуе на змены ў грамадскіх настроях і ў рынкавай кан’юнктуры. Гэта, бадай, адзінае, у чым «да 35-ці» маюць рэальную перавагу над тымі, хто «пасля 35-ці».

На выставе быў прыстойны пейзажны жывапіс, творы ўмоўна сюжэтныя, а таксама — не пазбаўленыя псіхалагізму і філасафічнасці. Відавочна, што рэалістычны чыннік не знік з культурнай прасторы, хоць пасунуўся з авансцэны. Можа, гэта даніна традыцыі, а можа, і адлюстраванне рэальных патрэбаў публікі, якая складаецца не толькі з аматараў «заходніх каштоўнасцей». Ёсць сярод яе і носьбіты здаровага кансерватызму.

Беручы пад увагу тую акалічнасць, што праект ладзіўся ў час Чэмпіянату свету па хакеі, яго куратары мо свядома, а мо і інтуітыўна арыентаваліся не на звыклага беларускага гледача і ягоныя эстэтычныя густы, а на замежных гасцей і іх культурніцкі досвед. Адсюль — імкненне зрабіць экспазіцыю «па-заходняму». Прытым што наша разуменне культурнага ландшафту Захаду зусім не абавязкова адпавядае рэчаіснасці. Беларускія мастакі і мастацтвазнаўцы нячаста ўдзельнічаюць у маштабных мастацкіх акцыях на захад ад Брэста. Адпаведна, бракуе факталагічнага матэрыялу і жывых эмоцый — з чаго рабіць высновы? Але калі няма канцэптуальнага падмурку, застаецца спантанны пошук.

А ці так трэба, каб наша мастацтва было канвертуемым, што ў сённяшніх варунках азначае — другасным? Я не аднойчы згадваў гісторыю, якую чуў у 1970-х, калі сам быў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута. У навучальным працэсе тады карысталіся методыкай, якая не надта змянілася з часоў існавання Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе. Сярод студэнтаў знаходзіліся тыя, хто лічыў гэта анахранізмам. І вось такі дысідэнт паехаў у Вільнюс са спадзяваннем перавесціся ў тамтэйшы мастацкі інстытут. Расклаў свае працы на кафедры жывапісу, а выкладчык і пытаецца: «А чым вам не падабаецца вучыцца ў Мінску?» Мінчук жа ад гэтага запыту аслупянеў. Рэч у тым, што ён яшчэ не паспеў паведаміць, адкуль прыехаў. «А як вы даведаліся, што я з Мінска?» — «Дык бачна ж, што гэта беларуская школа! Па пластыцы, па колеры, па кампазіцыі».

Вось так і жыве творца, адчуваючы сябе чужым асяроддзю, і не ведае, што ён носьбіт тутэйшай ментальнасці, спадкаемец тутэйшай традыцыі. Менавіта гэтым і цікавы навакольнаму свету.

Асабіста мяне выстаўка «Да 35-ці» правакуе на развагі пра стан мастацтва, які мне падаецца праблемным. Але, магчыма, я памыляюся, і тое, што адбываецца на нашых вачах, — не таптанне на месцы, а хай сабе і спантанны, але пошук магістральнага шляху.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ