Генадзь ГАРБУК. Нельга эканоміць на творчых статунках

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Як падаецца, у віхуры фестывальнага жыцця акцёры -- самыя «пакрыўджаныя»: яны прыязджаюць на фестываль, адыгрываюць спектакль і амаль адразу з’язджаюць дадому, часта так і не пабачыўшы на сцэне нікога са сваіх калег. А між тым, няма большых абаронцаў фестываляў, чым акцёры... Менавіта з гэтага мы і пачалі нашу размову з народным артыстам СССР Генадзем Гарбукам.

 /i/content/pi/mast/6/137/Garbuk1.jpg
-- Я таксама не разумею, чаму так адбываецца. Для каго ладзяцца такія фестывалі? Для мяне гэта загадка. Раней мы прыязджалі на фестываль перад пачаткам і былі да канца, глядзелі ўсе спектаклі сваіх калег, і калі было чым пахваліцца -- хваліліся, было чаму пазайздросціць -- зайздросцілі, павучыцца -- вучыліся. Але галоўнае -- чалавечыя і творчыя кантакты падчас такіх фестываляў. Памятаю, былі мы на адным фестывалі ў Кіеве, куды з’ехаліся тэатральныя калектывы літаральна з усяго былога СССР: Ленком, БДТ Таўстаногава... І акрамя спектакляў там ладзіліся вечары адпачынку для ўдзельнікаў. Тыя нефармальныя сустрэчы, размовы -- цуд! Я меў магчымасць пазнаёміцца шмат з якімі цікавымі людзьмі: з Шырвіндтам, Дзяржавіным, з Эфросам. Гэта надзвычай каштоўна для акцёраў. Аднак часам атрымліваецца, што мерапрыемства праведзена, птушачкі ў патрэбных калонках прастаўлены -- і ўсё!
Але ж нярэдка даводзіцца чуць ад арганізатараў, што яны адрасуюць той ці іншы фестываль найперш гледачам…
-- І менавіта ім было б цікава ўбачыць у фае тэатра акцёра, які ўчора іграў на сцэне, пагаварыць з ім, падзяліцца ўражаннямі...
Разумею, што сёння не так лёгка знайсці грошы на падобныя мерапрыемствы -- сітуацыя, якая склалася пасля распаду Саюза, прымушае сёння эканоміць на ўсім. Але ж я перакананы -- нельга эканоміць на чалавечых і прафесійных стасунках, на творчых кантактах. І я, калі часам трапляю на шыкоўныя фестывальныя банкеты, не зусім веру, што немагчыма знайсці грошы на тое, каб акцёр хоць крыху затрымаўся на фестывалі...
Генадзь Міхайлавіч, за сваю багатую творчую біяграфію вы перайгралі цэлы шэраг беларусаў. Калі б да вас звярнуліся як да эксперта-беларусазнаўцы, як бы вы апісалі, акрэслілі беларускі тыпаж?
-- Не ведаю... Тыпаж -- гэта, хутчэй, пытанне да кінарэжысёраў -- яны без гэтага не могуць. Для іх тыпаж часта бывае важнейшы за тое, які перад імі акцёр, да чаго ён здатны. Можна і з Камароўкі ўзяць тыпаж і зняць у кіно.Шчыра кажу, пра гэта ніколі не думаў. Я калі атрымліваю ролю, думаю пра змест: што за чалавек перада мною, чаго ён хоча ў жыцці, чаго дабіваецца, у якіх абставінах жыве -- вось што галоўнае. Цярпець не магу банальныя фразы, кшталту «лагодныя» беларусы, «памяркоўныя»... Прабачце, але такіх людзей можна знайсці ў любой нацыі, колькі заўгодна -- не менш, чым сярод беларусаў. І сярод рускіх, і сярод татар, чарнаскурых, індзейцаў, ды і нават у эпоху пірамід былі людзі і лагодныя, і памяркоўныя. А былі і такія, якія мелі выбуховы характар. Я цудоўна памятаю, што раней, у часы вайны, вечарынкі ў нас без боек не абыходзіліся. А бойкі былі толькі з-за дзяўчат. Значыць, тэмперамент у беларусаў не горшы за славуты каўказскі! Жылі ў нашай вёсцы ў той час тры браты (пазней яны нават сталі маімі далёкімі родзічамі) -- настолькі здаровыя хлопцы, што кроў аж кіпела! І калі яны прыходзілі на вечарынку, а там не было з кім пабіцца, дык біліся паміж сабой. Здаравенныя былі!
А што вясковага хлопца падштурхнула пайсці ў тэатр, звязаць сваё жыццё з мастацтвам?
-- Так павялося, што літаральна з першага класа я браў удзел у самадзейнасці. Напачатку таму, што так настаўніца загадала: будзеце танцаваць. Танцавалі «Крыжачок», «Лявоніху», з хлапчукоў я быў адзін «сапраўдны», астатнія -- дзяўчаты, якія весела, са смехам апраналі штаны, прыбіралі косы пад шапкі.
 /i/content/pi/mast/6/137/Garbuk3.jpg

 "Ажаніцца - не журыцца" М.Чарота і Далецкіх. Яўмень.


А потым пачаў чытаць вершы. Памятаю сваё першае «драматычнае выступленне», падчас якога я прамаўляў:
В комнате у дяди Вани,
Там, где кресла и шкафы,
Жили в маленьком диване
Злые желтые клопы.
Их травили голодом,
Морозили холодом,
Поливали кипятком,
Посыпали порошком
Карацей, як ні змагаліся, нічога не дапамагала. І заканчваўся верш тым, што
Хитрый дядя был Иван --
Взял и продал он диван.
Потым пачаў і ў пастаноўках удзельнічаць, а з восьмага класа ўжо і хорам кіраваў, і драматычным гуртком, і з чытальнікамі працаваў -- я ж быў пераросткам, з-за вайны пайшоў у школу толькі ў 11 гадоў. Адпаведна, у сёмым класе мне ўжо было васемнаццаць.
Праўда, напачатку, гадоў у 15-16, як і ўсе, хацеў быць лётчыкам. Потым задумваўся наконт медыцыны -- прачытаў цудоўную кніжку пра палярных урачоў, якая мяне ўразіла і проста-такі за душу ўзяла. А пазнеў ужо «ўлез» у тэатральную справу -- вельмі шмат мы тады выступалі па вёсках з «агітбрыгадамі» (яны тады, праўда, так не называліся). Ігралі ў хатах, бо клубы былі тады толькі ў вялікіх райцэнтрах -- як нашы Ушачы.
Ці былі ў вас на той час куміры сярод кінаакцёраў?
-- А як жа! Я, да ўсяго, пісаў яшчэ і афішы для кінафікацыі. Тады быў толькі адзін сеанс на дзень, але фільмы круціліся штодня. Праўда, школьнікаў на вячэрнія сеансы не дапускалі, толькі ў нядзелю. Я ж меў магчымасць за сваю працу (мне нават тры разы на год -- да Першага мая, на кастрычніцкія святы і перад Новым годам -- выдавалі ганарар у памеры 50 рублёў!) глядзець фільмы кожны дзень! Тады ішло шмат старых, трафейных стужак: «Тарзан», «Індыйская грабніца», «Выпадак у пустыні», самы першы «Робін Гуд»... Прозвішчаў тых артыстаў не памятаю, але дагэтуль нібыта бачу іх. Ну, і савецкія нашы фільмы таксама перагледзеў літаральна ўсе! Калі ў «Белых росах» здымаліся з Усеваладам Санаевым, я яму нават нагадаў пра «Золата», у якім яго падлеткам бачыў...
Вельмі часта даводзіцца чуць, што, маўляў, раней шмат што было не так, як сёння: іншы тэатр, іншыя адносіны да работы, спектакля... Гэта праўда?
 /i/content/pi/mast/6/137/Garbuk2.jpg
 "Парог" А.Дударава. Андрэй Буслай.
-- І я скажу тое ж самае!
Чаму?
-- Таму, што калі я пачынаў працаваць у Віцебску, мая зарплата складала 65 рублёў і ніякіх іншых заробкаў не было. З гэтых грошай трэба было плаціць за кватэру, апранацца, карміцца. Ды яшчэ я, малады чалавек, хацеў калі-нікалі і дзяўчыну на спатканне запрасіць. А перад маімі вачамі -- карыфеі віцебскага тэатра: Звездачотаў, Радзялоўская, Трусаў, Сяргейчык, Лагоўская, Канапелька... Калі мы ўтрох: я, Жэня Шабан і Тадэвуш Кокштыс -- прыехалі пасля інстытута ў Віцебск, яны ўсе яшчэ працавалі, і мы бачылі, што гэта за людзі, якія ў іх адносіны да тэатра.
Маім настаўнікам быў Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, які ўнушаў нам паважлівыя адносіны да тэатра. У мяне і думкі не магло ўзнікнуць без грыму выйсці на сцэну! (Гэта арлоўскія словы: «Грым -- ветлівасць артыста».) Або -- не прыслухацца да парады старэйшага калегі, «зрабіць выгляд» і працадзіць скрозь зубы: «Стары, што ты вярзеш?» А сёння можна лёгка нарвацца на падобную рэакцыю, калі паспрабуеш зрабіць заўвагу маладому акцёру наконт таго, што яго не чуваць ужо ў шостым радзе глядзельнай залы.
Так, «чутнасць» сёння ў тэатры -- сапраўдная праблема...
-- Гэта не праблема, а прафнепрыдатнасць! Адна маладая актрыса мне сказала: «Калі я пачну гаварыць гучна, дык буду выглядаць ненатуральна». Пляваць гледачу на тваю натуральнасць, калі ён не чуе і не разумее, пра што ты яму гаворыш і што ўвогуле адбываецца на сцэне! Я не хвалюся, але мы і самі звярталіся па парады да карыфеяў (проста «павісалі» на іх, асабліва калі працавалі разам у адных спектаклях), і кожную іх заўвагу лавілі, імкнуліся асэнсаваць... Калі ж не думаць пра сцэнічную культуру, глядач перастане хадзіць у тэатр.
Дарэчы, на вашу думку, чым тэатр прываблівае гледачоў? Чаму яны ўсё-такі туды ходзяць?
-- Не ведаю. Для мяне гэта загадка. Аднойчы, годзе ў пяцьдзесят шостым -- пяцьдзесят сёмым прыходзіць Дзмітрый Аляксеевіч да нас на заняткі ўвесь сіні, раз’юшаны і ў руках трымае газету -- ці то «Правду», ці то «Известия». «Прарокі знайшліся! -- абураецца. -- Прадракаюць смерць тэатру!» А гэта вялікі Герасімаў Сяргей Апалінар’евіч напісаў артыкул на цэлую газетную паласу -- пра тое, што кінематограф, тэлебачанне вось-вось канчаткова выціснуць тэатр. Артыкул так і называўся: «Смерць тэатра».А ў сапраўдны, добры тэатр ва ўсе часы было складана трапіць. Паспрабуйце прабіцца ў той жа Ленком, ці раней -- да Таўстаногава, а яшчэ раней -- у МХАТ. Відаць, таму, што гэта жывое мастацтва, сапраўднае. Толькі гэтым яно і можа быць насамрэч цікавае гледачам.
У акцёраў, якія дзеляць сябе паміж тэатрам і кіно, прынята пытацца, што ж іх прываблівае больш. Для вас асабіста што даражэй, бліжэй, цікавей?
 /i/content/pi/mast/6/137/Garbuk4.jpg
 "Понцій Пілат" А.Курэйчыка.
У ролі Понція Пілата.

-- Свае плюсы і мінусы ёсць, канешне ж, і ў тэатры, і ў кіно. Кіно, безумоўна, вабіць крышку іначай, чым тэатр. Калі вам хто-небудзь скажа, што вядомасць, папулярнасць, слава яму нецікавыя, -- не верце. Бывае, даводзіцца чуць, асабліва ад рэжысёраў, што, маўляў, ім усё роўна, як успрымаюць гледачы іх спектаклі ці фільмы, бо яны ствараюць іх «дзеля мастацтва»... Усё гэта лухта! Кіно дае выдатную магчымасць стаць знакамітым. Ды што там кіно, у рэкламе зняўся -- і ты ўжо «зорка», цябе на вуліцах пазнаюць! Канешне ж, немалаважную ролю ў кіно іграе і «фінансавы інтарэс». А яшчэ гэта унікальная магчымасць сустрэцца, папрацаваць разам з цудоўнымі акцёрамі. Не сакрэт, што рэжысёры нярэдка, не спадзеючыся на ўласны талент, робяць стаўку на зорак, пажадана -- з Масквы: маўляў, добры акцёр выцягне. А калі нават і праваліць фільм, дык на зорку ўсё роўна прыйдуць.
Калі ж казаць непасрэдна пра творчую працу, дык у кіно ты выкарыстоўваеш тое, што напрацоўваеш у тэатры. Яно прывучае цябе працаваць самастойна: калі ты пастараешся як след, прыкладзеш намаганні і праявіш сваё майстэрства -- тады, мажліва, што-небудзь і атрымаецца.
У рабоце з рэжысёрамі вы вядучы ці вядзёны? Прапануеце рэжысёру сваё бачанне ролі бо пытаеце, якім ён жадае бачыць вашага персанажа?
-- «Чаго вы ад мяне хочаце?» -- гэта другое пытанне, якое я задаю рэжысёрам на рэпетыцыях. А першае: «Пра што мы іграем спектакль?». Станіслаўскі гэта называў -- «вызначыць зерне спектакля». Але рэжысёры, асабліва маладыя, часта злуюцца на мяне, ніхто з іх не можа адказаць, пра што: «Паставім і будзем іграць. Пра тое, што напісана». Але гэтак жа нельга!
Мне падаецца, што гэта адлюстраванне сённяшняй праблемы, якая ўзнікла ў сучасным тэатры: ён імкнецца зачараваць гледача, прывабіць, уразіць яго, але толькі не расказаць простую, празрыстую гісторыю...
-- Дакладнае назіранне. І балючае пытанне. Справа ў тым, што сёння мы зусім адкінулі такое паняцце, як «ідэалагічная трыбуна». Я разумею, у савецкія часы яно запляміла сябе. Але калі тэатр перастае быць трыбунай выхавання, ён немінуча скочваецца ўніз і ператвараецца ў забаўлянку. А гэта азначае смерць тэатра. Адразу падае і ўзровень драматургіі. Што і казаць: няма сапраўднай драматургіі -- няма і тэатра. Калі былі вялікія тэатры? Калі з’явіліся Шэкспір, Мальер, Чэхаў, Ібсен, Горкі, Вампілаў, Розаў... І тая драматургія не дазваляе апускацца да пацяшальнасці. У адваротным выпадку тэатр ідзе на повадзе ў публікі, як казаў Арлоў. Не ў гледача, а менавіта ў публікі.
Наколькі, на вашу думку, маладыя акцёры, калі прыходзяць у тэатр, мусяць быць вернымі яму? Ці добра гэта, калі акцёр працуе ў розных тэатрах, бярэ ўдзел у антрэпрызных, самастойных таэтральных праектах?
-- Наш настаўнік Дзмітрый Арлоў казаў: «Рабяты, інстытут інстытутам, тут вы, зразумела, набудзеце пэўныя навыкі. Але самае галоўнае -- першыя гады працы ў тэатры. Неабходна, каб у вас была бесперапынная праца. І калі вас будуць запрашаць у абласныя тэатры -- ідзіце туды. Не ўздыхайце вы па сталіцы». І мы з радасцю паехалі ў Віцебск. Хоць мяне запрашалі і сюды, у Купалаўскі. Але я цудоўна разумеў, што, па-першае, будзе канкурэнцыя. Па-другое, бачыў таго ж Лёню Казлоўскага, які ў інстытуце атрымаў за акцёрскае майстэрства вышэйшую адзнаку, а за тры гады ў Купалаўскім тэатры не сыграў ніводнай ролі, толькі што ў масоўцы выходзіў. А ў Віцебску ў нас работы было вышэй даху. І зараз, я цудоўна ведаю, у абласных тэатрах неверагодная патрэба ў маладых акцёрах. Колькі іх штогод выпускаецца ў Акадэміі -- ніводзін не з’явіўся там! Усе ліпнуць да Мінска.
Ці маглі б вы апісаць «ідэальны» спектакль, на які б прабіраліся праз неверагодныя цяжкасці і чэргі?
-- А я, на шчасце, быў на такім спектаклі! Ніякіх шанцаў не было -- а я трапіў! У 1959-м, пасля года працы ў Віцебску, мне далі творчую камандзіроўку ў Ленінград. Толькі-толькі выйшаў спектакль «Ідыёт» са Смактуноўскім. Першая думка, канешне ж, -- трапіць на гэты спектакль. З самай раніцы пайшоў да адміністратара тэатра, а там ужо быў натоўп гэткіх жа ахвотнікаў, ад якіх ён усімі сіламі адбіваўся. Я зразумеў, што тут нічога не атрымаецца, і вырашыў прыйсці перад пачаткам спектакля. Падыходжу да тэатра вечарам, а там ужо конная міліцыя стаіць у ачапленні. Дзе хто толькі кіне слоўца, што ёсць лішні квіток, яго тут жа раздзіраюць на кавалкі. Стаю я і разумею, што мне нічога не свеціць. А да пачатку спектакля яшчэ гадзіна... І тут раптам нехта кранае мяне за плячо. Паварочваюся -- малады чалавек, кліча мяне ўбок на два слоўцы. «Я бачу, вам вельмі хочацца трапіць на спектакль». -- «Ды дзе ж там!..» -- «А мяне на заводзе прэміравалі двума білетамі, я чакаю дзяўчыну, але яна штосьці спазняецца на цэлыя паўгадзіны. Дык калі яна не прыйдзе, я вас з сабой вазьму». І я стаю і думаю: «Дзяўчыначка, даражэнькая, я табе жадаю шчасця, здароўя і ўсяго найлепшага з гэтым хлопцам... Толькі не прыходзь сёння да яго». Яна-такі не з’явілася, і я сядзеў на спектаклі ў восьмым радзе. Гэта было шчасце! Большага тэатральнага ўражання ў мяне не было.... І працяг гэтай гісторыі. 1986 год. Здымаўся фільм «Загадкавы спадкаемца», у якім, дарэчы, быў заняты і Смактуноўскі. Працавалі ў Парыжы, і як толькі прыехалі туды, старшыня камісіі ЮНЕСКА арганізаваў нам прыём. Мне выпала сядзець побач са Смактуноўскім. Калі афіцыйныя тосты скончыліся, я, малады акцёр, папрасіў слова. Смактуноўскі гаворыць: «Ну вось, зноў пачнеш пра маю геніяльнасць», -- але я сказаў: «Не, хачу выпіць за конную міліцыю». І распавёў яму пра тыя свае тэатральныя ўражанні.
 /i/content/pi/mast/6/137/Garbuk5.jpg

 "Сымон-музыка" Я.Коласа. Дзед Курыла.


Ці ёсць у вас любімы драматург, у п’есах якога вы гатовы іграць «без абмеркавання»?
-- Максім Горкі.
Дарэчы, у свой час у тэатральным інстытуце рэдкі выпускны акцёрскі курс не браў для дыпломнай работы Горкага. Чаму ж у тэатрах нашых яго п’есы ідуць надзвычай рэдка?
-- Таму што складаныя! Каб было цікава, неабходна вельмі добра пастарацца. У Горкага за формай, вонкавымі прыёмамі не схаваешся -- атрымаецца доўга, шматслоўна і надзвычай сумна!А вось у нас на курсе Дзмітрый Арлоў ставіў «На дне», дзе я іграў Ваську Попела. У 1958 годзе ў Маскве быў агляд дыпломных спектакляў тэатральных ВНУ ўсяго Савецкага Саюза, куды трапілі са сваім спектаклем і мы. А трэба сказаць, што ў нашым спектаклі не было скарочана ніводнага маналога, ніводнага слова не выкінута. Старшынёй камісіі быў Тапаркоў. І вось мы адыгралі спектакль, вярнуліся дадому, а Дзмітрый Аляксеевіч застаўся. Прыязджае задаволены і на нашы роспыты адказвае: «Ну, у нас другое месца пасля вахтангаўцаў...» І яшчэ: «Тапаркаў сказаў: ніколі не думаў, што «На дне» гледачы будуць успрымаць, як вадэвіль». А там і сапраўды было шмат гумару. Жэня Шабан іграў Луку... «Трактоўка Лукі ў Шабана, -- Дзмітрый Аляксеевіч паўтарыў словы Тапаркова, -- па-мойму, больш дакладная, чым у Масквіна». А пра Барона, які патрабуе «каву з вяршкамі», а сам пры гэтым незнарок свеціць дзіркай на штанах на заднім месцы, ён сказаў: «Вось -- мера густу: адзін раз зрабіў, але як!»
Горкага іграць неверагодна складана.. Толькі калі сутнасць кожнай ролі будзе разгледжана, выцягнута -- толькі тады гэта будзе цікава. Неверагодна цікава!
Сёння амаль забыта старая ісціна: рэжысёр павінен памерці ў артыстах. Што гэта азначае? Рэжысёр у тэатры не павінен быць прыкметным, на сцэне мусіць жыць акцёр! А зараз што мы бачым? Кожным жэстам, кожнай сцэнай яны даводзяць і нам, акцёрам, і гледачам: заўважце, які я, рэжысёр, геній, як я цудоўна ўсё прыдумаў!.. Арлоў нам казаў: «На тэатры, дзетачкі, усё ўжо прыдумана! Дзесяць тысяч гадоў ён існуе». Раптам хтосьці з нас пытаецца: «А што ж тады новае ў тэатры?» -- «Адна-адзіная рэч -- індывідуальнасць мастака».
Як мне падаецца, тэатр можа дазволіць сабе не толькі забаўляць гледачоў, але і размаўляць з імі на больш сур’ёзныя тэмы, звяртацца да класікі...
-- Любая забаўляльнасць вельмі хутка надакучвае. Хоць напачатку выклікае пэўную цікавасць. Я, да прыкладу, калі па тэлевізары пачалі паказваць першыя баевікі, месяцы тры-чатыры проста не выключаў яго. Бо раней бачыў толькі «Хроснага бацьку» на праглядзе ў Доме кіно. А потым як пайшла гэтая хваля... Цяпер я, акрамя Еўраспорту, Animal Planet і National Geographic, нічога і не гляджу -- спатоліўся...
Ці ж не ад кожнага канкрэтнага чалавека, які выходзіць на сцэну, залежыць тое, што ён скажа гледачам?
-- Так, а яму даюць тэкст кшталту Марынінай ці нават яшчэ «лепш»!.. Быў нядаўна ў санаторыі і зайшоў у бібліятэку. Ляжаць некалькі кніг Аксёнава, у якога я так любіў «Зорны білет», «Апельсіны з Марока»... І Бунін. Узяў Аксёнава: першая старонка -- і адразу ж лаянка. І -- усё, няхай гэта будзе колькі заўгодна геніяльна, але калі прысутнічае нецэнзуршчына -- не прымаю.
А як наконт праўды жыцця?
-- Узяў Буніна -- вось дзе праўда жыцця! Але там не тое што мата, намёка на яго не можа быць! А ў Горкага дзе вы мат бачылі? А ў Чэхава? А вось мат -- гэта не праўда жыцця! Чалавеку ўласціва вельмі шмат так званых фізіялагічных функцый. Дык што, гэта прадмет мастацтва? Мы што, сапраўды павінны паказваць са сцэны ўсе фізіялагічныя адпраўленні?!
Нельга забывацца, што тэатр -- гэта ідэйнае мастацтва! Безідэйнага не бывае. Нават уся гэтая забаўляльная брыдота і чарнуха -- і яна нагружана пэўнай ідэяй. Толькі якой? Усё гэта хлусня, калі гавораць: «Галоўнае не ідэя, а творчасць». Глупства! Такога не бывае. Тэатр тым і жывы, што трымаецца на ідэях.