Дзівосы ансамбляў і сола

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

«Мінская вясна-2014»
Трыццаць гадоў таму, калі Беларусь рыхтавалася адзначыць знамянальную дату свайго вызвалення, у музычным жыцці тагачаснай рэспублікі з’явіўся новы фестываль: «Мінская вясна». Ён быў запачаткаваны як творчая справаздача айчынных выканаўцаў і кампазітараў на розных пляцоўках сталіцы — маштабны паказ новых праграм ва ўсіх жанрах, з правядзеннем канцэртаў-сустрэч і шматлікімі прэм’ерамі.

Наступнаю вясной такое свята ладзілася ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. Вызначыўшыся перадусім як парад беларускіх музычных прэм’ер, фестываль заняў вольную нішу, займеў сваю эмблему і гарманічна ўвайшоў у каляндар філарманічных сезонаў, стаўшы добрай штогадовай традыцыяй. Якая ж яна сёння, музычная вясна даўжынёю ў трыццаць гадоў?

Пялёсткі на ўспамін

Сёлетнюю «Мінскую вясну», якая панавала ў абедзвюх залах філармоніі (пад фестывальнай рубрыкай цягам красавіка прайшло 18 канцэртаў), ёсць з чым параўноўваць. І як тут абмінеш самы першы музычны форум! Ён працягваўся толькі восем дзён, але ў напружаным тэмпе, прадэманстраваўшы на дзіва стракатае і пышнае суквецце беларускай класікі ды новай музыкі. Тады, у 1984-м, увазе слухача былі прапанаваны буйныя творы Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, Канцэрт Генрыха Вагнера для кларнета, фрэска Дзмітрыя Смольскага «Партызанскія мадоны», уверцюра-фантазія «Свята» Андрэя Мдывані, «Мемарыял» Уладзіміра Дарохіна, паліжанравая кампазіцыя Мікалая Сіраты для народнага хору, песні Уладзіміра Алоўнікава, Уладзіміра Мулявіна, Ігара Лучанка. Плюс філарманічны вечар пад кіраўніцтвам знакамітага казахстанскага дырыжора Фуата Мансурава і аўтарскі канцэрт легендарнага масквіча Ціхана Хрэннікава.

Наступныя музычныя вёсны, адквітнеўшы, гэтак жа сыходзілі ў гісторыю, пакідаючы ў кожнай чулай душы сімвалічныя пялёсткі эфемернага фестывальнага букета, якія не страчваюць тонкі водар былых уражанняў. Згадкі — як часцінкі незваротнага. Вось тыповы колішні прыклад: рэпертуарны бум. На працягу аднаго з мінулых фэстаў адбыліся прэм’еры 6-й сімфоніі Андрэя Мдывані («Полацкія пісьмёны»), Канцэрта для аркестра Уладзіміра Дамарацкага, вакальна-сімфанічнага дзейства «Загуканне вясны» Людмілы Шлег, «Адажыа» Сяргея Янковіча, араторыі Алега Залётнева «Лісткі календара» на вершы Максіма Танка, «Камернай музыкі для струнных інструментаў» Алега Елісеенкава.

Хто з цяперашніх карыфеяў пагартае тыя «закапаныя ў архівах» партытуры і парупіцца, каб падчас чарговых сезонаў ажылі занядбаныя тутэйшыя кветкі далёкіх «Вёснаў»? Хто з дырыжораў-сімфаністаў здатны на такі ж энтузіязм, як у нястомнага маэстра Міхася Казінца, які ў красавіку 2006-га, увасобіўшы разам са сваім унікальным аркестрам «Маладая Беларусь» праграму з музыкі ХХ і ХХІ стагоддзяў, адзначыў юбілей Дзмітрыя Шастаковіча спалучэннем сусветнай класікі новага часу з набыткамі творчай моладзі (прынамсі, тады была выканана прэм’ера фартэпіяннага канцэрта Алега Хадоскі «Святло свечкі, якая дагарае»)?

Дух абнаўлення

Спакваля «Мінская вясна» пачала страчваць сваю выключнасць як фестываль нацыянальных прэм’ер. Цяпер яе змест больш залежыць ад кантэксту бягучых канцэртаў, ад асабістых амбіцый і маральнай пазіцыі дырыжораў ды салістаў, ад рэальных фінансавых варункаў у сферы акадэмічнай музыкі. Балазе мастацкаму кіраўніцтву Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўдаецца падтрымліваць тыя канцэптуальныя традыцыі «Вясны», што робяць яе патрыятычнай і гасціннай, пазітыўнай, прывабнай для публікі. Імпрэзу, неад’емную ад развіцця нашай культуры, па-ранейшаму сілкуе дух абнаўлення: прэм’еры канцэртных праграм і асобных твораў, імёны маладых музыкантаў, ганараваных лаўрамі прэстыжных конкурсаў, творчы досвед сусветна прызнаных майстроў, адкрыцці малавядомай класікі, мінскія дэбюты іншаземных гасцей.

Гэтыя прыярытэты захаваў і фэст 2014 года. Сімвалічна, што першым на яго афішы быў пазначаны сольны канцэрт юнай беларускай зоркі, спадкаемцы здабыткаў нашай унікальнай школы акадэмічнага выканальніцтва на цымбалах — Аляксандры Дзенісені (клас Таццяны Сергяенкі; партыя фартэпіяна — Яўгенія Радзюк). Праз музыку розных эпох і стылёвых пластоў — ад Баха да П’яцолы — высвечваліся зіхоткія грані таленту цымбалісткі, якая, нагадаю, бліскуча прадставіла інструментальны голас Беларусі ў класічным кантэксце «Еўрабачання-2012» і з высокай прафесійнай годнасцю выступіла ў конкурсным фінале.

Яшчэ адно маладое імя — гітарыст Павел Шамшура, чые першыя поспехі на музычных спаборніцтвах звязаныя з гадамі навучання ў родным Мінску. Працягваючы ўдасканальваць майстэрства за мяжой (Германія, Італія), Павел упэўнена ладзіць стасункі з еўрапейскім арт-асяроддзем. Папоўніўшы сваю гітарную палітру яркімі разнастайнымі фарбамі, ён дадаў да партрэта «Мінскай вясны» выразны штрых: творы старадаўніх кампазітараў і сучаснікаў розных генерацый — ад Іагана Себасцьяна Баха і Даменіка Скарлаці да Леа Браўэра і Карласа Маскардзіні.

У плюралістычны змест фестывалю ўлучыліся залацінкі народнай шчырасці Беларускага ансамбля «Свята» (мастацкі кіраўнік Анатоль Кашталапаў); джазавая імпульсіўнасць швейцарскага трыа «Veіn»; харызматычнасць расійскага віяланчэліста Кірылы Родзіна, чыё сольнае выступленне падтрымалі студэнты Акадэміі музыкі — наведвальнікі майстар-класаў выдатнага артыста і педагога, удзельнікі жывога ансамблевага шоу (партыя фартэпіяна — Настасся Бура).

А колькі свежасці прыўнесла ў атмасферу вясны прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча — гала-канцэрт «Незабыўнае»: вялікі свет рамантычных эмоцый, узнёслых думак і глыбокага патрыятычнага настрою! Тут можна гаварыць пра жывую акадэмію беларускай песні, пра відавочны трыумф найлепшых твораў Уладзіміра Мулявіна ды Ігара Лучанка, з якіх складалася праграма. Генератар крэатыўных ідэй маэстра Міхась Казінец, аранжыроўшчык ад Бога Аляксандр Крамко, маладыя салісты-лідары Пётр Ялфімаў, Ян Жанчак — усе жыновічаўцы і запрошаныя артысты здзейснілі праект, які стаўся сапраўды інтэрактыўным. Удзельнікі канцэрта адчулі энергетычны пасыл удзячнай залы, якая і з насалодай слухала шэдэўры Мулявіна ды Лучанка, і самазабыўна далучала свой спеўны голас да вакальна-аркестравай партытуры. Сучасная песенная класіка — магутная духоўная сіла!

Прынады і прыкрасці

Штогод «Вясна» прэзентуе мастацтва музыкантаў-суайчыннікаў, прымае даўніх сяброў з-за мяжы, прысвячае тэматычныя праекты адмысловым каляндарным нагодам. І тое, і другое, і трэцяе спалучаецца ў творчасці Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале з Аляксандрам Анісімавым. З публікай сёлетняга фестывалю калектыў сустракаўся тройчы, і дзве праграмы былі прадстаўлены мастацкім кіраўніком.

У адной з іх да беларускага аркестра далучыўся добра знаёмы нашай публіцы Марк Драбінскі — «дэман віяланчэлі», вучань легендарнага Мсціслава Растраповіча, знакаміты саліст, які ўжо доўгія гады жыве ў Францыі. Госць іграў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам Эдуарда Элгара, у праграму таксама былі ўключаны балетная музыка з Моцартавай оперы «Ідаменей» (на «Мінскай вясне» яна раней не гучала) і Сімфонія № 2 Сяргея Рахманінава.

Рыхтаваў маэстра Анісімаў і канцэрт, які меўся стаць фінальнай кульмінацыяй свята, бо завяршаў чараду фестывальных вечароў у Вялікай зале. Уверцюра-фантазія Пятра Чайкоўскага «Рамэа і Джульета», Сімфонія № 9 «З Новага Свету» Антаніна Дворжака і падобны да святланоснага вясновага паветра, сонечны Ля мажорны Канцэрт для кларнета з аркестрам Вольфганга Амадэя Моцарта. Інтрыгавала імя саліста са Славеніі: Дарка Брлек. А потым публіку папярэдзілі, што канцэрт пройдзе без удзелу саліста і ў якасці кампенсацыі за няспраўджаны сюрпрыз прагучыць «Італьянскае капрычыа» Чайкоўскага. Хіба загана — «два Чайкоўскія»? Хай людзі вечную класіку паслухаюць! Ды камусьці такая рэпертуарная логіка не падалася прынаднай. «Рамэа і Джульета» гучыць у філармоніі даволі часта (папулярны опус ігралі тут «з інтэрвалам у сезон» і два моладзевыя аркестры). «Італьянскае капрычыа», як і сімфонія «З Новага Свету», таксама на слыху. Міжволі ўспомніш «Мінскую вясну-2012», калі наш Дзяржаўны сімфанічны, завяршыўшы турнэ па Японіі, паўтарыў гастрольную праграму ўжо дома: гэта быў згаданы твор Дворжака ў геніяльнай кампаніі Чайкоўскага, які «выручае» ў гасцях і дома, на Каляды і на Дзень Перамогі...

Між тым шкада, што «пратэрмінаваны» на некалькі месяцаў канцэрт-прысвячэнне стогадоваму юбілею Анатоля Багатырова (асобнай афішай быў абвешчаны на студзень, затым перанесены на сакавік, урэшце загадкавым чынам «выпарыўся» з анонсаў аркестра) ні нотай не нагадаў пра сябе ў кантэксце мінскага музычнага свята. На мінулых фестывалях прыгожа, з удзелам сталічных артыстаў і гасцей, адзначаліся юбілеі Моцарта, Шапэна, Шумана, Стравінскага, Шыманоўскага, рыхтаваліся праграмы да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага педагога, прафесара фартэпіяна Ірыны Цвятаевай, да 120-годдзя Рыгора Шырмы. Багатырову не пашанцавала.

Прыкра, што ў букет сёлетняй «Вясны» не трапіла імя Станіслава Манюшкі. Менавіта ўвесну, 5 мая, споўнілася 195 гадоў з дня яго нараджэння. Як было б дарэчы прыгадаць творчасць нашага земляка, генія беларускага гукасвету эпохі рамантызму і польскага класіка, чыя музыка сімвалізуе непадзельную лучнасць дзвюх роднасных культур! Няма сумніву, 200-гадовы юбілей Манюшкі будзе ўключаны ў каляндар ЮНЕСКА і адзначаны шырока. Але да гэтага яшчэ далекавата.

У палоне краявідаў

Сімфанічны канцэрт, які адбыўся на пачатку фестывалю, быў прымеркаваны да 20-годдзя Польскага Інстытута ў Мінску. Дзякуючы яго прысутнасці ў нашай краіне падтрымліваецца беларуска-польскі культурны дыялог. У ініцыятыўным партнёрстве нараджаюцца шматлікія супольныя музычныя праекты. Сярод іх і праграма, з якой наш акадэмічны сімфанічны калектыў выступіў пад кіраўніцтвам знанага польскага маэстра Паўла Котлы. Сёння ён, дырыжор Лонданскага сімфанічнага аркестра, стала жыве ў брытанскай сталіцы. Супрацоўнічаў са славутасцямі, чуў авацыі найпрэстыжных залаў свету. І пачэснай канстантай застаецца ў яго творчасці музыка суайчыннікаў. Летась у Мінску Павел Котла дырыжыраваў канцэртам, прысвечаным 100-годдзю Вітальда Лютаслаўскага. Гэтым разам прадставіў узор бездакорна складзенай тэматычнай нізкі «Краявіды польскай музыкі».

Маэстра дасканала спасціг законы сімфанічнай драматургіі (апроч дырыжорскай прафесіі, мае досвед музыказнаўцы, пацверджаны дыпломам Оксфардскага ўніверсітэта) і настолькі трапна «зрэжысіраваў» гучанне праграмы, што публіку ці не з першых нот паланілі глыбіня і простасць прэзентаванага музычнага ландшафту.

Творы розных перыядаў (канец ХІХ — другая палова ХХ ст.), натхнёныя рэаліямі самабытнага асяроддзя, каларытам прыроднага наваколля, інтанацыямі фальклору, вобразамі народных паданняў, непаўторным паветрам дзяцінства... «Стэп» Зыгмунта Наскоўскага падобны грунтоўным сімфанізмам да эпічнана рамана. Родная да слёз неарамантычная «Ліцвінская рапсодыя» Мечыслава Карловіча, прасякнутая тэмамі беларускай песеннай аўтэнтыкі: гэтак свежа, ярка, са шчымлівай любоўю да краю свайго маленства іх узнавіў наш зямляк, ураджэнец Вішнева, што на Смаргоншчыне. У «Кшэсанах» Войцеха Кіляра, буйнога кінакампазітара, авангардыста новага часу, стылізацыя агністага танца польскіх горцаў «выкрасала» з аркестравай глыбы галавакружную ачышчальную энергію, якая ўрэшце «парвала залу» ад партэра да галёркі, спарадзіўшы выбух пазітыўных эмоцый.

У атачэнні гэтых сімфанічных паэм — тонка знітаваны з імі рамантычны астравок Другога фартэпіяннага канцэрта Фрыдэрыка Шапэна. Далікатны абрыс аркестра ўтвараў празрыстую сімфанічную аправу для гукапісу раяля, на якім саліраваў госць з Кракава Гаюш Кэнска. Працінала душу высакародная спавядальная шчырасць, з якой піяніст узнаўляў маналог вялікага папярэдніка. Ён дасягаў трапяткога сумоўя з меланхалічнай прасветленасцю 20-гадовага Шапэна і на гэтыя імгненні сам станавіўся «паэтам фартэпіяна». Выбітны малады віртуоз, прызнаны маг клавіятуры, Гаюш Кэнска ў той вечар дадаў да сваіх шматлікіх конкурсных лаўраў тытул куміра мінскай публікі. Зала поўнілася захапленнем і ўдзячнасцю да нашых братоў-суседзяў, якія зрабілі падарунак для многіх слухачоў. Мабыць, свежага глытка не надта знаёмай, але такой блізкай па духу і гістарычных традыцыях славянскай музыкі нам бракуе ў рэпертуары айчынных выканаўцаў?

Два каралі? Віват!

Каралём інструментаў часта называюць арган. Таямнічы прышэлец, чый радавод налічвае некалькі тысячагоддзяў і сягае ў неспазнаныя глыбіні антычнасці, надзелены магутным сакральным голасам, жывым дыханнем і містычным духам, пануе над музычным светам. Дык якая ж без яго «Мінская вясна»! Летась яна прайшла пад знакам 50-годдзя аргана Вялікай залы Белдзяржфілармоніі, сабрала замежных гасцей, прадставіла нашу школу арганнага выканальніцтва. Яшчэ раней на вясновым фэсце быў запачаткаваны цыкл канцэртаў «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва». Яго вытокам сталася сольная праграма выбітнага нямецкага маэстра Яганеса Геферта. Мінуў без малога дзясятак гадоў, прафесар Геферт цяпер наш часты госць, а папулярная канцэртная рубрыка, якую нязменна вядзе музыказнаўца Вольга Савіцкая, зрабілася традыцыяй кожнага сезона. «Шэдэўры...», ды яшчэ з удзелам Яганеса Геферта — знаўцы «сакрэтаў караля», — узбагацілі афішу сёлетняй «Вясны».

Але як жа фартэпіяна? Нездарма ў сваім найдасканалым увасабленні яно атрымала каралеўскі тытул: раяль! І на музычнай прасторы «Вясны» гэта сапраўдны кароль. У пазамінулым сезоне наш непараўнальны Ігар Алоўнікаў прысвяціў фестывальную праграму 300-годдзю фартэпіяна, запрасіўшы публіку ў неабсяжны музычна-вобразны свет: ад Баха да Моцарта, ад Шапэна да Чайкоўскага, ад Агінскага да Глебава. Сёлета раяль уладарыў у давяральнай камернай атмасферы Малой залы, дзе зорка фартэпіяннага выканальніцтва з Македоніі, доктар філасофіі Ана Гацава прадставіла, сярод іншага, і новую для беларусаў сучасную македонскую музыку.

Магнетызм караля інструментаў напоўніцу адчуваўся ў Вялікай зале, дзе «на ўра» прайшоў мінскі дэбют Вазгена Вартаняна. Яркі талент расійскага піяніста раскрыўся праз дыяменты віртуознай рамантычнай музыкі: Баркаролу Фа-дыез мажор Фрыдэрыка Шапэна, Санату сі мінор Феранца Ліста, «Танцы давідсбюндлераў» Роберта Шумана, Варыяцыі Яганеса Брамса на тэму Паганіні. Фенаменальная тэхніка і нястомнасць. Ілюзія ігры не дзвюх, а чатырох рук. Экспрэсіўнасць гучання, у якім адчуваеш тэмбравае «жывапісанне» і моц сімфанічнага аркестра. Шыкоўнае піянісіма. Выразнасць паўз. Брыльянтавая зіхоткасць пасажаў. Услухоўванне ў кожную ноту акорда. Катарсічныя кульмінацыі. І ніякіх вонкавых «эфектных штучак»! Артыстызм, тэатральнасць, нават эпатажнасць — у самой ігры, у жывых кантрастах музыкі.

Суладдзе, сумоўе...

Праект расійскага скрыпача, колішняга мінчука Сцяпана Яковіча ды піяніста Юрыя Гільдзюка стаўся працягам цыкла «Усе санаты Бетховена для скрыпкі і фартэпіяна». У той вечар прагучалі два творы, якія класік прысвяціў графу Морыцу фон Фрызу, а таксама славутая Ля мажорная «Крэйцарава саната». Выдатны знаўца прыроды абодвух інструменаў, Бетховен стварыў мастацкія шэдэўры для дуэта, дзе партнёры выступаюць на роўных і могуць раскрыць свае творчыя вартасці праз выразнасць інструментальнага ансамбля. Сёння, калі кожны пачатковец марыць пра сольную кар’еру, майстэрства супольнага грання дарагога каштуе. Навучыць гэтаму немагчыма, калі ў душы прафесіянала не жыве Музыкант, чуйны да гармоніі ансамбля, здатны да партнёрства і сумоўя. Індывідуальнасці Сцяпана Яковіча ды Юрыя Гільдзюка з’ядналіся ў «ансамбль адзінага дыхання». Таленавітыя мастакі, яны вядуць за сабой да таямніцы бетховенскіх санат, малюючы нечакана прывабны, бунтоўны і пачуццёвы, суровы і вытанчана пяшчотны свет, дзе нішчацца руцінныя каноны класіцызму і вее свежасцю рамантычнай эпохі...

А каралеўскае суладдзе двух раяляў? У межах «Мінскай вясны-2008» нарадзіўся першы Міжнародны фестываль фартэпіянных дуэтаў. «Duettissimo» — гожая традыцыя. А яе натхняльнікі, наш зорны фартэпіянны дуэт Наталля Котава — Валерый Баравікоў на сёлетняй вясне адзначылі 15-годдзе сумеснай творчасці. Вечар «Duettissimo-гала» поўніўся згадкамі пра канцэртную дзейнасць дуэта; пра вялікую працу Валерыя Баравікова як стваральніка багатага рэпертуару для фартэпіянных ансамбляў рознага кшталту; пра былыя фэсты, удзельнікі якіх ігралі нават на васьмі раялях і ў 16 рук.

Нягледзячы на цяперашнія сціплыя фінансавыя магчымасці, свята атрымалася. Прыехалі славутыя госці з Малдовы Анатоль Лапікус — Юрый Махавіч, адметны расійскі дуэт Людміла Зайцава — Уладзімір Флейман. Гучалі творы Штраўса, Брамса, Бетховена, П’яцолы, Стравінскага, Шнітке ў бліскучых апрацоўках Валерыя Баравікова і музычныя падарункі звыш праграмы. Крануў сюрпрыз ад малдаўскіх піяністаў, якія нагадалі «адну геніяльную апрацоўку, здатную ўвекапомніць асобу Баравікова ў гісторыі музыкі». Дотык да клавішаў — і гучанне двух раяляў працяла душу інтанацыяй самага папулярнага паланеза Агінскага... Калі знаёмы і нязвыклы гукавы вобраз растаў у паветры, сцішанасць партэра парушыў мужчынскі ўздых — і ўскрык: «Госпадзі... Брава!!!»

Дзівосы ансамблевага выканальніцтва радавалі фестывальную публіку. У святую перадвелікодную пятніцу лепшыя выканаўцы з Беларусі, Германіі, Расіі прадставілі шэдэўр драматычнай культавай музыкі, які рэдка гучыць у жывых канцэртах, — «Страсці паводле Іаана» вялікага Баха. Дырыжор гэтага праекта Дзмітрый Зубаў, вядомы і ў амплуа піяніста, ды выканаўца тэнаровай партыі Евангеліста германскі спявак Аляксандр Юдзянкоў выступілі таксама як інтэрпрэтатары вакальнага цыкла Франца Шуберта «Прыўкрасная млынарка». Размаітасцю супольнага грання вылучаліся Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі «Mandolinissimo» (карані гэтай традыцыі, якой апякуецца выдатны артыст і педагог Мікалай Марэцкі, вядома ж, у «Мінскай вясне»)...



Нейкі час таму «Мінскую вясну» нібыта панізілі ў статусе. Свята пачалі называць цыклам канцэртаў, слова «фестываль» у дачыненні да яго зрабілася табуяваным. Аднак дэмакратычны праект, які ўжо 30 гадоў збірае ў філармоніі лепшых айчынных музыкантаў ды іх калег з розных краін, прываблівае высокай мастацкай вартасцю самую пераборлівую публіку. У гэтым ён не саступае буйным фестывалям класікі, што ладзяцца ў Беларусі на камерцыйнай аснове. Ці будзе чалавек, які насамрэч шануе мастацтва, а не проста хінецца да гучных імёнаў, пераймацца наконт слоўнага вызначэння музычнай вясны? «Фестываль» — значыць «свята». А свята і ёсць свята. Як яго ні назаві… 

Cвятлана БЕРАСЦЕНЬ