Аповед напружанага жыцця

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

«Сакрэт» паводле аповесці Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі»
У аповесці, па радках і рэпліках разыгранай падлеткамі, было няшмат шанцаў ператварыцца ў спектакль. На поспех у такога спектакля шанцаў было яшчэ менш, хіба сярод бацькоў ды сваякоў.

«Сакрэт» паводле Аляксандра Грына рыхтаваўся як іспыт па «Асновах акцёрскага майстэрства» на тэатральным аддзяленні Дзіцячай школы мастацтваў № 2... але стаўся сакрэтам чыстае радасці, якую першы паказ шчодра вызваліў для гледачоў. Складнікі драматычнага спектакля «Сакрэт» — літаратура, не прызначаная для сцэны, вучні тэатральнай школы і рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ на чале пастановачнай групы (праўда, людзей абазнаных і спанатраных). Як трэба любіць дзяцей (мастацтва, тэатр, сваю работу), каб зладзіць ім такі іспыт — на творчую радасць...

...Радасць, не ўскаламучаную досведам, паводле якога Аляксандр Грын яшчэ ў 1960-я гады зрабіўся аб’ектам сапраўднага савецкага культу як пісьменнік дзіцячы, а «Пунсовыя ветразі» — узорам савецкай масавай культуры для дзяцей (гэта давяла грыназнаўца Наталля Арышчук). Грын «...нібыта і класік савецкай літаратуры, а разам з тым не зусім: ён на самоце, па-за абоймай, па-за шэрагам, па-за літаратурным наступніцтвам» (Уладзімір Амлінскі). І — па-за тэатральным таксама. Драматычныя і музычна-драматычныя спектаклі, а потым — балеты, а пазней — мюзіклы на падставе «Пунсовых ветразяў» апавядалі кожны пра сваё, збольшага беручы ў Грына фабулу ды персанажаў. Пераказаць Грынаву прозу, перарабіць яе на сцэнічны капыл, перастрававаць сутнасць яго метаду «незвычайнага рамантызму» (альбо, паводле найноўшай класіфікацыі, неарамантызму) было вельмі й вельмі няпроста: Грын аніяк «не зліваўся з эпохай» (паводле дасужай фармулёўкі 1930-х гадоў), а з далучэннем да фантастыкі сам не пагаджаўся. Многія шараговыя спектаклі гэта засведчылі.

«Паэтам напружанага жыцця» быў названы Аляксандр Грын больш за сто гадоў таму, і, наследуючы крытыку Аркадзю Горнфельду, я вызначаю жанр спектакля «Сакрэт» як аповед напружанага жыцця. У гэтай напрузе ёсць пэўны незасмечаны, непагрызены іроніяй пазітыў, а замест маскультавага школьнага рамантызму — «новае асаблівае паветра, якім дыхае ўся сучаснасць — устурбаваная, задушлівая, напружаная і бяссільная...» — дарэчы, як сто гадоў таму.

Аповед напружанага жыцця шматнаселены — выпускнікамі тэатральнага класа, вучнямі школы і пачаткоўцам Фёдарам Савельевым, які кранальна выступіў у ролі Лецікі (браўся рыбарыць, прамаўляў вершамі, голасам сэрца адшукваў шынок для Грэя). Яны — не купка балбатлівых персанажаў. Яны ўсе без выключэння — і апавядальнікі (бо якая дэкарацыя паўстане выразней за апісанні Грына?), і персанажы, і ўдзельнікі прыгожых і дасціпных пластычных сцэн з жыцця людзей і стыхій. Сваёй безумоўнай верай, густам і культурай выканання яны ўладарна забралі глядацкую ўвагу з першай хвіліны дзеяння.

Шэраг падзей і ўчынкаў, узяты ад Грына аўтарам літаратурнай падставы і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Віргініяй Тарнаўскайтэ, бездакорна адпавядаў, так бы мовіць, напружанаму апавядальнаму пражыванню акцёрамі сваіх роляў, то- бок літаратуру не давялося ілюстраваць! Прозу трапна пераклалі на сцэнічную мову, дасціпна перападначалілі патрабаванням сцэны. Адзін матроскі эпізод, да прыкладу, склалі ўцёкі падлетка Артура на карабель, два гады гартавання сярод экіпажу, рашэнне капітана Гопа (Яўген Круглік) адукаваць настыру, уся капітанская навука і набыццё «Сакрэта», а ў фінале сцэны каманда, дзе служыў Грэй, натуральна пераўвасаблялася ў каманду галіёту — разам з Гопам, дарэчы. Зварот Маці (Вераніка Іванько) да сына-ўцекача з вышыні рыштаванняў галерэі, агульнае месца процьмы спектакляў, выдаваў на іхняе аднадумства і ўвасабленне матчыных таемных чаканняў; яна не пакутвала, а гартавалася разам з сынам!

Рэжысёр-пастаноўшчык Віргінія Тарнаўскайтэ, рэжысёр Аляксандра Некрыш, мастак Яўген Волкаў мелі сціплыя пастановачныя прылады, карысталіся простымі пастановачнымі прыёмамі (дадамо і пра сродкі, бюджэтам школы не прадугледжаныя). У выніку на рэпетыцыйнай пляцоўцы Новага драматычнага тэатра паўстаў свет шэрага злачынства Менерса і хваробы, якая забрала Мэры, чорных плётак ды жудзікаў пра Лангрэна... і светлых надзеяў Асолі, які падтрымлівалі дзяўчаткі з цацачнымі драўлянымі ветразнікамі; зіхоткі свет дзяцінства Грэя і ягоных цяжкіх карабельных будняў; дзявочы свет хваляў, якія нясуць караблі, і чорна-белы юнацкі свет небяспечнага мора, дзе капітан Гоп браўся за апрацоўку шчанюка Грэя пад капітана...

Апісанне спектакля маруднае, не адпавядае ягонаму тэмпарытму і безумоўна
прызямляе, бо па-мастацку неразгаданым застаецца сакрэт далікатнага ўзаемадзеяння празрыстых ветразяў і светлай матроскай формы з так званай двухніткі, чорных арыстакратычных строяў Грэевай радзіны і чорна-белых абывацельскіх апранахаў, гуку і святла, зрэбных кулісаў, канатаў, гімнастычных лавак па абодва бакі рэпетыцыйнай пляцоўкі, лямпаў дзённага асвятлення, якімі гэтая пляцоўка выкладзена па перыметры... Чмых дымавой прылады — і ў шчыльнай смузе Лангрэн (персанаж Валянціна Мароза выразна рупіўся пра Асоль) цікуе непагадзь, якая зносіць уяўную лодку з Менерсам у другі дымавы чмых; і гэтыя два чмыхі (на ўвесь спектакль!) рабілі надвор’е сваёй і ўсёй наступнай сцэны: са смугі нараджалася шэрань хуткага абгавору і чарноцце паклёпу.

Чараўнік Эгль, які ў лясной ручаіне спыняў ветразнік Асолі, воляй пастаноўшчыкаў памнажаўся і ператвараўся ў фольк-гурт ці нават у цэлую этнамузыкалагічную экспедыцыю, якая люта і весела танчыла вакол дзяўчынкі. Скокі выдавалі то на абрад, то на жарт, але ў апошнюю хвілю вярховец-правадыр неяк апратваўся, сур’ёзнеў... праз тое, што раптам сам прыдумаў, пакляўшыся Грымамі, Эзопам ды Андэрсенам, і, мабыць, раптоўна ўбачыў, як увасобленае... Карацей, вяшчаў пунсовыя ветразі.

Нерухома клаліся светлавыя плямы мясцовага балю ў шынку Менерса-малодшага з песняй пра марака, што надта доўга плаваў... Сцэна адсылала да фільма «Чалавек-амфібія» са шлягерам 1960-х у выкананні Дар’і Валадзько і нейкім пластычным падабенствам канкану з адмысловых складнікаў (нішто сабе падрыхтаваліся гэтыя падлеткі!), а гучала як вітанне бабуль і дзядуль у зале.

У ролі Грэя былі занятыя Дзяніс Мароз (дзяцінства, уцёкі, служба на караблі) і Ігар Веракса, уласна Грэй-капітан, шчаслівы ўладальнік галіёта «Сакрэт». У ролі Асолі — Яна Пастухова (дзіцячае замілаванне і першыя нягоды), Маргарыта Саўчанка (трыванне жыцця і гартаванне душы, у якой прарастае мара) і Дзіяна Ігнацік, чыя Асоль прадчувала каханне і напаткала яго, а ёй проста ў рукі спусціўся цацачны караблік з чырвонымі ветразямі, і старасвецкае ўяўленне пра цудоўна-нязбытнае (паводле Грэя) стала ўвасобленай марай.

Пастаноўшчыкі слушна памеркавалі, што моцы аднаго падлетка папросту не
выстачыць на такія аб’ёмныя ролі, але тым даражэйшы мастацкі эфект падзелу: кожны выканаўца задаваў столькі душэўнай працы свайму персанажу, што персанаж мяняўся літаральна! А яшчэ вынікала, што сакрэт Грэя ды Асолі ў тым, каб не здрадзіць — мары, душы, працы... Усе могуць карыстацца гэтым сакрэтам!

Іспыт на акцёрскае майстэрства ў Дзіцячай школе мастацтваў № 2 перакінуўся вартым студыйным спектаклем. Падобны спектакль — як вынік навучання — мае на ўвазе і дыхтоўную працу педагогаў, і падрабязную сцэнічную практыку, і бясконцую самастойную працу навучэнцаў. А ўсё — на некалькі паказаў? Было б прыкра і несправядліва страціць такі «Сакрэт»...

Жана ЛАШКЕВІЧ