Увайсці па-нямецку

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

Відэаінсталяцыя Мануэля Шродэра «Сысці па-англійску»
Праект нямецкага мастака Мануэля Шродэра быў зладжаны ў Цэнтры сучасных мастацтваў пры дапамозе галерэі «Артплац». Гэтая выстава — частка агульнай мастацкай праграмы да Чэмпіянату свету па хакеі.

На вялізнай сцяне ў цёмным пакоі — нібы на кінаэкране — адзін і той жа трафарэтна-прыгожы дзявочы твар множыцца і несупынна рухаецца ў розных кірунках. Трафарэтна-прыгожы таму, што перад намі растыражаваны вобраз: прывабная плацінавая бландзінка з вялікімі падфарбаванымі чорным вачыма. Прыкладна так можна апісаць відэаінсталяцыю Мануэля Шродэра «Сысці па-англійску». Паступова глядач пачынае разглядаць усё, што знаходзіцца ў пакоі. Частка тэхнікі прыхавана чорнай тканінай, на падлозе круцяцца вентылятары, да іх прымацаваны галагенавыя лямпы, драты, камеры, што лунаюць у паветры... Верагодна, каб растлумачыць складанасць рэалізацыі дадзенага праекта, лепш за ўсё было б прыкласці спіс прывезенай мастаком тэхнікі. Справа і злева на падлозе — два постары з аднолькавай фатаграфічнай выявай, толькі на адным яна чорна-белая, на другім — каляровая. Нібы фрагмент не надта ахайнай рэкламнай тумбы, якую паспрабавалі ачысціць, сарваць непатрэбныя плакаты, і праз рэшткі наклеенага раскрылася жаночае аблічча. Трансляцыя праецыруецца на сцяну ў два патокі з дапамогай інфрачырвоных камер кабельнага тэлебачання, з улікам бесперапынных зменаў паветраных рухаў.

Выраз «сысці па-англійску» — ідыёма, то-бок уласцівае мове словаспалучэнне, у якім асобныя словы не вызначаюць агульны сэнс. Сысці па-англійску — сысці не развітаўшыся, знікнуць незаўважаным. Між іншым, самі англічане ў дадзеным выпадку кажуць: «Take french leave». Для Мануэля Шродэра гэтая ідыёма апісвае «знікненне і затуханне вобразаў і ўспамінаў, знікненне слоў і жыццёвых сітуацый, што прысутнічае ў сістэме чалавечых камунікацый, у нашай гісторыі альбо самаідэнтыфікацыі». Сучасная культура, перадусім заходняя, уключае ў сябе рэкламу. Яна паўсюль — на вуліцах, на старонках газет і часопісаў, у інтэрнэце, на тэлебачанні. Нікога не здзіўляе, што ў самы кранальны момант кіно спыняецца і прыгажуня, як з праекта Мануэля, пачынае захапляцца новай патэльняй альбо роварам. «Але ці заўжды мы дакладна ўспрымаем сэнс рэкламных вобразаў, якія атачаюць нас?» — разважае мастак і ставіць пытанні: «Што ёсць выява?», «Што ёсць вобраз?».

— Сэнс праекта ў гэтым бясконцым і зменлівым руху, — заўважыла мастачка N.

— А ў жаночым вобразе сэнс ёсць?

— Не, — рашуча адказала мая субяседніца. — Бачыш, выявы дзве, і яны аднолькавыя. Які ў іх можа быць сэнс?..

Паказальная размова. Мы жывем у час, калі ўвесь свет робіць выгляд, што разумее мастацтва: становішча, якое было немагчымым у папярэднія эпохі. Разуменне твора сучаснага мастацтва абавязкова павінна пачынацца з аўтара. Таму высновы пра інсталяцыю Мануэля Шродэра я пачну з таго, што пазнаёмлю чытача з нашым шаноўным госцем.

Мануэль Шродэр жыве і працуе ў Берліне. «І гэта яго станоўча характарызуе», — як заўважаў на любую інфармацыю герой улюбёнай кінакамедыі. Так, гэта характарызуе Шродэра вельмі станоўча, бо Германія — адзін з прызнаных сусветных цэнтраў сучаснай культуры. Можна згадваць «Дакументу» і «Берлінале», а можна разважаць і пра спадчыну Баўхаўза. Перад намі мастак з вельмі «прасунутай» краіны, які да таго ж працуе ў іншых гарадах Еўропы і ЗША.

Яму — 52 гады. Важная інфармацыя? Так, а зараз я пераканаю, што і станоўчая. Псіхалагічныя доследы першай паловы ХХ стагоддзя адкрылі ўзроставыя механізмы творчага працэсу. Маладосць лічыцца дзёрзкай і шчодрай на ідэі. Нездарма ж разумнік Чэрчыль заўважыў: «Таму, хто ў 20 год не марыў зрабіць рэвалюцыю, у 50 нельга даверыць каманду прыбіральшчыкаў». Шагал у 32 гады афармляў віцебскія вулічныя рэвалюцыйныя святкаванні, Малевіч у 34 вынайшаў супрэматызм, Рафаэль у 26 год напісаў «Афінскую школу», а Рэмбо ўвогуле скончыў вершаваць ў 19. У сярэдзіне жыцця чалавек пачынае кансервавацца. 40-гадовы творца не кідаецца ідэямі, а беражэ і шануе іх і добра ведае, як лепей іх падаць. У больш сталым узросце з ідэямі ўжо далёка не так, як у маладосці. Шыкоўны мастак, мой сябра, днямі скардзіўся мне, што ідэй яму бракуе... Толькі не трэба шкадаваць сталасць. Так, некалі дзёрзкі музычны рэфарматар паляк Пэндарэцкі сёння грае класіку, але, Божа літасцівы, як яна гучыць!.. А я проста закахана ў творчасць старога Шагала: там колер — нібы звон. Не спальваючы сэрца, вольна, — адной левай, як кажуць, — на маленькім аркушы паперы мастак за хвіліну рабіў тое, што было на яго вялізных маладых палотнах, якімі захапляецца свет. Карацей, паводле навуковых вышукаў, на ўсіх постсавецкіх абшарах выставачны ўзрост маладосці пазначаны да 35-ці год, але час ад часу яго павялічваюць да 40. Шэраг замежных інстытуцый у «маладых» грантах пазначае ўзрост «да 30 год», але гэта не прызнанне ранняга сталення, а канстатацыя вучнёўства, падтрымка самага пачатку творчасці. Як быццам бы ўсё зразумела. І ў кантэксце дадзенай логікі можна паверыць там-сям выказаным думкам, што адна з праблем сучаснага мастацтва ў тым, што яго лідарам сёння за 60. Але (як цудоўна, што ёсць гэтыя «але») адна з самых прэстыжных інстытуцый маладога мастацтва — англійскі конкурс імя Цёрнера — пазначыла ўзрост маладых удзельнікаў: да 50 год. Гэта вельмі грунтоўны і шанаваны конкурс, таму да яго пазіцыі трэба ставіцца сур’ёзна. Не, у чалавечай метафізіцы нічога не змянілася, але ўзрост дзёрзкіх пошукаў сёння значна пашыраны, што і зафіксавана ўмовамі конкурсу Цёрнера. Сучаснае мастацтва з’яўляецца настолькі складаным соцыякультурным утварэннем, што яго рэалізацыя патрабуе не толькі ўласна мастацкіх навыкаў і ведаў, а нечага больш значнага. Выразнасці пазіцыі, дасведчанасці, інтэлекту, шырыні кругагляду... У чым, па вялікім рахунку, розніца паміж маладой і сталай творчасцю? Маладыя дбаюць пра пытанні, на якія сталы чалавек даўно не шукае адказу. Ускладніўся свет, пасталелі пытанні, таму і ўзрост пошуку адказаў афіцыйна адсунуты, таму і лідарам сёння за 60. Гэта не хіба. Але вернемся да нашага нямецкага госця. У конкурсе імя Цёрнера яму не ўдзельнічаць, але ж мяжа — рэч хісткая. У асобе Мануэля Шродэра мы сустракаемся з мастацтвам, якое ўжо знайшло сябе, але яшчэ не перастала задаваць сабе пытанні. Таму мастак так прагне дзяліцца ведамі, ідэямі, пытаннямі. У Мінску ён выступаў перад студэнтамі, некалькі год робіць лекцыйныя курсы, семінары і практыкумы па «сацыяльнай фатаграфіі». І не толькі ў Берліне, а і ў Кёльне, Дрэздэне, Боне ці Крэнфельдзе. Таксама ў Латвіі, Літве, Эстоніі ці ЗША.

Мануэль Шродэр пазіцыянуе сябе ў якасці фатографа і мастака мультымедыйных і аўдыёвізуальных мастацтваў. Яго творы заснаваны на фатаграфіі, мастак рэалізуецца праз персанальныя і групавыя выстаўкі, праз арт-форумы і друкаванне твораў, відэа- і гукавыя інсталяцыі ў гарадскіх прасторах, сімпозіумы і лекцыйныя курсы ва ўніверсітэтах, каледжах і школах, праз удзел у кіраўніцтве рэгіянальнымі і міжнароднымі праектамі. Творца яднае ў сабе розны мастацкі вопыт. Пачынаў як музыка: граў на барабанах і грунтоўна вывучаў іх у Дзюсельдорфе. У групах быў лідарам імправізацыйнага джазу і электроннай музыкі. Ён — кампазітар. Другі досвед Шродэр мае ў вобласці фота- і графічных тэхнік. Дызайнер. Наступная сфера інтарэсаў — жывапіс. Ён скончыў Дармштадскую акадэмію. Цудоўная поліфанія, якая дазваляе закрануць вельмі важную праблему. Уяўленне пра мастака адрозніваецца «ў нас» і «ў іх». «Там» сучасны мастак — творца актыўнай ідэі, які рэагуе на навакольны свет, нехта кшталту сацыяльнага мадэратара. Таму Мануэль Шродэр з яго размаітым мастацкім досведам — ідэальная постаць, праз якую беларускі глядач найлепшым чынам зразумее сэнс і каштоўнасці сучаснага сусветнага мастацтва. Таму, верагодна, лепей было б пачаць яго экспанаванне не з відэаінсталяцый, а з дэкалажу (будзьма спадзявацца, што да гэтых твораў дойдзе час!). Мануэль друкуе вялікія фотаздымкі, а потым пачынае мастацкія ўварванні ў іх. Знішчаецца частка фатаграфічнай выявы, у ход ідуць жывапісныя і графічныя навыкі. Вынік цалкам адпавядае нашым устаноўкам на высокія пластычныя вартасці мастацкага твора.

Шродэр працуе з тэмай гарадской цывілізацыі. Валерый Мартынчык, што жыве ў Лондане, разумее яе як форму творчай энергіі. Шродэра вабіць сацыяльная праблематыка, але ў гарадской архітэктуры ён бачыць гуманістычныя аспекты і ператварае яе ў мастацкія паняцці. У аснове эмацыянальнага водгуку мастака ляжаць назіранне, назапашванне і даследаванне. Маем надзею, што далейшае знаёмства з яго мастацтвам наперадзе, таму кранём толькі адзін з кірункаў творчасці Мануэля Шродэра, які можна акрэсліць як «контррэкламу». Рух насуперак. Між іншым, мастак нейкі час працаваў рэкламным дызайнерам, таму цудоўна разумее сутнасць рэкламы, і вобраз, скарыстаны ім у праекце, — яскравы прыклад. «Рэклама не адпавядае рэчаіснасці», — абвясціў мастак падчас мінскага вернісажу. Гэта пазіцыя знешне выглядае вельмі супярэчлівай. Рэклама з самага пачатку свайго існавання нікому і нічому адпавядаць не збіралася, яна стварала ўласную новую рэальнасць. І што, чалавек з некалькімі адукацыямі кажа заведамае глупства? Не. Як трапна заўважыў знаны бельгійскі мастак — толькі здольны чалавек задумваецца над такой праблемай, як з каня зрабіць вярблюда.

У змаганні з ветракамі ёсць высокі сэнс. У жыцці ў бочцы замест утульнае антычнае кватэры. У блуканні з ліхтаром пад высокім сонцам. У пошуках філасофскага каменя. У пытаннях «Што ёсць вобраз?», «Што ёсць выява?».

Што ёсць ісціна, у рэшце рэшт? Што ёсць мы? Што ёсць чалавек?

Гэта — прызначэнне мастацтва: разважаць пра жыццё чалавечага духа.