Гульні па правілах

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

Дзве выставы пра спорт
Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску адкрылася некалькі розных па характары экспазіцый, якія засяродзіліся на спартыўнай тэматыцы.

«О спорт, ты — мір!» — заключная фраза «Оды спорту» П’ера дэ Кубертэна, чыя ідэя аб’яднаць спорт і мастацтва стала адным з асноўных прынцыпаў алімпійскага руху. Аднайменная выстава, якую ўмоўна можна назваць гістарычнай, была сабрана з 33 твораў жывапісу, графікі і скульптуры, створаных пераважна ў савецкі перыяд, што захоўваюцца ў музейных фондах НММ.

Савецкае мастацтва актыўна ўдзельнічала ў прапагандзе спорту і масавай фізкультуры, разам яны гартавалі гарманічных целам і духам грамадзян Краіны Саветаў, гатовых да працы і абароны. Так, у 1963 годзе Саюз мастакоў СССР і Саюз спартыўных таварыстваў і арганізацый СССР правялі першую Усесаюзную выставу «Фізічная культура і спорт у выяўленчым мастацтве», а ў наступныя гады адбыліся яшчэ тры Усесаюзныя і вялікая колькасць рэспубліканскіх выстаў. Агульная тэма і настрой экспазіцыі «О спорт, ты — мір!» нібы на машыне часу вяртаюць нас у эпоху, калі мастакі захапляліся радасцю руху і апявалі прыгажосць спартыўнага цела. Выстава была падзелена на пяць тэматычных блокаў. «Стоп-кадр» — дынамічныя і імклівыя творы арыгінальнай і тыражнай графікі. У працах Сяргея Волкава, Віктара Ждана, Яўгена Куліка, Анатоля Волкава — спыненыя моманты барацьбы, напалу страсцей, напругі, перамогі і паразы. Партрэты людзей, якія ўвайшлі ў гісторыю спорту, змясціліся пад шыльдай «Глядзіце, хто прыйшоў», а скульптурныя кампазіцыі Аляксандра Фінскага і Уладзіміра Булыгі ў вуглах вельмі невялікай пераходнай галерэі НММ былі немудрагеліста аб’яднаны пад назвай «Вуглавыя». Блокі «Зімнія забавы» і «Летнія радасці» складаюцца з жывапісных палотнаў Мікалая Селешчука, Сяргея Каткова, Фёдара Бараноўскага, Ігара Уласава, Аляксандра Кішчанкі, прысвечаных сезонным відам спорту і варыянтам актыўнага баўлення часу ў выходныя зімой і летам. Загалоўным творам выставы сталі «Хакеісты» Уладзіміра Пасюкевіча — яркая кампазіцыя з украпінамі жоўтага, сіняга, чырвонага колераў на тэму дваровага хакею. А самы свежы твор экспазіцыі — футбольная «Перамога» Уладзіміра Новака 2011 года. Мастак, работам якога ўласцівая яркасць колераў, дынаміка і дэкаратыўнасць, ужо некалькі дзясяткаў гадоў працуе амаль выключна ў спартыўнай тэматыцы. Яго палотны прысутнічаюць і ў «Арэне — Беларт» — выставе, што мы ўмоўна назавем апавядальна-ілюстрацыйнай.

Асноўная мэта экспазіцыі ў Палацы мастацтва, на якой было прадстаўлена больш за дзве сотні прац, — паказаць лепшае, што створана ў беларускім мастацтве за апошні час. На «Арэне...» міжволі ўзнікала пачуццё дэжавю: пераважная колькасць твораў — ужо знаёмая, многія ў той ці іншы час друкаваліся на старонках нашага часопіса. Агульнае ўражанне — непаслядоўна выбудаваная экспазіцыя з асобнымі паспяховымі «кавалкамі». Работы на спартыўную і ўмоўна-спартыўную тэматыку былі разбаўлены абстрактнымі выявамі, дэкаратыўнымі жывапіснымі матылькамі і чарапахамі ды беларускімі краявідамі, а таксама вырабамі са шкла і воўны... Галоўным героем экспазіцыі стала новая нацыянальная гераіня: партрэты трохкратнай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай стварылі Уладзімір Новак, Юры Крупянкоў і Мікалай Апіёк. Дарэчы, ва ўнутраным дворыку Палаца наведнікаў чакаў сюрпрыз: агромністы металічны «Хакеіст» Віктара Астэра — увесь у манеўры. На жаль, памер працы не перайшоў аўтаматычна ў якасць і вартасць твора, а кампазіцыйная неахайнасць не дадавала экспрэсіі. Не пераконвалі партрэты спартоўцаў, напісаныя ў рэалістычнай манеры. Пра павевы новага часу нагадваў толькі хударлявы нервовы «Кіберспартсмен» Андрэя Ткачэнкі, размешчаны паміж выявамі трэнераў і чэмпіёнаў, — шкада, цікавая тэма не атрымала годнага ўвасаблення. Бадай што самымі актуальнымі выглядалі работы Таццяны Радзівілка з серыі «Парккультуры», напрыклад — «Гульцы»: постаць аднаго мужчыны ў розных ракурсах, схематызавана падкрэсленая скокамі мяча. Моц і небяспека баксёра на карціне Станіслава Сугінтаса «Вясёлы бокс» гасіліся за кошт вясёленькай мухаморнай расфарбоўкі яго пальчатак і боксераў, а таксама — каўпачка, не намаляванага, а адмыслова прымацаванага да палатна.

Суцэльнае расчараванне — скульптурныя кампазіцыі: мускулістыя бронзавыя целы, застылыя ў класічных позах, былі створаны нібыта ў 1950—1970-я гады і маглі б з роўным поспехам экспанавацца ў «гістарычнай» спартыўнай выставе Нацыянальнага мастацкага музея.

Савецкія творцы, якія працавалі ў спартыўнай тэматыцы на пачатку 1920-х, актыўна шукалі новыя выяўленчыя рашэнні. Цяпер задача не менш складаная: важныя стаўленне, пазіцыя, інтэлект, новае адчуванне сучаснасці. Можа, таму найбольш пераканальнымі ў экспазіцыі «Арэна — Беларт» былі творы, на якіх аўтары адышлі ад банальнай ілюстрацыйнасці і паглядзелі на з’явы з новага ракурсу, часам — іранічна...

Сяргей Харэўскі ў сваёй лекцыі «Спартовасць і эратызм» піша, што звычайны глядач стаміўся ад інтэлектуальнага мастацтва і з задавальненнем успрымае на выставах творы спартыўнай тэматыкі, жывапісныя і скульптурныя выявы прыгожых цел. Узнікае рытарычнае пытанне: «Ці павінны мастакі, надзеленыя талентам і розумам, патакаць гэтаму масаваму густу?» Аўтарам і куратарам трэба шукаць новыя кропкі перасячэння спорту і мастацтва і пераасэнсоўваць спартыўныя знакі і метафары з дапамогай сучаснай выяўленчай мовы.

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар