Важкія рэчы...

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

«Фатаграфія» Юрыя Васільева
На адкрыцці выставы, прымеркаванай да 75-годдзя, Юрый Васільеў акрэсліў сваё творчае крэда: «Я адношу сябе да пакалення, якое ў фатаграфіі шанавала непаўторнасць і зачараванне самой фатаграфічнай выявай, якая атрымліваецца з дапамогай святла, лінзы і хіміі, а потым — аксамітнай паверхні срэбнага зерня і матавай барытавай асновы. Я ўсё яшчэ праяўляю стужкі. Усё яшчэ чакаю цуду ў чырвоным святле цёмнага пакоя. Гэты цуд — фатаграфія. Але ёсць ужо і іншы цуд — лічба. І тое, што яна дазваляе рабіць з выявай, захапляе мяне яшчэ больш».

Для юбілейнай выставы аўтар прадставіў працы шырокай часавай адлегласці: ад першага твора, з якога Юрый Васільеў адлічвае сваю прафесійную кар’еру (фотаздымак заняў пачэснае месца на мальберце), да зусім новых. Прынцып адбору быў выразна акрэслены самім майстрам — «работы, у якіх фатаграфія з’яўляецца інструментам творчасці. Яны выкананы ў розныя перыяды і ў розных тэхніках, якімі карыстаецца сучасная фатаграфія, пачынаючы з класічнага чорна-белага ручнога друку і да самых апошніх лічбавых тэхналогій».

Выстава называлася проста «Фатаграфія». Аўтар талерантны і адкрыты свету, новым магчымасцям, якія прапануе сучасная тэхніка, і новым сродкам. Пры гэтым Юрый Васільеў застаецца патрабавальным да якасці кадра. Кожны здымак — гэта завершаны твор мастацтва, незалежна ад віду выявы: ці гэта эксперыменты фотаграфікі, ці чароўнасць «спыненага моманту», ці лаканічныя знакі краявіду ў апошніх здымках. Яны вывераныя па кампазіцыі, па танальным вырашэнні, па колеравых плямах. Уразіла інсталяцыя з выявай старога дуба. Здымак быў фрагментарна раздрукаваны на паперы рознага фармату, і гэтыя фотакадры, размешчаныя адзін за адным, утваралі перспектыву ў сценах галерэі. Вялізная трохмерная кампазіцыя прыцягвала гледачоў, на яе фоне многія фатаграфаваліся, і аўтар быў надзвычай задаволены. Гульня з прасторай удалася. Мастак вельмі скрупулёзна і адказна яе арганізоўваў, уважліва падбіраў фотаздымкі. Кіраўнік галерэі «Акадэмія» Ірына Персікава заўважыла на адкрыцці, што звычайна, калі аўтар ладзіць юбілейную выставу, ён імкнецца паказаць мноства прац, аднак тут жорсткая патрабавальнасць паспрыяла вельмі адказнаму адбору...

Юрый Васільеў — член фотаклуба «Мінск» з 1965 года, амаль 20 гадоў быў яго старшынёй і мастацкім кіраўніком. Адзін са стваральнікаў і арганізатараў праектаў «Выстаўкі фотаграфікі ў Мінску» (1970—1980-я гады) і «Мінскі форум-98». Аўтар і вядучы тэлеперадач «Фотапанарама» (1972—1977). Ганаровы сябра народнай фотастудыі «Riga» (Рыга), ганаровы сябра Саюза фотамастакоў Літвы (ён шмат зрабіў па папулярызацыі літоўскай фатаграфіі ў Беларусі). У 1992 годзе Юрыю Васільеву было прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь». Кіраваў галерэяй «Свет фота». Амаль паўстагоддзя развіцця гэтага мастацтва разгортвалася на яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле. А колькі зроблена для даследавання гісторыі фатаграфіі!

Працы Юрыя Васільева дэманструюць старую добрую школу. На здымках — фактура жыцця, яго найбольш красамоўныя моманты. Прырода і назіранні за людзьмі. Ранняя фатаграфія блізкая да піктарыялізму (калі добры кадр разумеецца перш за ўсё як увасабленне нечага прыгожага). Нізка «Кіжы» (1972), зробленая пад уплывам эстэтыкі выстаў «Фотаграфікі», — вынік складаных працэсаў друку, мантажу. І цалкам іншы нядаўні цыкл краявідаў «Берагі» — фрагменты краявіду становяцца фармальнымі элементамі эстэцкіх лаканічных кампазіцый. Зачароўваюць мудрасцю і тонкасцю назірання фатаграфіі, прысвечаныя жыццю на хутарах, праз твар і лёс герояў праглядаюцца асобныя гісторыі, рэхам адбіваюцца ў рэштках побыту. «З узростам пачынаю цаніць такую фатаграфію, пад якой можна паставіць дату і час. Эксперыменты адыходзяць на другі план», — прамовіў нядаўна Юрый Васільеў. І тут жа засведчыў адваротнае... Галоўнае — быць чуйным да перамен. 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва