Сінонімы памяці

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

«Цяперашняе працягнутае» Наталлі Залознай
Наталля Залозная кажа: «Час валодае цякучасцю. Сённяшняе пастаянна апынаецца то мінулым, то будучым, яно не можа быць працягам, яно вечна выслізгвае. Назва выставы — адна з формаў часу ў англійскай мове: «цяперашняе працягнутае», і гэта мне здалося парадаксальнай гульнёй слоў. У працах зафіксаваны няўстойлівы момант скачку або падзення як спынены момант сучаснасці. Фігуры ўвасоблены ў негатыве, ён вызваляе форму ад плоці, а выява асацыюецца з фатаграфіяй, якая паклікана затрымаць імгненне, што знікае».

Час адчуваюць, але не бачаць, і толькі мастацтву дазволена прапанаваць нам метафару яго фізічнай прысутнасці. Але што такое час? Услед за Святым Аўгусцінам можна адказаць: «Пакуль мяне не пытаюцца, я гэта ведаю. А калі спытаюць, я губляюся». У фільме Андрэя Таркоўскага «Люстэрка» час выяўляе сябе праз запацелую пляму, пакінутую кубкам на паліраванай стальніцы. Пляма павольна знікае на нашых вачах, выклікаючы змяшанае пачуццё турботы і здзіўлення ад праяўленасці перад намі знака часу. У гэтай нагляднасці азначанага імгнення не відаць ні мінулага, ні будучыні — адно толькі цяперашняе, яно доўжыцца для нас як нейкая зона нулявой палярнасці часу, у якой заўсёды закладзены выбар. Дадзенае нам цяперашняе ўяўляецца пазітыўным пасрэднікам, праявіцелем утоенага сэнсу, гэта значыць — усяго нявыяўленага, у туманным негатыве якога хтосьці можа ўбачыць цуд, іншы — бязглуздзіцу, а яшчэ нехта — заканамернасць. У верагоднасць гэтага пагранічнага імгнення цяжка паверыць, але менавіта яно і ёсць сапраўднай сутнасцю нашага жыцця.

Наталля Залозная даследуе ў сваіх працах парадокс спыненага цяперашняга. Тут можна ўзгадаць знакамітую гётаўскую фразу ў перакладзе-інтэрпрэтацыі Барыса Пастарнака: «Мгновенье! О, как прекрасно ты, повремени!», прамоўленую Фаўстам на вяршыні эмацыйнага захаплення жыццём. Ён просіць Мефістофеля працягнуць імгненне як мага больш, затрымаць яго сыход. Але драматызм гэтай гісторыі ў тым, што вымаўленая фраза з’яўляецца кодавым знакам для Мефістофеля перарваць жыццё героя, гэта значыць — знакам смерці Фаўста. Цяперашняе нельга затрымаць, імгненне праходзіць, пакідаючы вечнае пытанне: што значыць для нас гэты момант, дзеля якога можна назаўжды спыніць час жыцця?

У адрозненне ад еўрапейскай цывілізацыі Усход ведаў цану імгненню, вызначаючы яго адчуванне праз паняцце «тут і цяпер». У гэтым стане цяперашняга, якое доўжыцца, мінулага няма ўжо, а будучыні няма яшчэ. Глабалізацыя размыла межы, і цяпер усе мы ў адной лодцы тэхналагічнай цывілізацыі. Сучасны чалавек усё больш давярае дакументальнасці фотакамеры, якая становіцца сінонімам успрымання аб’ектыўнай рэальнасці, фрагментарна ўлоўленай шматлікімі фотаімгненнямі прысутнасці ў ёй чалавека. Колькасць адбіткаў гэтай прысутнасці стварае нейкую тэхнічна фіксаваную неўміручасць, нейкую магчымасць вечнасці. Імгненне як тэхнічная велічыня страчвае сувязь з тонкай матэрыяй гераклітавай ракі часу, губляючы не толькі вектары мінулага і будучыні, але і саму часавую тканіну.

Наталля Залозная паказвае нам формулу новага адчування часу, прадстаўляючы выяву падобнай да фотакадра, фрагмента на негатыўнай плёнцы. Па сваёй прыродзе негатыў заўсёды двухсэнсоўны, але важна памятаць, што ён з’яўляецца адваротным бокам пазітыву, з дапамогай якога праяўляе схаваны ў сабе сэнс, адкрывае нам яго і гэтым азначае нас. Негатыў паўстае тут як вобраз чагосьці забытага, але не страчанага, таго, што з’яўляецца ў асаблівых душэўных станах, цягне да сябе, але цалкам не адкрываецца нам. Негатыў — сінонім памяці, а памяць — сінонім бясконцасці нашага адчування часу, адчування вечнасці. І хоць мы ўжо даўно жывем у свеце лічбавых тэхнік, фатаграфія па-ранейшаму асацыюецца з чароўным момантам працэсу праявы рэальнасці з негатыву ў пазітыў. Гэтае праяўленне рэальнасці на белай фотапаперы супрацьстаіць вобразу знікаючай на нашых вачах плямы ў фільме Таркоўскага. Яно паглыбляе нас у пачуццёвы, ментальны працэс, які ўвасабляе фрагменты як з мінулага, так і будучага, што выяўляецца ў рэальнасці. А значыць — з’яўляецца часткай той рэчаіснасці, якую чалавек звычайна і пазначае простым словам — жыццё.

Здавалася б, іншай рэальнасці мы не ведаем, яна — уяўная, а значыць, мы адсутнічаем у ёй. Але хіба ў нас няма ўспамінаў або чаканняў? Хіба яны не хвалююць нас, не пранікаюць у наш свет тут і цяпер? Усе гэтыя пытанні, звязаныя з парадоксам часу, усплываюць у работах Наталлі Залознай. Шумы і шоргаты негатыву раптам выяўляюцца ў нас увасабленнем яснай рэальнасці, з якой відаць тое, што імгненне таму было нябачным. Гэтак жа паводзіць сябе і наша думка: усплывае ў пазітыве нашай свядомасці з негатыву падсвядомага, знаходзячы выразныя формы яснай фразы, пасля якой нам адкрываецца і мінулае, і будучыня. Знойдзеная Наталляй Залознай мастацкая мова ўяўляе сабой свет прасторавых парываў, памежных, часам люстраных сэнсаў — як негатыў і пазітыў, — адарваных ад азначаемага фрагментамі аповеду мастака. У гэтай сістэме выяўляецца не толькі адмысловая мера прасторы, але і мера часу. Менавіта час губляе тут сваю стыхію звязнага апавядання, сваю гісторыю, якая плаўна цячэ з мінулага ў будучыню па рэчышчы класічнай кампазіцыйнай прасторы, ён правальваецца ва ўладкаваныя мастаком прасторавыя дзіркі, перажывае істотныя мутацыі. Гэтая сістэма мер блізкая да няясных успамінаў, пачуццёвых асацыяцый, бачанняў, сну — і ў пэўным сэнсе да фота- і кінамовы. Мастак прагаворвае свой міфапаэтычны тэкст, падводзячы нас да пэўных парадаксальных сэнсаў, без прыняцця якіх сённяшняе светаадчуванне ўжо немагчымае. Як сыходзіць у раку Часу спатнелая пляма на стальніцы ў Таркоўскага, так і героі Наталлі Залознай то ўцялесніваюцца, то знікаюць, распушчаюцца ў нябыце, паспяваючы прарваць забыццё і прамовіць нам свае сапраўдныя словы. 

Валерый ЦАГАРАЕЎ