Канцэпт эпохі ў музейных залах

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Нашы дзесяць стагоддзяў
Нацыянальны мастацкі музей прадставіў свой самы маштабны праект — выставу «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», прымеркаваную да 75-годдзя з дня ўтварэння музея. Верагодна, упершыню пад адным дахам была сабрана такая колькасць экспанатаў — 473 творы ад часоў Візантыі да нашых дзён. Невыпадкова на адкрыцці міністр культуры Барыс Святлоў назваў праект «культураёмістым».

Ідэя выставы нарадзілася ў Белгазпрамбанку, кіраўніцтва якога збірае карпаратыўную калекцыю нацыянальнага мастацтва. Ужо набыты творы Шагала, Суціна, Любіча, Крэменя, Кікоіна, Царфіна і Ваньковіча, Сцялецкага і Глюкмана, скульптуры Цадкіна, Індэнбаўма і кніга «Жазло праўлення» Сімяона Полацкага.

Назва — «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» — з'явілася адразу. Гучныя словы, як вядома, абавязваюць. Якія аб’екты павінны прадстаўляць тысячагадовую гісторыю мастацтва Беларусі? Канцэпцыя выставы, прапанаваная да разгляду Уладзімірам Шчасным, прадугледжвала нязвыклыя прынцыпы выбару і рэпрэзентацыі мастацкага матэрыялу. Яна мела на мэце не толькі храналагічны паказ твораў па стагоддзях і стылях, але і вылучэнне пэўнай праблематыкі ўнутры кожнай з частак: «Традыцыі мастацтва Візантыі», «Рэнесанс і барока», «ХІХ стагоддзе: дыялог культур», «Мастацкія школы мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў», «Гістарычны рамантызм 1980—2000 гадоў» і «Мастацтва постмадэрнізму».

Праз недахоп месца для паказу эксперты вырашылі абмежавацца толькі выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, выключыўшы народнае і інсітнае. З-за дарагой перавозкі (на гэтыя грошы можна набыць яшчэ некалькі каштоўных экспанатаў) адклалі да лепшых часоў і дэманстрацыю шэдэўраў Беларусі з музейных збораў краін-суседак. Адным з прынцыповых рашэнняў стала ўключэнне ў спіс экспанентаў выставы мастакоў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Выключэнне было зроблена толькі для творцаў, ганараваных званнямі народных мастакоў Беларусі.

Самай вялікай праблемай, што абмяркоўвалася куратарамі, стаў адбор музейных экспанатаў. Калі са старажытным перыядам, ад якога засталося некалькі сотняў артэфактаў, куратары прыйшлі да адзінага рашэння даволі хутка, то ХХ стагоддзе, а асабліва яго другая палова выклікала бурныя спрэчкі. Саюз мастакоў Беларусі налічвае больш за тысячу сяброў з усіх рэгіёнаў. Часавая адлегласць невялікая, і аб’ектыўнасць выбару вельмі адносная. Куратары хацелі абраць характэрныя працы майстроў, якія б адлюстравалі прынцыпы прынятай канцэпцыі. Яны імкнуліся да нечаканых супастаўленняў: напрыклад, побач з творамі масцітага мастака змяшчалі цудоўныя працы малавядомага майстра, карціны якога эксперты палічылі патрэбным паказаць. Варта назваць прыклады такога суседства: народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля і нікому пакуль не вядомы Мацвей Зайцаў, знакаміты Фердынанд Рушчыц і Зінаіда Астаповіч, працы якой нядаўна патрапілі ў музей, трагічна загінулыя сучасныя жывапісцы-міфатворцы — прызнаны Мікалай Селяшчук і невядомы Сяргей Кухто з Віцебска. Пейзажны шэдэўр Суціна і эцюд яго аднакласніка па школе Кругера Івана Ахрэмчыка. Многія творы сталі адкрыццямі для беларусаў — бліскучыя жывапісныя дзіцячыя партрэты Паўла Южыка са Смаргоні, пінскія ксілаграфіі эмігранта Арсеня Зайца, мінскія пейзажы-эцюды Мікалая Дучыца, напісаныя адразу пасля вызвалення горада ў 1944 годзе.

На гэтай выставе мінчукі ўпершыню ўбачылі некаторыя карціны Марка Шагала, «Еву» Хаіма Суціна (1928), партрэт Тамаша Зана пэндзля Ваньковіча — адзінае яго палатно ў Беларусі. Праца выхадца са Смілавіч — самы дарагі прадмет на выставе. Твор мастацтва сышоў з малатка на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку за 1 млн 860 тысяч долараў.

Выстава рыхтавалася ў сціслыя тэрміны — на працягу 9 месяцаў. Выдавецтвам «Чатыры чвэрці» пад навуковай рэдактурай кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі быў зроблены каталог з удзелам 20 лепшых мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў і культуролагаў з Мінска, Вільнюса, Віцебска і Барысава. Сярод іх буйныя навукоўцы — дактары навук Адам Мальдзіс і Іаланта Шыркайтэ, кандыдаты навук Андрэй Ярашэвіч, Вольга Бажэнава, Аляксандр Лісаў, Людміла Вакар. Артыкулы і біяграфіі мастакоў былі перакладзены на рускую і ангельскую мовы, вокладку каталога і плакат выставы выканаў вядомы беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер. Выява сімвалічная — зрэз камля магутнага дрэва з глыбокімі расколінамі-ранамі, з векавымі кольцамі 10 стагоддзяў... Стрымана па колеры і па-філасофску ёміста.

Цягам трох месяцаў працавала група лепшых беларускіх музейных фатографаў (Дзмітрый Казлоў, Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў), якія падрыхтавалі неацэнны відэа- і фатаграфічны матэрыял для каталога выставы, аб’ехаўшы амаль усе рэгіёны краіны. Многія творы мастацтва ў гэтым каталогу былі апублікаваны ўпершыню і такім чынам уведзены ў навуковы зварот: напрыклад, шкло гуты Краеўскіх з Барысаўскага аб’яднанага музея, карона Торы і гравюры Арсеня Зайца з Музея беларускага Палесся ў Пінску, эцюды Паўла Южыка са Смаргонскага раённага музея і пакуль адзіны ў Беларусі жывапісны эцюд народнага мастака СССР Яўсея Майсеенкі з Буда-Кашалёўскай раённай галерэі яго імя, разьбяныя драўляныя падсвечнікі і многія іншыя, не менш каштоўныя рарытэты.

На кароткі тэрмін у музей былі прывезены нацыянальныя святыні духоўнай культуры — Крыж Еўфрасінні Полацкай (копія, зробленая брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом) з Полацка і Статут ВКЛ на старабеларускай мове з Музея горада Магілёва, на набыццё якога збіралі грошы «ўсей грамадою».

Перад тым, як стаць часткай маштабнай экспазіцыі, многім экспанатам спатрэбілася рэстаўрацыя. Некаторыя прадметы здабылі другое жыццё: напрыклад, партрэты фундатараў касцёла ў Кемялішках, жырандоль урэцкага шкла з Ружанскага касцёла. Арнаты з выкарыстаннем фрагментаў слуцкіх паясоў — галоўны літургічны ўбор каталіцкіх святароў — аднаўлялі ў сціслыя тэрміны.

Прайшоў рэстаўрацыю ў вядомай саломапляцельшчыцы Любові Селівончык адзін з самых незвычайных экспанатаў — Саламяная Царская брама (XVIII — пачатак XX стагоддзя) з Музея народнага мастацтва ў Раўбічах. Такія брамы ўпрыгожвалі іканастасы ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Звычайна яны вырабляліся з дрэва і інкруставаліся каштоўнымі камянямі, але ў XVII стагоддзі беларускія сяляне замянілі разьбяную пазалоту брамы карункавым пляценнем з саломкі, а замест уставак з каштоўных камянёў пачалі выкарыстоўваць невялікія кавалачкі тканіны. Вядомы толькі тры такія брамы, аналагаў унікальнаму помніку народнага мастацтва ў свеце няма.

Прывялі ў экспазіцыйны выгляд партрэт першай у рэспубліцы народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай, напісаны Іванам Ахрэмчыкам, і партрэт пэндзля Міхася Станюты яго дачкі Стэфаніі. У рэстаўрацыйных майстэрнях пабываў і шэдэўр народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва — маляваны дыван «Дзева на водах» мастачкі Алены Кіш, імя якой нароўні з Пірасмані занесена ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва».

Вялікае ўражанне зрабіў і нязвыклы Драздовіч — яго нядаўна адрэстаўраваная сімвалічная карціна «Прарок» 1931 года, замоўленая ксяндзом Станіславам Глякоўскім для касцёла і падораная музею нашчадкам ксяндза кампазітарам Яўгенам Паплаўскім у 1987 годзе, стала адкрыццём выставы.

Выбар месца экспанавання ў музеі вырашыўся не адразу. Аказалася, што маштабныя праекты з такой колькасцю экспанатаў і годнымі ўмовамі захоўвання ў Мінску паказаць вельмі цяжка. Вырашана было не парушаць звыклага аблічча сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, а выкарыстоўваць магчымасці пяці залаў першага паверха і галерэі вышэй, змяніўшы і асучасніўшы выставачныя прасторы. Для ажыццяўлення былі запрошаны тры дызайнерскія групы з Беларусі (бюро Алены Матросавай), Літвы (архітэктар гістарычных інтэр’ераў Віргінія Павіліўскайтэ) і Санкт-Пецярбурга (бюро Любові Лявонцьевай), якія, прыняўшы адзіную дызайн-канцэпцыю, зладжана працавалі ў адзіным ключы. «Экспазіцыя заснавана на дадатковых экспазіцыйных модулях, якія дазваляюць ствараць усярэдзіне кожнай залы свой асаблівы сцэнар, які адпавядае тэме, што раскрываецца там і правакуе наведніка на даследаванне. Мы імкнёмся мінімальна задзейнічаць сцены і максімальна нагрузіць інфармацыяй штучна створаныя ўсярэдзіне памяшкання прасторы. Але, тым не менш, сцены важныя для нас — як каляровая аснова экспазіцыі і як носьбіт вялікіх блокаў інфармацыі. Мы перафарбавалі ўсе сцены ў музеі (у залах, аддадзеных пад экспазіцыю), што безумоўна, на наш погляд, змяніла многія памяшканні, дадаўшы ім глыбіні, строгасці і сэнсу», — зазначыла Любоў Лявонцьева, аўтар дызайн-канцэпцыі выставы.

Наведнікі прывыклі да класічнага аблічча музея, да яго ўрачыстай беламармуровай каланады і лесвіцы. Але на гэтай выставе інтэр’еры займелі незвычайны выгляд. Маладыя архітэктары з Санкт-Пецярбурга распачалі своеасаблівую дызайн-інтэрвенцыю ў архітэктурную класіку: закрылі велізарным белым палатном шэрагі калон і ўзнялі на балюстраду дадатковыя стэнды, якія ў два разы павялічылі выставачную плошчу. Новае светлавое абсталяванне дазволіла па-іншаму падаць многія музейныя прадметы. Гледачоў сустракала выява знака выставы — зрэз старога векавога дуба з гадавымі кольцамі. Драматызм нашай гісторыі падкрэслены глыбокімі расколінамі, што перарывалі гарманічнае развіццё. Вестыбюль ператварыўся ў жывую прастору. На вялікія белыя палотны бесперапынна праецыраваліся выявы прадстаўленых на выставе экспанатаў і помнікаў архітэктуры.

Святло не толькі дапамагло выявіць прыгажосць выцвілых маляванак Язэпа Драздовіча, Алены Кіш (у вестыбюлі) і стараверскіх пацеркавых абразоў з Веткі ў разьбяных рамах, яно зайграла на паліхромных пазалочаных драўляных скульптурах, каштоўных старадруках Скарыны і Мсціслаўца, на пазалоце старадаўняй царскай брамы і прымусіла зазіхацець крышталь урэцкага шкла ўнікальнай жырандолі, срэбныя і залатыя ніці слуцкіх паясоў у каталіцкіх арнатах.

Эмацыйную прыўзнятасць экспазіцыі падтрымалі музычныя фрагменты, што суправаджалі відэаматэрыялы па архітэктурных помніках Беларусі, адмыслова адзнятыя Аляксандрам Аляксеевым і Алегам Лукашэвічам для гэтага праекта. Паэтыка здымкі — павольнае разглядванне дэталей, слізгаценне па фрэсках Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку і любаванне інтэр’ерамі шматлікіх сядзібаў, якія сталі цяпер дзяржаўнымі музеямі.

Арт-кафэ музея на час працы выставы ператварылася ў кінатэатр і буфет, аформленыя ў стылі арт-дэко, модным у 20—30-я гады XX стагоддзя. Гэтая зала — прыпынак, пераключэнне і падрыхтоўка перад экспазіцыяй мастацтва ХХ стагоддзя са сваёй адмысловай стылістыкай. Тут можна было і адпачыць з кубкам гарбаты ці кавы, і паглядзець калекцыю першых беларускіх кінаафіш і першую беларускую хроніку 1920—1930-х гадоў, якія дэманстраваліся ў рэжыме нон-стоп. Навуковы кіраўнік і складальнік экраннага тэматычна-інфармацыйнага рэсурсу — Канстанцін Рэмішэўскі.

Музейная галерэя на другім паверсе цалкам прысвечана мастацтву Беларусі XX—XXI стагоддзяў. Адкрывае шэраг позняя карціна Марка Шагала «Закаханыя» (1980-я гады) — паэтычны гімн кахання вялікага майстра, скразная тэма яго творчасці. Насупраць — «Партызанская мадонна» Міхаіла Савіцкага, яркі антываенны гуманістычны твор выдатнага майстра другой паловы ХХ стагоддзя. Гэта — своеасаблівыя духоўныя контрапункты выставы. Ідэя: нацыянальная школа жывапісу фарміравалася шляхам развіцця іншых мясцовых школ — ад віцебскага народнага вучылішча, арганізаванага Шагалам у 1918 годзе, да Беларускай акадэміі мастацтваў, выпускнікі якой у канцы ХХ стагоддзя звярнуліся да спадчыны папярэднікаў. Нягледзячы на адсутнасць на выставе прац Казіміра Малевіча, які працаваў у Віцебску, былі паказаны не менш уражальныя творы яго непасрэдных вучняў з калекцый двух нашых музеяў. Навучальныя ўстановы Віцебска і Мінска прадстаўлены найбольш вядомымі выкладчыкамі і былымі выпускнікамі — Віталём Цвіркам, Маем Данцыгам, Заірам Азгурам, Георгіем Паплаўскім, Мікалаем Селешчуком, Рыгорам Сітніцам, Уладзімірам Тоўсцікам, Анатолем Бараноўскім, Валерыем Шкарубам і іншымі. Пазначаны некалькімі творамі беларускі брэнд — мастацкае шкло завода «Нёман». Адведзена месца і мастацтву эпохі постмадэрнізму — скульптурам Канстанціна Селіханава, аб’ектам Аляксандра Малея. Многія мастакі далі творы са сваіх збораў: агульную ўвагу прыцягваў арыгінальны праект Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі «Дванаццаць з дваццатага», натхнёны «Асновай свету» вялікага румынскага скульптара Бранкузі.

Гэтая выстава — адна з нямногіх, дзе быў старанна прадуманы сцэнар камунікацыі наведвальнікаў і твораў: ад вонкавай і тэлевізійнай рэкламы да бясплатнага плану экспазіцыі і інтэрнет-сюжэтаў на сайце музея і банка.

Акрамя каталога на трох мовах і яго таннай электроннай версіі, наведвальнікі маглі скарыстацца аўдыягідамі з 2-хвілінным аповедам пра 60 твораў мастацтва, змешчаных на выставе. Атрымаць інфармацыю пра кожны музейны прадмет можна было і пры дапамозе мабільных тэлефонаў. Па ўсёй экспазіцыі быў даступны QR-код. Скарыстацца паслугай змаглі тыя, у каго ў сотавым ёсць доступ у інтэрнэт і наяўнасць праграмы счытвання штрых-кодаў. Трэба было толькі навесці відэакамеру на QR-код, як на экране з’яўлялася спасылка на адмыслова створаны сайт выставы з малюнкамі і апісаннямі экспанатаў, а таксама біяграфіямі ўсіх мастакоў.

Не дзіўна, што выстава карысталася вялікім поспехам у наведвальнікаў, уцешна — не толькі ў мастакоў, але асабліва ў студэнцкай моладзі і школьнікаў старэйшых класаў. Такой колькасцю эмацыйных водгукаў на ўсіх мовах ганаравалася не кожная музейная экспазіцыя.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь дзякуе сваім калегам — супрацоўнікам 27 музеяў краіны, мастакам і прыватным калекцыянерам — за прадстаўленыя экспанаты, прафесійны і сяброўскі ўдзел у агульнай справе. 

Надзея УСАВА