Першы крок да ідэалу

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Праект «Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране»
Унікальны і маштабны праект, разлічаны як мінімум на два гады, доўжыцца ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Зразумела, яго супрацоўнікі імкнуцца прадставіць сучаснаму гледачу айчынную кінаспадчыну ў разнастайнасці яе дасягненняў. Аднак анімацыі ў чарадзе адметных рэтра-праграм, кінавечароў і выстаў тут да апошняга часу адводзілася менш увагі, чым кіно ігравому і дакументальнаму.

Фактычна ўсё абмяжоўвалася асобнымі персанальнымі рэтраспектывамі кшталту «Мульці-марафону Міхаіла Тумелі» або «Святочных апавяданняў» Ірыны Кадзюковай і рэдкімі тэматычнымі выстаўкамі «Чароўная жалейка» ці «Жыццё ў казках». Здавалася немагчымым дасягнуць своеасаблівага ідэалу — прапанаваць наведвальнікам інтэрактыўны атракцыён «Залатая кніга беларускай анімацыі», удзельнікі якога з дапамогай сучасных электронных тэхналогій маглі б самастойна «пагартаць» яе старонкі і цягам віртуальнай экскурсіі пазнаёміцца з яе героямі ды аўтарамі.

За час існавання айчыннай мультыплікацыі зроблена амаль 180 стужак. Але некалькі дзясяткаў з іх (асабліва пачатковага перыяду, 70-х гадоў мінулага стагоддзя) не захаваліся наогул ці хоць бы у мінімальна належнай тэхнічнай якасці. Ні ў фільматэцы Нацыянальнай кінастудыі, ні ў фондах Беларускага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, ні ў кінавідэапракатных арганізацыях краіны. Таму 40-годдзе нашай анімацыі супрацоўнікі музея вырашылі адзначыць фізічным аднаўленнем мульткалекцыі.

На шчасце, шэраг «зніклых» твораў прадставілі з уласных збораў самі аўтары. Аднак больш за 20 стужак можна было атрымаць толькі з замежжа (у прыватнасці, з Дзяржфільмафонду Расіі) і, зразумела, не бясплатна. Збор спонсарскіх сродкаў на выраб неабходных DVD-копій таксама заняў пэўны час. Таму і прэзентацыя «Беларускай мультпанарамы…», прымеркаваная да «круглай» даты, адбылася... на год пазней. Але галоўнае, што адзін з самых цікавых пластоў нашай кінаспадчыны нарэшце адноўлены амаль у поўным аб’ёме і паступова ўключаецца ў сучасны культурны кантэкст!

Паказы «Мультпанарамы...», якія ладзяцца ў музеі, маюць храналагічны прынцып. На пачатку кожнага месяца наведвальнікам прапануецца чарговая блок-падборка прыкладна з дзесяці стужак, якая дэманструецца некалькі разоў. Асноўнае для супрацоўнікаў музея на гэтым этапе работы з анімацыйнай спадчынай — паказ усіх беларускіх мультфільмаў, аздоблены навуковым каментарыем. Важна ўспомніць і дакладна ўяўляць, з якіх стужак пачыналася беларуская анімацыя, як развівалася далей.

Сярод айчынных мультыплікацыйных карцін спачатку пераважаў жанр кінаказкі, а самі яны былі арыентаваны пераважна на дзіцячую аўдыторыю. Але паступова фільмы зрабіліся шматадраснымі, а даволі простыя тэхнікі ажыўлення персанажаў з цягам часу ператварыліся ў сукупнасць складаных творчых прыёмаў. І гэта пры амаль пастаянным дэфіцыце мастакоў розных спецыялізацый, што не магло не адбіцца на галоўным складніку мультфільмаў — іх выяўленчай якасці. Распрацоўваючы прыдатныя сюжэты, рэжысёры неаднойчы былі вымушаны абмяжоўваць уласныя творчыя памкненні: скарачаць лік персанажаў, лакалізаваць месца дзеяння, спрашчаць колеравую палітру... Калі ж дэфіцыт неабходных спецыялістаў быў пераадолены, здараліся сапраўдныя прарывы.

Як тут не прыгадаць наш лялечны фільм-рэкардсмен (прынамсі на постсавецкай прасторы) «Чароўная жалейка»! Чаму рэкардсмен? Ён ствараўся з 1993-га па 1997 год пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра Міхаіла Тумелі творчай групай ажно з 65 чалавек. Стужка атрымалася амаль поўнаметражнай (47 хвілін). Для яе было выраблена каля 120 лялек, складаных па канструкцыі і апранутых у рэтра-строі — у строгай адпаведнасці з апісаннямі ў хроніках і легендах...

З цягам часу істотна пашырылася жанрава-тэматычная палітра: усё часцей сталі з’яўляцца мультфільмы-прыпавесці, стужкі камедыйнага, біяграфічнага, публіцыстычнага характару, нават мюзіклы. Адпаведна павялічвалася і колькасць узнагарод на міжнародных кінафестывалях у Германіі, ЗША, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі, Балгарыі, Сербіі, Літве, Расіі.

Аналізуючы айчынную мультыплікацыйную спадчыну, асабліва цікава ўсведамляць, як, пачынаючы са стужак «Касец-волат» Льва Шукалюкава і «Дудка-весялушка» Яўгена Ларчанкі, узмацнялася ўвага нашых аніматараў да беларускіх народных казак, літаратуры і мінулага Бацькаўшчыны наогул. Надзвычай моцны імпульс гістарычны накірунак атрымаў з прыходам рэжысёра Алега Белавусава. Варта нагадаць, што сёння прэстыж Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» падтрымліваецца ў першую чаргу аніматарамі, якія паслядоўна і плённа працуюць у гістарычна-фальклорным рэчышчы. Асабліва калі мець на ўвазе такія выдатныя работы, як міні-серыялы «Аповесць мінулых гадоў», «Прыгоды Несцеркі», «Музычная скарбонка», «Беларускія прымаўкі».

Але вернемся да паказаў у рамках «Беларускай мультпанарамы...».

Натуральна, што часткай іх становяцца творчыя сустрэчы з найбольш вядомымі майстрамі айчыннай анімацыі. Успаміны апошніх дапамагаюць сучаснаму гледачу лепш уявіць гістарычны кантэкст, абставіны і перадгісторыю з’яўлення той або іншай стужкі. Часам здараецца, што глядач адкрывае для сябе не толькі нашы класічныя мультфільмы, але адначасова і іх аўтараў. Так гэта адбылося на прэзентацыі «Беларускай мультпанарамы…», куды ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў былі запрошаны піянеры нацыянальнай анімацыі — рэжысёры Уладзімір Голікаў і Марта Лубянікава.

Студыя анімацыйных фільмаў існуе пры Нацыянальнай кінастудыі з сярэдзіны 1987-га і мае вызначаны аб’ём вытворчасці — да васьмі стужак працягласцю дзесяць хвілін у год. А вось самы першы «мульцік» з уступным цітрам, дзе было пазначана «Беларусьфільм», з’явіўся ў 1972-м. Доўгі час наша анімацыя ўспрымалася як эксперымент, які існаваў дзякуючы энтузіязму і вынаходлівасці апантаных творцаў.

Тут варта ўдакладніць, што першым айчынным мультфільмам доўгі час лічылася лялечная стужка «Няўдачнік», хоць на самой справе ім была карціна «Два погляды на адно і тое ж». Яе будучага пастаноўшчыка Уладзіміра Голікава спецыяльна запрасілі з Таджыкістана на нашу студыю, каб ён дапамог нараджэнню новага віду кінамастацтва, якое яшчэ не мела належнага фінансавання. Рэжысёр звярнуўся да кіраўніцтва рэспубліканскага ДАІ і прапанаваў зрабіць забаўляльна-павучальны мультфільм-заклік пра тое, як важна выконваць правілы дарожнага руху. Гэты заказ і стаўся пачаткам нашай анімацыі.

Дэманстрацыя «Беларускай мультпанарамы...» паспяхова ідзе, а супрацоўнікі музея працуюць над стварэннем разнастайных па жанрах і тэматыцы адрасных праграм. Відавочна, што дарослы глядач наведвае такія анімацыйныя паказы, каб вярнуцца да ўражанняў уласнага дзяцінства і перажыць настальгічныя пачуцці або адкрыць сваім дзецям ды ўнукам эмацыйна-маральны патэнцыял такіх прывабных старых «мульцікаў». Малады ж глядач кіруецца пазнаваўчым інтарэсам. У любым выпадку, арганізуючы такія паказы, важна адчуць: ці захавалі нашы лепшыя мультфільмы актуальнасць для беларусаў ХХI стагоддзя, або гэтыя творы належаць толькі свайму часу? Пачатак праекта нечакана засведчыў: цудоўныя кінаработы для самых маленькіх, створаныя рэжысёрам Кузьмой Красніцкім, кранаюць сучасных трох-, чатырохгадовых дзяцей у меншай ступені. Відавочна, што ў працэсе больш ранняй сацыялізацыі тым патрэбны ўжо стасункі не столькі з казачнымі персанажамі, колькі з героямі-аднагодкамі.

І яшчэ адзін клопат, звязаны з вяртаннем анімацыйнай спадчыны, — так званае «рэмасціраванне» большасці нашых класічных мультфільмаў. Інакш кажучы — узнаўленне іх колеру і гуку, зыходных уласцівасцей і тэхнічных характарыстык. У якой ступені вяртанне да першапачатковага варыянту ўзбагачае прагляд, было відаць на прыкладзе лялечнай стужкі «Няўдачнік», пакуль адзінай адроджанай з ранніх нашых мультстужак. Зразумела, праблему рэмасціравання музей наўрад ці вырашыць без падтрымкі асноўных партнёраў па праекце — Нацыянальнай кінастудыі і Беларускага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.

За апошнія дзесяць гадоў Музей гісторыі беларускага кіно вярнуў нашай культуры мноства з’яў айчыннага кінематографа. Праект «Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране» — красамоўнае таму пацвярджэнне. Магчыма, яго рэалізацыя паспрыяе вырашэнню і яшчэ адной вострай грамадскай праблемы. Нашы наведвальнікі часта пытаюцца, дзе можна набыць дыскі з фільмамі лепшых рэжысёраў беларускай анімацыі. Пакуль незразумела, што адказваць на гэта пытанне. Спадзяюся, пройдзе час, і мы здолеем задаволіць запыт гледача. Прычым канкрэтна і станоўча.

Ігар АЎДЗЕЕЎ