Магчыма, Яёі ці Луіз?..

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Штучнае асвятленне. Клара і Роза
Вельмі гэтага не хацеў, але на адкрыццё выставы я спазніўся. Прыехаў на вернісаж, калі віно ўжо было выпіта, а падзея перайшла ў фазу больш грунтоўнага святкавання — у майстэрнях ды бліжэйшых кавярнях. Мая прамова засталася непрамоўленай. атое — будзе надрукаванай!

Спачатку збіраўся разважаць пра іранічна-сумныя «Перавагі быцця жанчынай-мастачкай» (1989), сфармуляваныя амерыканскай феміністычнай арт-групай «Guerrilla Girls» для заакіянскага аналага «Мастацтва» — «Арт-Форума». Сярод азначаных сумнеўных «пераваг»:

— працаваць без прэсінгу поспеху;

— быць упэўненай, што тваё мастацтва — як бы яно ні выглядала — будзе названа «жаночым»;

— ведаць, што твая кар’ера можа пайсці ўгору пасля таго, як табе стукне дзевяноста...

Потым я планаваў згадаць пра класічны білборд, зроблены «Guerrilla Girls» па замове нью-ёркскага Фонду паблік-арту «Ці павінна жанчына быць аголенай, каб трапіць у Метраполітан музей?», які пераканаўча — з выскалам на малпавай пысе, прымацаванай да Энгравай «Вялікай адаліскі» — даводзіць пра тое, што пераважная большасць жанчын апынаецца ў калекцыі музея хутчэй у якасці мадэлі.

Далей — звычайнае для такога кшталту імпрэзаў бла-бла-бла — і вось (!), усё наадварот (!) — відавочны поспех, маладыя і прыўкрасныя аўтаркі побач, мы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва бачым моцную выставу з выдатнымі змястоўнымі працамі (толькі пабачыўшы ў прэс-рэлізе імёны ўдзельніц — Таццяны Кандраценка, Iлоны Касабука, Зоі Луцэвiч, Таццяны Радзiвiлка, Кацярыны Сумаравай, Алены Шлегель, Марты Шматавай, — можна было не сумнявацца ў высокім ўзроўні экспазіцыі). Ці варта вылучаць яе «жаночасць»? На момант адкрыцця я быў упэўнены, што гэта некарэктна.

Напрыканцы прамовы ў якасці лыжкі дзёгцю я меркаваў сказаць пра недарэчную тэндэнцыю прыяднання фотапраектаў да жаночых выстаў — ці не здаецца аўтаркам, што дэманстрацыя ўласных прывабных і прыгожых фотапартрэтаў вяртае іх у музейную прастору ў якасці не мастачак, а мастацкіх аб’ектаў — так-так, для любавання і сімвалічнага прысвойвання? Такім чынам адбываецца роўна тое, супраць чаго «Guerrilla Girls» змагаліся.

Такія былі планы, але прыйшлося абмежавацца сціплымі прыватнымі віншаваннямі, адзначыўшы, што выстава сапраўды атрымалася цікавай.

Далей быў месяц экспанавання «Клары і Розы», падчас якога я быў музеі амаль кожны дзень, арганізуючы праграму сустрэч для іншага праекту. Магчымасць неаднаразова аглядаць выставу, размаўляць з яе ўдзельніцамі скарэктавала мой першапачатковы экспромт.

Паводле куратаркі Марты Шматавай, праект «Штучнае асвятленне. Клара і Роза» — спроба пераасэнсаваць некаторыя пазiцыi «гендарнай міфалогіі», якiя складалiся ў грамадстве ад пачатку мінулага стагоддзя да сучаснага перыяду. Пафас еўрапейскага фемінізму, гібрыдныя, прапагандысцкiя жаночыя вобразы, уласцівыя савецкаму кінематографу, сучасныя няўстойлiвыя межы гендарнай iдэнтычнасцi... У творчым праекце кожнай удзельніцы адбываецца свайго роду мастацкае высвятленне i, адпаведна, праламленне тых сацыяльна і культурна абумоўленых гендарных уяўленняў і грамадскіх ацэнак, якія найбольш цікавыя канкрэтнаму аўтару. Кожная мастачка ставіць перад сабой індывідуальную задачу — няхай гэта дэканструкцыя стэрэатыпаў, гістарычнае рэха, самаіронія або канстатацыя фактаў, — такiм чынам, дзякуючы прынцыпова розным падыходам да тэмы, ствараецца своеасаблівая мастацкая прастора, якая ў той ці іншай ступені з’яўляецца люстэркам сучаснасці ў разрэзе гендарнай тэматыкі. Як вынікае з суправаджальнага тэксту Таццяны Кандраценка, «штучнае асвятленне» ў назве праекта — гэта «зварот да “медыя-святла”, якое адлюстроўвае, выяўляе, а таксама стварае сімулякры і міфы».

Мы бачым, што, у адпаведнасці з куратарскай задумай і цалкам свядома, мастачкі выказаліся ў межах гендарнай тэматыкі (ці гендарнай міфалогіі?) — экспазіцыя «Клары і Розы» павінна была стаць яе калектыўнай інтэрпрэтацыяй. Што, несумненна, атрымалася — на гэта працуе сама прасторавая кампазіцыя, якая пачынаецца расцягнутымі на велізарнае палатно чырвонымі вязанымі элементамі, што падазрона нагадваюць нейкія інтымныя элементы жаночага адзення і апелююць да выключна «жаночага» занятку — вязання (Кацярына Сумарава, «Часовая дэзарыентацыя»). Крочым далей. Паступова знаходзяцца гендарныя штампы, якія тычацца тутэйшай інтэрпрэтацыі «жаноцскасці», — кшталту гіпсавага адліўка аголенай жаночай грудзі (Кацярына Сумарава, «З прыватнага збору» — дарэчы, ці не з майстэрні Валянціна Борздага, дзе існуе калекцыя гэткіх жа фрагментаў з гіпсу — персаніфікаваных для аўтара-адліўшчыка?) і вуаерыстычнай пляжнай кабінкі (Таццяна Радзiвiлка, «Прыватнае жыццё»). На сценах — клішаваная фігуратыўная імаджынерыя (альбо сляды яе асобасных дэканструкцый) у традыцыйнай тэхніцы пігментаў, размазаных па палотнах (Таццяна Кандраценка, «Міс Нэсбіт» і «Без назвы»; Ілона Касабука, «Белыя ракавінкі ўспамінаў»; Алена Шлегель, «Фартуна»; Марта Шматава, «Who Am I?»). Увагу наведвальніка ці наведвальніцы прыцягвае вертыкальны кілім, складзены з пластыкавых ярка-жоўтых кветак і атрутнай зеляніны, ён сустракае яго/яе падчас пад’ёму на другі паверх. Яшчэ — востры пах таннай парфумы. Ашаломленыя гэтай забойчай камбінацыяй штучнасці, вы абавязкова наступіце на партрэт аўтаркі — Зоі Луцэвіч, якая глядзіць на вас з манументальнай фатаграфіі, прыклеенай да падлогі лесвічнага пралёту. Далей — люстэрка, для назірання ўласнай збянтэжанасці. Гэта адзіная праца ў пэўным сэнсе канфліктная, няхай толькі і ў адносінах да наведвальніцкіх целаў і пачуццяў. Усе астатнія, перафразуючы словы Вольгі Гапеевай, беларускай паэткі і гендарнай даследчыцы, не праблематызуюць, а, хутчэй, канстатуюць «тую вызначанасць і стэрэатыпнасць, з якой сутыкаецца жаночы суб’ект не толькі ў паўсядзённасці, але і ў мастацтве».

Другі паверх прапануе яшчэ некалькі станковых паліхромна-драўляных прац Зоі. І галерэю партрэтаў Мiкалая Батвiннiка «Rosenhaus» — яго ўласны рамантызаваны «погляд на жанчын-мастачак, удзельнiц выставы». Гэты праект, магчыма, і ўдалы сам па сабе, аднак не рэлевантны да агульнага феміністычна вытрыманага «паслання» экспазіцыі. Верагодна, ён патрэбны кампазіцыйна, бо глядацкі праменад таксама пачынаецца з партрэтнага відэа — дванаццаць «гаворачых галоў» экспанентак, — якое я забыў прыгадаць, захоплены яркімі візуальнасцямі ля ўвахода ў залы «Клары і Розы». З пункту гледжання выставачнай рыторыкі, «закальцаванне» падаецца даволі гарманічным — выявамі аўтарак пачынаецца і завяршаецца глядацкі рух. Але што датычыцца кантэкстуальнасці — тут мне няма чаго дадаць да ўжо сказанага.

Улічваючы прымеркаванасць праекта да высокаміфалагізаванага ў беларускім грамадстве веснавога «жаночага дня», дэкларатыўная апеляцыя куратаркі да «мiфалагiчных фігур Клары Цэткін і Розы Люксембург — аўтарак свята 8 сакавiка» не выклікае аніякіх непаразуменняў. Наадварот — выглядае трыб’ютам іх дасягненням у барацьбе за правы жанчын. Так, для масавай свядомасці Цэткін і Люксембург — выбітныя постаці, іх імёнамі названыя сталічныя вуліцы. Аднак складана скарэляваць асобы палітычных дзяячак з выразна апалітычным мастацтвам аўтарак «Клары і Розы», якія яўна абстрагуюцца ад палітычных выказванняў на карысць выказванням асобасным. Заўважу, што гэта характэрная тэндэнцыя апошніх гадоў — масавае «ўхіленне» мастачак, якія жывуць і працуюць непасрэдна ў Беларусі, ад палітычных і нават сацыяльных кантэкстаў (чаго не скажаш пра беларускіх аўтарках па-за межамі краіны, якія гэтыя тэмы не абмінаюць). Больш дарэчным быў бы зварот да імёнаў жанчын, якія маніфестацыяй уласных экзістэнцый зрабілі нешта рэвалюцыйнае менавіта ў мастацтве. Чаму б, напрыклад, не Яёі Кусама і Луіз Буржуа?

За багатай і шматасацыятыўнай імаджынерыяй выставы было б цікава пачуць саміх аўтарак, але візуальнасць дамінуе і падаўляе — твары ўдзельніц усміхаюцца са сцен і экрана, але іх галасоў не чуваць. Кантрольны стрэл у скроню камунікатыўнасці — згаданае відэа пры ўваходзе, дзе на адным экране ўсе яны нешта гавораць-гавораць-гавораць, але паколькі робяць гэта адначасова — атрымлівацца незразумелае прыглушанае мармытанне. На жаль, выяўленчасць перамагае сэнсавасць.

Але я ведаю, што падчас падрыхтоўкі да выставы камунікацыя паміж удзельніцамі была інтэнсіўнай. Прадуктыўным стаўся сам досвед калектыўнай працы: сустрэчы, абмеркаванні... Амаль усе працы былі створаны непасрэдна для экспазіцыі «Клары і Розы»! Добра, што выставай зафіксавана творчасць цяперашняга пакалення беларускіх мастачак на піку мастакоўскай кар’еры — запатрабаваных, паспяховых, уплывовых. Праекты іх паслядоўніц, несумненна, будуць ужо іншымі.