Гораду і свету

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Выстава скульптуры Уладзіміра Жбанава «Ад мяне...»
Ідэя мемарыяльнай экспазіцыі Уладзіміра Жбанава належыць сям’і мастака, такім чынам увасобіліся планы скульптара наконт выставы да 60-годдзя, «першай персанальнай у музейных залах, бо ўсе папярэднія мае паказы былі пад адкрытым небам», — жартаваў Уладзімір Жбанаў.

Экспазіцыя атрымалася іншай, чым задумваў творца. Гэта выстава-пасланне, якая адкрывае нам знаёма-незнаёмага Жбанава. У дзвюх залах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва сабраны не толькі дасягненні, але і мары і спадзяванні мастака. Гледачу было дазволена максімальна наблізіцца да працэсу, што адбываўся ў майстэрні: ад задуманага — да завершанага.

Гэта выстава-ўспамін, выстава-асэнсаванне. Так надыходзіць разуменне сапраўднага маштабу асобы майстра. Менавіта таму надзвычай насычанымі атрымаліся творчыя сустрэчы, дыскусіі і майстар-класы. Важнай часткай праекта сталі фатаграфіі: яны ўплялі ў палатно выставы знаныя творы Уладзіміра Жбанава, што ўпрыгожваюць нашы вуліцы і плошчы. Адзін з самых цікавых прыёмаў арганізацыі выставачнай прасторы змог пераадолець амаль непазбежную камернасць экспанавання скульптуры: з дапамогай фотаінсталяцыі быў прадэманстраваны патэнцыял, які ў спрэсаваным выглядзе існуе ў накідах і мадэлях. Узнік дыялог «майстэрня — вуліца».

Экспазіцыя атрымалася. Рытмічная, жывая, эмацыянальная. Першая зала выглядала перанасычанай, што падавалася непазбежным у дадзеных варунках, аднак праз кароткі час прыходзіла разуменне яе абсалютнай зладжанасці: адна ў другую перацякалі формы, цудоўна працавалі на адлегласці маленькія рэчы. Дынамічную віхуру ўтварыла спалучэнне фотаінсталяцыі з вершніцай са «Шляхетнага палявання» з яе пластылінавай мадэллю. Другая — партрэтная — зала счытвалася адразу: шакаладнае тло музейных панэлей выгодна адцяняла белыя формы жбанаўскіх вобразаў, і станавілася відавочна, як дасканала аўтар валодаў лепкай, адчуваў мяжу паміж абагульненнем і дакладнасцю.

Працы Жбанава прасякнуты вобразамі, ідэямі свайго часу. Абпаленая цыганская кібітка — «знак бяды» драматычнага лёсу цыгана Будулая і трагедыі вайны ўвогуле. Такі пазнавальны вобраз, створаны Алегам Янкоўскім, — «той самы Мюнхаўзен» зухавата прысеў на стос кніг. Прататыпамі былі і рэальныя людзі (нават яго анімалістыка мае ўласных «муз»). Колькі ж у скульптара было гумару і дабрыні! Ён апранаў сваіх герояў у прыдуманыя альбо старадаўнія адзенні. Шлях, адкрыты ў мастацтве яшчэ Рафаэлем: фантазійныя сукенкі надавалі яго жывым і пяшчотным мадоннам узвышаны статус. Часцей за ўсё вопратка персанажаў Уладзіміра Жбанава інтэрпрэтуецца паводле моды тых часоў, калі касцюм быў выразнай прыкметай сацыяльнай дыферэнцыяцыі чалавека. Мы з лёгкасцю пазнаём «Кіраўніка станцыі», «Паштальёна», «Фатографа». Гэта не гарадскі парафраз, а стварэнне ўласнай сістэмы мыслення — свядомая метафарычная гульня, якая дазваляе дыстанцыявацца ад канкрэтнага. Можна ісці шляхам далікатнага абагульнення формы (як у «Незнаёмцы» з Міхайлаўскага сквера), бо існуе шмат спосабаў дасягнення рэальнага. Даследчыкі Мікеланджэла даўно падлічылі, колькі неіснуючых мышцаў і суставаў у яго аголеных. Прааналізуйце форму Тыцыяна — вас чакае шмат сюрпрызаў. Знаёмаму мастаку замовілі дакладны від з вакна яго майстэрні. Той зняў яго фотаапаратам і зрабіў праекцыю на палатно. Падабенства не атрымалася. Раззлаваны мастак махнуў рукой на тэхніку і самым рашучым чынам перакампанаваў твор: адно наблізіў, другое адсунуў убок, тое-сёе рашуча знішчыў. І вось ён, цуд мастацкага мыслення: карціна ўразіла дасведчанага заказчыка сваёй рэальнасцю.

Форма Уладзіміра Жбанава выглядае рэальнай і ўмоўнай адначасова. А ўмоўнасць, як кажа англійскі мастацтвазнаўца Кэнет Кларк, ёсць прыкмета ўзвышанай манеры.

Але ў чым феномен творчасці Жбанава? Феномен вялікай глядацкай закаханасці? Уладзімір Жбанаў зрабіў пераварот у сучаснай беларускай пластыцы: першым у Беларусі зняў скульптуру з пастаменту, пазбавіў яе ідэалагічных хадуляў, зрабіў блізкай гледачу. Вынайшаў ідэальны стыль гарадской скульптуры — не проста зразумелы, хоць і гэта важна, але напоўнены цёплым і светлым настроем. Менавіта гэтую жывую душу і адчувае чалавек у жбанаўскай бронзе.

Якім было пластычнае жыццё беларускіх гарадоў да Уладзіміра Жбанава? Паміж скульптурай і звычайным чалавекам існавала абавязковая дыстанцыя — рытуалу, ідэалогіі, павагі. Нават лепшыя ўзоры скульптуры існавалі недзе паралельна нашаму жыццю, і надзеі на перасячэнне не было.

А потым мы атрымалі, іначай не скажаш, мінскі Міхайлаўскі сквер. Дзяўчынка пад падраным парасонам, якая на імгненне прыпынілася на тратуары. Вельмі тонкі і глыбокі вобраз. Вонкава лёгкі, просты, адкрыты. У ім ёсць і прыхаваны боль — ад таго, што юнацтва знікае, ад таго, што яно светлае і няпростае, крохкае і безабароннае. Мужчына ў кепцы, што просіць запаліць ад вашай цыгарэткі, — цалкам іншы вобраз: хітраван з выразным і жывым тварам. Рэальны і адначасова па-добраму літаратурны. Ну і знакамітая ганарлівая «Незнаёмка» ў капелюшы, якая так вольна размясцілася на суседняй лаўцы... Яны бронзавыя, але жывыя і блізкія нам. Да іх хочацца дакрануцца.

Летуценны фатограф са старадаўнім фотаапаратам здымае пяшчотную, не па-сённяшняму апранутую паненку з сабачкам. Гагоча гусак і з раскінутымі крыламі ідзе да вады. Самотны бронзавы конь схіліў галаву ў пошуках травы, а ў гэты момант на ім шчасліва падскоквае чарговы маленькі мінчук-гарэза. Пад вечар можна пабачыць, як, крыху саромячыся, у бронзавым сядле спрабуюць уладкавацца «пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары». Гэты конь ужо ўвайшоў у гарадскія гісторыі, напрыклад, пра аўтара, які падышоў праверыць швы на сваёй бронзе, а яму з натоўпу: «Мужчына, будзеце шостым у чарзе». Ці як знаны польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі, убачыўшы жбанаўскі твор, заўважыў, што калі тут ставяць скульптуру такога кшталту, то Мінск, бясспрэчна, — горад еўрапейскі. І ні ў каго не ўзнікае думкі, што нельга кранаць твор, помнік. Можна. Мы аднекуль гэта ведаем, адчуваем. Але так яно і ёсць: скульптуру такога кірунку ў свеце называюць кантактнай.

Адзін з шэдэўраў Уладзіміра Жбанава належыць не Мінску. Магілёву! Гэта «Лічыльнік зорак», больш вядомы за межамі Беларусі. Мэр горада Анапы прасіў улады Магілёва дазволіць паставіць паўтор скульптуры, але Анапе адмовілі. «Лічыльнік зорак» Уладзіміра Жбанава — твор вышэйшага гатунку, дзе дзёрзка і вольна злучаны некалькі выразных ідэй: тронная зала, сонечны гадзіннік і задыякальны календар. Да гэтай скульптуры хочацца не проста дакрануцца — у яе структуру закладзена інтэрактыўнасць. Вы можаце адшукаць крэсла з Вашым знакам задыяка, уладкавацца ў ім і дачакацца ўласнага сонечнага промня-гадзіны. Пластычныя якасці твора нават не абмяркоўваюцца! На вандроўцы да «Лічыльніка зорак» Уладзіміра Жбанава турыстычныя фірмы могуць зарабляць немалыя грошы — як на знакамітым пражскім гадзінніку. Аналагаў гэтаму твору ні ў Еўропе, ні ў свеце няма, — сцвярджае анапаўскі мэр, які раней за іншых асэнсаваў яго вартасці.

У сучасным горадзе такая скульптура выконвае надзвычай важную ролю: надае яму інтымнасць, пачуццёвасць. Без бронзавых постацей плошча перад Камароўскім рынкам была пустэчай, яе проста хуценька праходзілі, апусціўшы долу галаву. Калі там усталявалі фантан і скульптуру Жбанава, пустэча напоўнілася жыццём, эмоцыямі — ператварылася ў прастору. Гэта ўжо не адлегласць ад прыпынку да рынкавай брамы, а ўлюбёнае месца гараджан, дзе так утульна бавіць час, адпачываць. За тое, што скульптура стварыла нам гэткую магчымасць, за гэты тонкі жывы нерв гараджане і палюбілі творчасць Уладзіміра Жбанава.

Вы жывяце ў доме, дзе ўсё някепска, знаёма і звыкла, а потым прыходзіць нехта і расчыняе ў ім вокны і дзверы. З’яўляецца смак паветра, птушынае шчабятанне, а па падлозе вольна скача сонечны зайчык. Ваш свет стаў іншым. Менавіта гэта з беларускай скульптурай зрабіў цудоўны мастак Уладзімір Жбанаў — іначай і не скажаш.