Жах адвечнага вяртання

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

«einLeben / завядзёнка» рэжысёра Кацярыны Аверкавай
Міф адвечнага вяртання ніколі не будзе патлумачаны. Але будзе безліч разоў паўтораны і пераказаны ў спробах хоць нешта зразумець. Чаму мы аказваемся прыкутымі да вечнасці імгненнямі, якія паўтараюцца бясконца?

 

Тэатральная група NiMú была заснавана ў 2013 годзе. У яе склад увайшлі два акцёры — Ірэна Фас Фітай (Іспанія) і Ёганэс Штубенфолем (Германія), рэжысёр Кацярына Аверкава (Беларусь) і музыка Мацей Сабураў (Беларусь). «Маніфест» калектыву сцвярджае: «Нас цікавяць эксперыменты з рознымі формамі тэатра, кроскультурная камунікацыя, пошук сваёй унікальнай тэатральнай мовы, аўтарскі погляд на актуальныя тэмы». Першы спектакль NiMú, з якім пазнаёмілася беларуская аўдыторыя, — «einLeben / завядзёнка». У сакавіку яго двойчы паказалі на пляцоўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Гульня нямецкіх слоў у назве і іх пераклад на беларускую — «завядзёнка» — найперш адсылаюць нас да асэнсавання дзеяння як спробы герояў прызвычаіцца да існавання, прымірыцца з ім. Аднак арганізацыя сцэнічнай прасторы вымушае паглядзець на пастаноўку з іншага ракурсу.

Злева на сцэне — барная стойка, за ёй, у глыбіні, піяніна як Алімп, дзе жывуць багі: Кацярына Аверкава і Мацей Сабураў. Вонкава падобныя, пышна-рудавалосыя, яны кіруюць працэсам тут і цяпер з дапамогай музыкі, прымушаюць акцёраў  раз за разам вяртацца да адных і тых жа дзеянняў. Героі — Ён (Ёганэс Штубенфолем) і Яна (Ірэна Фас Фітай) — закаханая пара, вымушаная існаваць выключна ў коле сакральных бытавых рухаў. Мужчына і жанчына разам вячэраюць, глядзяць тэлевізар, прымаюць ванну, засынаюць. І з кожным разам паўтараць гэта становіцца для іх усё больш складана... Варта звярнуць увагу і на форму, з дапамогай якой нам распавядаюць гэтую гісторыю. Жаночае і мужчынскае целы існуюць у амаль пустой сцэнічнай прасторы. Стол, два зэдлікі і белая прасціна — вось і ўсё, што патрэбна, каб абрынуць на нас жах адвечнага вяртання звыклых рэчаў.

Стваральнікі падкрэсліваюць блізкасць багоў да герояў і тое, што стаць героем міфа пра адвечнае вяртанне наканавана кожнаму. Бар на працягу спектакля працуе для ўсіх — кожны можа кульнуць чарку ля стойкі. Але калі напачатку ўспрымаеш гэта як забаўляльны складнік пастаноўкі, своеасаблівую ініцыяцыю гледачоў, то напрыканцы трэба мець мужнасць, каб замовіць нешта ў бармэна з рудымі валасамі. Вось так адзін з наведнікаў уважліва паглядзеў на спявачку — і кола дзён закруцілася. А ты ўпэўнены, што не трапіш у яго, падарыўшы некаму зацікаўлены позірк?

Фактычна на сцэне адбываюцца два паралельныя дзеянні. Засяроджаныя багі ў сваёй лабараторыі чаруюць над музычнымі інструментамі і «кіруюць» героямі, змяняючы рытмы. Іх спакой і нязмушанасць рухаў не менш прыцягальныя, чым актыўны лад існавання сямейнай пары. І не шкада прапусціць нешта з аповеду герояў, каб паглядзець на нерухомы профіль Кацярыны Аверкавай, калі яна, узлакаціўшыся на барную стойку, з увагай назірае за падзеямі. Раптам паварот галавы, слова на вуха Сабураву — і музыка змяняецца, вымагаючы змены дзеяння. Нешта такое яна на пачатку шаптала і на вуха гераіні, а потым пачалося...

І закаханыя спрабуюць вырвацца з кола дзён, дзе з кожным новым паўтарэннем пабытовых спраў нешта рушыцца, ламаецца ды становіцца вусцішным. Дзе невыноснасць адчуваецца праз целы і іх рухі: ад камфортнага існавання ў прасторы да немагчымага.

Час ад часу героі адпачываюць, сыходзячы ў сны-мары, дзе пануе лёгкасць быцця — нічога не паўтараецца. Але стваральнікі, пакідаючы героям надзею на непаўторнасць, забіраюць яе ў гледачоў, напрыклад, падсвядома ці свядома звяртаючыся да візуальнага інтэртэксту са стужкі Андрэя Таркоўскага «Люстэрка». Мужчына губляе жанчыну, яна знікае з яго поля зроку. Побач, але не разам — жанчына ляжыць на плячах у мужчыны, а перад вачыма паўстае знакаміты кадр палёту гераіні Маргарыты Церахавай над ложкам.

Усё паўтараецца... Спадзяюся, што падобныя пастаноўкі таксама. І тут гаворка ўжо не пра ўвасабленне, а пра з’яву. Што значыць гэты спектакль для сучаснага беларускага тэатральнага працэсу? Этапны крок у развіцці ў нашай краіне праектнага тэатру, які неабходны для выхаду з выключна рэпертуарнай «завядзёнкі».