Дарогамі вайны і жыцця

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Выстава памяці Арлена Кашкурэвіча «Шлях»
Жыццё Арлена Кашкурэвіча ў мастацтве сапраўды было шляхам: творца не засяроджваўся на распрацоўцы адметнасцей стылю, не эксплуатаваў адну і тую ж тэму, а шукаў новыя далягляды, заўжды быў рызыкантам. Нездарма яго любімы літаратурны герой — гётаўскі Фаўст, такі ж нястомны шукальнік ісціны.

Да гэтага вобраза мастак звяртаўся не аднойчы. А тыя, хто Кашкурэвіча блізка ведаў, казалі, што з часам Арлен Міхайлавіч стаў вонкава падобным да свайго героя.

Кашкурэвіч выразна вылучаецца з шырокага кола беларускіх графікаў. Падчас працы над ілюстрацыямі ён не чапляўся за тэкст, не зацыкліваўся на этнаграфічных дэталях, не адлюстроўваў аповед літаральна (як да яго рабілі іншыя адмыслоўцы кніжнай графікі), а імкнуўся выявіць закладзеную ў тэксце думку. Дамагаўся патрэбнага эфекту мінімальнымі сродкамі. Мастак бачыў кнігу як суцэльную прасторавую структуру: белае поле, не занятае тэкстам, было такім жа важным чыннікам аздобы, як і сама выява. Для свайго часу такі сістэмны падыход да канструявання кнігі быў наватарскім. Кашкурэвіч жа па магчымасці трымаўся сваіх прынцыпаў усё жыццё.

Я памятаю ўсе ягоныя творы, класічныя і менш вядомыя. Усе, якія калі-небудзь траплялі мне на вока. Паглядзеўшы выставу ў Нацыянальным мастацкім, аднавіўшы ўражанні ад станковых аркушаў мастака і аздобленых ім кніг, я захацеў падзяліцца сваімі развагамі з іншымі. Але, узяўшыся за пяро, зразумеў, наколькі няпроста сказаць пра яго нешта новае: творчасць Арлена Кашкурэвіча даўно мае статус нацыянальнага брэнда і ўвайшла ў залаты фонд, адпаведна — знаходзіцца ў цэнтры ўвагі крытыкаў і мастацтвазнаўцаў.

Арлен Кашкурэвіч змог пераадолець апавядальнасць у сферы, дзе яна звыкла панавала, — у аздобе кніг. Праз яго творчасць адбылося і пэўнае пераасэнсаванне канонаў выяўлення ваеннай тэмы, сацыяльна значнай у беларускай літаратуры другой паловы мінулага стагоддзя. Пры спалучэнні талентаў Васіля Быкава і Арлена Кашкурэвіча атрымліваўся іншы ракурс, новае бачанне эпахальных падзей, якія складаліся і з лёсаў звычайных людзей, уцягнутых у вір гісторыі. Майстар слова і майстар візуальных вобразаў вывелі ваенную тэму за ідэалагічныя рамкі.

Гэта ніяк не прыніжае мэтраў выяўленчага мастацтва папярэдняга перыяду, для якіх пафас і патэтыка былі цалкам натуральнымі і нават абавязковымі чыннікамі творчасці. Згадаем шэдэўр Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года», Уладзіміра Сухаверхава «За родную Беларусь!». Ды і ранні Міхаіл Савіцкі паспяхова шчыраваў на ніве сацыялістычнага рэалізму. Намаганнямі гэтых і іншых творцаў ваенная тэма ў беларускім мастацтве набыла нацыянальныя кананічныя рысы. Аднак з’яўленне графічнай серыі Арлена Кашкурэвіча «Партызаны» азначыла паварот ад пафасу да псіхалагізму. Гэта партызанская эпапея, выяўленая праз побытавыя сюжэты. Мастак свядома пазбягаў батальных сцэн, бо за іх вонкавай дынамікай не бачна, што робіцца ў душы чалавека. Адзін з самых пераканаўчых вобразаў народнага Супраціву ў Вялікай Айчыннай вайне ўвасоблены ў працы «Партызанскія маці» са згаданай нізкі. Старыя жанчыны набіваюць патронамі кулямётныя стужкі, бласлаўляючы сваіх сыноў на барацьбу. Сэнсавае і вобразнае падабенства прозы Васіля Быкава і графікі Арлена Кашкурэвіча тут відавочнае. Пазней Кашкурэвіч працаваў над кнігамі Быкава, а потым перарабляў ілюстрацыі ў станковыя аркушы.

Сярод тых выданняў, да якіх Арлен Міхайлавіч спрычыніўся як мастак, адно з самых складаных для ілюстравання — «Карнікі» Алеся Адамовіча. Шырокай грамадскасці твор больш вядомы як сцэнарная аснова культавага фільма «Ідзі і глядзі». Сюжэт трагічны, аповед жорсткі, высновы не аптымістычныя... Праілюстраваць гэта літаральна, не абражаючы вока чытача-гледача, не магчыма. Мастак ідзе іншым шляхам: стварае сімвалічныя вобразы. Не столькі ілюструе, як разважае над зместам. А развагі тыя — пра прыроду гвалту і супраціву, пра спрадвечны канфлікт дабра і зла, стасункі асобы і соцыума. Аналагам такога падыходу можна назваць выяўленчую мову іканапісцаў, якая дазваляе распавядаць пра жахі і пакуты, пазбягаючы натуралізму і фізіялагізму. Зразумела, гаворка ідзе не пра падабенства стылістыкі.

Ілюстратар не заўжды мае магчымасць выбіраць кнігу паводле свайго густу. Аднак аўтарытэт часта дазваляў Арлену Кашкурэвічу мець для творчай працы лепшае з таго, што значылася ў выдавецкіх планах. Ён ілюстраваў Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча, Міколу Гусоўскага, Іагана Вольфганга Гётэ, Віктора Гюго, Чынгіза Айтматава, Новы запавет, «Найвышэйшую песню Саламонаву»... Ён аддаваў перавагу творам, упадабаным многімі пакаленнямі чытачоў, творам, якія займаюць пачэснае месца ў бібліятэцы сусветнай літаратуры, з глыбокім сэнсам, па-майстэрску выбудаваным сюжэтам. Але былі выпадкі, калі, паклаўшы вока на кнігу, якая адпавядала ўсім згаданым крытэрыям і магла стаць паспяховым выдавецкім праектам, Кашкурэвіч, распачаўшы работу, рэзка яе супыняў.

Вабіў мастака шэдэўр Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», але выяўленчую інтэрпрэтацыю гэтай кнігі ён так і не зрабіў. Як чалавек глыбока веруючы, праваслаўны, Арлен Міхайлавіч палічыў немагчымым творча паглыбляцца ў тэкст, які ўяўляе сабою надта ж свабодную трактоўку Святога пісання. Не склалася ў мастака і з кнігай Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»... Мне, скажу шчыра, гэта не зусім зразумела. Я паважаю чужыя погляды і забабоны, але схільны лічыць рэлігійныя тэксты літаратурнымі творамі, якія ў час напісання выконвалі функцыю палітычных памфлетаў, гістарычных хронік альбо фальклорных альманахаў. Таму няма чаго тут наганяць містыкі і нагрувашчваць піетэту. Дарэчы, графічная інтэрпрэтацыя «Найвышэйшай песні Саламонавай» у Арлена Кашкурэвіча выдае прыблізна такое ж стаўленне да біблейскага тэксту. Тут і блізка няма кананічнай трактоўкі. Але ў геніяў, як і ў звычайных людзей, могуць быць свае дзівацтвы, прычыны якіх нікому не зразумелыя...

Стрыжнявы вобраз творчасці Арлена Кашкурэвіча — Фаўст. Фактычна фаўстаўскае бачанне свету, фаўстаўскае імкненне зазірнуць за далягляды прысутнічае ва ўсіх вялікіх і малых творах Кашкурэвіча ў той ці іншай форме, творах, зробленых пасля яго славутых ілюстрацый да шэдэўра Гётэ.

Дазволю сабе сцвярджаць, што наш слынны майстар графікі прыўнёс у беларускае мастацтва не толькі моц экспрэсіянізму, але і дынамічнае стаўленне да жыцця. Маю на ўвазе бачанне сябе як асобы (а краіны як суб’екта цывілізацыі) не толькі ў гэты час і ў гэтым месцы, а ў руху, у працэсе, у кантэксце перманентна зменлівага свету. Кашкурэвіч даў нам адчуванне шляху... Памятаеце бардаўскае: «Счастлив, кому знакомо щемящее чувство дороги...»? Гэта з тых 1960-х, калі паўстаў «суровы стыль», класікам якога ў Беларусі з’яўляецца Арлен Кашкурэвіч, — эстэтычны напрамак, выйсце з тупіку артадаксальнасці. Так, творчасць Кашкурэвіча — гэта шлях.

Прытым ён сам добра ўсведамляў гэтае самае «тут і цяпер». Ведаў, да якога роду і зямлі належыць. Гарманічнае спалучэнне патрыятызму і касмапалітызму і надае асаблівую каштоўнасць набытку Арлена Кашкурэвіч.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ