Тэрыторыя, што пазбаўляе нас камфорту

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Праект Канстанціна Селіханава «Логасы»

 

Рэдкі выпадак, калі не магу пагадзіцца з заяўленай канцэпцыяй: у асэнсаванні абраных логасаў аўтар пайшоў значна далей, чым гэта меркавалася спачатку. Разарваў адны ўзаемасувязі, злучыў іншыя, сабраў некалькі фармальных пластоў, прычым зрабіў гэта лагічна і зразумела.

У публічную прастору вынесены артэфакты — логасы, фрагменты пэўнага рассыпанага тэкставага акружэння мастака. Іх цікава было б прааналізаваць з пазіцый псіхолага, проста як выбар рэальнага чалавека. Выдумка, унушэнне, абавязак, сіла пераканання, табу, трапятанне, вестка, стрымваючы фактар, вечнасць, фотасінтэз, рытуал, інерцыя, я, ціха, сон, вера, доказ, пакора, мігаценне, бясконцасць, святло, імітацыя, пачатак, не я, усё, маўчанне, інтуіцыя, апазнанне цела святога Марка — усё гэта спачатку спрацоўвае як інфармацыя, а затым пачынаецца працэс унутранай працы. А гледачам логасы служаць адкрытай пляцоўкай для гіпатэтычнай рэакцыі.

Вывядзенне дакумента з прыватнай прасторы ў публічную мы бачылі не раз. Але з якой мэтай гэта робіць Канстанцін Селіханаў? Відавочны пераход ад пластычнага мастацтва, ад аб’ёмаў і складанай тэхналогіі да чыстага аркуша і вербальнай формы выказвання. Узнікае жаданне пратэставаць логасы — ці здольныя яны выклікаць водгук у гледача? Магчыма, яны могуць быць ключом да іншых праектаў мастака: на шчасце, Канстанцін Селіханаў актыўна шукае сябе ў самых розных формах і жанрах. Ёсць у гэтым і праява амбіцый: прэтэнзія на тое, што нават асабістыя рэчы могуць быць прадметам мастацтва; адпаведна ўзнікае адчуванне свабоды і адказнасці за сваю працу.

Логасы змешчаны ў асобную частку экспазіцыі, закрытую глухой фіранкай, своеасаблівы «чырвоны кут», — гэта падкрэслівае асабісты вопыт рэфлексіі, усведамлення «важных слоў», як Селіханаў неаднаразова называў логасы. Тут прастора згушчаецца, ператвараецца ў канцэнтрат намаганняў. Кожнае паняцце праходзіць свой шлях ад артыкуляцыі да персанальнага, а пасля — публічнага асэнсавання.

У першай жа залі да працэсу ўсведамлення-асэнсавання гледача рыхтуюць словы, якія сталі агульным месцам. Гэта «сентэнцыі» накшталт «бяры ад жыцця ўсё» або «адкрый сёння новае». У той час, як гучыць гэтае слоўнае шалупінне — абрыўкі афарызмаў, парад, рэкламных слоганаў, — хвіліна за хвілінай сыходзіць чалавечае жыццё. Патыліца Анатоля Саланіцына ў кадры са «Сталкера» Таркоўскага (адзін з элементаў адсылае нас да праекту «Кропка адліку») ледзь змяшчаецца ад здымка да здымка — прамое «маўленне» аб выдаленні з жыцця, аб перажыванні штохвіліннага выдалення. Што гэта: смерць або гатоўнасць да смерці, да поўнай невядомасці, якую рыхтуе чалавеку наступны момант яго быцця, — найбольш трывожная і шчымлівая лінія экспазіцыі. Павісаючы ў паветры, яна сведчыць пра інтуітыўны рух аўтара да дэканструкцыі, хоць гэтая канцэпцыя не закладвалася ў праект. Тым не менш разарваныя думкі, вылучэнне ключавых логасаў з агульнага вербальнага патоку, сучляненне іх з іншымі кантэкстамі — прыклад менавіта такога падыходу. Дэканструкцыя ў адносінах да гіпертэксту, дэканструкцыя ў адносінах да кіно, праца з фрагментамі ў прасторы. А матэрыялы тут — папера са школьнага сшытка і пахавальныя медальёны! Тэма развітання і адыходу, вытрыманая ў такіх фарматах, не можа пакінуць нас абыякавымі!

Каб неяк справіцца з адчуваннямі, у цэнтры залы аўтар размясціў пунсовыя падушкі з цытатамі з Гегеля, Ніцшэ, Дарвіна і Маркса. Думкі вядучых філосафаў двух стагоддзяў у выглядзе дэкору месца для адпачынку — паводле майго разумення разумення — не message, а самаіронія. Экспазіцыя адразу перастае быць залішне сур’ёзнай, хоць акадэмічнай яе не назавеш і так, нават без падушак.

А прымірэння ўсё няма, тым больш нічога падобнага не ўзнікае ў самым нечаканым аб’екце «чырвонага кута»: слова «тлен», яго няпэўнае мігаценне ў люстэрку вады і на паверхні каменя адводзіць гледача-чытача ў экзістэнцыяльныя далячыні. Але адначасова гэтая невялікая інсталяцыя з’яўляецца кульмінацыяй праекта: усё бяссільна перад смерцю, усе сэнсы знікаюць на шляху за грань жывога чалавечага існавання. І надыходзіць іншае вымярэнне логасаў, рэальнасць, у якой мы не валадары.

Любоў ГАЎРЫЛЮК