Ракако і фламандска-французскія традыцыі

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Гістарычны жывапіс XVIII стагоддзя
У кнігах па гісторыі беларускага мастацтва жывапіс XVIII стагоддзя прадстаўлены ў асноўным іконамі. Між тым, у Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, у канцы XVI стагоддзя, адразу пасля эпохі Адраджэння, з’явіліся разнастайныя жанры: пейзаж, партрэт, нацюрморт, гістарычная і міфалагічная карціны і г.д. Мы ўсё яшчэ працягваем чагосьці не ведаць у гісторыі нашага мастацтва або ведаем не зусім грунтоўна. Праблему, безумоўна, узмацняе адсутнасць у нашых музейных зборах свецкіх твораў XVIII стагоддзя.

/i/content/pi/mast/79/1341/plast_02_.jpeg

Невядомы мастак. вянчанне per procura князя Радзівіл Чорнага з Кацярынай Аўстрыйскай замест жаніха -- караля Сігізмунда ІІ Аўтуста. Алей. 1752--1759.

Беларускія гістарычныя творы можна знайсці ў музеях суседніх з намі краін, а архіўныя матэрыялы даюць магчымасць скласці грунтоўны спіс карцін розных жанраў, якія калісьці ўпрыгожвалі інтэр’еры шматлікіх палацаў XVIII стагоддзя.

Важная для гісторыі беларускага мастацтва карціна сёння захоўваецца ў Луцкім краязнаўчым музеі ва Украіне. Яна называецца «Вянчанне per procura князя Мікалая Радзівіла Чорнага з Кацярынай Аўстрыйскай у 1553 годзе». Акрамя яе ў Луцку знаходзяцца і іншыя разнастайныя прадметы з Алыкскай рэзідэнцыі Радзівілаў, размешчанай недалёка ад Луцка. Тамтэйшы замак па значнасці быў роўны Нясвіжскаму. Як і нясвіжская, алыкская ардынацыя ўключала тэрыторыі непадзельных уладанняў роду. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў сувязі з адсутнасцю спадчыннікаў па мужчынскай лініі Алыкай валодалі нясвіжскія Радзівілы. Алыкская лінія аднавілася толькі ў 1870-я гады. Тады мясцовым ардынатам стаў Фердынанд, старэйшы сын Багуслава Радзівіла, унук Антонія Генрыха Радзівіла, якi прыняў у 1814 годзе Нясвіж ад прамых нясвіжскіх князёў Караля Станіслава Пане Каханку і яго пляменніка Дамініка Радзівіла. Фердынанд Радзівіл (1834—1926) быў выдатным палітыкам і дзяржаўным дзеячам, гэтак жа як і яго малодшы сын Януш Радзівіл (1880—1967), які стаўся руплівым гаспадаром алыкскіх земляў. Ён наследаваў палітычны талент свайго бацькі, быў сенатарам і прымаў актыўны ўдзел у шэрагу дзяржаўных і ваенных падзей XX стагоддзя, напрыклад, у Варшаўскім паўстанні 1944 года. Галоўным для нас у гэтым валоданні Алыкай двума апошнімі (перад спусташэннем замка) пакаленнямі сям’і Радзівілаў з’яўляецца наступнае: князі Фердынанд і Януш у апошняй чвэрці XIX стагоддзя — першым дваццацігоддзі XX стагоддзя сталі захавальнікамі шматлікіх мастацкіх рарытэтаў Нясвіжскага палаца, пры гэтым папоўнілі свой збор неблагімі творамі сучасных мастакоў. Прынамсі, тое, што цяпер захоўваецца ў Луцку, складае лепшую частку радзівілаўскага збору XVII — першай паловы XIX стагоддзя і някепскі збор XX стагоддзя.

Такім чынам, гістарычная карціна «Вянчанне Мікалая Радзівіла Чорнага з Кацярынай Аўстрыйскай» дастаткова доўга захоўвалася ў Алыкскім замку, пасля таго як у апошняй чвэрці XIX стагоддзя патрапіла туды з Нясвіжа.

Месцам стварэння гэтай карціны ёсць усе падставы называць Нясвіжскі замак. Інвентарныя спісы, пачынаючы з 1759 года, адзначаюць наяўнасць твора ў яго залах. Акрамя таго, ён уваходзіць у серыю гістарычных палотнаў, заказаных у 1752 годзе князем Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькам (1702—1762) сваім прыдворным мастакам. Вывучэнне новай карціны з луцкага збору высока падымае значэнне нясвіжскіх гістарычных карцін. У нас няма пераліку ўсіх сюжэтаў, якія ў 1752 годзе загадаў увасобіць у кардонах «пад алей» з наступнай іх рэалізацыяй у габеленах князь Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька. Але ў заданні была сфармуляваная задача выканаць «гісторыю дома нашага», гэта значыць — распавесці гісторыю радзівілаўскага роду. На падставе інвентарнага апісання Нясвіжскага палаца XVIII стагоддзя можна сцвярджаць, што пераважалі сцэны ваенных парадаў і батальныя, увасабленне важных дзяржаўных актаў і паказ сувязей з кіруючымі дамамі Еўропы. Так, на адной з карцін была прадстаўлена каранацыя Барбары Радзівіл каралевай Польшчы. Гэтая карціна ў 1930-я гады была ўманціравана ў панэль абшыўкі сцяны малой сталовай Нясвіжскага замка. Фотаздымак, які ўказвае на гэты факт, апублікаваны ў кнізе Балеслава Таўрагінскага пра Нясвіж (1937).

У серыю гістарычных карцін разам з «Каранаваннем Барбары Радзівіл» уваходзіць і «Вянчанне Мікалая Радзівіла Чорнага», бо іх іканаграфія належыць аднаму і таму ж альбому гістарычнай гравюры Нацье-Трувэна 1707—1708 гадоў. Стылістычна яны адносяцца да ракайльнага жывапісу, які стаў развівацца ў Беларусі ў сувязі з засваеннем фламандска-французскіх традыцый мастацтва Еўропы. Носьбітамі гэтай складанай стылістычнай фармацыі ў нашым мастацтве XVIII стагоддзя варта лічыць групу прыдворных мастакоў князя Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Найбагацейшы магнат здолеў сабраць у Нясвіжы сярэдзіны XVIII стагоддзя значныя мастацкія сілы, наладзіць працу мануфактур, вырабы якіх складаюць зараз гонар беларускага мастацтва (слуцкія паясы, урэцкае шкло). Гэта шырока прызнаная з’ява атрымала назву нясвіжскага мастацкага двара. Узначальваў яго мастак Ксаверы Дамінік Гескі (каля 1700—1764), які за 36 гадоў працы спрычыніўся да стварэння ўсіх шэдэўраў радзівілаўскага двара: кіраваў роспісамі нясвіжскага касцёла Божага Цела, быў інтэндантам свержанскай фаянсавай мануфактуры. Менавіта яму Радзівіл Рыбанька аддаў загад аб выкананні серыі гістарычных палотнаў, да якой належыць «Вянчанне Мікалая Радзівіла Чорнага», што сёння захоўваецца ў Луцку.

Паўтараючы іканаграфію і часткова стылістыку французскага гістарычнага жывапісу, радзівілаўскія майстры прыходзілі да ўласных цікавых рашэнняў, раскрываючы важныя для гісторыі нашай краіны тэмы. Французская традыцыя стала кантэкстам развіцця беларускага жывапісу XVIII стагоддзя. Вядомы французскі ракайльны майстар Жан Марк Нацье (1685—1766) выканаў жывапісныя копіі карцін гістарычнай серыі Люксембургскага палаца, якія адгравіраваў Антуан Трувэн (1656—1708) у 1707—1708 гадах. Альбом уключаў графічную серыю гістарычных кампазіцый, прысвечаных гісторыі Марыі Медычы, маці французскага караля Людовіка XIII, раскрываў сэнсы і пачаткі новай французскай дынастыі Валуа. У жывапіснай серыі Люксембургскага палаца сышлося некалькі важных момантаў. Па-першае, гэта быў шырокі паказ гісторыі каралеўскай дынастыі ў розныя моманты яе існавання — нараджэнне, вяселле, з’яўленне спадчынніка, і ўсе гэтыя творы былі ўзмоцнены міфалагічнымі сэнсамі, якія паказваюць сувязь зямных дзей з боскай воляй. Кампазіцыі будаваліся такім чынам, што здавалася: лепш і высакародней пра падзеі сказаць ужо немагчыма.

Па-другое, і гэта самы галоўны фактар, аўтарам усёй серыі гістарычных шэдэўраў (1622) з’яўляўся фламандскі мастак, заснавальнік еўрапейскага барока Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Французскі жывапіс ракако, пачынаючы са знакамітага Антуана Вато (1684—1721), стваральніка галантных святаў, вырастаў, вывучаючы кампазіцыйныя і жывапісныя дасягненні Рубенса. Для Вато, як сведчаць гісторыкі мастацтва, галерэя Люксембургскага палаца і творы Рубенса сталі важнай школай майстэрства. Жан Марк Нацье таксама пачынаў фарміравацца як мастак у Люксембургскім палацы, капіруючы шэдэўры Рубенса. Французскі тэмперамент Нацье паспрыяў «пералажэнню» барочных кампазіцый Рубенса на вытанчаную мову мастацтва ракако: крыху менш пафасу, мякчэй рух і каляровыя кантрасты.

/i/content/pi/mast/79/1341/plast_05_opt.jpeg

Антуан Трувэн. Вянчанне per procura Марыі Медычы і караля Генрыха IV у Фларэнцыі 5 кастрычніка 1600 года. Гравюра з карціны Пітэра Паўля Рубенса. 1707—1708.

У нясвіжскай гістарычнай карціне, якая люстэркава паўтарае кампазіцыю гравюры Трувэна з выявай «Вянчанне per procura Марыі Медычы і караля Генрыха IV у Фларэнцыі 5 кастрычніка 1600 года. Гравюра з карціны Пітэра Паўля Рубенса. 1707—1708», ракайльны стыль гучыць ужо на поўную сілу: сыходзіць барочнае выдзяленне цэнтральнай групы, тэатральнасць поз герояў твора становіцца больш відавочнай, але колеравы лад, пры звыклай ракайльнай разбеленасці фарбаў, усё ж складаецца з некалькіх лакальных плям, што ў цэлым характэрна для ракако нясвіжскай жывапіснай школы.

У нясвіжскай карціне, як і ў французскім творы, таксама ўвасоблена вянчанне па даверанасці. Дзеянне разгортваецца каля алтара, на якім запалены высокія свечкі. Нечаканая дэталь — карціна ў карціне — «Укрыжаванне Хрыста» ў цэнтры алтара, што вызначае цэнтральную вось усёй кампазіцыі. Твор напаўняецца амаль містычным гучаннем, яго ўзмацняе і постаць у каралеўскай мантыі і кароне справа ад алтара, нібы прыўзнятая над усімі. Паколькі мастак не перадае перспектыўнай глыбіні і алтар па вышыні амаль роўны ніжняй групе, здаецца, што галоўнае дзеянне карціны разгортваецца не на адлегласці, а проста ніжэй менсы алтара. Кампазіцыя ўвесь час набірае вертыкальны рытм. Мастака відавочна цікавіць нейкі вышэйшы, містычны сэнс падзей. Тое, што адбываецца на палатне, значнае само па сабе: здзяйсняецца абрад вянчання, але жывапісец хоча паведаміць нам пра нешта большае.

Перад намі вянчанне «per procura», гэта значыць, замест жаніха і па яго даверанасці на цырымоніі выступае князь Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565), але містычна прысутнічае і сам жаніх, нібы прывід каля алтара размешчаны вялікі князь літоўскі і польскі кароль Жыгімонт II Аўгуст (1520—1572). Вянчанне з Кацярынай Аўстрыйскай адбылося ў 1553 годзе. Але карціна была напісана, як ужо гаварылася, на дзвесце гадоў пазней — паміж 1752—1759 гадамі. Гістарычныя сэнсы за мінулыя стагоддзі набылі значнасць і закончанасць, а мінулае было пераасэнсавана ў ключы патрыятычнага выдзялення гісторыі сваёй зямлі і разумення значэння дзеі продкаў.

Падзеі 1553 года аказаліся важнымі для гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, роду князёў Радзівілаў: яны падкрэслівалі годнасць сям’і і гістарычную значнасць Княства. Дынастычны шлюб Кацярыны Аўстрыйскай і Жыгімонта II Аўгуста стаў важнай палітычнай падзеяй, якая замацавала саюз Германіі, Свяшчэннай Рымскай Імперыі, з Вялікім Княствам Літоўскім. Дзяржава сцвярджала сябе як магутная краіна Еўропы, якой непатрэбна унія з польскім каралеўствам. У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны быў канцлерам і ваяводам віленскім, меў права трымання дзяржаўнага архіва, працягнутае ў наступным стагоддзі яго нашчадкамі, і зараз гэты архіў вядомы як радзівілаўскі. Кацярына Аўстрыйская — пляменніца Карла V. Менавіта з рук гэтага імператара Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў дыплом князя Свяшчэннай Рымскай Імперыі ў 1547 годзе. Праз пяць гадоў пасля вясельных урачыстасцей імператар адрокся ад трона і перадаў нямецкія ўладанні Габсбургаў свайму брату Фердынанду I, дачкой якога і з’яўлялася Кацярына. Яна адна з дзесяці дачок Фердынанда I (1503—1564) і Ганны Ягелонкі (1503—1547), спадчынніцы Уладзіслава IV, караля Чэхіі. Кацярына выйшла замуж за Жыгімонта II Аўгуста ўжо як прынцэса Мантуанская, тытул быў прыняты ў 1549 годзе, калі яна стала жонкай Франчэска III Ганзага, герцага Мантуі, прынца Мантуанскага. Праз чатыры месяцы пасля вяселля муж памёр. Новы шлюб Кацярыны з Жыгімонтам II Аўгустам адбыўся праз чатыры гады. Яна стала яго трэцяй жонкай пасля Лізаветы Аўстрыйскай (яе роднай сястры) і Барбары Радзівіл. Шлюб скончыўся разводам ў 1566 годзе. Сярод прычын фігуравала боязь атручэння, ад якога памерлі, згодна з чуткамі, першыя дзве жонкі. Пагалоска вінаваціла ў гэтым маці караля каралеву Бону Сфорца.

Увасобленая на карціне Кацярына Аўстрыйская далёкая ад свайго гістарычнага прататыпа: па модзе не XVI, а XVII стагоддзя яна апранута ў сукенку з дэкальтаваным выразам, а яе падбіты гарнастаем малінавы шлейф мацуецца ззаду да плячэй паводле моды першай паловы XVIII стагоддзя. Раскошная срэбная сукенка з залатымі кветкамі не толькі вылучае яе, але і задае агульны настрой урачыстай велічы. Мастак не перадае партрэтнае падабенства Кацярыны, хоць мог бачыць яе партрэт, выкананы ў 1553 годзе выдатным нямецкім мастаком Лукасам Кранахам малодшым (1515—1586), які стварыў серыю малюнкаў прадстаўнікоў дынастыі Ягелонаў (у яе ўвайшлі партрэты Кацярыны і Жыгімонта II Аўгуста). Выява самога караля ў карціне вельмі блізкая да іканаграфіі Кранаха.

Выява князя Мікалая Радзівіла Чорнага мае партрэтнае падабенства, менавіта такім мы бачым яго ў малюнках княскай сям’і XVII стагоддзя. Адзенне адпавядае часу падзей: князь у гафрыраваным каўняры і накідцы да каленяў, падбітай гарнастаем, праз плячо на грудзі перакінуты шалік, які сведчыць пра яго ваенныя адрозненні, на поясе шпага, на яе эфесе ён трымае руку.

Абрад вянчання здзяйсняе кардынал, за якім два служкі трымаюць яго посах-пастараль. За нявестай, прытрымліваючы шлейф яе накідкі, стаяць дама і юны паж. Можна зрабіць здагадку, абапіраючыся на спіс важных гасцей цырымоніі, што дама — гэта Ізабэла Ягелонка, дачка караля Жыгімонта Старога і зводная сястра Жыгімонта II Аўгуста, якая стала каралевай Трансільваніі. Побач з ёю ў ролі пажа яе юны сын Януш II Жыгімонт Запальян, будучы кароль Трансільваніі. За Мікалаем Радзівілам Чорным іншыя два госці, мяркуючы па ўсім, гэта — сімвалічныя постаці вялікалітоўскіх шляхціцаў, а не запісаныя ў пратаколе «аўстрыйскі і венгерскі наследныя прынцы». Адзін са шляхціцаў паказаны з паўкруглай шабляй-карабелей, якая носіцца ва ўрачыстых выпадках, у кунтушы і яркіх ботах.

Кампазіцыя складаная, улічваючы яе геральдычны характар, варта разумець, што нясвіжскі мастак абапіраўся на адпаведны еўрапейскі ўзор падобнай выявы. Іканаграфічны прататып дало французскае мастацтва пачатку XVIII стагоддзя, прычым аўтар паглыбіўся ў больш ранні перыяд першай паловы XVII стагоддзя. То-бок перад намі палімпсест — напластаванне гістарычных пластоў, у якіх сапраўды цяжка разабрацца: генетычна звязаныя, гэтыя гістарычныя прататыпы сведчаць тым не менш пра свой час і сваю культуру, а таксама пра ўласныя, блізкія ім сэнсы. Беларускае мастацтва праз французскае далучаецца да еўрапейскай традыцыі XVII—XVIII стагоддзяў, ранняга і позняга барока і ракако, якія нашы мастакі інтэрпрэтуюць паводле густаў свайго часу — як стылістыку ракако.

Вылучэнне разнастайных стылістычных напрамкаў у мастацтве Нясвіжа XVIII стагоддзя — задача на будучае, бо антыкварны рынак і паглыбленае вывучэнне музейных калекцый пастаянна прапануюць новыя магчымасці для ўвядзення ў навуковы ўжытак таго ці іншага новага твора з былых радзівілаўскіх калекцый, і адпаведна — узбагачаецца наша ўяўленне пра гісторыю радзівілаўскага і — шырэй — беларускага мастацтва.

Аналізуючы развіццё нашага мастацтва ў XVIII стагоддзі, мы павінны мець на ўвазе асаблівасць культуры беларускіх зямель: яны знаходзіліся ў адзінстве з польскай і саксонскай лініямі развіцця, бо ўсіх аб’ядноўвала Рэч Паспалітая, каралямі якой былі прынцы саксонскай дынастыі, курфюрсты Веціны. Калыскай ракако з’яўлялася творчасць саксонскіх партрэтыстаў, якія арыентаваліся на французскае мастацтва. У прыватнасці, у XVIII стагоддзі прыдворным мастаком польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх служыў французскі маэстра Луі дэ Сільвестр, у кантракце якога агаворвалася, што ён будзе прытрымлівацца традыцый французскай прыдворнай культуры. Ужо вядомыя ракайльныя творы партрэтнага радзівілаўскага мастацтва — выявы Гераніма Фларыяна Радзівіла (1715—1760) і яго жонкі Магдалены Чапскай пэндзля Якуба Веселя (1746) — на сённяшні дзень дапоўнены партрэтам Ганны Мяцельскай Радзівіл, апошняй жонкі Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Копіі партрэта Мяцельскай нядаўна падораны Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі Мацеем Радзівілам. У партрэце ўсё ракайльнае: меланхалічны стан, прычоска і дэталі адзення.

Ракайльны кампанент у мастацтве Нясвіжа даследчыкі заўсёды канстатавалі ў манументальным жывапісе, у прыватнасці, у такім унікальным помніку, як ансамбль роспісаў касцёла Божага Цела. Там ракако існавала ў сімбіёзе з познім барока і раннім класіцызмам. Такі сімбіёз — складанае перапляценне стыляў — быў па-свойму ўнікальным. Яго зафіксавалі яшчэ гісторыкі мастацтва 1930-х гадоў і вылучылі ў асобную школу лакальнага або віленскага (беларускага) барока.

Вольга БАЖЭНАВА