Фільмы-рыфмы ў канве «Лістапада»

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» -- адна з нешматлікіх культурных акцый Беларусі, якая нарадзілася па ініцыятыве знізу і якую дзяржаўныя структуры падтрымліваюць на працягу многіх гадоў. Ля вытокаў першага фэсту ў 1994 годзе стаялі Беларускі саюз кінематаграфістаў і Канфедэрацыя саюзаў кінематаграфістаў (былы Саюз кінематаграфістаў СССР). Тады дзяржаўныя мужы і гарадскія ўлады глядзелі на толькі што народжанае кінадзіця з насцярожанасцю: гэта хто такі без дазволу? Але хутка ўсвядомілі, што аніякіх кукішаў у кішэнях арганізатараў няма, а сярод мэт -- адно толькі ўстаноўка на глядацкую радасць. У наступным годзе ўжо паспяхова дзейнічаў грамадска-ведамасны альянс (фестываль пачалі падтрымліваць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам). З 2001-га «Лістапад» мае прэзідэнцка-ўрадавы статус, што пашырыла яго арганізацыйныя магчымасці (а ўвогуле -- пераўтварыла фестываль у рэспубліканскі кінакультурны феномен).

Што засталося за кадрам
Менавіта грамадска-дзяржаўнае партнёрства надае падзеі «мускулістасць» і міжнародны розгалас. З аднаго боку -- энергія і арганізацыйны досвед супрацоўнікаў грамадскага падраздзялення, якім з'яўляецца фестывальная дырэкцыя Беларускага саюза кінематаграфістаў на чале з Валянцінай Сцяпанавай. З другога -- дзяржаўная фінансавая падтрымка, плён міжнародных сувязей, аператыўнае зняццё самых розных праблем, якіх не пазбягае ніводны фестываль. Напрыклад, сёлета дзяржаўныя ўстановы хутка вырашылі
 /i/content/pi/mast/5/134/Listapad2.jpg
 
пытанне з візай балгарскаму акцёру Івану Барневу, які бліскуча выканаў ролю пражскага афіцыянта ў конкурсным фільме чэшскага рэжысёра Іржы Менцаля «Я абслугоўваў англійскага караля». У выніку Барнеў упершыню наведаў Беларусь і выйшаў да гледачоў перад паказам уласнае стужкі. Другі прыклад: наўрад ці з'явіліся б у конкурснай праграме паўднёвакарэйскі фільм «Таемнае сонечнае святло» Лі Чжана Дона і некаторыя іншыя моцныя карціны, калі б не папрацавалі як мае быць дыпламатычныя каналы Беларусі. Усё гэта -- цудоўна!
Але каторы ўжо год назіраю, як закантраляванасць выканаўчых структур калі і не змяншае энтузіязм грамадскай «каманды», дык вельмі псуе ёй настрой. Сумесная падрыхтоўка да «Лістапада» дае унікальную магчымасць тым афіцыйным асобам, якія прывыклі да мабілізацыйна-каманднага стылю, адчуць самаадданасць, любоў да мастацтва і бескарыслівасць грамадскіх работнікаў. І наадварот. Сябрам сцяпанаўскай каманды не залішне ўсвядоміць дакладнасць чыноўніцкай вывучкі, каб пазбавіцца ад пэўнай неарганізаванасці. Са свайго боку хачу падзякаваць супрацоўніку Дэпартамента па кінематаграфіі Раману Альшэўскаму, які даволі далікатна пракантраляваў падрыхтоўку фестывальнага каталога, чым дапамог аўтару гэтых радкоў пазбегчы тэкстуальнай неахайнасці. Больш чуласці, спадары дзяржслужачыя, да партнёраў -- і больш будзе эфектыўнасці ад агульных намаганняў!

Эксклюзівы «Лістапада»
На прэс-канферэнцыях «Лістапада-2007» настойліва акцэнтаваліся дзве тэндэнцыі: пашыраная геаграфія і, так бы мовіць, дэвіз «Беларусы, наперад!». Самамэта пашырыць колькасць краін-удзельніц, бадай, упершыню пайшла на карысць мастацтву і гледачам, бо нарадзіла конкурс дакументальных стужак розных краін. Я спытала ў сябраў журы, ці задаволены яны дакументальнай праграмай. Агульны адказ: вельмі. Конкурсны і інфармацыйны паказы дакументальных праграм -- калі б Саюз кінематаграфістаў даўмеўся -- мог бы зрабіцца майстар-класам для беларускіх творцаў і мець большы каэфіцыент карыснага дзеяння. Нашы дакументальныя стужкі не выглядалі пазафестывальнымі па мастацкай якасці, як мае быць спаборнічалі з фільмамі-прызёрамі СНД і Заходняй Еўропы і арганічна ўпісваліся ў агульны кінакантэкст -- чалавек у прасторы гісторыі і сучаснасці.
 /i/content/pi/mast/5/134/Listapad1.jpg
 
Можна было пачуць шмат добрых водгукаў ад тых, хто паспеў у кінатэатры «Перамога» паглядзець беларускую дакументальную рэтрапраграму, складзеную каардынатарам Ірынай Дзям'янавай. Большасць са стваральнікаў тых цудоўных стужак пра гістарычны досвед і менталітэт беларусаў -- ужо нябожчыкі (Сяргей Пятроўскі, Вадзім Сукманаў, Юрый Марухін і інш.), а вось шчырыя пачуцці, якімі насычаны іх колішнія творы, вельмі хвалююць гледачоў іншай фармацыі. Гэта і ёсць гармонія кантактаў таленавітага мастацтва з яго спажыўцамі.
Упершыню на цырымоніі адкрыцця беларускія акцёры і рэжысёры не замыкалі святочны парад-але, а выходзілі на сцэну пад першыя апладысменты гледачоў. Ухвальна! Прынамсі, у гутарцы з вядомай маскоўскай актрысай Валянцінай Цялічкінай я пачула: «Малайцы! Хопіць сціпласці, у вас столькі прыгожых і таленавітых творцаў!» Яно так, -- хацелася адказаць, але прамаўчала, бо адбылося гэта толькі на чатырнаццатым годзе фестывалю і не столькі натуральна, колькі па загадзе пазіцыянаваць сябе, як цяпер кажуць. 

Жыццё іншых
Сказаць, што наш «Лістапад» з'яўляецца панарамай сусветнага кіно, нельга, бо былі некаторыя стужкі, якія ўжо «адшумелі» некалькі гадоў таму (як «Фарфоравая лялька» венгра Петэра Гардаша і «Ступаючы па вадзе» ізраільцяніна Атана Фокса). Ды і сам фестываль мае спецыфічны фармат: гэта рэйтынгавы агляд. Але асобныя агульныя тэндэнцыі лістападаўскія стужкі фіксуюць. Назіральнае вока магло заўважыць, што ў глядзельнай зале і на экране з'явілася больш мужчынскіх і юнацкіх галоў без чупрын (на некаторых -- маляўнічае тату), а сучасных прадстаўніц жаночага полу прырода быццам рыхтуе да баскетбольных баталій. (У фільмах, праўда, магчымыя «баскетбалісткі» заняты іншымі справамі).
 /i/content/pi/mast/5/134/Listapad3.jpg

«Агітбрыгада “Бі ворага!”» (рэжысёр і аўтар сцэнарыя Віталій Мельнікаў, Расія, 2007) -- «Бронза» фестывалю. Віктар Сухарукаў (Кінамеханік).

Калі на фестываль завітала абаяльная эстонка Кадры Кыусаар, рэжысёр стужкі «Магнус», моцны пол глядзеў на яе элегантную паставу крыху знізу -- яна амаль роўня суайчыннікам пад метр восемдзесят. (Дарэчы, вядомая і модная ў Эстоніі пісьменніца, аўтар бестселераў пра каханне «Эга» і «Свабодны палёт».) У «Магнусе» прысутнічае тэма суіцыду маладога пакалення, на што і хоча звярнуць увагу Кадры. Яна не спалохалася магчымай негатыўнай рэакцыі глядзельнай залы, пайшла амаль па лязу брытвы, прасочваючы адносіны юнака з бацькам, які не ўтрымаў сына ад самагубства. Пасланне рэжысёркі журы кінапрэсы зразумела, бо стужка атрымала дыплом з фармулёўкай: «Як з'яве мастацтва -- за неабыякавы пошук чалавечага ў чалавеку». Дарэчы, калі б не было брытанскага ўдзелу ў стварэнні гэтай стужкі, наўрад ці яе ўбачылі б мінскія гледачы. Экранная гісторыя «спісана» з жыцця, ролю бацькі выканаў псіхолаг Март Лайск, у якога і адбылася трагедыя з сынам. Маці рэальнага героя -- яна мае новую сям'ю -- выступае супраць фільма, і таму ў Эстоніі ён пакуль забаронены.
Калі адшукваць нейкія паралелі ў сюжэтнай канве сёлетняга «Лістапада», то знойдзецца нямала фільмаў-рыфмаў. «Магнус» можна суаднесці са згаданым раней «Таемным сонечным святлом» (Рэспубліка Карэя), дзе маладая жанчына не знаходзіць прытулку ў гэтым свеце (актрыса Чжон До Ён скарыла міжнароднае журы кінематаграфістаў, якое ўзнагародзіла яе прызам за лепшую жаночую ролю; раней яна атрымала прыз на МКФ у Канах). Ізраільская стужка «Ступаючы па вадзе» перагукваецца з германскім фільмам-чэмпіёнам «Жыццё іншых» (ён атрымаў «Оскара» і яшчэ чатыры дзесяткі ўзнагарод, а ў Мінску -- «Золата Лістапада» і прыз за лепшую рэжысуру). І ў першым, і ў другім творы адна з галоўных дзейных асоб -- агент спецслужбаў. Афіцэр Масада павінен знайсці і забіць былога нацысцкага ката. Капітан Штазі збірае кампрамат на дысідэнта-драматурга і яго каханку-актрысу. Абодва сустракаюцца з выпрабаваннямі, што перайначваюць іх жыцці і лёсы. Спецзаданні застаюцца нявыкананымі.
Праблема выбару ў пагранічнай сітуацыі сустракалася на гэтым «Лістападзе» амаль у
 /i/content/pi/mast/5/134/Listapad4.jpg
 
кожнай трэцяй стужцы, пачынаючы з беларуска-расійскага фільма «Ворагі» Марыі Мажар і заканчваючы «Падарожжам Ніны» шведкі Лены Эйнхорн, апошняй стужкай фестывалю. Стужка «Ворагі», у якой зроблена мастацкая спроба паглядзець на акупацыю з двух бакоў (фабульная калізія: маці пастаўлена ва ўмовы выбару паміж жыццём свайго і чужога дзіцяці), выклікала полюсныя рэакцыі. Абыякавых гледачоў няма, што само па сабе характарызуе неардынарнасць работы дэбютанткі (Марыя Мажар атрымала дыплом міжнароднага журы кінематаграфістаў «За вернасць традыцыям і імкненне новага вырашэння тэмы Вялікай Айчыннай вайны»). Свае падыходы да тэмы Халакосту ў Лены Эйнхорн. Яна спалучае кінахроніку ваенных гадоў з гісторыяй сваёй сям'і, драматычныя перыпетыі якой узнаўляюць акцёры і ўспаміны маці самой рэжысёркі. Галоўны вобраз стужкі -- зборы габрэйскага роду за вялікім абедзенным сталом, кожным разам -- усё менш шматлікія, бо сваякі знікаюць у Варшаўскім гета і канцлагеры Трэблінка. З вялікага сямейства застаюцца толькі Ніна і яе брат Рудольф.
Бліскучым сатырычным майстэрствам узрадваў чэшскі рэжысёр Іржы Менцаль. Яго фільм «Я абслугоўваў англійскага караля» (ён атрымаў «Срэбра Лістапада» па рэйтынгу гледачоў) -- адточаны ўзор карціны адначасова і для кінагурманаў, і для масавага гледача. Персанажы Менцаля дзейнічаюць спачатку ў даваеннай Чэхаславакіі, калі яна ў 1938 годзе па Мюнхенскай змове была аддадзена Гітлеру. Потым -- у часы Другой сусветнай вайны. Асноўная ідэя стужкі -- вытанчанае высмейванне лёкайства ў пару, калі вяршкі грамадства імкнуліся застацца пры сваіх інтарэсах, а ніжэйшыя сацыяльныя пласты марылі дасягнуць іх моцы. Усе засталіся на жыццёвых руінах.
Па заслугах ацанілі беларускія гледачы і стужку расіяніна Віталія Мельнікава «Агітбрыгада Бі ворага!» («Бронза Лістапада») з тэмпераментным Віктарам Сухарукавым у ролі кінамеханіка-міліцыянера. Дыплом атрымала Таццяна Данілава, якая выканала ролю акардэаністкі ў той самай групе, што ў гады вайны абслугоўвала малалюдныя мясцовасці, дзе жылі сасланыя «ворагі народа». 

Прыз бы Румбе...
Ёсць стужкі пра мінулую вайну, якія можна назваць фільмамі-паклонамі подзвігу і чалавечым пакутам. А ёсць фільмы-кіўкі ці кінапаштоўкі «прывітанне з фронту». Або з партызанкі. Апошнія ўзоры наша кінастудыя робіць з году ў год. На гэтым «Лістападзе» было шмат па-мастацку якасных дэбютаў, і толькі наш «Чаклун і Румба» выклікаў неўразуменне: побач з «Жыццём іншых» (таксама дэбют немца Фларыяна Хенкеля фон Донэрсмарка) у конкурс паставілі павярхоўны фільм Андрэя Голубева. Сам рэжысёр і студыйныя супрацоўнікі нагадвалі, што стужка рабілася за невялікія сродкі і ў кароткі тэрмін, быццам намякалі на паблажлівасць. Вельмі шкада, што гісторыя ваеннага сапёра Фёдара Чаклуна і яго вернага сябра, аўчаркі Румбы, зроблена архаічна, на мой погляд, без душы, на голым рамястве.
Гэта той выпадак, калі сцэнарый Яўгена Анапрыенкі, даўняга савецкага кінадраматурга (ужо нябожчыка), даваў магчымасць зрабіць фільм з актуальнай і да нашага часу думкай: ордэны атрымлівалі далёка не ўсе, хто іх заслугоўваў. Былі там і яшчэ некаторыя вельмі каштоўныя рэчы, але... Прыкра вельмі. Напэўна, міністэрскія і студыйныя кіраўнікі разлічвалі на нейкія прафесійныя ўзнагароды, калі ўключалі фільм у конкурсную праграму «Лістапада-2007». Таму раю заднім чыслом увесці намінацыю «за лепшую сабачую ролю» і прысудзіць яе аўчарцы Амандзе, выканаўцы ролі Румбы. Хаця... Сабака па мянушцы Кашчэй у расійскім фільме «Падарожжа са свойскімі жывёлінамі» Веры Сторажавай нашай Румбе, як ні шкада, дае фору. 

Ала БАБКОВА