Бясконцасць гуку і сэнсу

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае»
Фестываль прайшоў у Беларусі ў трэці раз. Яго адметнасцю, у параўнанні з папярэднім, сталася больш шырокая геаграфія: да Мінска, Гомеля і Магілёва сёлета дадаўся Віцебск. Павялічылася колькасць пляцовак і праектаў: іх зрабілася восем. Нязменнымі засталіся эксклюзіўныя праграмы і зорны ўзровень выканаўцаў. Пра мастацкія вынікі форуму разважаюць музыказнаўца Надзея Бунцэвіч і музычны крытык Таццяна Мушынская.

Таццяна Мушынская: Надзея, дыялог хацелася б пачаць вось з чаго. На прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця форуму хтосьці з журналістаў спытаў у Співакова, ці ўспрымае ён фестываль Юрыя Башмета ў якасці канкурэнта свайму фэсту. Адказ быў дасціпным: маўляў, няхай Башмет успрымае нас як канкурэнтаў! Гэты жарт прымушае згадаць, што два буйныя форумы маюць шмат агульнага. Абодва — музычныя і міжнародныя. Прэзентуюцца на лепшых пляцоўках. На чале кожнага — знакаміты саліст-струннік, які здабыў сусветную вядомасць. Башмет — альтыст, Співакоў — скрыпач. Абодва ад сольнага выканальніцтва паступова прыйшлі да дырыжыравання. Цяпер узначальваюць кожны па два калектывы, у тым ліку сімфанічны аркестр і камерны. Форумы яднаюць не толькі інструментальныя, але оперныя і балетныя праекты. Ці правамернае параўнанне фестываляў — па маштабе запрошаных асоб, узроўні праграм?

Надзея Бунцэвіч: Параўноўваць неабходна для развіцця гістарычнага працэсу. Іншая справа, што ў нас да паралелей і супастаўленняў заўсёды ставяцца насцярожана. І справа не толькі ў псіхалагічных асаблівасцях творчай асобы (маўляў, я такі адзіны і непаўторны), але і ў традыцыі савецкіх часоў: разглядаць рускую і любую нацыянальную культуру адасоблена, з пункту гледжання «ўпершыню ў нас». Абодва згаданыя фестывалі падпадаюць пад такую формулу: сапраўды, упершыню. Разам з тым, кожны з іх мае шматлікія «правобразы» ў нядаўнім мінулым. Заўважу, як толькі з’явіўся фестываль Співакова, праграмы башметаўскага сталі больш адметныя, бо спрацаваў фактар негалоснага спаборніцтва. Канкурэнцыю можна толькі вітаць. У мастацтве не бывае, каб усе месцы на Алімпе былі заняты. Для адметнасці месца заўсёды ёсць, а для «блізнят» можа і не хапіць...

Таццяна Мушынская: У мяне ўражанне (магчыма, ілюзорнае), што ў асяродку прафесіяналаў фестываль Співакова мае больш высокі аўтарытэт і рэйтынг. Ці я памыляюся?

Надзея Бунцэвіч: Чаму? Так і ёсць. На першых башметаўскіх форумах былі мастацкія «праколы», звязаныя з непадрыхтаванасцю аб’яўленых праграм. Прафесійная публіка такога не даруе. Калі гледачы прыходзяць, каб убачыць куміра «жыўцом», дык музыканты — яшчэ і каб нечаму навучыцца, адчуць вышэйшую планку, найноўшыя тэндэнцыі. Калі ж гэтага няма, усё астатняе не мае сэнсу.

Таццяна Мушынская: Агульнае ўражанне ад фестывалю шмат у чым фарміруецца і ад арганізацыі, узроўню менеджменту. Максім Берын, прадзюсар форуму «Уладзімір Співакоў запрашае», і Расціслаў Крымер, арт-дырэктар фэсту Башмета, — прадстаўнікі вядомых дынастый. Бацька Максіма, знакаміты дырыжор Аркадзь Берын, штораз прыязджае на фестываль і выступае з рознымі калектывамі (сёлета — з сімфанічным аркестрам нашай філармоніі). Бацька Расціслава — Алег Крымер, вядомы беларускі піяніст і педагог. Максім займаецца толькі менеджментам. Расціслаў — яшчэ і канцэртуючы піяніст. Прадзюсар, яго густ, запатрабаванні, узровень кантактаў (у музыцы, тэатры, кіно) — праблема глабальная, адна з галоўных у сучасным мастацтве...

Надзея Бунцэвіч: Максім — таксама канцэртуючы музыкант, саксафаніст. Але больш крытычна ставіцца да ўласнага музіцыравання, таму на нашых форумах міжнароднага кшталту мы яго не чуем. Спалучэнне ў адной асобе музыканта і прадзюсара сфарміравалася ледзь не ў тэндэнцыю. З адной толькі розніцай. У нас так здараецца ад безвыходнасці: маўляў, выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. На Захадзе ж вышэйшая адукацыя прызначана, каб кожны мог засвоіць блізкія, роднасныя спецыяльнасці. Да прыкладу, музыкант-духавік павінен іграць на некалькіх духавых інструментах, а не на адным. Ці — паспрабаваць сябе ў гукарэжысуры, прадзюсарстве. Што атрымаецца лепш (ці акажацца больш запатрабаваным), тым ён і будзе займацца надалей.

Таццяна Мушынская: Надзея, а можна правакацыйнае пытанне? Ці шмат ведаеце буйных айчынных прадзюсараў і менеджараў? Яны ёсць у галіне эстраднай музыкі: да прыкладу, Юрый Саваш, Уладзімір Кубышкін. А ў галіне акадэмічнай музыкі? Дырэктар кожнага спевака — таксама ў нечым прадзюсар...

Надзея Бунцэвіч: ...Як і дырэктар тэатра. Часам прадзюсарскія функцыі бярэ на сябе мастацкі кіраўнік. Здараецца, у бок арганізацыйнай дзейнасці імкнуцца скіраваць аддзелы рэкламы і маркетынгу тэатральна-канцэртных устаноў. У фестывальнай сферы гэта імя Радзівона Баса, які стварыў не толькі «Славянскі базар у Віцебску», але і каманду, што працуе на фестываль і працягвае гэта рабіць пасля сыходу кіраўніка з пасады. У сферы культуры важным з’яўляецца асобасны фактар. Адна справа, калі творцу запрашаюць проста на фестываль. Іншая — калі запрашае не адно адміністрацыя фэсту, а вядомы мастак. На фестывалях Співакова і Башмета, акрамя прадзюсараў, такую ролю адыгрываюць самі маэстра: менавіта ад іх імя запрашаюцца зоркі. У выгодзе — усе. Арганізатары не маюць праблем з запрашэннем славутасцей, бо тыя едуць непасрэдна «да маэстра». Зоркі, асабліва маладыя, рады суседству з прызнанымі майстрамі. Самі майстры маюць магчымасць дадаткова прапіярыць свае імёны, падзяліўшыся імі з «імяннымі» фестывалямі. Падобны праект — «Наталля Гайда запрашае» — існуе ў нашым Музычным. Да прымадонны, вядомай на ўсёй постсавецкай прасторы, едуць «у госці» нават без ганарараў.

Таццяна Мушынская: Сфармулюю яшчэ адно актуальнае пытанне, якое ўзнікае ў сувязі з фестывалем Співакова. Адна з масавых і запатрабаваных спецыяльнасцей у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — менеджмент сферы культуры. Спецыялістаў выпускаецца шмат, яны добра падрыхтаваны. А потым едуць па размеркаванні ў раённыя дамы і палацы культуры. Згодная, адукацыю, набытую за бюджэтныя сродкі, трэба адпрацаваць. І ў кожным горадзе, вялікім ці малым, павінна віраваць культурнае жыццё. Але атрымліваецца, што буйныя імпрэсарыа, здатныя арганізаваць прэстыжны фестываль, прыязджаюць да нас... выключна з іншых краін. Калі маюць менавіта еўрапейскі досвед і асабістыя кантакты з зоркамі. Ці я памыляюся?

Надзея Бунцэвіч: Зноў-такі, дзейнічае асобасны фактар — названыя вамі «кантакты з зоркамі». Што ж да еўрапейскага досведу, дык выкарыстаць яго ў нас бывае праблематычна. І не толькі ў галіне мастацтва. Уявіце, крэатыўны супрацоўнік аддзела маркетынгу выходзіць з прапановамі, складзенымі паводле заходніх узораў. А далей пачынаецца: гэты пункт выкідаем, бо ў нашых рэаліях ён немагчымы; гэты — таму што дырэктар вырашыў на ім сэканоміць... Дык навошта потым здзіўляцца, што «заходні метад» не спрацоўвае?

Таццяна Мушынская: Для суцяшэння згадаем прыклад Міхаіла Фінберга. Так, ён — дырыжор і кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра, але і менеджар, які прыдумвае ды нястомна ўвасабляе ўсё новыя праекты.

Надзея Бунцэвіч: Але прасоўваючы іх выкарыстоўвае знаёмы па савецкіх часах адміністрацыйны фактар: вядзе перамовы з мясцовымі ўладамі, дасягае з імі ўзаемаразумення — і далей не залежыць ад прададзеных квіткоў, бо на канцэрты беларускай музыкі, якія ён праводзіць па ўсёй Беларусі, раздаюцца запрашальнікі. На джазавыя і песенныя праекты, што ладзяцца ў Мінску, квіткі распаўсюджвае сам аркестр. Але ў Міхаіла Якаўлевіча — сапраўдны арганізацыйны талент. Патрабаваць гэтага ад кожнага музыканта было б няправільна. Бо сітуацыя, калі кожны «сам сабе прадзюсар», разбурае культуру. У ёй перамагаюць людзі, надзеленыя прадпрымальніцкай жылкай. А многія творцы яе пазбаўлены, бо скіраваны на высокія духоўныя матэрыі...

Таццяна Мушынская: Калі загаварылі пра аркестравыя калектывы... Ці адрозніваецца прынцыпова Нацыянальны філарманічны аркестр Расіі пад кіраўніцтвам Співакова ад Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра нашай філармоніі? А калі так, то чым: якасцю гуку, інтэрпрэтацыяй, рарытэтнымі інструментамі? Што ўплывае на вынік?

Надзея Бунцэвіч: На вынік уплывае ўсё, нават зала. Але найперш — майстэрства музыкантаў, іх стаўленне да працы. Дадам, у згаданым расійскім калектыве (як і ў аркестрах, і ў тэатрах замежжа) працуюць і беларускія артысты. Нашы нацыянальныя выканальніцкія школы па розных спецыяльнасцях шырока прызнаныя ў замежжы. Але едуць, вядома, лепшыя. Застаюцца ж не толькі лепшыя, але і розныя. Дый само стаўленне да працы бывае абыякавым: маўляў, колькі заплаціце — на столькі і сыграю. Акрамя майстэрства дырыжора зрабіць музыку з добра сыграных нот, важны і ягоны імідж, уменне павесці за сабой, энергетыка. Для аднаго дырыжора аркестранты зробяць усё, нават немагчымае. Для іншага ж (запрошанага, які чымсьці не спадабаўся) — як трэба правядуць рэпетыцыю, а на канцэрце наўмысна зробяць усё наадварот: маўляў, так атрымалася.

Таццяна Мушынская: Ці можна параўноўваць дырыжораў, якія стаялі за пультам канцэртаў падчас фестывалю? Што вас найбольш здзівіла і ўразіла ў інтэрпрэтацыях сачыненняў? Пра Співакова-дырыжора напісана шмат. У апошнім праекце фэсту «Салісты Марыінскага і Вялікага тэатраў Расіі» (яны спявалі ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра нашай філармоніі) нечаканыя ўражанні засталіся ад армянскага маэстра Вага Папяна. Ён гастралюе па ўсім свеце, кіруе Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Казахстана. Якая неверагодная эмацыйнасць і радасць успрымання кожнага музычнага фрагмента! Гучалі ўрыўкі з опер Барадзіна, Рахманінава, Вердзі, Пучыні, аперэт Штрауса і Легара. Здавалася б, музыка вядомая! Але дырыжор змяніў тэмпы, падкрэсліў кантраснасць частак — і ўзнікла адчуванне свежасці. Адна толькі ўверцюра да «Лятучай мышы» вяртала ў забытую атмасферу свята, весялосці, эмацыйнай разняволенасці!

Надзея Бунцэвіч: Пагаджуся, рэдка ў каго папулярныя фрагменты з аперэт атрымліваюцца такімі «юнымі», непрадказальнымі. Вось бы артысты нашага Музычнага тэатра паслухалі, наколькі выразным павінен быць гэты твор!

Таццяна Мушынская: Дырыжора часта параўноўваюць з танцорам, які праз імгненне, здаецца, узляціць над сцэнай. Ваг Папян нагадваў яшчэ і фехтавальшчыка, здатнага пракалоць шпагай нябачнага саперніка; фокусніка і мага, здольнага «дастаць» з аркестра патрэбныя эмоцыі, страсці і тэмпы. У тым жа праекце ўлюбёнкай мінскага слухача сталася Ганна Аглатава, салістка Вялікага тэатра Расіі. Якая харызма, віртуознасць валодання голасам і эмоцыямі публікі!

Надзея Бунцэвіч: Не меншае ўражанне пакінуў і саліст Нацыянальнай оперы Станіслаў Трыфанаў, якога запрасілі ў праект за дзень да канцэрта, бо захварэў расійскі барытон. Якое суладдзе атрымалася ў яго з Аглатавай! Вельмі захацелася паслухаць іх разам у оперным спектаклі. Мо наш тэатр падумае пра такую магчымасць?

Таццяна Мушынская: Ведаеце, пра што думалася на канцэрце адкрыцця? Ажыятажным, з дарагімі квіткамі, у перапоўненай зале Палаца Рэспублікі... Мы зноў не гатовы да сустрэчы з марай! Хварастоўскі прыязджае рэдка. Калі трапіць да нас наступным разам, невядома. І хочацца пачуць яго непаўторны голас «ужывую», як у Метраполітэн-оперы ці Венскай, а не праз мікрафон, які чамусьці сіпіць. Няўжо ва ўсёй краіне прыстойнага мікрафона не знайсці? А чаму аркестр Співакова трэба слухаць праз узмацняльную апаратуру, пры якой парушаецца баланс паміж групамі інструментаў? Невыпадкова самае моцнае ўражанне зрабіла «Ноченька», праспяваная барытонам на «біс» і акапэльна. Выснова? У нас ёсць велізарныя залы, кшталту «Мінск-Арэны», прыстасаваныя для эстрады. Але няма залаў новых і сучасных для выканаўцаў акадэмічных — з прадуманай акустыкай, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі. Так, існуюць Оперны і філармонія, але ў Вялікай зале апошняй — менш як 900 месцаў. Такія будынкі не змесцяць публіку, якая хоча трапіць на прэстыжны канцэрт. Раней ці пазней сутыкнёмся з неабходнасцю займець уласны Міжнародны дом музыкі (падобны існуе ў Маскве). Дакладней, ужо сутыкаемся!

Надзея Бунцэвіч: Максім Берын як прадзюсар заўсёды вельмі ўважліва ставіцца да выбару залаў. Раней прынцыпова абіраў менавіта Оперны тэатр і філармонію. Але сёлета фестываль праходзіў без фінансавай падтрымкі дзяржавы — толькі на грошы спонсараў. Таму нічога не заставалася, як спыніцца на Палацы Рэспублікі, дзе месцаў непараўнальна больш. І ўсё роўна кошт квіткоў быў вельмі высокі. Затое Хварастоўскі, затрымаўшыся на дзень, даў адкрыты майстар-клас для студэнтаў Акадэміі музыкі.

Таццяна Мушынская: Надзвычай прывабным падаўся праект пад назвай «Гадзіна Баха». Па-руску назва гучала як «Час Баха». Канцэрт ішоў без перапынку, менавіта гадзіну. Ён — нібы падказка выканаўцам, што не трэба слухача «перакормліваць» музыкай! Бо яна — моцны сродак псіхалагічнага ўздзеяння. Ды ў назве ёсць і іншы сэнс: стагоддзе, у якім жыў Бах, было яго часам. Але ж і наступныя, па ХХІ уключна, — таксама яго. Кампазітар пісаў і пісаў, засяроджаны, паглыблены ў свае творчыя задумы. І сачыненні — засталіся. На вякі... Уражанне, што падчас праекта нібыта расхінуўся космас. І музычны ўвогуле, і космас Баха, і космас асобы Співакова. Асабліва запаміналіся фіналы твораў, калі гук яго скрыпкі, што мае неверагодны тэмбр, літаральна раставаў у прасторы. Здавалася, у арыях з кантат Баха спалучэнне інструментаў і голасу (салістка Анастасія Белукова) узвышаным гучаннем ачышчае духоўную прастору, нараджае надзею, ціхую радасць, запальвае ў цемры святло...

А вось праект «Аркадзь Валадось» з удзелам славутага піяніста, сімфанічнага аркестра нашай філармоніі і дырыжора Аркадзя Берына ў нечым кантраставаў з папярэднім. Экстатычнасцю, размахам, неверагоднай яркасцю фарбаў. Напэўна, у Першым канцэрце Чайкоўскага і Багатырскай сімфоніі Барадзіна іначай і быць не можа...

Надзея Бунцэвіч: Гэты вечар аказаўся самым спрэчным па мастацкіх якасцях. Думкі спецыялістаў падзяліліся. Адзін з нашых славутых дырыжораў ушчэнт «разбіў» 1-е аддзяленне, дзе аркестр іграў даволі прыстойна. Другі ж, наадварот, горача даводзіў, што ніколі не чуў лепшай інтэрпрэтацыі Фартэпіяннага канцэрта Чайкоўскага, хоць хібаў аркестравых там было безліч, а канцэпцыі ў выніку аніякай. І толькі калі раяль загучаў «на біс», без аркестра, мы змаглі ацаніць не толькі хуткасць пальцаў, але і сапраўднае майстэрства выканаўцы.

Таццяна Мушынская: На саліста паглядаеш з асаблівым інтарэсам, калі ведаеш, што бацька Аркадзя — родам з Беларусі. Таму піяніст, віртуоз і музыкант з сусветным імем — таксама «наш». А вось «бісоў» атрымалася ажно пяць! На маёй памяці падобнага не здаралася...

Адной з самых яркіх падзей атрымаўся праект «Зоркі сусветнага балета». Невыпадкова яму прысвяцілі асобную прэс-канферэнцыю. Да Мінска праект паказваўся ў Маскве, у Міжнародным доме музыкі, пасля Мінска — у Віцебску. Выдатная ідэя, калі прадстаўнікі розных тэатраў (сёлета пераважалі Вялікабрытанія і Германія; у апошняй краіне, дарэчы, дзейнічае каля 60 харэаграфічных труп) прэзентуюць уласныя калектывы і сучасны танец. Каралеўскі балет Лондана і Бірмінгема, Нацыянальны балет Берліна і Штутгарда, кампанія Фарсайта... Ад адных назваў пачынаеш хвалявацца! Але ва ўвасабленні задумы шмат складанасцей: трэба мець юрыдычную згоду на выкананне нумароў, дазволы кіраўнікоў труп, з’яднаць расклады і графік занятых зорак...

Выклікае павагу тое, што праект зроблены спецыяльна для Беларусі. Напрыклад, у яго ўвайшла мініяцюра «Колеры Казіміра», прысвечаная Малевічу. Так, Маўра Біганзеці, адзін з самых цікавых балетмайстраў Італіі, тры месяцы падарожнічаў па Расіі, каб зразумець яе. Але чаканні аказаліся большымі, чым вынік. Занадта простым па пластыцы падаўся дуэт з «Рамэа і Джульеты» (версія Кенэта МакМілана), хоць ён і ў ліку найбольш часта выконваемых у свеце. Рамэа танцуе, а Джульета часцей назірае... Відаць, брытанцы не бачылі такі ж у харэаграфіі Валянціна Елізар’ева — непараўнальна больш складаны па тэхніцы і ёмісты па сэнсе!

Надзея Бунцэвіч: Згодная з вашымі думкамі. Мінулы балетны праект, які кампанія «Берын Арт Менеджмент» прывозіла ў наш Вялікі тэатр і ў Віцебск, быў яшчэ больш цікавы.

Таццяна Мушынская: У сёлетнім праекце прысутнічалі і немудрагелістыя нумары. Затое Любоў Андрэева і Алег Габышаў, салісты Тэатра балета Барыса Эйфмана, пераўзышлі ўсе чаканні. Цікавасць да Андрэевай асаблівая. Яна — выхаванка нашага каледжа, у тэатры танцавала няшмат. Па-сапраўднаму разгарнулася ў трупе Эйфмана. У Мінску дуэт выканаў два фрагменты: «Рэквіем» Моцарта і ўрывак з «Анны Карэнінай». Складаная харэаграфія! Галавакружная! Нечаканыя падтрымкі, вынаходлівыя рухі, немагчымыя пераходы з адной камбінацыі ў іншую... І адначасова — такі напал эмоцый! Неверагодная прыгажосць ды пластычная экспрэсія! Харэаграфію і салістаў падобнага ўзроўню хацелася б бачыць зноў, бо ад такога мастацтва немагчыма стаміцца...

У праекце пераважалі дуэты, якія ўвасаблялі безліч адценняў адносін Ён — Яна. Але, як ні дзіўна, найбольш запомніліся мужчынскія сола. Тут згадала б мініяцюру «Лакрымоза», што выконваў Марыян Уолтэр з Нацыянальнага балета Берліна, і дуэт танцоўшчыкаў Рэнэ Крэнстэтэра і Марыяна Уолтэра, якія ўразілі фенаменальнымі данымі, прыгажосцю пластыкі. Зачароўвала і мініяцюра «Пруст», пастаўленая ў свой час Раланам Пеці...

Надзея Бунцэвіч: І праўда, дзе і калі мы можам «ужывую» пабачыць мініяцюры класіка французскай харэаграфіі?! Здаецца, нідзе...

Таццяна Мушынская: Гэты танец прымушаў думаць пра бясконцасць сэнсаў, якія ўзнікаюць у пластыцы. У тым ліку і пра раздваенне асобы, пра дыялогі чалавека з уласнай падсвядомасцю... І на заканчэнне размовы зазначу: усё-такі вялікае слухацкае і глядацкае шчасце, што ў нас ёсць такія праекты! Трапіць на канцэрты з удзелам зорак сусветнага выканальніцтва — дарагога каштуе. «Я в музыку иду, как в океан, пленительный, опасный...» — пісаў некалі Шарль Бадлер. У прэзентаваных праграмах сапраўды разгортваўся акіян музыкі! Такія фестывалі каштоўныя далучэннем аматараў да высокіх жанраў, а для «профі» — магчымасцю пабачыць і пачуць той найвысокі ўзровень, які існуе ў сучасным мастацтве, магчымасцю заўважыць тэндэнцыі і параўнаць. У лютым 2015-га Берын абяцае прывезці да нас балет «Радэн» — адну з апошніх пастановак Эйфмана. Спадзяюся, пройдзе ўсяго два гады, і ў 2016-м нас будзе чакаць новы фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае» з яго не менш яркімі праектамі...