Асабістыя назіранні

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Акварэлі Аляксандра Карпана
Віцебскі мастак Аляксандр Карпан пачынаў свой творчы шлях у часы, калі рэалістычны падыход страчваў папулярнасць. Маладыя аддавалі перавагу вольнаму эксперыменту, а фігуратыўнасць часта выклікала іронію — як з боку радыкальна настроенага андэграўнду, так і з боку шэрагу крытыкаў. Зварот да оптыкі рэалізму здаваўся бесперспектыўным шляхам, формай творчага бяссілля, мастацкай практыкай, што вычарпала свой патэнцыял.

У рэалістычным кірунку малады акварэліст Аляксандр Карпан паспрабаваў адшукаць новыя ходы мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Тым больш, што сусветныя тэндэнцыі развіцця фігуратыўнага мастацтва паказвалі прадуктыўнасць яго сувязей з яшчэ нядаўна радыкальнымі авангарднымі плынямі. Новае пакаленне творцаў, якое прыйшло ў беларускае мастацтва напачатку 1980-х гадоў і да якога належыць і Аляксандр Карпан, востра адчула патрэбу ў новых вытанчаных формах, пабудаваных на трывалым грунце прафесійнага валодання рамяством, на моцным і пластычна выразным малюнку, на своеасаблівай формапластычнай эстэтыцы колеру. Так сталася, што традыцыі фігуратыўнага жывапісу зрабіліся для мастака той ідэальнай гармоніяй формы і зместу, якая вытрымала сур’ёзнае выпрабаванне часам.

Не апошнюю ролю ў вызначэнні творчых прыярытэтаў падчас навучання на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута адыгралі выкладчыкі, сярод якіх былі вядомыя беларускія акварэлісты і графікі Іван Сталяроў, Алесь Мемус, Валянціна Ляховіч. Гады студэнцтва сталі для будучага мастака не толькі перыядам засваення класічных прыёмаў акварэлі, але і часам першых творчых эксперыментаў.

Раннія творы, паказаныя Карпанам на выставах ужо пасля заканчэння інстытута, вылучаліся ўмоўнасцю пластычнага рашэння і падкрэсленай дэкаратыўнасцю. Сярод іх было нямала нацюрмортаў. Малады мастак невыпадкова абраў гэты жанр: на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя нацюрморт быў выдатным полем для жывапісных эксперыментаў з прасторай, формай і колерам. Кампазіцыі яго нацюрмортаў — гэта да дробязей прадуманыя мізансцэны, вобразна асэнсаваныя і структурна выбудаваныя. Нярэдка мастак уключае ў твор, здавалася б, несупастаўляльныя па характары, прызначэнні і пластыцы рэчы.

У сваіх кампазіцыях ён то падкрэслівае тыя ці іншыя пабытовыя сувязі, «выбудоўвае» пэўную апавядальную лінію («Вясковы нацюрморт», «Нацюрморт з салам», «Гарбата з бальзамам»), то шукае нейкую канцэпцыю, надае задуме метафарычнасць і філасофскі падтэкст («Экалагічныя метамарфозы», «Старасць не радасць»), то проста захапляецца фармальна-жывапіснымі эфектамі, вызначэннем каларыстычных і прасторавых сувязей паміж аб’ектамі («Стары самавар», «Бліскучыя», «Мараканскія апельсіны»).

Аляксандр Карпан нібы імкнецца выявіць няўлоўныя сутнасці, увасобіць тое, што адзін з яго куміраў у жывапісе, амерыканскі мастак Эндру Уает назваў «праўдай пра рэч». Уключаючы ў свае кампазіцыі як старыя, амаль антыкварныя, так і простыя прадметы, што шмат паслужылі чалавеку і нясуць на сабе цеплыню нечых дотыкаў, мастак спрабуе захаваць у нацюрморце іх вобразнае энергетычнае поле («Нацюрморт са старым прасам», «Стары метал», «Усё ў мінулым»). Як пісала вядомая руская паэтэса Анна Ахматава, «у навакольным свеце няма нежывых рэчаў». А суровая прастата бытавых прадметаў, часам зусім непрэзентабельных (пагнутай бляшанкі, скамечанай паперы, папяровага ці цэлафанавага пакета, кавалкаў фольгі), арганічна глядзіцца побач з падкрэслена рэпрэзентатыўнымі і вытанчанымі пластычнымі формамі.

Звычайныя хатнія рэчы ўвасабляюцца ў разнастайных спалучэннях. Збаны, каўшы, чайнікі, лямпы, бідоны становяцца дамінантамі ў яго акварэльных кампазіцыях, дапаўняюцца гароднінай, садавіной, сярод якой пачэснае месца належыць ігрушам і яблыкам.

У гэтых творах можна ўбачыць традыцыі бытавога сімвалізму, які ў свой час прадвызначаў паэтыку шэрагу прац іншага віцебскага маэстра — славутага Марка Шагала. Грунтам цэльнай вобразнай канцэпцыі ў кожным творы Карпана становіцца захапленне выяўленчай канкрэтыкай, знешне прыцягальнымі, дасканала намаляванымі дэталямі і каларыстычным рашэннем прасторы аркуша. Быццам бы згадваючы дэвіз Гюстава Флабэра «Ісціна ў дробязях», Аляксандр Карпан з вялікай любоўю адлюстроўвае ўсё багацце бачнага свету, дакладна перадае матэрыяльнасць і пластычныя асаблівасці рэчаў, імкнецца больш уважліва ўглядзецца ў іх жывапісную «анатомію».

Аляксандр Карпан час ад часу звяртаўся і да такой жанравай тэмы, як «нацюрморт з атрыбутамі мастацтва», спрабуючы з дапамогай уключэння ў кампазіцыю гіпсавых масак, злепкаў, пэндзляў і выбудоўвання адпаведнай прасторы палатна наблізіцца да стварэння своеасаблівай алегорыі творчай працы («Нацюрморт з маскай Аляксандра Пушкіна», «Нацюрморт з гіпсавай галавой Гамера», «Нацюрморт з расколатым злепкам»).

Асобная жывапісна-пластычная тэма ў творчасці Карпана — нацюрморты з сухой і вэнджанай рыбай, дамінуючай у іх становіцца не толькі жывапісна-пластычная, але і рытмічная арганізацыя акварэльнага аркуша («Рыбы», «Сушаныя бычкі», «Вэнджаная рыба», «Нацюрморт з рыбай», «Нацюрморт з вэнджаным селядцом», «Селядзец»).

Кветкавыя нацюрморты Аляксандра Карпана — гэта вольныя і віртуозныя імправізацыі з выкарыстаннем усяго спектра акварэльных прыёмаў. Першая серыя «Кветкі» з’явілася яшчэ ў канцы 1980-х і ўразіла многіх не толькі незвычайнай свежасцю і свабодай выканання, але і дасканалай зробленасцю. Пазней мастак пісаў самыя розныя па характары і пластыцы расліны, дамагаючыся асаблівай эмацыянальнай выразнасці і моцнага візуальна-жывапіснага эфекту.

Аляксандр Карпан выдатны каларыст. Асабліва багатая і разнастайная ў яго акварэлях жывапісная фактура, якая то матэрыялізуецца ў канкрэтныя рэчы, то існуе самастойна — як умоўны прыём. Уражанне матэрыяльнасці яшчэ больш узмацняецца майстэрскім супастаўленнем бляску металічных самавараў, сталовых прыбораў і празрыстасці шкла графінаў і бутэлек, рознакаляровай керамікі і спелай садавіны, сухіх кветак, вэнджанай рыбы... Аднак Карпан разбурае звыклую трохмернасць, уласцівую нашаму ўспрыняццю навакольнага свету, і стварае падкрэслена мастацкае асяроддзе, своеасаблівы іррэальны кантэкст. Нярэдка мастак толькі крыху пазначае гарызантальную плоскасць, задае ўмоўную сістэму каардынат, схему. У ёй выразна драпіруюцца ручнікі, кавалкі тканіны, што кампазіцыйна звязваюцца з умоўнымі плямамі колеру, сярод мігцення якіх то ўспыхваюць, то гаснуць, амаль знікаючы, пластычныя формы рэчаў. Удалае выкарыстанне каларыстычных спалучэнняў, умелая арганізацыя кантрастаў дапамагаюць рытмічна пабудаваць кампазіцыю. Аб’яднаўчую ролю Карпан пакідае святлу, якое акрэслена «гучыць» на бліскучых паверхнях, нібы працінае тканіны, паперу, фрукты, кветкі... Увогуле мастак вельмі асцярожна карыстаецца фарбай, асабліва ў пластычнай мадэліроўцы формы. У той жа час ён вольна ўжывае адкрытыя колеры для фону, вялікія насычаныя плямы ўтвараюць выразныя вертыкальныя і гарызантальныя рухі. Тут фарба цячэ, напырскваецца, прашкрабаецца лязом, робяцца яе змывы, выкарыстоўваюцца акватыпія і ўсе магчымыя прыёмы акварэльнай тэхнікі.

Хоць над кожным аркушам мастак працуе доўга, у гледача застаецца ўражанне лёгкасці выканання. Стылістычна манеру працы Аляксандра Карпана над нацюрмортамі цікава і карысна параўнаць з майстэрствам мастакоў паўночнага Адраджэння і з творчасцю прадстаўнікоў «новай рэчаіснасці» 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Паралелі з першымі ўзнікаюць, калі бачыш абвостранасць форм, дакладнасць і выразнасць малюнка, стрыманасць кампазіцыйных рухаў у пастаноўцы прадметаў, у пэўнай ступені аскетычны, маўклівы настрой у нацюрмортах Карпана. Увага да дэкаратыўнага, фармальна-пластычнага аздаблення кампазіцыі нагадвае і пра блізкасць твораў мастака да шэдэўраў «новай рэчаіснасці». У цэлым творчая манера Карпана, блізкая да класічнага рэалізму, можа быць акрэслена тэрмінам «precision» (з англійскай — дакладнасць, акуратнасць). У сучаснай сусветнай мастацкай прасторы нацюрморты Карпана сугучныя па структуры вобразнага ладу і тэктоніцы кампазіцыі творам зусім іншага жанравага напрамку — акварэльным пейзажам амерыканскага мастака Эндру Уаета. Апошні, па яго ўласным прызнанні, таксама шукаў «ісціну рэчаў» і ў сваіх прадметных, вывераных да штрыха, крыху жарсткаватых акварэлях, напісаных сухім пэндзлем, здолеў адлюстраваць усё багацце каларыстычных адценняў. У жывапісе Уаета пад вонкавай сузіральнасцю, якая можа падацца ціхамірнай ідыліяй, сутыкаюцца два вечныя патокі — росту і тлену, святла і цемры, жыцця і смерці. Аляксандр Карпан, безумоўна, іншы ў адлюстраванні сваіх ідэй. Яго творы хоць і не пазбаўлены дыяметральна супрацьлеглых інтанацый, тым не менш больш светлыя і аптымістычныя. Мастак не фарсіруе пачуцці, а дае магчымасць гледачу размерана ісці да вобраза. «Я хачу, каб мае працы адлюстроўвалі вечную прыгажосць», — так Аляксандр Карпан вызначыў творчае крэда на адкрыцці сваёй першай персанальнай выставы ў горадзе Нінбургу (Германія, 1992).

У пейзажах Карпана пераважаюць лірычныя прыродныя матывы. Тут можна сустрэць і захапляльныя карціны беларускай прыроды, і надзвычай пяшчотныя, блізкія сэрцу мастака эцюды мястэчкаў на яго радзіме — Хмяльніччыне (Украіна). У немудрагелістых сюжэтах і назвах пейзажных кампазіцый прачытваецца жаданне перадаць настрой той ці іншай пары года, яе эмацыянальную танальнасць («Пачатак зімы», «Восень», «Зімовы дзень», «Ціхі вечар», «Першы снег», «Сонечны ўзлесак», «Алашкі. Поўдзень», «Сезон бульбы», «Адліга», «Маладзік», «Зіма прыйшла», «Запахла вясной», «Светлае Уваскрэсенне»). Рухомае адлюстраванне цёмнага бору ў хуткім цячэнні рачной вады і гульня святла на яе паверхні, невысокія стройныя елкі і імклівая сцяжынка, маляўнічыя сілуэты маладых дрэў на фоне веснавых прагалін, буйства дзікарослых траў за ваколіцай і свежапабеленая ўкраінская хата — усё гэта становіцца прадметам уважлівага жывапіснага аналізу. Мастак часта вырашае першы план толькі каларыстычна, пакідае яго вобразна не загружаным, выкарыстоўваючы шырокія заліўкі колеру, акватыпічныя адбіткі, гульню жывапісных фактур, пераносіць кампазіцыйны цэнтр на другі план. Для пейзажаў Аляксандра Карпана характэрнае спалучэнне пастэльных і насычаных умбрыста-карычневых і ізумрудна-вохрыстых колераў.

Уражаны архітэктурай еўрапейскіх гарадоў, яшчэ ў канцы 1980-х мастак стварыў некалькі кампазіцый, сярод якіх былі «Сілуэты Нінбурга». У 2009 годзе з’явілася больш разгорнутая серыя «Гарады і ўражанні», у якую ўвайшлі кампазіцыі «Сілуэты Амстэрдама», «Міражы Антверпена», «Гарлем. Радзіма Халса», «Мехэлен» і іншыя. А праз тры гады чарговая паездка па Германіі, Галандыі, Бельгіі паспрыяла з’яўленню нізкі «Галопам па Еўропах». Сярод складнікаў гэтай пейзажнай серыі надзвычай эфектныя акварэльныя кампазіцыі «Галандская экзотыка», «Возера Штайн Худэ», «Дахі Бамбера», «Дажджлівы дзень», «Завулак у Майсене», «Наумбург».

У партрэтах мастак звычайна імкнецца тэматычна арганізаваць вобраз («Хай жывуць Дон Кіхоты», «Анёл-захавальнік», «Павадыр», «Венецыянскі карнавал») ці перадаць эмацыянальна-псіхалагічны стан мадэлі («Чарнобыльская пастараль», «Рэквіем», «Манфрэд»). Некаторыя з вышэйзгаданых акварэльных кампазіцый адсылаюць нас да канкрэтных персанажаў паэзіі і прозы. Нярэдка толькі крыху пазначаныя ў прасторы аркуша абрысы фігуры спалучаюцца з дакладнай пластыкай псіхалагічна і эмацыянальна адкрытага твару, у якім мастак шукае асаблівую выразнасць. Арыенцірам у вытлумачэнні характару вобраза з’яўляюцца шматлікія атрыбуты, якія маюць і пэўны сімвалічны змест. Святло становіцца галоўным камертонам настрою і арганізатарам пластычнага руху.

Ці не самыя кранальныя ў творчасці Аляксандра Карпана лірычныя вобразы ў партрэтах блізкіх: маці, сына, дачкі.

Сярод мадэляў апошніх партрэтаў часцей за ўсё людзі сталага веку. На іх тварах пячатка ўбачанага і перажытага («Партрэт у інтэр’еры», «Партрэт пажылога гуцула», «Якія нашы гады», «Мужчынскі партрэт», «Адзін», «Стары рыбак»). Але ёсць у мастака і партрэтныя вобразы, блізкія па характары і сваёй паэтычнай напоўненасці да сапраўдных алегорый юнацтва («Палявыя кветкі», «Белабрысае лета»).

Акварэлі «Панда», «Вячэрні праменад», «Паляўнічы», створаныя для рэспубліканскага праекта «ZOO Parking: Ноеў каўчэг», адкрылі ў Аляксандра Карпана мастака анімалістычнага жанру. Малюнкі ён экспануе нячаста, паколькі многія з іх не ствараліся для экспанавання. Гэта ўсяго толькі этап, частка работы над вобразам ці звычайная штудыя падчас заняткаў са студэнтамі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.

З 1995 года Аляксандр Карпан — сябар суполкі «Віцебская акварэль», якая аб’яднала шэраг вядомых акварэлістаў, ён шмат зрабіў для арганізацыі выстаў, рэалізацыі праектаў, творчых паездак і пленэраў...

Творы аднаго з яркіх прадстаўнікоў віцебскай школы акварэлі Аляксандра Карпана ўражваюць гледачоў эфектнай і лёгкай манерай выканання. Апеляцыя Карпана да жывапісу старых майстроў выяўляецца ў адмысловай увазе да дэталей, да фігуратыўных элементаў. Канструяванне вобразнага свету, выкарыстанне ўтоеных алюзій, вольная гульня з выявамі і сэнсамі набліжае працы Карпана да творчасці сучасных прадстаўнікоў магічнага рэалізму і мастакоў-сюррэалістаў. Яны не толькі рэпрэзентуюць адзін з адметных кірункаў сучаснай акварэлі, але і дэманструюць высокі прафесіяналізм аўтара ў валоданні адмысловай тэхнікай. Як адзначаў Эндру Уает: «Самая важная рэч у мастацтве — гэта эмоцыі, але яны павінны быць вашымі асабістымі!» Уся творчасць Карпана — стрыманы і высакародны заклік любавацца навакольным светам, жаданне перадаць яго велічную прыгажосць, адчуць сябе яго часткай.

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ