Ігар Бышнёў

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Сам-насам з дзікай прыродай
Калі б Ігар Бышнёў быў музыкантам, яго можна было б назваць чалавекам-аркестрам. Разглядаю сувенірныя паштоўкі, зробленыя ім разам з сынам, і думаю: можна зняць фотакамерай на вялікай адлегласці ваўка і ваўчыху, якія мілуюцца, і максімальна наблізіць да нас іх сімпатычныя пысы. Але як зафіксаваць, напрыклад, такі сюжэт: лясны вожык узлез на корч і, нібыта Нарцыс, любуецца ўласным адлюстраваннем у вадзе? Пашанцавала? Ці аўтар ведае нейкія патаемныя падыходы да звяроў?

Відэафільмы, якія здымае Ігар Бышнёў, заўжды высока ацэньваюць на беларускіх і міжнародных кінафестывалях, прысвечаных экалагічнай тэматыцы, бо зафіксаванае ім жыццё «братоў нашых меншых» утрымлівае шмат адметнага і карыснага для чалавечага вопыту. Яго экранныя назіранні даюць магчымасць угледзецца ў паўсядзённыя звычкі зграі (як у стужках «Апошнія арлы», «У царстве бакланаў і чапляў»), фарміруюць уяўленне пра жыццё адселеных тэрыторый (цыкл з шасці фільмаў «Чарнобыльскія джунглі. 20 гадоў без чалавека»).

Той, чыё веданне кінематаграфічнага асяроддзя грунтуецца на чутках, звычайна атаясамлівае яго з «багемай» і фестывальнымі тусоўкамі. У кагосьці, магчыма, і так, але Ігар Бышнёў адрозніваецца нават ад калег, якія ігнаруюць свецкае жыццё. 
У паўсядзённасці ён не адарваўся ад дрэў, травы, сонца, гукаў прыроды — жыве з сям’ёй у вёсцы Дамжэрыцы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Ды і такіх працаголікаў, як ён, трэба яшчэ пашукаць! Той дзень, калі мы з ім размаўлялі, пачаўся а шостай раніцы і павінен быў скончыцца не раней за дзве гадзіны ночы. Гэта — норма.

Ігар Іванавіч, кім вы самі сябе лічыце: вучоным, кінематаграфістам, фотамастаком, тэлевядучым, папулярызатарам прыроды і экалагічнай пісьменнасці?

— Я ішоў у прафесіі метадам адмаўлення. Так, вучоны, бо скончыў біялагічны факультэт БДУ, аспірантуру і абараніў дысертацыю па тэме «Птушкі Бярэзінскага запаведніка». І дагэтуль займаюся грамадскай працай па спецыяльнасці. Але калі стаў займацца кіно (спачатку дапамагаў рэжысёру-аператару Сяргею Пятроўскаму), дык вырашыў: сумяшчаць з ім навуку не буду. І відэакамера зрабілася маім інструментам, а мантажная — працоўным месцам. Дагэтуль не лічу сябе прафесійным рэжысёрам. Хутчэй — нядрэнным папулярызатарам дзікай прыроды. Яна мяне заўсёды цікавіла, чаравала, здзіўляла. А праз яе свет можна ісці да іншых тэм, дапамагаючы навуцы і спрыяючы асвеце глядацкай аўдыторыі. Можна, напрыклад, выявіць зусім нечаканыя сувязі з этнакультурай, знайсці ў гэтым «арэале» першааснову, прыродны пачатак.

А як вы ставіцеся да пастулата тургенеўскага Яўгена Базарава: «Прырода — не храм, а майстэрня, і чалавек у ёй працаўнік»?

— Паспрабую сфармуляваць... Прырода — храм, а чалавек у ёй, у тым ліку, і працаўнік. У храме ж трэба паводзіць сябе адпаведна, ды і ў яго некалькі прызначэнняў. Законы прыроды вельмі гарманічныя і сугучныя чалавеку. Калісьці ў маладосці я прыдумаў такое выслоўе: «Калі ёсць Бог, то гэта — прырода». Так думаў у даўнія часы, але нейкі боскі пачатак у прыродзе ёсць. Няхай чалавек застаецца работнікам у храме, калі па тое прыйшоў. Кожны ж прыходзіць туды са сваёй неабходнасцю.

Сачу за вашымі рэжысёрскімі спробамі з самага пачатку, з асветніцкіх стужак «Жывая вада» і «Лясныя хованкі», якія зроблены ў 2001-м. І чым далей вы рэалізоўваліся, тым больш рабілася відавочна: Ігар Бышнёў прыйшоў у кіно вельмі своечасова. Бо калі з’явіліся аўдыявізуальныя тэхналогіі, стала магчыма здымаць больш простым і танным спосабам. Кінакамера з плёнкай такіх магчымасцей не давала. Быццам нешта вас падштурхнула — ідзі!

Гэта надзвычай карыснае супадзенне для беларускага асветніцкага кіно, бо яму, у адрозненне ад кінематографа іншых краін, якраз не хапала падобнай фігуры. Ведаеце, калі глядзела птушыныя і звярыныя гісторыі эстонца Рэйна Марана, вашага, так бы мовіць, творчага бацькі, філасофскія экапрыпавесці паляка Крысціяна Мацішака, то думала пра нішу, што ў нас заставалася незанятай. І прыйшлі вы — чалавек, які не толькі ведае схаваны ад нашага вока свет, але і здольны перадаць на экране асабістыя адчуванні. У вас ёсць нейкая свая творчая методыка?

— Новыя тэхналогіі з’явіліся ўслед за зменамі ў грамадстве. Можна скарыстаць хуткасную фотаздымку, зрабіць 200 кадраў і выбраць з іх адзін. Але... Новыя тэхналогіі вельмі важныя, аднак яны не павінны падмяняць эмацыянальнасць успрымання, уласны погляд на жывы свет і яго адлюстраванне.

Ужо восем гадоў вы з аднадумцамі рыхтуеце цыкл «Мільён пытанняў аб прыродзе» на тэлеканале «Мир» — аб тых дзівосных з’явах, што існуюць на беларускіх прасторах побач з намі. Гэтыя перадачы глядзяць сем’ямі ў шмат якіх краінах СНД і рэгіёнах Расіі. Як вам удаецца знайсці сітуацыі, канфлікты ў жыцці лясных, палявых, азёрных насельнікаў?

— Часцей за ўсё гісторыі з’яўляюцца самі. Ды і ёсць шмат людзей, якія сігналізуюць пра нейкія прыродныя з’явы і здарэнні. (У час гутаркі хтосьці патэлефанаваў Ігару Іванавічу з Новалукомля, паведаміўшы пра бакланаў і арланаў, якія ўладкаваліся на беразе.) У фаўне і флоры ёсць падзеі, якія нельга адразу несці на экран. Трэба пасачыць, назапасіць інфармацыю, вылучыць штосьці важнае, інакш кажучы, падысці прагматычна. А ёсць актуальныя падзеі. Напрыклад, стала вядома, што аматары прыроды з 142 краін сочаць у рэжыме on-line, як у гарадскіх умовах выхоўвае птушанят дзівосная птушка сокал-пустальга (ля гнязда паставілі вэбкамеру — відэакамеру, якая падключана да камп’ютара для працы з сеткавымі прыстасаваннямі. — А.Б.). Вучоным зразумела, чаму гэтыя птушкі прыжыліся ва індустрыяльным асяроддзі: інстынкт кліча іх займаць усялякія нішы. Яны гняздуюцца ў скалах або пасяляюцца ў іншых незанятых гнёздах. У горадзе Прыпяць мы здымалі іх на балконах шматпавярховых дамоў...

Горад-здань без людзей, але ў ім лётаюць крылатыя стварэнні, — гэта нейкае сюррэалістычнае відовішча...

— Другі дзівосны выпадак. Пара сокалаў выхоўвала птушанят... у вентыляцыйных адтулінах гродзенскага касцёла. Вось вам кіношная гісторыя і адначасова каштоўныя сведчанні для навукі. Гледачам жа цікава даведацца пра тое, што ў часы Сярэднявечча сокалаў рыхтавалі для палявання, а сокалы-пустальгі былі забавай для паняў. У дадатак мы знайшлі ў Гродне рыцарскі клуб, сябры якога не ведалі пра сваіх крылатых суседзяў, пазнаёмілі іх з незвычайнымі насельнікамі. Хлопцы сачылі за імі, камера — за іх тварамі і птушынымі паводзінамі.

Вялікі грамадскі рэзананс меў ваш цыкл «Чарнобыльскія джунглі. 20 гадоў без чалавека», у якім з кінематаграфічнымі паплечнікамі вы даследавалі «самапачуванне» драпежнікаў і вегетарыянцаў-зуброў, а таксама іншых звяроў і птушак пасля магутнай тэхнагеннай катастрофы.

— З Паўлам Зубрыцкім і іншымі калегамі мы здымалі ў зоне два гады і завяршалі стужкі ў шалёным тэмпе. Я далёкі ад таго, каб лічыць нашы шэсць навел дасканалымі, але мы працавалі з гранічнай самаадданасцю. У памяці моцна адбіўся пачатак, калі мы толькі апынуліся ў зоне: боль, жах, здзіўленне, радасць — усё разам. Потым, калі прыходзіш у сябе, сутыкаешся з чалавечай трагедыяй і буяннем прыроды — як нейкім нашэсцем. Без прысутнасці чалавека прырода сама сябе адраджае за пятнаццаць-дваццаць гадоў. Значыць, у нашых дзеяннях прысутнічае штосьці не тое, трэба часцей прыглядацца да законаў прыроды. Паміж ёю і чалавекам ёсць адрознасць. Для людской супольнасці больш важны індывідуум, яго знікненне — трагедыя. Для прыроды наадварот: жывёльны свет ахвяруе часткай, каб выжыла папуляцыя. Класічны прыклад, не звязаны з Чарнобылем: сава выводзіць мноства птушанят і ўсіх гадуе, але пры недахопе корму старэйшыя з’ядаюць малодшых.

У зоне мы сутыкнуліся вось з якімі з’явамі. Белых буслоў стала менш, бо яны прызвычаіліся жыць побач з чалавекам. Чорных буслоў, якія хаваюцца ад людскога вока, наадварот, зрабілася болей. А ўвогуле братам нашым меншым нядрэнна жывецца ў суседстве са стронцыем і цэзіем, бо яны лепш прыстасаваны да катаклізмаў.

Імпануе, што вы ўвесь час шукаеце новыя тэмы, сюжэты, герояў, імкняцеся да нечаканых ракурсаў у сваёй кінематаграфічнай дзейнасці. Па фільмах бачна: вы часта застаяцеся ў глушы сам-насам з дзікай прыродай. Не баіцеся нечаканых драпежнікаў?

— Каго вы маеце на ўвазе?

Вепрука, ваўка, рысь...

— Паводзіны дзікіх жывёл прадбачыць лягчэй, чым учынкі чалавека. Паспрабуйце ўявіць рэакцыю апошняга пры сустрэчы ў начным горадзе — не зможаце, а жывёлы ў прыродзе — можна. Вось, напрыклад, воўк — найразумнейшы жыхар лесу. Ён адзін з нешматлікіх звяроў, які спакойна дазваляе забраць сваё патомства, ваўчыха не накінецца на чалавека. Калі мы здымалі чарнобыльскіх ваўкоў, дык думалі, што тут, у глушы, яны нас не заўважаць. Нічога падобнага: яны нас яшчэ як кантралявалі! У часы вайны здараецца, што папуляцыя множыцца, з’яўляюцца звяры-людаеды, тады адносіны робяцца ненармальнымі. Мадэль стасункаў чалавека з дзікім драпежнікам такая: змяя ўджаліць, калі на яе наступіш. Астатнія варыянты бяспечныя.

Прыкметна, як вы крок за крокам набліжаліся ў стужках да большай прысутнасці чалавека, або, як кажуць, героя. Некалькі гадоў таму мы з калегамі-крытыкамі абмяркоўвалі ваш поўнаметражны фільм «Рака жыцця», у якім удзельнічае і дае каментар мастак Анатоль Бухаркін са сваім уласным поглядам на прыроду. Знойдзена гармонія паміж адушаўлёным і неадушаўлёным светам, таму карціна застаецца ў памяці. 
Да стужкі прэтэнзій няма, наадварот, хочацца сказаць пра яе самыя ўзнёслыя словы — такое хараство яна выпраменьвае.

А вось апошні фільм «Дачка Прыпяці», таксама поўнаметражны, крыху пакрытыкую. Відавочна, гэта новы віток у вашай рэжысёрскай дзейнасці. Як і ў карціне «Рака жыцця», тут адчувальнае імкненне больш глыбока спасцігнуць трыяду «чалавек — прырода — рэчаіснасць». Ёсць у стужцы эпізоды, калі пачынаеш часцей дыхаць. Уражваюць здымкі з вышыні птушынага палёту, калі невялікую палескую вёсачку бачыш як геаграфічнае месца на зямным шары. Або эпізод, калі гераіня плача на беразе Прыпяці. Уражанне — быццам сцэна з таленавітага мастацкага фільма. Але дакументалістыка патрабуе выверанасці ўсіх кампанентаў, і яны павінны закладацца ў драматургіі. Фільм няроўны, гайдаецца ад спроб ухапіць натуральнасць і своеасаблівасць жыцця сучаснай вёскі і галоўнай гераіні да ілюстрацыйнасці, да збояў думкі і рытму. Крыху не хапіла, каб дайсці да мастацкай вяршыні.

— Перада мною паўстала праблема: як рухацца, што рабіць далей? Бо з’явіўся іншы погляд на кіно, трэба было асвойваць новыя падыходы. Лічу за шчасце сустрэчу з Кацярынай Панчэня, гераіняй фільма «Дачка Прыпяці», і людзьмі, якія жывуць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Яны існуюць у згодзе з сабой і прыродай, беражліва ставяцца да яе, да таго, што атрымалі ад продкаў. Нельга было не ўлюбіцца ў натуральнасць асяроддзя, якое складаецца з песень, галашэнняў, ткацтва, паўсядзённага побыту, своеасаблівых узаемаадносін. Тут няма нічога музейнага, тут свой гаспадарчы, культурны, чалавечы ўклад. Так, не хапіла вопыту, ведаў, часу. Я больш упэўнена адчуваю сябе пры здымках прыроды і ў каторы раз шкадую, што не маю кінематаграфічнай адукацыі.

На заканчэнне размовы спытаю: усё-такі што вас трымае за многія кіламетры ад месца працы, ад горада?

— Магчымасць назіраць за хадой часу. Магу паспачуваць чалавеку, які не пачуў спеваў салаўя, — ён прапусціў вясну. А я магу бачыць, як з’яўляюцца першыя праталіны, пралескі, змяняюцца колеры прыроды. І гэтак ва ўсе цыклы. І паветра тут чысцюткае. Мы з жонкай і сынамі — не затворнікі. Калі хочам, можам адправіцца ў Маскву, Кіеў, Пецярбург, у тэатры ды музеі. Але ў гарадскім ладзе жыцця не бачу пераваг. Ён быццам не натуральны для чалавека. Як дрэнны мурашнік. У горадзе хутчэй стамляюся, а прырода вяртае сілы...

Дадам, што майго субяседніка запрашалі і запрашаюць у міжнародныя і нацыянальныя праекты — у дзень нашай гутаркі ў яго павінна была адбыцца сустрэча з гэтай нагоды, а праз два дні ён збіраўся па запрашэнні ў Азербайджан, дзе здымае Шырвінскі нацыянальны парк і яго насельнікаў.

Калі сабраць разам усе фестывальныя і спецыяльныя ўзнагароды рэжысёра, спатрэбіцца, прынамсі, не адна паліца. Нядаўна яму споўнілася пяцьдзясят. Ён здзейсніў тое, што называюць кінематографам Ігара Бышнёва, але як перфекцыяніст не лічыць дасягнутае вяршыняй. Для яго мэта творчасці — па Барысу Пастэрнаку — самаадданасць.