У фармаце «Work in progress»?

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

«ПлаSтформа Мінск-2014»
Другі адкрыты форум пластычных тэатраў Беларусі ладзіўся на дзвюх пляцоўках і доўжыўся шэсць дзён. У праграме ўпершыню быў прадстаўлены замежны «Teatr Formy» з Вроцлава (Польшча), колькасць беларускіх удзельнікаў пашырылася і ахапіла ўсе абласныя цэнтры.

Галоўны здабытак «ПлаSтформы» — у актуалізацыі ды падтрымцы айчыннага эксперыментальна-пластычнага руху, які знаходзіцца на перыферыі грамадскай увагі.

Памятаю, што на дыскусіі па выніках леташняй «ПлаSтформы» абмяркоўвалася, як форуму развівацца надалей. Адным з вострых пытанняў быў пошук афіцыйных інстытуцый, якія маглі б падтрымаць фестываль. Летась такой падтрымкі не было, сёлета сітуацыя змянілася: партнёрамі «ПлаSтформы» выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Польскі інстытут у Мінску, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў. Галоўнымі арганізатарамі, як і мінулым разам, зрабіліся Вячаслаў Іназемцаў, дырэктар «ПлаSтформы» і мастацкі кіраўнік пластычнага тэатра «InZhest», Аляксандр Цебянькоў, кіраўнік гродзенскага танц-тэатра «Галерэя», і нарэшце Іна Асламава, якая ўзначальвае гомельскую групу сучаснай харэаграфіі «Quadro».

Неабходнасць правядзення «ПлаSтформы» наспела даўно. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) доўгі час з’яўляўся адзінай у краіне значнай падзеяй на тэрыторыі contemporary dance. Аднак уся панарама пластычнага руху ў Беларусі не вычэрпваецца віцебскім фэстам. У параўнанні з IFMC арганізатары «ПлаSтформы» прапануюць прынцыпова іншы фармат. Яго галоўнай асаблівасцю з’яўляецца свядомая адмова ад конкурсу і скіраванасць на парытэтную камунікацыю ўсіх удзельнікаў. Вынікам у дадзеным выпадку павінна быць кансалідацыя творчых сіл, яе дагэтуль не хапае артыстам і харэографам, якія займаюцца сучаснымі пластычнымі практыкамі.

Як і належыць форуму, праграма «ПлаSтформы» складалася з творчай часткі (выступленні ўдзельнікаў) і адукацыйнай (майстар-класы, лекцыі, дыскусіі, крытычныя абмеркаванні спектакляў). У разнастайных мерапрыемствах фестывалю прынялі ўдзел не толькі айчынныя, але і замежныя практыкі ды тэарэтыкі. Так, падчас форуму адбыліся майстар-класы Юзэфа Маркоцкага, мастацкага кіраўніка вроцлаўскага «Тэатра формы», і Рышарда Каліноўскага, кіраўніка Люблінскага тэатра танца. У рамках «ПлаSтформы» прайшлі лекцыі айчынных спецыялістаў (год таму з лекцыяй пра польскі contemporary dance выступіла крытык і даследчык Ганна Круліца з Кракава). У прыватнасці, пра дыялектыку глядацкага ўспрымання і мастацкіх асаблівасцей танцавальнай кампазіцыі распавяла Вольга Лабоўкіна, лідар тэатра танца «Karakuli».

Ды ўсё ж галоўнай адметнасцю сёлетняй «ПлаSтформы» трэба лічыць мастацка-эстэтычныя адкрыцці, што выявіліся найперш у праграме вечаровых спектакляў. Яна ў параўнанні з мінулагодняй выглядала больш прадстаўнічай і багатай на мастацкія ўражанні. І справа тут не толькі ў пашырэнні жанрава-стылёвых межаў фестывалю, да пластычнага складніка якога дадаўся яшчэ эксперыментальны тэатр, але і ў больш строгім падыходзе да выбару ўдзельнікаў: «На сёлетнім форуме мы імкнуліся сабраць найбольш адметныя калектывы, — кажа кіраўнік пластычнага тэатра «InZhest» Вячаслаў Іназемцаў. — Калі год таму запрасілі амаль усіх, хто падаў заяўку, то цяпер у нас ужо быў адбор. Ахвотных прыняць удзел у “ПлаSтформе” аказалася шмат». Галоўным крытэрыем для арганізатараў стала наяўнасць у творы нешараговай ідэі і яе ўвасабленне тэатральна-пластычнымі сродкамі. І сапраўды: імкненне да небанальнасці думкі, філасофскіх абагульненняў вылучала ўсе пастаноўкі форуму, нават не самыя моцныя.

Кульмінацыйнай падзеяй «ПлаSтформы» можна прызнаць спектакль «Рамонт» тэатра «InZhest» (аўтар ідэі і рэжысёр Вячаслаў Іназемцаў). Пастаноўка створана ў шырока распаўсюджаным у Еўропе і пакуль мала вядомым у нас жанры site-specific, для якога характэрны пошук нязвыклых прасторавых эфектаў, цесная сувязь з архітэктурай месца і яе «абжыванне», выкарыстанне нетрадыцыйных пляцовак (вакзалы, музеі, фабрыкі, гатэлі, басейны). Публіка ў такім спектаклі пазбаўлена ролі пасіўнага сузіральніка, а змяшчаецца ў эпіцэнтр падзей і становіцца іх часткай. У адпаведнасці з гэтым глядач у «Рамонце» аказваецца ў перакуленай сістэме каардынат: дзея адбываецца ў глядзельнай зале, а публіка знаходзіцца на сцэне. Гэта нам, а не акцёрам на пачатку спектакля слепяць вочы пражэктарамі; гэта не мы назіраем за тым, што адбываецца, а за намі з цікавасцю сочаць адзінкавыя «гледачы» ў партэры. Іназемцаў надзвычай вынаходліва выкарыстоўвае ўсю прастору залы Палаца культуры чыгуначнікаў: дзеянне разгортваецца і на балконе, і ў амфітэатры, і на крэслах, і між імі, і ў праходах, і нават у паветры. Як і ў іншых спектаклях «InZhest», вобразнае рашэнне «Рамонту» — парадаксальнае змяшэнне рэальнасці і фантазіі, логікі і абсурду, побытавых дэталей і сноў.

У выкарыстанні разнастайных візуальных эфектаў фантазія пастаноўшчыка не мае межаў. Разгорнутая светлавая партытура (мастак Аляксей Карпаў) тут адыгрывае не менш важную ролю, чым пластычная. Напаўпразрыстая плёнка, што ахінае крэслы, з дапамогай асвятлення ператвараецца ў коўзкую злавесную дрыгву, якая паглынае ўсё жывое. Багна ўвесь час варушыцца, «дыхае». Вобраз балота ўзмацняецца музыкай Мацвея Сабурава і гурта «Плата». Шматлікія гукі, шумы, рэверберацыі, стэрэафанічныя эфекты ствараюць хранатоп спектакля — гразкую, слізкую прастору, у якой знаходзяцца героі. Архетыповы для беларусаў вобраз балота набывае падчас дзеі шматлікія сэнсавыя адценні. Гэта не толькі месца дзеяння, але і ўнутраны монстр, які атручвае душу герояў, робіць іх абыякавымі і глухімі адно да аднаго. Адзінае, што ўскалыхвае гэты змярцвелы свет і прымушае яго жыхароў прачнуцца, — гукі рамонту, якія з беспардоннай настойлівасцю ўрываюцца ў балотную апатыю, ператвараючы падманны спакой у разбуральную стыхію.

Сапраўдным адкрыццём для сталічнай публікі стала пастаноўка «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» магілёўскай тэатральнай суполкі «Laboratory Figures Oskar Schlemmer». Дзіўнаватая назва невыпадкова адсылае да знакамітага нямецкага мастака, сцэнографа, харэографа Оскара Шлемера, паміж творчасцю якога і эксперыментамі стваральнікаў лабараторыі — Таццяны і Юркі Дзіваковых — можна заўважыць пэўныя алюзіі. Як і пастаноўкі Шлемера, магілёўскі спектакль падпарадкоўваецца не наратыўнай логіцы, а змене візуальных сцэн-карцін. Развіццё дзеяння будуецца тут па законе асацыятыўных, а не сюжэтных сувязей, складаецца з дыскрэтных эпізодаў, сэнсавыя карэляцыі між якімі ажыццяўляюцца хутчэй у свядомасці гледачоў, чым на сцэне. Такі тып узаемадзеяння тэатра і публікі, пакуль яшчэ не вельмі распаўсюджаны на нашай сцэне, трапна ахарактарызаваў вядомы італьянскі рэжысёр Рамэа Кастэлучы: «Сцэна — гэта мозг гледача, ягонае цела і сэрца. Менавіта там і ствараецца спектакль».

Як і ў сцэнічных эксперыментах Шлемера, у «Мёртвых ды жывых фігурках» вялікую ролю адыгрывае аб’ект, гульня з прадметам, формай, рознымі фактурамі і матэрыяламі (падчас дзеі на сцэну сыплюцца пясок і грошы, льецца вада, падаюць камяні і нават кавалкі параненага сэрца). Выканаўцы гэтага перформансу Алена Крыванос і Юрка Дзівакоў таксама прыпадабняюцца да аб’ектаў, падкрэсліваючы тым самым механічна-марыянетачную прыроду сцэнічнага існавання.

Падчас фестывалю сярод пластычных тэатраў былі прадстаўлены айчынныя калектывы розных пакаленняў — ад першапраходцаў, што пачыналі ў 1990-я («Галерэя», «Паралелі», «Quadro»), да новай генерацыі («Karakuli», «SKVO’s Dance Company»). Усё гэта стварыла шырокую панараму індывідуальнасцей і падыходаў да разумення сучаснага танца.

Работа «Right, left, middle» (група «Quadro», ідэя і харэаграфія Іны Асламавай) вылучалася эксперыментам з формай, драматургіяй, выхадам за межы звыклай танцавальнасці, контрапунктычным узаемадзеяннем пластыкі і слова. Жанравае вызначэнне твора — «work in progress» — сведчыла пра актуалізацыю імправізацыйна-гульнёвага пачатку, прынцыповую незавершанасць і мабільнасць формаўтваральных і кампазіцыйных прыёмаў. Сінтэз уласна танцавальных і драматычных сродкаў выразнасці прадэманстраваў харэограф Аляксандр Цебянькоў у пастаноўцы «Двойчы два». Невыпадкова яе выканаўцамі сталі акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Васіль Мініч і Сяргей Саўко.

Многія еўрапейскія тэатральныя форумы сёння існуюць у фармаце «work in progress», то-бок цягам года суправаджаюцца каляфестывальнымі падзеямі рознага кшталту: майстар-класамі, творчымі сустрэчамі, лабараторыямі, прэм’ерамі спектакляў, выставамі, лекцыямі і дыскусіямі. Чаму б нашай «ПлаSтформе» не ўзяць на ўзбраенне гэты досвед? Развіццё ў такім кірунку дапаможа форуму не толькі выйсці за межы вузкаспецыялізаванай глядацкай аўдыторыі, але і стаць сапраўднай з’явай у сучаснай арт-прасторы, не звяртаць увагі на якую будзе ўжо немагчыма.