Згадкі музычнага паліглота

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Танкіст, разведчык і дырыжор Міхась Солапаў
Міхась Солапаў — асоба неверагодная.

Сёлета яму спаўняецца 90. Яго рознабаковая творчая дзейнасць доўжыцца больш за сем дзесяцігоддзяў. Звычайна музыканты валодаюць адным, у лепшым выпадку двума інструментамі — Міхась Рыгоравіч іграў на многіх. Ён лічыцца адным з заснавальнікаў нацыянальнага баяннага выканальніцтва. Яго канцэртны рэпертуар уключаў творы розных жанраў і стыляў, прычым музыкант абіраў сачыненні, дзе можна прадэманстраваць віртуозны бляск, дасканалую тэхніку, глыбокую і прыгожую кантылену. Солапаў праявіў сябе не толькі як канцэртуючы саліст, які іграў на фартэпіяна, акардэоне, баяне, але і як харавы ды аркестравы дырыжор. Прычым розных аркестраў: сімфанічнага, народнага, духавога. Дзейнасць музыканта паўплывала на развіццё выканальніцтва на народных інструментах. Ім зроблена больш за 500 аранжыровак для хароў, ансамбляў і аркестраў. Але напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хацелася б згадаць, што Солапаў — не толькі выдатны музыкант: ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны трыма ордэнамі «Айчынная вайна» І і ІІ ступені і 18-ю медалям. Ад легендарнага выканаўцы цікава даведацца, як распачыналася яго творчае жыццё.

— Я нарадзіўся і рос у сям’і, дзе ўсе спявалі і мелі выдатны слых. Бацька іграў на раяльнай гармоніцы, маці — на венскай. Трохгадовым дзіцем я асвоіў гармоніку-«чарапашку», вырабленую дзедам, а калі мне было чатыры, увайшоў у сямейны ансамбль. Пазней паступова асвоіў фартэпіяна, духавыя, баян, акардэон. У той час мы жылі ў Ліпецкай вобласці.

Сярод самых яркіх уражанняў дзяцінства і юнацтва — наведванне цырка, дзе ігралі джаз, і прыезд аркестра Эдзі Рознера. Я быў узрушаны ігрой музыкантаў, іх манерай выканання. Запомніў увесь рэпертуар, а затым стаў іграць яго: спачатку — у асяродку сяброў, а пазней — у джаз-аркестры 8-га казачага кавалерыйскага палка. У гэты час зразумеў, што буду музыкантам. У 1940-м паступіў у Курскую вучэльню па класе домры.

Калі пачалася вайна, мне споўнілася 17. Як сапраўдны патрыёт пайшоў на фронт добраахвотнікам. Спачатку мяне не бралі, таму што быў вельмі худы: пры росце 175 сантыметраў важыў 44-45 кілаграм (а норма складала 56 кг). Але дамогся свайго! Ваяваў на 1-м Беларускім і Украінскім франтах як танкіст. Быў разведчыкам.

Заўсёды знаходзіў час для ўдзелу ў палкавой самадзейнасці. Іграў на акардэоне, баяне (прычым па слыху, бо нотную грамату не паспеў як след вывучыць). Акампанаваў і артыстам з Тэатра Савецкай арміі, якія прыязджалі на лінію фронту. Канцэрты ладзіліся ў перапынках паміж баямі, але байцы вельмі любілі слухаць музыку. Здаралася, на такія канцэрты прыходзіў і генералітэт. Я выконваў класіку, джаз, імправізаваў на тэмы савецкіх песень.

Пасля вайны застаўся служыць у войску, у гарнізонах Беларусі. Але заўсёды быў запатрабаваны — як саліст на народных інструментах, як дырыжор хору і аркестра. Памятаю выпадак, які ярка адлюстроўвае настроі пасляваеннага часу. Дывізійны Дом афіцэраў, дзе я служыў з 1946 года, рыхтаваў канцэртную праграму. Я быў арганізатарам, мастацкім кіраўніком і дырыжорам. У той час існавала такая завядзёнка: любы канцэрт пачынаўся з твора Аляксандра Аляксандрава — або з яго «Кантаты про Сталина», або з «Песни про Сталина». Я вырашыў іначай і пачаў рыхтаваць песню Вано Мурадэлі «Нас воля Сталина вела» для салістаў, хору і духавога аркестра. Рыхтаваў чатыры месяцы. Было складана, бо ігралі ды спявалі пераважна музыканты-«слухачы», якія не ведалі нот. І раптам 10 лютага 1948 года выходзіць Пастанова ЦК ВКП(б) пра оперу Мурадэлі «Великая дружба». Мяне выклікаў камандуючы і загадаў замяніць твор Мурадэлі на «Кантату про Сталина» Аляксандрава. Я сказаў, што замена немагчымая, бо музыканты не паспеюць вывучыць новы твор. Але загад у войску не абмяркоўваецца. У якасці памочніка выступіў Георгій Пятроў, харавы оперны дырыжор і выкладчык Белдзяржкансерваторыі. Разам знайшлі кампраміснае рашэнне: аркестранты сыгралі музыку Аляксандрава, а харавую партыю спявалі тыя вакалісты, якія паспелі вывучыць партыі. Астатнія стаялі і адкрывалі рот. І ведаеце, выдатна атрымалася! Бо музыканты мелі велізарнае жаданне спяваць ды іграць.

Пераход на «гражданку» аказаўся цяжкім і доўгім. Прапаноўвалі паступіць у Ваенную акадэмію, але я імкнуўся стаць прафесійным музыкантам. Загад пра звальненне падпісаў Сямён Цімашэнка, маршал Савецкага Саюза. Ён неаднойчы чуў маю ігру і, здаралася, пытаўся ў маіх сяброў: «А косці ў гэтага афіцэра ёсць? Пальцы бегаюць, як гумовыя...». На развітанне маршал падарыў імянны кішэнны гадзіннік. Гэта адбылося ў маі 1948 года.

У тое ж лета паступіў у Брэсцкую музычную вучэльню, адразу на дзве спецыяльнасці — баян і харавое дырыжыраванне. У 1950 годзе быў прыняты ў Дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных у Маскве, дзе пачаў займацца адначасова ў класах па харавым і аркестравым дырыжыраванні. Адначасова асвойваў прафесію тэарэтыка. Уявіце, па сорак адным прадмеце меў адзнаку «выдатна»! Цяпер мне цяжка нават уявіць, як паўсюль паспяваў! Жыццё віравала, было цікавым і разнастайным...

Таццяна МДЫВАНІ