Настаўнік і пейзажыст

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Юбілей Паўла Масленікава
Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава — выдатнага майстра лірыка-эпічнага пейзажа, тэатральнага жывапісца, мастацтвазнаўца і таленавітага педагога, апалагета класічных традыцый. У гады Вялікай Айчыннай ваяваў, узнагароджаны ордэнамі і медалмі.

На Радзіме ўнёсак маэстра ў развіццё нацыянальнай культуры ацэнены па заслугах. Юбілей быў шырока адзначаны на Магілёўшчыне (там нарадзіўся мастак) і ў Мінску — горадзе, дзе творца пражыў вялікую частку жыцця. У свет выйшла кніга «Павел Масленікаў» з серыі «Вядомыя мастакі Беларусі», напісаная яго дачкой, вядомым беларускім мастацтвазнаўцам Верай Пракапцовай. Імя народнага мастака прысвоена мінскай гімназіі № 75. Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь тыражом 3000 асобнікаў была адліта памятная срэбная манета «Павел Масленікаў. 100 гадоў». Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «Жывапіс. П.В.Масленікаў», а тэлерадыёкампанія «Магілёў» стварыла дакументальны фільм «Сёмае неба Паўла Васільевіча Масленікава». 100-годдзю майстра будзе прысвечаны і міжнародны пленэр «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». Мастакі з дзесяці краін з’едуцца ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна, дзе правёў сваё дзяцінства будучы творца.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, у чыёй калекцыі знаходзіцца больш за трыццаць карцін Масленікава, адзначыў стагоддзе вялікай рэтраспектыўнай выставай, на якой было прадстаўлена каля сарака жывапісных твораў з уласнага фонду, а таксама са збораў Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава і сям’і мастака. У экспазіцыі, апроч карцін самога жывапісца, створаных ім на працягу 1950—1990-х гадоў, глядач змог убачыць і працы некаторых вучняў — Валянціны Бартлавай, Тамары Васюк, Яўгена Ждана, Галіны Крываблоцкай, Алы Непачаловіч, Міхася Раманюка, Сяргея Салохіна, Наталлі Сухаверхавай, Яўгена Шунейкі, Маргарыты Шчамялёвай.

Творчае станаўленне Масленікава-пейзажыста адбывалася ў час, калі тэматычная карціна займала пануючае месца ў жанравай іерархіі. Трэба было валодаць пэўнай смеласцю, каб зрабіць пейзажны жанр галоўным у сваёй творчасці. Цікавасць да мясцін роднага краю ўзнікла ў маэстра невыпадкова. Яшчэ ў гады вучобы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме Масленікаў напісаў велізарную колькасць пейзажаў і эцюдаў. На жаль, усе гэтыя творы загінулі падчас вайны. З 1938 года Павел Васільевіч пачаў працаваць мастаком у Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Яму майстра прысвяціў больш за два дзесяцігоддзі свайго жыцця: ствараў дэкарацыі да шматлікіх спектакляў, якія ішлі на сталічнай сцэне. Станковы жывапіс — неад’емная частка працы мастака-дэкаратара, таму Павел Масленікаў шмат пісаў з натуры. Прынцып: ад натуры да дэкарацыі, тэарэтычнае асэнсаванне матэрыялу ў працы над афармленнем і зноў — да натуры з мэтай паглыбленага яе ўспрымання — заставаўся галоўным. Масленікаў, безумоўна, зрабіў значны ўнёсак у развіццё дэкарацыйнага мастацтва, але жаданне ўвасабляць родныя краявіды было неадступным. У 1960-я гады ён сышоў з Тэатра оперы і балета, стаў больш працаваць над краявідамі. Менавіта ў наступныя тры дзесяцігоддзі і былі створаны лепшыя лірыка-эпічныя пейзажы, многія з якіх сталі сапраўднымі пярлінамі беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя. Падводзячы вынік свайго творчага жыцця, Павел Васільевіч пісаў: «Доўгі шлях узыходжання мастака ў прафесійнае творчае жыццё праходзіць у глыбінях сацыяльнага жыцця народа, у бясконцым багацці яго духоўнага жыцця, духоўнага саюза нацый».

Творчая натура Масленікава была шматграннай: пакінуўшы пасаду мастака-пастаноўшчыка, ён накіраваў сваю энергію ў выкладчыцкую сферу. Для гэтага меліся ўсе падставы: у 1953 годзе ён скончыў факультэт тэорыі і гісторыі мастацтва Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР у Ленінградзе, а ў 1957 годзе — аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Да пачатку 1960-х гадоў ён авалодаў велізарным багажом ведаў у сферы жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і мастацтвазнаўства. Неўзабаве быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1960—1964), затым працаваў дацэнтам кафедры інтэр’ера (1964—1967). У 1967-м стварыў і ўзначаліў кафедру мастацкага афармлення тканін і мадэлявання вырабаў лёгкай прамысловасці. Гэта стала значнай падзеяй у беларускай культуры — развіццё прафесійнага мастацтва тэкстылю атрымала глыбокую нацыянальную аснову.

Складана пераацаніць унёсак Паўла Масленікава ў развіццё пейзажнага жывапісу, тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва і мастацтвазнаўства Беларусі. Час усё расстаўляе па месцах. Імя гэтага мастака не знікла ў віры гісторыі. Ды больш таго: тое, як шырока адзначаны яго стагадовы юбілей, сведчыць пра сапраўдную вагу творцы. 

Наталля СЯЛІЦКАЯ