Восеньскі радок

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Залатым лістападам магілёўская зямля вітала персанальную выставу свайго ўраджэнца, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Кірэева. Выставачныя залы абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава ўпершыню дэманстравалі такую колькасць твораў майстра: у экспазіцыі прадстаўлена 50 жывапісных палотнаў. Амаль усе яны створаны мастаком у апошнія пяць гадоў.

 /i/content/pi/mast/5/133/Strogina1.jpg
Зялёны бант. Алей. 2007.
Тэматычны дыяпазон прадстаўленых работ незвычайна шырокі -- ад колеравых накцюрнаў і лірычных жаночых партрэтаў да сур’ёзных філасофскіх абагульненняў. Прыцягальнасць работ Міколы Кірэева -- у іх балансаванні між дакладнасцю формы, сюжэта і інтымнай танальнасцю, пачуццёвай пластыкай, асацыятыўнасцю выяўлення. Мастак стварае своеасаблівую сістэму сімвалаў, якія натуральна ўводзіць у традыцыйную сістэму будовы жывапіснага палатна. Творы М.Кірэева заўсёды суправаджае пэўнае адценне незавершанасці, недааформленасці, выпадковасці. Кампазіцыя не мае застыласці, адназначнай жорсткасці, што выяўляе, на думку аўтара, прынцыповую недасягальнасць поўнай гармоніі ў рэальным жыцці.
Творы М.Кірэева -- летуценныя жаночыя партрэты, пейзажныя настраёвыя замалёўкі, дзе валадарыць зусім не прырода, а нібы пераўвасобленая істота самога мастака ў хвалях колеру і гармоніі -- нясуць пячатку пазнавальнага аўтарскага стылю. Мастак заўжды адштурхоўваецца ад натуры, нават калі стварае фармальныя кампазіцыі. «Абстракцыя не адрываецца ад рэальнасці, абстрагаваная форма -- тое адзенне, у якое апранаецца рэальнасць, -- кажа творца. -- І самая вялікая праблема для мяне тут -- знайсці вострую і сучасную форму. Пражытыя гады далі мне багаж вопыту і сталых звычак. Але самае кансерватыўнае ў чалавеку -- мысленне, якое і трымае за крылы. Хацелася б, каб хапіла сіл не спыніцца ў межах ужо знойдзенага ў творчасці, перасіліць міжвольнае жаданне супакоіцца і, знайшоўшы наладжаныя кантакты за мяжою, не пачаць выгадна тыражаваць самога сябе». Мастаку досыць нязначнай правакацыі, каб распачаць новую працу. Але пры гэтым М.Кірэеў -- не пленэрны мастак. Ён піша свае карціны не з натуры, а згодна з унутраным уяўленнем пра рэчы і істоты.
 /i/content/pi/mast/5/133/Strogina2.jpg
                                                           Ню з садавінай. Алей. 2007.

Што, здаецца, можа быць больш канкрэтным, чым партрэт? Але і тут мастак ідзе ад эмацыянальнага ўражання, ад вобраза, які павінен хваляваць, настройваць на развагі. Жанчына, разважае мастак, -- гэта імгненне прыгажосці, і гэтае імгненне трэба адчуць і занатаваць на палатне. Такімі глядач успрымае творы «Госця», «Цёплы вечар», «Блакітнае святло», «Ахоўніца», «Дзяўчына з птушкамі», «Начныя птушкі». Пры ўсёй вонкавай лёгкасці пластычнай падачы, М.Кірэеў ніколі не бывае павярхоўным. Яго цікавяць тэмы нацыянальнай спадчыны, раскрыццё глыбінных сувязей асобы з сусветам і чалавецтвам праз пэўныя гісторыка-культурныя пласты. «Свята ў Заслаўі», «Старажытныя гукі», «Вандраванне», «Лук Адысея», «У гарах Сванетыі», «Возера Камень» -- у гэтых палотнах рэальнасць пераплецена з алегорыямі, сімвалічнымі марфемамі.

Адзін з галоўных складнікаў непаўторнай творчасці мастака -- яе маляўнічы характар. Яго палотны складаныя па колеравай нюансіроўцы. Тут няма лакальна вырашаных плоскасцей, усё пабудавана на танчэзных пераходах, якія перадаюць эмацыянальны настрой аўтара, суб’ектыўныя перажыванні, светаадчуванне і нават характар герояў. Таму ўсе творы Міколы Кірэева варта ўспрымаць праз лірычны вобраз аўтарскага «я» -- зямнога чалавека, які датыкаецца да вечных ідэалаў ісціны, дабра і прыгажосці.

                                                                                                                  Святлана СТРОГІНА