Шоу-рум кіруемага святла

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Выстава арт-аб’ектаў і дызайну «Ліхтарт»
…Калісьці ў 1980-я дызайнераў нават не дапускалі да ўдзелу ў мастацкіх выставах. Праекты Беларускага саюза дызайнераў — «Пастулат» 2012 года і сёлетні «Ліхтарт» — з’яўляюцца адказам на гэтую забарону і своеасаблівай кампенсацыяй.

— Для нас было важна прадставіць не толькі дызайн-аб’екты, але і відэаарт, жывапіс, фатаграфію, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інсталяцыі, — кажа старшыня Саюза Дзмітрый Сурскі.

Прысутнасць гэтых прац на дызайнерскай выставе тлумачылася жаданнем арганізатараў зрабіць акцэнт на сінтэтычным спосабе падачы матэрыялу як найбольш цікавым для публікі. А гульня слоў у назве — «ліхтар+арт» — мусіла адпавядаць куратарскай задуме распавесці пра святло не толькі ў прыкладным, але і ў філасофскім ды мастацкім аспектах: што ёсць святло для творцы? Як яно фарміруе прастору? Як прэзентаваць свой унутраны свет праз святло?

Сурскі падкрэслівае, што кожны дызайнер павінен у сваім жыцці зрабіць лямпу і крэсла, бо, па-першае, гэта даступныя рэчы, якія ёсць дома ў кожнага, а па-другое, гэтыя прадметы часта рабіліся культавымі і для спажыўцоў, і для дызайнераў. Многіх вядомых архітэктараў мы ведаем нават не за іх архітэктурныя творы, а дзякуючы крэслам, што яны зрабілі. Напрыклад, крэсла Рытфельда або крэсла Макінтоша. Гэта ж датычыцца лямпаў, свяцільнікаў. Унікальныя аб’екты былі створаны для розных вытворцаў у розныя часы, і цяпер яны знаходзяцца ў лепшых сусветных музейных калекцыях, як, напрыклад, таршэр «Арко» ад дызайнера Акіле Кастыльёні. Або яны могуць быць у вас дома, нібы звычайныя пабытовыя рэчы, як свяцільня Філіпа Старка «Шапо», што ўяўляе з сябе ўсяго толькі падстаўку пад капялюш, а вось капялюш у кожнага ўладальніка свяцільні — свой. У тым і заключаецца прыцягальнасць дызайнерскіх прадметаў: яны — функцыянальныя і адначасова падаюцца як творы мастацтва.

Але дзе мяжа, за якой дызайн ператвараецца ў мастацтва, а мастацтва — у дызайн? Чым увогуле дызайнерскі аўтарскі аб’ект адрозніваецца ад мастацкага твора?

— Мне здаецца, сёння межы паміж мастацтвам і дызайнам паступова сціраюцца, — разважае Дзмітрый Сурскі. — Мастацтва стала праектным, канцэптуальным, калі важна не як зроблена, а якая ідэя пакладзена ў аснову. А дызайн не заўсёды патрабуе ад ствараемых прадметаў серыйнасці. Тэхналогіі вытворчасці зараз вельмі гібкія, яны дазваляюць не думаць пра гіганцкія тыражы і выпускаць у адзінкавым экзэмпляры ўнікальныя дызайнерскія рэчы, якія могуць жыць сваім самастойным, а не ўтылітарным жыццём.

Як шчыра прызнаюцца арганізатары, часу на фарміраванне экспазіцыі было няшмат, і да апошняга моманту не было зразумела, працы якіх мастакоў усё ж такі будуць прысутнічаць на выставе. У розных СМІ настойліва падкрэслівалася інфармацыя пра ўдзел у «Ліхтарце» Руслана Вашкевіча і Івана Айплатава, імёны якіх насамрэч на слыху, але якраз іх твораў на «Ліхтарце» ў выніку не было. Затое сотня іншых аўтараў прадставіла больш за 200 дызайнерскіх і арт-аб’ектаў, інсталяцый, фота, жывапісных твораў... Дадайце да гэтага яшчэ і нечаканую наяўнасць студэнцкіх планшэтаў, а таксама старых калекцыйных свяцільняў, газовак і лямпаў.

Мігцелі, пераліваліся і мякка ззялі рыбкі, каністры з-пад бензіну, падсвечаныя веласіпедныя шыны, выявы вершнікаў часоў Вялікага Княства Літоўскага, трохлітровы слоік, у якім на зіму нарыхтаваны лямпачкі (дзеля справядлівасці — не ззяў, але меў адпаведны патэнцыял). Усё змяшалася ў экспазіцыі, прысвечанай эры кіруемага святла, але пэўная логіка ў яе пабудове ўсё ж прысутнічала. Прастора галерэі была ўмоўна падзелена на галоўную чорна-белую залу (дзе ў апошні момант прытуліўся ззяючы блакітнымі агеньчыкамі раяль), залу аб’ектаў ды інсталяцый, залу дызайну і залу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Агульная атмасфера экспазіцыі была вясёлай ды іранічнай. Кіруемае святло ўвогуле здольнае стварыць пажаданы настрой — цёплы і ўтульны альбо пульсуючы і энергічны. У чорна-белай зале акцэнт быў зроблены на фота і дызайнерскія творы; яркімі кропкамі ў ёй сталі «Раяльнасць» Віктара Астэра і просты, але эфектны відэаарт Уладзіміра Парфянка. Зала ДПМ зачапіла не звыклымі варыяцыямі на тэму керамічных свяцільнікаў, а дасціпнай каляровай «Ліхтарыкай» мастака Уладзіслава Стальмахава — калекцыі кішэнных ліхтарыкаў усіх колераў спектру.

У пэўных кутках экспазіцыі хацелася спыніцца і ўважліва разгледзець не проста асобныя творы, але тое, як працуюць разам рэчы, створаныя шмат гадоў таму, класічны жывапіс алеем і новыя дызайнерскія работы. Нараджэнне маленькай гісторыі адбывалася непасрэдна пры праглядзе, хоць аб’яднанне твораў у экспазіцыі часам выглядала даволі механічным шаблонам.

Таемны рэвалюцыйна-настальгічны пасыл утваралі выява акцябрацкай «зорачкі» — пунсовай на чорным фоне, шкляныя рознакаляровыя галоўкі крыху дэманічных акцябрат і вялізная карціна з лямпачкай і мухай. Авоська з бутэлькамі, падвешаная да столі, гарманізавала з шарам, зробленым з пластыкавых стаканчыкаў, і камп’ютарнай графікай «Газіроўка», якая ўяўляла з сябе геаметрыю гранёных шклянак. Папулярнасць мела экалагічная «зялёная» тэма: свяцільні ў форме пакаёвых раслін і дрэў былі зроблены з натуральных матэрыялаў. Прыемна гучала стымпанкаўская нотка — за кошт спалучэння сучасных твораў з металу і вытанчаных металічных рэтра-свяцільняў.

Вялізная колькасць твораў пры адсутнасці ўцямнай куратарскай гісторыі, эклектычнасць і шматгалоссе экспазіцыі рабілі яе даволі цяжкай для ўспрымання. Не ўратоўвалі сітуацыю нават лакальныя міні-расповеды. Магчыма, адбор твораў павінен быць больш строгім?

— Так, пяці-шасці аўтарам можна было б дамовіцца і зрабіць цэласны праект, але, каб запоўніць немалую прастору галерэі, у нас не ставала рэсурсаў, — кажа Дзмітрый Сурскі. — Мы хацелі зрабіць «Ліхтарт» прыцягальным і для творцаў, і для гледачоў, запрашалі да ўдзелу шмат аўтараў і мала каму адмовілі. У выніку атрымаўся сапраўды вялікі шоу-рум.

Акцыі, выставы і прэзентацыі Саюза дызайнераў сведчаць пра актыўнае жаданне арганізацыі замацавацца ў сучасным беларускім культурным кантэксце. Але галоўная мэта Саюза — аднавіць сістэму дызайну ў краіне:

— На сённяшні дзень беларускі дызайн на інстытуцыянальным узроўні існуе толькі ў рамках нашага грамадскага аб’яднання і ў сістэме адукацыі, — распавядае Дзмітрый Сурскі. — Прычым складваецца парадаксальная сітуацыя: ахвотных стаць дызайнерамі шмат, але выпускнікі адпаведных спецыяльнасцей застаюцца незапатрабаванымі. Калісьці ў СССР існаваў Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі — галаўное прадпрыемства ў сферы дызайну. Яго мінскі філіял быў адным з наймацнейшых у Саюзе, тут стваралася дызайнерская прадукцыя для буйных прадпрыемстваў: і трактары, і халадзільнікі, і ўнікальная медтэхніка. У гэтым своеасаблівым інтэлектуальным цэнтры працавала вельмі шмат таленавітых дызайнераў, якія пазней сталі вядомымі мастакамі. Сярод іх — Уладзімір Басалыга, Георгій Скрыпнічэнка, Сяргей Стальмашонак… Пасля распаду СССР правапераемнікам УНДІТЭ стаў Беларускі нацыянальны дызайн-цэнтр. Гэта інстытуцыя, у якой была вельмі моцная эксперыментальная вытворчасць, на жаль, ужо не існуе. Дызайнераў на прадпрыемствах вельмі мала, ім даводзіцца працаваць пад прэсінгам з боку маркетолагаў і канструктараў… Праекты Саюза матывуюць дызайнераў на вытворчасць унікальных аб’ектаў і прадметаў. А наведнікам нашых экспазіцый мы нагадваем, што ёсць такая сфера жыцця, як дызайн, якая існуе на стыку мастацтва і прамысловасці.

Выстава «Ліхтарт» мела даволі разнастайнае пазаэкспазіцыйнае суправаджэнне — лекцыі, варкшоп, дзе ўсе ахвотныя маглі зрабіць уласныя свяцільні, а таксама «круглы стол» «Дызайн на каленцы», прысвечаны праблемам, з якімі сутыкаюцца нашы творцы. Каб папулярызаваць і прасоўваць прадукцыю на беларускі і сусветны рынак, неабходны, у тым ліку, актыўны аўтарскі ўдзел у міжнародных выставах. І тут сітуацыя выглядае не горшым чынам. Айчынныя плакаты, аўтарскія крэслы з экспазіцыі «Пастулат», а таксама мэбля і прадметы інтэр’ера дэманстраваліся летась падчас Тыдня дызайну ў Эстоніі. Таксама беларусы на працягу чатырох гадоў удзельнічаюць з рознымі праектамі на Тыдні дызайну ў Літве. Замежныя калегі, адзначаючы прыгажосць беларускіх дызайнерскіх твораў, папракаюць іх у залішнім дэкаратывізме. Але недахоп чысціні ліній, лаканічнасці і функцыянальнасці кампенсуецца індывідуальнасцю, дасціпнай ідэяй і гумарам.

…У планах Саюза дызайнераў — арганізацыя конкурсу-выставы беларускіх сувеніраў.

— Гэта павінны быць рэчы з разыначкай, нацыянальным прысмакам, — падкрэслівае Дзмітрый Сурскі. — Або — творы інавацыйныя: думаю, яны таксама будуць ідэнтыфікавацца з краінай, у якой былі зроблены. Як, напрыклад, знакамітая лямпачка Ігара Салаўёва “Інсайт”, што набыла вялікую папулярнасць у інтэрнэце. Твор, вядомы ва ўсім свеце, таксама можа з’яўляцца візітоўкай Беларусі.

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар